Дзьмухаўцы

Пляшывец ці беларускі жэньшэнь: гатуем з таго, што пад нагамі

360
(абноўлена 11:25 03.06.2016)
Як толькі не называюць гэтую расліну: малачай, пустадуй, пляшывец, кульбаба, зубны корань. А па праўдзе, гэта наш беларускі жэньшэнь.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Дзьмухаўцы заўжды радуюць вока. Яны як салодкі ўспамін пра дзяцінства, калі дазвалялася лётаць па дзьмухаўцовым полі і пэцкацца ў жоўтым пылку кветак. А яшчэ лепшай забавай ў гэты час было старанна плесці ў кампаніі сябровак вянок, каб, пакрасаваўшыся, адкінуць яго прэч, бо кветкі звялі. 

Ні мама, ні бабуля не гатавалі з дзьмухаўцоў салату, але кожны вечар мне давалі ў рукі кошык і адпраўлялі збіраць горкія лісцікі для парсючка, які хрумкаў іх з асалодай.

Як толькі не называюць гэту каштоўную ва ўсіх адносінах расліну: малачай, пустадуй, пляшывец, кульбаба, зубны корань. Часам жа кажуць, што гэта наш беларускі жэньшэнь. Яго гаючыя ўласцівасці здаўна былі добра вядомыя нашым бабкам-зяляркам. Адну такую бабку я добра ведала з маленства. Звалі яе па мужу Лявоніха, як гэта прынята ў беларускай вёсцы, і вельмі рэдка — цётка Надзя.

Была яна вельмі добрай і любіла лес, як само жыццё. Пра такіх кажуць, што яны разумеюць мову раслін. Так і было. Па траве яна магла вызначыць, дзе лепей капаць калодзеж, замовай спыняла кроў у параненых, навучала сваім ведам усіх жадаючых і пражыла больш за 90 гадоў.

Вось так выглядае 2200 дзьмухаўцоў, якія хутка стануць мёдам
© Sputnik Крысціна Пержукова
Вось так выглядае 2200 дзьмухаўцоў, якія хутка стануць мёдам

У Лявоніхі заўжды было насушана дзьмухаўцовае карэнне, якое яна раіла піць як каву. Казала, што гэта вельмі добра для страўніка, печані, нырак, паляпшае кроў, спрыяе добраму апетыту.

 

 

Ды ці ўсё згадаеш з таго разумнага, што табе калісьці казалі дарослыя! Дарэчы, варыла яна і мёд з кветак дзьмухаўцоў. Толькі замест цукру выкарыстоўвала мёд, і цытрыны зусім не дадавала — іх папросту недзе тады было ўзяць.

Калі я стала свядома цікавіцца народнай медыцынай, то, прыехаўшы на вёску, заўсёды спяшалася завітаць да Лявоніхі і пагутарыць з ёй.

У якасці моцнага прафілактычнага сродку яна раіла мне ўжываць на працягу дня па 5 г сухога парашку з дзьмухаўцовага карэння перад ядой.

Вось парады старой Лявоніхі і крыху майго досведу:

Кава з дзьмухаўцоў

Карані выкопваюць ранняй вясной і ўвосені, калі перакопваюць агарод. Пасля добра мыюць, злёгку аскрабаюць і сушаць, пакуль яны не стануць крохкімі. Лявоніха іх таўкла ў ступцы, а ў мяне цяпер ёсць кавамолка. Але, перш чым малоць карані, я іх усё ж здрабняю ў ступцы. Пасля парашок пражу на патэльні, увесь час перамешваючы лыжкай, каб не прыставаў да дна. Астуджаю і ссыпаю ў шкляны слоік.

1ч лыжку парашку заліць 1 кілішкам вады, давесці да кіпення і 5 хвілін паварыць на маленькім агні, даць пастаяць 15-20 хвілін, працадзіць, уліць малака, дадаць цукар і закіпяціць яшчэ раз.

Паспытайце, гэта смачна!

Тое самае можна зварыць з парашку каранёў цыкорыі. Дарэчы, аўтарка "Літоўскай гаспадыні" Ганна Цюндзявіцкая ў раздзеле аб пражанні кавы раіла браць чацвёртую частку, а то і палову цыкорыі на самую лепшую каву.

Мёд з дзьмухаўцоў

Дзьмухаўцы раскашуюць там, дзе былі грады
© Sputnik Крысціна Пержукова
Дзьмухаўцы раскашуюць там, дзе былі грады

 

 

Зялярка з Даўгаўпілса цётка Наста раіць варыць дзьмухаўцовы мёд па такім рэцэпце: 200 кветак, 1 кг цукру, 2 цытрыны, 1 л халоднай вады.

Кветкі зварыць на працягу адной гадзіны і адкінуць на дуршлаг. У сіроп дадаць цукар і давесці да кіпення. Паменьшыць агонь і варыць яшчэ гадзіну. За 15 хвiлiн да гатовасці выціснуць у сіроп сок цытрыны. Астудзіць і разліць па слоічках.

Варэнне лекавае, таму дужа не налягайце! Смакуюць па 1 ч. лыжцы тры разы на дзень. 

360
Тэги:
Нацыянальная кухня, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (63)
Палац Радзівілаў у Паланечцы

Сядзібу Радзівілаў выставілі на аўкцыён ў 13-ы раз

9
(абноўлена 12:08 25.09.2020)
У вёсцы Паланечка Баранавіцкага раёна прадаюць сядзібу 250-гадовай даўніны. Пакуль - безвынікова.

МІНСК, 25 вер - Sputnik. Сядзібу князёў Радзівілаў, якую мясцовыя ўлады спрабуюць прадаць ужо некалькі гадоў, выставілі на аўкцыён у трынаццаты раз, паведамілі Sputnik у аддзеле эканомікі Баранавіцкага райвыканкама.

Цяпер будынак знаходзіцца ў аварыйным стане. Кроквы прагнілі, падмурак размыла, частка сцяны абвалілася. Яго ўласнікам на дадзены момант з'яўляецца аддзел па адукацыі райвыканкама.

"Некалькі гадоў таму ў самой сядзібе знаходзілася школа, аддзел ўкладваў туды сродкі. Калі школы не стала, адпала неабходнасць утрымліваць будынак. Чаму вырашылі прадаць? Яно пустуючае, а выкарыстоўваць яго па прамым прызначэнні як аб'ект гісторыка-культурнай каштоўнасці - значыць, трэба праводзіць рэстаўрацыю. На гэта ў нас няма грошай", - патлумачыла Sputnik намеснік начальніка аддзела па адукацыі Баранавіцкага РВК Таццяна Каляда.

Ужо некалькі гадоў аддзел эканомікі райвыканкама спрабуе прадаць закінуты і забытае маёнтак Радзівілаў. Пакуль - безвынікова.

"Нядаўна выставілі яе на аўкцыён ў 13-ы раз. Цяпер цана на аб'ект ідзе з паніжэннем - мінус 80% ад пачатковага кошту - і складае 19 тысяч беларускіх рублёў (крыху больш за 7 тысяч долараў па актуальнаму курсе - Sputnik). Каля будынка добрае размяшчэнне , знаходзіцца паблізу "алімпійкі" (трасы М1 - Sputnik), увесь участак займае 3 га - тут можна нешта новае пабудаваць. Спадзяемся, ў сядзібы з'явіцца ж такі ўладальнік", - сказаў галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Аляксандр Франюк.

Паводле слоў спецыяліста, калісьці ўлады разглядалі варыянт зрабіць у сядзібе мастацкую галерэю, але сродкаў на гэта не знайшлося.

"Патэнцыйныя пакупнікі? Тэлефануюць, цікавяцца, але пакуль ніякай канкрэтыкі. Многія не хочуць купляць будынак, паколькі прыйдзецца займацца рамонтам, узгадняць праект з міністэрствам культуры. Гэта вельмі вялікія ўкладанні", - удакладніў Франюк.

Пры гэтым былому фальварку патрэбна рэстаўрацыя, а яе можна праводзіць толькі па ўзгадненні з міністэрствам культуры Беларусі. Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны профільнага міністэрства Наталля Хвір паведаміла Sputnik, што пакуль заяўкі на аднаўленне сядзібы яна не атрымлівала.

"Калі ў перспектыве ў маёнтка з'явіцца новы ўладальнік, ён павінен будзе выканаць патрабаванні заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, то бок пасля правесці яго рэстаўрацыю. Знешняе аблічча будынка павінна быць адноўлена ў адпаведнасці з гістарычным выглядам", - адзначыла прадстаўнік ведамства.

Крыху гісторыі

Сядзіба ў Паланечцы з'явілася ў другой палове XVIII стагоддзя, яе пабудаваў дзяржаўны дзеяч ВКЛ Мацей Радзівіл. Прыкладам і натхненнем для праекта стала віла на італьянскай возеры Кома. Сын Мацея, Канстанцін Радзівіл, які атрымаў у спадчыну гэты палац, вырашыў зрабіць комплекс больш модным: прыбудаваў да яго калоны і гермы - галовы грэчаскіх багоў і філосафаў. У час Вялікай Айчыннай у будынку здарыўся пажар, а пасля вайны яго аднавілі і размясцілі тут школу-інтэрнат.

Чытайце таксама:

9
Тэги:
Баранавіцкі раён, Радзівілы
Багач - 2020

Усё па традыцыях: у Дукоры адзначылі Багач

105
(абноўлена 13:36 22.09.2020)
Працаваць на свята багатага ўраджаю строга забаронена, таму госці ад душы танчылі і весяліліся.

Багач у народным календары прымеркаваны да свята збору ўраджаю. Назву сваю ён атрымаў, бо лічылася, што менавіта ў гэтыя дні у добрых гаспадароў у хаце "усяго багата". На святкаванне Багача ў Дукорскім маёнтку патрапіў фатограф Sputnik Альфрэд Мікус.

Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Багач - гэта адмысловы лубок з зернем
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
На свята жыхары вёскі збіраліся грамадой

Для святкавання Багача ўсе жыхары старадаўняй беларускай вёскі збіраліся талакой і рабілі адмысловы лубок з зернем, у сярэдзіну якога ўстаўлялі свечку. У гэты лубок, які атрымаў сваю назву ад наймення свята, кожны вясковец прыносіў па жменьцы зерня з новага ўраджаю. Лубок з запаленай свечкай праносілі абавязкова па ўсёй вёсцы. Усе гэтыя дзеянні былі скіраваныя на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы і сямейнага ладу.

Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Багач абавязкова праносілі па ўсёй вёсцы
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Кожны вясковец дадаваў у лубок зерне з новага ўраджаю

Напрыканцы Багач размяшчалі пад абразамі на покуці хаты гаспадароў, якіх грамада ў гэтым годзе абірала лепшымі.

Падчас святкавання Багача ўсім сялянам увогуле забаранялася працаваць: яны хадзілі ў госці адзін да аднаго, ладзілі кірмашы і гулянні, танчылі і спявалі.

Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
госці ў Дукоры вучыліся розным майстэрствам
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
І хоць працаваць на Багач забаронена, але ж вучыцца ніхто не забараняў!
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Выдатны майстар навучыць каго заўгодна

Не засталіся ў баку ад гэтай традыцыі і госці Дукорскага маёнтка. Пад музыку гуртоў Стары Ольса і PAWA і беларускага народнага ансамбля "Вербіца" яны ад душы есяліліся і скакалі, а таксама вучыліся майстэрству керамікі, разьбы па дрэве, пляценню лапцей, ткацтву і вырабу лялек.

105
Тэги:
Народныя традыцыі, Багач
Які сёння дзень: 26 верасня 2020 года

Які сёння дзень: 26 верасня 2020 года

0
(абноўлена 09:56 21.09.2020)
Гэты дзень з'яўляецца дзвесце сямідзясятым па грыгарыянскім календары, да канца года застаецца 96 дзён.

У 1788 годзе нарадзіўся беларускі філолаг Іван Насовіч, аўтар "Слоўніка беларускай мовы". Якія яшчэ падзеі адбыліся 26 верасня і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.

Гістарычныя падзеі 26 верасня

  • У 1629 годзе было падпісана перамір'е паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй, якім скончылася вайна 1600-29 гадоў.
  • У 1655 годзе расійскія войскі спалілі Пінск.
  • У 1964 годзе быў утвораны курортны пасёлак Нарач.
  • У 1990 годзе было заснавана Беларускае таварыства архівістаў.

Хто нарадзіўся 26 верасня

  • 1788 год: Іван Насовіч, беларускі філолаг, этнограф і фалькларыст, стваральнік "Слоўніка беларускай мовы".
  • 1910 год: Уладзімір Агіевіч, беларускі літаратурны крытык.
  • 1925 год: Навум Кіслік, беларускі пісьменнік.

Таксама сёння нарадзіліся нямецкі філосаф Марцін Хайдэгер і прэзідэнт Ураіны Пётр Парашэнка.

26 верасня ў народным календары

Сёння праваслаўныя вернікі шануюць памяць Карнілія – рымскага сотніка, які прыняў хрысціянства дзякуючы апосталу Пятру.

У народзе святога Карнілія называлі Карней, і па сугуччы з яго імём казалі, што настаў час прыбіраць апошнія карняплоды з агародаў. Лічылася, што з гэтага дня ўсе расліны спыняюць рост.

Напярэдадні іншага вялікага царкоўнага свята – Узвіжання – казалі: "Узвіжання чакай, а рэпу вырывай".

26 верасня звярталі ўвагу на птушак: калі ўсе гракі ўжо паляцелі ў вырай, хутка выпадзе снег. А калі з дамашняй птушкі пер'е так і ляціць – зіма будзе цёплай, але снежнай.

0
Тэги:
народны каляндар, які сёння дзень, Беларусь
Тэмы:
Які сёння дзень: каляндар знакавых падзей