Фотаілюстрацыя Г. Ліхтаровіча з кнігі Повязь часоў - беларускі ручнік

Дзень вышыванкі: прыдумляць новыя арнаментальныя элементы не варта

276
(абноўлена 16:04 08.07.2016)
Вяртанне моладзі да нацыянальных вытокаў праз жаданне ствараць і насіць вышыванкі – пазітыўная з’ява, толькі трэба памятаць, што сваю культурную спадчыну след вывучаць і зберагаць для наступных пакаленняў, а не прыдумляць новыя арнаментальныя элементы, ніяк не абгрунтаваныя з пункту гледзішча традыцыйнай культуры.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik

Прынята казаць, што мова — душа народа, а адзенне — яго твар. У Беларусі існуе шэсць гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў: Падзвінне, Падняпроўе, Цэнтральная Беларусь, Панямонне, Усходняе Палессе, Заходняе Палессе.

Этнограф Ларыса Мятлеўская
© Photo : з асабістага архіва Ларысы Мятлеўскай
Этнограф Ларыса Мятлеўская ў строі, які шыла і вышывала сама паводле ўсіх правілаў выканання і аздобы традыцыйнага народнага строю.

Пры ўмове iснавання агульных рысаў, у кожным з гэтых рэгіёнаў склаўся свой, непаўторны комплекс адзення, які прынята называць строем.

Акрамя гэтага практычна кожная вёска мела свой, адметны строй, па якім без пашпарту можна было пазнаць, адкуль паходзіць той ці інакшы чалавек.

Сарочка — вышыванка

Значнай часткай строя з'яўляецца сарочка або кашуля. Прынамсі мне больш падабаецца слова сарочка, паколькі яно тлумачыць, колькі па ліку відаў работ трэба зрабіць, каб атрымаць гэтую частку адзення (ад пасеву насення лёну да аздаблення яе арнаментам).       

Давайце ўзгадаем, што такое арнамент. Слова паходзіць ад лацінскага ornamentum — упрыгожванне, узор з рытмічна ўпарадкаваных элементаў для аздаблення твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Праўда, народныя майстры рэдка ўжываюць гэта слова, яго беларусу цяжка вымавіць. А вось словы аздоба, цацкаванне, украса — другая справа. У Столінскім раёне, што ў Брэсцкай вобласці, мне давялося пачуць яшчэ і слова "водзікі". Жыхарка вёскі Цераблічы Марыя Іванаўна Паўловіч патлумачыла: "Гэта іголкай з ніткай бы па палатну вадзіць, туды-сюды". Усё адразу стала зразумела.

Белорусские девушки в народных костюмах
Дзяўчаты ў беларускіх народных строях

 

 

Але ж ці толькі ўкраса арнамент? Па-першае, на тэрыторыі Беларусі ён з'явіўся з эпохі верхняга палеаліту, праўда спачатку на вырабах з косткі і рогу, а не на тканіне. Далей былі мезаліт, неаліт, жалезны век і так да часоў Старажытнай Русі і Вялікага Княства Літоўскага, калі ва ўзаемадзеянні культур суседзяў (рускіх, украінцаў, літоўцаў, латышоў, полякаў) у перыяд фарміравання беларускай народнасці (14-16 ст.) нарэшце склаўся наш, адметны арнамент, якім мы цяпер па праву ганарымся.

Абярэгавая магія раней і зараз

Простаму люду ўласціва не рабіць пустой, дарэмнай працы, таму любое дзеянне прасякнута мэтазгоднасцю. Сёння рэдкая жанчына выходзіць з хаты без упрыгожванняў. Падсвядома мы карыстаемся прыёмамі старажытнай абярэгавай магіі. Так і з народным адзеннем. На кожнай частцы яго павінны быў размяшчацца свой узор, пры дапамозе якога майстрыха перш за ўсё жадала сабе здароўя: рукам —  быць дужымі, на каўнер і манжэты — каб хвароба не ўлезла да цела, ззаду на хустцы яркія кветкі — ад злых позіркаў суседкі, узоры на фартуху дапамогуць лягчэй нарадзіць дзіця і г.д.

Рэканструкцыя валачобнага абраду з абыходам вёскі
© Sputnik Аляксей Мацюш
Арнамент на вопратцы - не толькі украса, але і абярэгавыя сімвалы.

Прычым знакі гэтыя дазіравалі адпаведна ўзросту, сямейнаму статусу. Напрыклад, сарочкі пажылых людзей часта вышываліся белымі ніткамі, у паўсядзённую ўшывалі арнаментаваныя ўстаўкі з вынашанага, старога адзення, сціпла было вышыта і дзіцячае адзенне.

Вясельныя сарочкі — дзве

А вось вясельны строй упрыгожваўся найбольш багата. На яго не шкадавалі ні тканіны, ні крамных нітак, ні часу для вырабу. Вяршыня майстэрства Маладой ацэньвалася вясковай супольнасцю, будучай сям'ёй менавіта па вясельнаму строю. Было прынята вырабляць дзве вясельныя сарочкі. Адну данашвалі пасля вяселля на працягу жыцця падчас сямейных урачыстасцяў, другую, у якой вянчаліся, адкладалі "на смерць".

Ад сакральнага да звычайнага

Найболш старажытны сакральны ромб — геаметрычны арнамент — з цягам часу быў заменены вышытым крыжыкам, геаметрычна-раслінным арнаментам, а яшчэ пазней вышытымі гладдзю расліннымі ўзорамі. Функцыянальнае прызначэнне вышыўкі памянялася. Страціўшы свой семантычны змест і сувязь з магіяй, вышыўка зрабілася выключна спосабам упрыгожвання адзення.

Вышыванка і рызыка дзеля кахання

Кожны год маладзіца павінна была на Каляды справіць свайму чалавеку новую сарочку. Паміж жанчынамі вёскі было негалоснае правіла — не паўтарацца ва ўзорах. Аднойчы мне давялося быць у экспедыцыі ў в. Цераблічы, што ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці, дзе пашанцавала пазнаёміцца з гаваркой Марыяй Лаўрэнцьеўнай Кашэўскай 1924 года нараджэння.

Валодаючы цудоўным пачуццём гумару, цётка Марья распавяла цікавую гісторыю. Калісці ў іх лясным, балоцістым краі людзі ад вёскі да вёскі хадзілі на вялікія адлегласці пешкі і было прынята даваць падарожным прытулак на ноч. Іх кармілі, засцілалі падлогу кулямі саломы, якія пакрывалі  тканымі рагожамі і так укладвалі спаць. Падарожныя доўга яшчэ расказвалі гаспадарам, што ў свеце дзеецца, а, змарыўшыся, засыналі.

Вышываная кашуля
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Вышываная кашуля, або сарочка

Аднойчы маладая Мар'я запрыкмеціла на адным з мужыкоў прыгожую сарочку. Яна не магла папрасіць агаліцца чужога мужчыну, каб пераняць узор з манішкі, гэта было непрыстойна. Тады яна дачакалася, пакуль чалавек засне і пры святле лучыны пачала вышываць той узор адразу на тканіну, а каб чалавек не падняўся, прачнуўшыся, і справа была завершана, адчайная Мар'я сшыла паміж сабой штаніны падарожнага.

Пад раніцу, скончыўшы працу, вышывальшчыца, асцярожна выцягнула нітку са штаноў. Чалавек пайшоў далей, не здагадваючыся аб сваіх начных прыгодах. Вось яна, рызыка, апраўданая каханнем!

Граматнасць — ад ручнікоў

Узоры тканых і вышываных вырабаў — зашыфраваны аповед пра жыццё народа, прыроду, людзей. "Я няграматная, — казала М. Хведаровіч з Верхнядзвінска, — не ўмею ні чытаць, ні пісаць. Уся мая навука, мая граматнасць ва ўзорах маіх посцілак ды ручнікоў. Там, як у якім добрым кіно, можна дазнацца пра жыццё і людзей, і жывёлы, пра сонейка і зоркі, пра хваробу і пра здароўе, пра дзявочую долю і нядолю, пра ўсё, што ёсць у жыцці".

Разварот кнігі
© Sputnik / Виктор Толочко
Разварот кгігі В. Лабачэўскай з фотаілюстрацыямі Г. Ліхтаровіча "Повязь часоў - беларускі ручнік"

Многія майстрыхі ўпэўнены, што тканыя вырабы і ўзоры на іх вылечваюць людзей. Магчыма, яны маюць рацыю. У сваёй калекцыі народнага адзення я маю не адну сарочку. Палову зрабіла сама, палова — аўтэнтычныя рэчы. Адну з іх атрымала як "гасцінец". Калі перад публічным выступленнем я апранаю гэту сарочку, то магу быць упэўнена, што ўсё адбудзецца вельмі добра, сарочка, якую я вышыла сама і брала ў ёй шлюб, здымае мне галаўны боль, касцюм свацці робіць мяне рухавай і творча актыўнай і шмат яшчэ інакшых назіранняў пра астатнія мае сарочкі, аб якіх прамаўчу. А вы, даражэнькія, паспрабуйце зрабіць сабе вышыванку і пабачыце самі, што будзе! У любым выпадку не пашкадуеце.

Моцныя, як дуб, мудрыя, як сава, шчаслівыя, як птушка

Старажытная язычніцкая культура для нас ужо практычна не зразумелая. Сэнс многіх з'яў і сімвалаў нам не вядомы. І ўсё ж яны захаваліся ў нашым жыцці ў абрадах, звычаях, сімвалах. Язычніцтва нясе ў сабе ідэю цеснай сувязі чалавека з прыродай, пакланенню яе сілам. Адна мудрая вясковая жанчына сказала, што галоўнае ў жыцці і ў прыродзе — сонца і зямля. Зямля нас нарадзіла, а памрэм — яна нас прыме. Вялікая таямніца — жыццё. Трэба любіць сонца, любіць зямлю, любіць прыроду і трэба пастарацца, каб і яны палюбілі вас. Тады можна стаць моцным, як дуб, мудрым, як сава, шчаслівым, як птушка.

Абарона ад злога на Купалле - цудадзейныя зёлкі
© Photo : Наталля Гермацкая
Строі з традыцыйнай аздобай 6еларускім арнаментам - вышыванкі.

Праз тысячагоддзі да нас дайшлі вобразы і сімвалы любові да прыроды, працы, чалавека. Продкі пакінулі нам добрыя ідэі, звычыі і абрады, абапіраючыся на іх можна крочыць наперад. Вяртанне моладзі да нацыянальных вытокаў у жаданні вырабляць і насіць вышыванкі — пазітыўная з'ява, толькі трэба памятаць, што сваю культурную спадчыну трэба вывучаць і зберагаць для наступных пакаленняў, а не прыдумляць новыя арнаментальныя элементы, ніяк не абгрунтаваныя з боку традыцыйнай культуры. Носім вышыванкі разам!

Напамін аб язычніцкіх часах — у нашых прозвішчах (Жыцень, Сяўрук, Зязюля, Журба, Заранка, Трызна), назвах страў (Жур), назвах і паняццях (Буй, Яр, Волат, Курган, Пярун, Русалка, Масленіца, Дзяды). Усім вядома, што культура славянскаіх плямёнаў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, была высокай. Нашы далёкія продкі стварылі багатую міфалогію, якая адлюстроўвала іх светапогляд і па сваім узроўні можа быць супастаўлена з добра вядомымі міфалогіямі старажытнейшых сусветных цывілізацый.

276
Тэги:
Нацыянальныя традыцыі, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Тэмы:
Беларуская вышыванка - сімвал і ўпрагажэнне (10)

Як на Палессі адзначалі "Шчадрэц" - відэа

25
(абноўлена 22:52 22.01.2021)
Калядныя традыцыі беларусаў у сваім першапачатковым выглядзе дайшлі да нас у XXI стагоддзі, а так, як святкуюць Стары Новы год палешукі, больш нідзе не ўбачыць.

На беразе Прыпяці на самым поўдні краіны стаіць вёска Пагост, якая праславілася на ўвесь свет абрадам "Юраўскі карагод", які мае статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Традыцыі і абрады беларускага Палесся настолькі аўтэнтычныя, што ЮНЕСКА надало абраду на Юр'еў дзень асаблівы ахоўны статус.

У Пагосце, як павялося, адзначаюць усе святы і нават Стары Новы год, па-мясцоваму ён называецца Шчадрэц. Вялікая заслуга ў захаванні мясцовых традыцый належыць Кацярыне Аляксееўне Панчэні, якая больш за 30 гадоў ўзначальвала мясцовы дом культуры, а калядаваць хадзіла з трох гадоў.

"Шчадрэц колісь звалі - Васілей, Стары Новы год. Гэта ўжо другая куцця, таму што Раство - першая куцця. На Хрышчэнне будзе трэццяя куцця. Усе абрады у нас звязаныя са збожжам", - распавяла яна.

А каб свята атрымалася, па словах Кацярыны Аляксееўны, трэба прыгаворваць: "Пячыце ладкі, каб цяляты былі гладкі", "Пячыце блінцы, каб дзеці былі, як жарабцы".

Як святкавалі у гэтым годзе Шчадрэц у Пагосце, і прычым тут Мядзведзь, Бусел, Сарока, Цыганка і Каза, глядзіце ў відэарэпартажы Sputnik.

25
Тэги:
Палессе, Шчадрэц
Старадаўні беларускі народны абрад Калядныя цары

Стары Новы год: гісторыя, традыцыі і прыкметы свята

461
(абноўлена 10:48 30.12.2020)
Што гатаваць на святочны стол, чаго рабіць не варта, а таксама прыкметы і правілы Старога Новага года - у аглядзе Sputnik.

Пасля таго, як звыклы Новы год адгрымеў, а вуліцы зноў запоўніліся людзьмі, не спяшайцеся развітвацца са святочным настроем, наперадзе чакае яшчэ адно важнае зімовае свята — Стары Новы год. Адзначаецца гэтая дата ў ноч з 13 на 14 студзеня. І, як любое свята, якое прыжылося ў славян, Стары Новы год захоўвае ў сабе масу традыцый.

У Беларусі і Украіне гэтае свята вядомы як "Шчодры вечар", а ў Расіі — "Овсень". Па старым летазлічэнні гэты дзень прыпадаў на 1 студзеня і называўся Васільевым днём, так як быў днём памяці Васіля Вялікага, а напярэдадні памінальнага дня, адпаведна, 31 снежня — Васільевым вечарам.

Старинный белорусский народный обряд Колядные цари
© Sputnik / Виктор Толочко
Жыхары вёскі Семежава прымаюць удзел у старадаўнім абрадзе "Калядныя цары", падчас святкавання Старога Новага года.

Чаму называецца Стары Новы год

Ніякага асаблівага сэнсу ў назве гэтага свята не існуе. Так называецца гэты дзень толькі таму, што па юліянскім календары Новы год выпадаў з 13 на 14 студзеня. Сёння мы карыстаемся грыгарыянскім календаром, які быў уведзены ў 1918 годзе, таму свята і завецца "Стары" Новы год.

Дзе адзначаюць Стары Новы год

Раней Стары Новы год адзначалі ва ўсіх краінах Савецкага Саюза. Сёння гэтае свята існуе ў Беларусі, Расіі, Украіне, Арменіі, Грузіі, Малдове, Казахстане і Кыргызстане, а таксама ва Узбекістане і Азербайджане.

Такая традыцыя захавалася і на тэрыторыі Швейцарыі, Чарнагорыі, Македоніі і Сербіі. У апошняй, напрыклад, гэтае свята называецца Сербскі Новы год. У ноч з 13 на 14 студзеня на плошчы ў Белградзе традыцыйна даюць салют.

У Японіі Стары Новы год называецца "рысюн" — пачатак вясны, адзначаецца ён не ў сярэдзіне зімы, а 4 лютага.

Правілы свята

Да гэтага свята куплялі добрую прыгожую вопратку. Вечар 13 студзеня называўся "шчодрым", а таму і стол накрывалі адпаведны. Людзі верылі, якім будзе стол, такім будзе і год. Раніцай жанчынам неабходна было прыгатаваць кашу, зробленую з суцэльных зерняў пшаніцы. Кашу запраўлялі салам або мясам. Альбо падавалі з варэннем або мёдам. Таксама гаспадыні пяклі пірагі, бліны або варэнікі.

Святы Васіль лічыўся заступнікам свінаводаў, таму і галоўным пачастункам на святочным стале былі стравы са свініны.

Увечары народ адпраўляўся па суседзях, каб сустрэць Стары Новы год у свеце. Лічылася асабліва важным, каб першым у дом прыйшоў "патрэбны" чалавек, а такім быў малады чалавек са шматдзетнай паважанай сям'і, у якой вялікая гаспадарка. Раніцай моладзь скакала праз падпаленыя снапы сена, каб прагнаць паскуддзе.

У некаторых паселішчах на свята хадзілі калядоўшчыкі. Выканаўцаў калядных песень традыцыйна адорвалі пачастункамі.

Традыцыйныя прыкметы на Стары Новы год

Прыкметы гэтага свята былі звязаны як з надвор'ем, так і навагоднім сталом. Напрыклад, калі прыгатаваная святочная каша атрымлівалася пышнай, прыгожай і смачнай, значыць, чакаць трэба добрага года. Калі ж гаршчок у печы трэскаецца або каша выходзіла нясмачная — трэба чакаць дрэннага года.

Таксама лічылася, калі ў ноч вецер будзе дзьмуць з поўдня, то будучы год будзе шчасным і цёплым, калі ж з захаду — чакаць трэба багацця малака, а таксама рыбы, ну а калі з усходу, то ў годзе будзе добры ўраджай садавіны.

Аб ночы народ казаў: "Васільева ноч зорная — да ўраджая ягад". Калі ж надвор'е марознае, але сухое раніцай, то грыбоў у будучым годзе шмат чакаць не варта.

Прыкметы на Стары Новы год — 2018

Тыя, хто народзіцца 14 студзеня 2018 года, для поспеху і багацця павінны насіць яшмавы камень. Таксама да вечара 13 студзеня неабходна прыбраць з дому святочную елку і раздаць усе даўгі, каб не быць даўжніком увесь 2018-ы год. І, вядома, неабходна памірыцца з усімі, з кім былі ў сварцы, і дараваць ўсім, на каго трымалі крыўду.

Што павінна быць на стале на Стары Новы год

Паводле старажытных традыцый, на стале ў Васільеў вечар павінна была быць шчодрая куцця. Халвы, арэхаў, мёду і разынак не шкадавалі: чым шчадрэй будзе страва, тым насычаней і багацей новы год.

Акрамя таго, на стале абавязкова былі парася, певень або заяц. Усе тры гатункі мяса неслі ў сабе розны сэнс: свініна абяцала багацце, стравы з пеўня — свабоду, а з зайца — поспех ва ўсіх справах.

Немалаважным з'яўлялася і тое, што ўваходзіла ў начынне святочных пірагоў і, што самае галоўнае, варэнікаў на Стары Новы год. Напрыклад, грыбы ў начынні — да доўгага і шчаслівага жыцця, мяса — да дабрабыту, рыс — да багацця, капуста — да грошай, а кроп — да дужага здароўя.

Што нельга рабіць у Дзень святога Васіля

За тыдзень да Старога Новага года нельга было прыбірацца ў новую вопратку, гэта можна зрабіць толькі ў само свята. У гэты дзень нельга казаць віншаванні з адмоўнай часціцай "не" — гэта можа спудзіць жаданне і ўдачу. Таксама нельга сустракаць гэтае свята выключна ў жаночай кампаніі — так можна наклікаць нешчаслівы год.

На святочным стале не павінна быць ракаў і іншых істот, якія адступаюць назад, таму што як можна ў Новы год перанесці былыя праблемы. Таксама ў гэты дзень строга забаронена прыбіраць, таму што можна вынесці поспех і шчасце з хаты.

Рождественские гадания
© Sputnik / Александр Кондратюк
Традыцыйныя варожбы з свечкай

Варожбы на Стары Новы год

Дзяўчыны ў ноч з 13 на 14 студзеня варажылі на розных прадметах. Васільеў вечар лічылі самым удалым для прадказанняў. Людзі верылі, што ўсё нагаданае і загаданае ў гэты час спраўджваецца. Аднак Праваслаўная царква не ўхваляе варажбы.

461
Тэги:
Старый новый год, традиции, народные традиции, Беларусь
По теме
Этнограф: на стары Новы год трэба пазбавіцца ад елак

Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў галіне энергетыкі ў 2021 годзе

0
(абноўлена 19:46 27.01.2021)
У сераду, 27 студзеня 2021 года, у 16:00 у мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik Беларусь у анлайн-фармаце адбыўся відэамост Мінск-Масква на тэму: "Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў галіне энергетыкі ў 2021 годзе".

У снежні 2020 года Беларусь і Расія падпісалі пагадненне аб пастаўках газу ў нашу краіну ў гэтым годзе. Прадстаўнікамі Газпрома і міністэрства энергетыкі заяўлялася, што цана будзе ніжэй, чым была па кантракце мінулага года, аднак дакладныя лічбы не былі агучаны.

Наколькі збалансаваным з'яўляецца цяперашні кантракт на пастаўку газу, як будзе развівацца сітуацыя з пастаўкамі нафты, а таксама варыянты супрацоўніцтва ў галіне атамнай энергетыкі - на гэтыя і іншыя пытанні адказаў:

  • галоўны рэдактар ​​аналітычнага часопіса "Геоэнергетика.ru" Барыс МАРЦІНКЕВІЧ.

Чытайце таксама:

0
Тэги:
Энергетыка, Расія, Беларусь
Тэмы:
Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі