Шклянка малака

Без воўчых зубоў і ліхіх вачэй: гатуем малочны халаднік

136
У народзе кажуць: "Па малаку ног не павалаку". Але ж калі смачна прыгатаваць малочныя стравы, а да іх падаць бульбяную кашу – атрымаецца не толькі смачна, але і трывала.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Карова для селяніна — адзін з сімвалаў дабрабыту. Так было заўжды. Але зараз такія часы, што мала хто на вёсцы хоча трымаць карову. Гэта патрабуе ад гаспадароў не малых клопатаў, таму і ідуць па малако ў аўталаўку ці краму.

Шмат хто з вёскі выехаў на працу ў горад і патрэба весці натуральную гаспадарку адпала. Так сталася і з вёскай маіх дзядоў. Гаспадарскі статак тут знік даўно. Але я з тых унукаў, якія праводзілі кожнае лета на вёсцы і ў наш абавязак уваходзіла пасвіць статак у дзень чаргі.

Сын приехал поддержать мать в районном конкурсе Мисс доярка. Деревня Городок Молодечненского района
© Sputnik Сергей Лескеть
Хлопчык на вёсцы

Традыцыі

Даўней, калі статак у вёсцы быў вялікі, пастуха наймалі і плацілі яму грашыма і ежай, складаючы дамову на Юр'я, калі кароў упершыню выганялі ў поле.

Існавала шмат традыцый і забабонаў. Выганяючы карову з хлява, гаспадыня чытала замову, у якой у паэтычнай форме жадала сваёй кармецельцы пазбегнуць воўчых зубоў і зайздросных вачэй суседак, якія нібыта адным позіркам здольныя адняць у кароўкі малако. Пастуху ж у гэты дзень давалі яйкі, каб ён у полі абавязкова спёк святочную яечню. Лічылася, што пасля гэтага абрада ў статку будзе усё добра: каровы не згубяцца ў лесе і не наробяць патравы.

Святкаванне Дня святога Юр'і ў вёсцы Пагост Гомельскай вобласці
© Sputnik / Егор Еремов
На Юр"ю выганялі статак у поле. Існавала шмат традыцый і абрадаў, звязаных з гэтай падзеяй. На Юр"ю у в. Пагост у Гомельскай вобласці.

Пастух важна ішоў па вуліцы, са свістам шчоўкаў аб зямлю пугай і голасна гукаў: "Выганя-я-я-й!". У абед кароў прыганялі дахаты і кожная гаспадыня абавязкова сустракала сваю любіміцу. Гэта называлася "пераняць карову". То тут, то там чулася: "Мілка, Рабіна, Белка…", а ў адказ — нецярплівае рыканне. 

Сакрэт смачнага малака — у пяшчоце

Далей карову лашчылі, нашоптвалі ласкавыя словы, даілі, паілі і давалі крыху адпачыць. Пасля такога "рытуала" малако было вельмі салодкае і смачнае! Калі ў сям'і былі малыя дзеці, то ім абавязкова пасля кожнай дойкі наканавана было выпіць па кубку сырадою. Не ўсім гэта падабалася, але лічылася, што сырадой умацоўвае дзіцячы арганізм.

Кот п'е малако
© Flickr / ncbrian
Кот п'е малако

Цяпер пра тое малако нагадвае мне толькі калекцыя старых збанкоў і глечыкаў на паліцы. Здаецца, зазірнеш у каторы і ўбачыш усярэдзіне ўсмешлівы твар бабулі: "Што, выгаладалася? З'еш малака з хлебам". Накрыты льняной сурвэткай глечык з салодкім малаком ніколі не прыбіраўся са стала. Астатнія апускаліся ў склеп. Там малако адстойвалася, з яго пасля збіралі смятану, а кіслячок адпраўлялі ў печ, каб адтапіць на тварог.

Летнія малочныя стравы

У спякотныя чэрвеньскія дні з прастаквашы ці, як кажуць у беларускай вёсцы, кіслага малака, цыбулі і кропу і цяпер гатуюць смачны халаднік. Ядуць з варанай бульбай ці жытнім хлебам.

Коллекция холодных супов: окрошка на кефире
© Sputnik Людмила Янковская
Халаднiк з кicлага малака

Халаднік з кіслага малака

Рэцэпт гэтага халадніка запісаны ў в. Загацце Мінскага раёна Мінскай вобласці ад Грыб Зінаіды Канстанцінаўны.

Спатрэбіцца 1 л кіслага малака, пучок зялёнай цыбулі, некалькі лапак кропу, соль па смаку.

У кіслае малако ўкрышыць цыбулю і кроп, дадаць крыху солі.

Да халадніка падаць засквараную бульбяную кашу.

Бульбяная каша

Бульбу абабраць, зварыць, патаўчы, асобна пасмажыць крыху дробна парэзанага салёнага сала. Пакрышыць галоўку цыбулі і ўкінуць у тлушч, каб падсмажылася да залатога колеру. Перамяшаць усё гэта з бульбай. 

Бульбяная каша
© Pixabay
Бульбяная каша

У народзе, калі хочуць сказаць, што ежа не сытная, кажуць: "Па малаку ног не павалаку". Але бульбяная каша акурат і падмацуе тых, каму патрэбна пабольш калорый.

Што да мяне, то я — малочная душа! Без малочных страў у мяне псуецца настрой.

Таму ад душы жадаю вам малочных рэк і кісельных берагоў!

136
Тэги:
Нацыянальная кухня, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Палац Радзівілаў у Паланечцы

Сядзібу Радзівілаў выставілі на аўкцыён ў 13-ы раз

9
(абноўлена 12:08 25.09.2020)
У вёсцы Паланечка Баранавіцкага раёна прадаюць сядзібу 250-гадовай даўніны. Пакуль - безвынікова.

МІНСК, 25 вер - Sputnik. Сядзібу князёў Радзівілаў, якую мясцовыя ўлады спрабуюць прадаць ужо некалькі гадоў, выставілі на аўкцыён у трынаццаты раз, паведамілі Sputnik у аддзеле эканомікі Баранавіцкага райвыканкама.

Цяпер будынак знаходзіцца ў аварыйным стане. Кроквы прагнілі, падмурак размыла, частка сцяны абвалілася. Яго ўласнікам на дадзены момант з'яўляецца аддзел па адукацыі райвыканкама.

"Некалькі гадоў таму ў самой сядзібе знаходзілася школа, аддзел ўкладваў туды сродкі. Калі школы не стала, адпала неабходнасць утрымліваць будынак. Чаму вырашылі прадаць? Яно пустуючае, а выкарыстоўваць яго па прамым прызначэнні як аб'ект гісторыка-культурнай каштоўнасці - значыць, трэба праводзіць рэстаўрацыю. На гэта ў нас няма грошай", - патлумачыла Sputnik намеснік начальніка аддзела па адукацыі Баранавіцкага РВК Таццяна Каляда.

Ужо некалькі гадоў аддзел эканомікі райвыканкама спрабуе прадаць закінуты і забытае маёнтак Радзівілаў. Пакуль - безвынікова.

"Нядаўна выставілі яе на аўкцыён ў 13-ы раз. Цяпер цана на аб'ект ідзе з паніжэннем - мінус 80% ад пачатковага кошту - і складае 19 тысяч беларускіх рублёў (крыху больш за 7 тысяч долараў па актуальнаму курсе - Sputnik). Каля будынка добрае размяшчэнне , знаходзіцца паблізу "алімпійкі" (трасы М1 - Sputnik), увесь участак займае 3 га - тут можна нешта новае пабудаваць. Спадзяемся, ў сядзібы з'явіцца ж такі ўладальнік", - сказаў галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Аляксандр Франюк.

Паводле слоў спецыяліста, калісьці ўлады разглядалі варыянт зрабіць у сядзібе мастацкую галерэю, але сродкаў на гэта не знайшлося.

"Патэнцыйныя пакупнікі? Тэлефануюць, цікавяцца, але пакуль ніякай канкрэтыкі. Многія не хочуць купляць будынак, паколькі прыйдзецца займацца рамонтам, узгадняць праект з міністэрствам культуры. Гэта вельмі вялікія ўкладанні", - удакладніў Франюк.

Пры гэтым былому фальварку патрэбна рэстаўрацыя, а яе можна праводзіць толькі па ўзгадненні з міністэрствам культуры Беларусі. Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны профільнага міністэрства Наталля Хвір паведаміла Sputnik, што пакуль заяўкі на аднаўленне сядзібы яна не атрымлівала.

"Калі ў перспектыве ў маёнтка з'явіцца новы ўладальнік, ён павінен будзе выканаць патрабаванні заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, то бок пасля правесці яго рэстаўрацыю. Знешняе аблічча будынка павінна быць адноўлена ў адпаведнасці з гістарычным выглядам", - адзначыла прадстаўнік ведамства.

Крыху гісторыі

Сядзіба ў Паланечцы з'явілася ў другой палове XVIII стагоддзя, яе пабудаваў дзяржаўны дзеяч ВКЛ Мацей Радзівіл. Прыкладам і натхненнем для праекта стала віла на італьянскай возеры Кома. Сын Мацея, Канстанцін Радзівіл, які атрымаў у спадчыну гэты палац, вырашыў зрабіць комплекс больш модным: прыбудаваў да яго калоны і гермы - галовы грэчаскіх багоў і філосафаў. У час Вялікай Айчыннай у будынку здарыўся пажар, а пасля вайны яго аднавілі і размясцілі тут школу-інтэрнат.

Чытайце таксама:

9
Тэги:
Баранавіцкі раён, Радзівілы
Багач - 2020

Усё па традыцыях: у Дукоры адзначылі Багач

105
(абноўлена 13:36 22.09.2020)
Працаваць на свята багатага ўраджаю строга забаронена, таму госці ад душы танчылі і весяліліся.

Багач у народным календары прымеркаваны да свята збору ўраджаю. Назву сваю ён атрымаў, бо лічылася, што менавіта ў гэтыя дні у добрых гаспадароў у хаце "усяго багата". На святкаванне Багача ў Дукорскім маёнтку патрапіў фатограф Sputnik Альфрэд Мікус.

Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Багач - гэта адмысловы лубок з зернем
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
На свята жыхары вёскі збіраліся грамадой

Для святкавання Багача ўсе жыхары старадаўняй беларускай вёскі збіраліся талакой і рабілі адмысловы лубок з зернем, у сярэдзіну якога ўстаўлялі свечку. У гэты лубок, які атрымаў сваю назву ад наймення свята, кожны вясковец прыносіў па жменьцы зерня з новага ўраджаю. Лубок з запаленай свечкай праносілі абавязкова па ўсёй вёсцы. Усе гэтыя дзеянні былі скіраваныя на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы і сямейнага ладу.

Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Багач абавязкова праносілі па ўсёй вёсцы
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Кожны вясковец дадаваў у лубок зерне з новага ўраджаю

Напрыканцы Багач размяшчалі пад абразамі на покуці хаты гаспадароў, якіх грамада ў гэтым годзе абірала лепшымі.

Падчас святкавання Багача ўсім сялянам увогуле забаранялася працаваць: яны хадзілі ў госці адзін да аднаго, ладзілі кірмашы і гулянні, танчылі і спявалі.

Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
госці ў Дукоры вучыліся розным майстэрствам
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
І хоць працаваць на Багач забаронена, але ж вучыцца ніхто не забараняў!
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Выдатны майстар навучыць каго заўгодна

Не засталіся ў баку ад гэтай традыцыі і госці Дукорскага маёнтка. Пад музыку гуртоў Стары Ольса і PAWA і беларускага народнага ансамбля "Вербіца" яны ад душы есяліліся і скакалі, а таксама вучыліся майстэрству керамікі, разьбы па дрэве, пляценню лапцей, ткацтву і вырабу лялек.

105
Тэги:
Народныя традыцыі, Багач
Які сёння дзень: 26 верасня 2020 года

Які сёння дзень: 26 верасня 2020 года

0
(абноўлена 09:56 21.09.2020)
Гэты дзень з'яўляецца дзвесце сямідзясятым па грыгарыянскім календары, да канца года застаецца 96 дзён.

У 1788 годзе нарадзіўся беларускі філолаг Іван Насовіч, аўтар "Слоўніка беларускай мовы". Якія яшчэ падзеі адбыліся 26 верасня і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.

Гістарычныя падзеі 26 верасня

  • У 1629 годзе было падпісана перамір'е паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй, якім скончылася вайна 1600-29 гадоў.
  • У 1655 годзе расійскія войскі спалілі Пінск.
  • У 1964 годзе быў утвораны курортны пасёлак Нарач.
  • У 1990 годзе было заснавана Беларускае таварыства архівістаў.

Хто нарадзіўся 26 верасня

  • 1788 год: Іван Насовіч, беларускі філолаг, этнограф і фалькларыст, стваральнік "Слоўніка беларускай мовы".
  • 1910 год: Уладзімір Агіевіч, беларускі літаратурны крытык.
  • 1925 год: Навум Кіслік, беларускі пісьменнік.

Таксама сёння нарадзіліся нямецкі філосаф Марцін Хайдэгер і прэзідэнт Ураіны Пётр Парашэнка.

26 верасня ў народным календары

Сёння праваслаўныя вернікі шануюць памяць Карнілія – рымскага сотніка, які прыняў хрысціянства дзякуючы апосталу Пятру.

У народзе святога Карнілія называлі Карней, і па сугуччы з яго імём казалі, што настаў час прыбіраць апошнія карняплоды з агародаў. Лічылася, што з гэтага дня ўсе расліны спыняюць рост.

Напярэдадні іншага вялікага царкоўнага свята – Узвіжання – казалі: "Узвіжання чакай, а рэпу вырывай".

26 верасня звярталі ўвагу на птушак: калі ўсе гракі ўжо паляцелі ў вырай, хутка выпадзе снег. А калі з дамашняй птушкі пер'е так і ляціць – зіма будзе цёплай, але снежнай.

0
Тэги:
народны каляндар, які сёння дзень, Беларусь
Тэмы:
Які сёння дзень: каляндар знакавых падзей