Князь Купалеж, Купала

Князь Купалеж і Купалінка: гаспадары Купалля

134
(абноўлена 13:18 05.07.2016)
Апошнім часам моладзь падчас купальскіх ігрышчаў абірае пару самых прыгожых і ладных хлопца і дзяўчыну. Асноўная іх задача на свяце – запаліць купальскае вогнішча, быць першымі ў абрадавых гульнях і карагодах.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Ва ўсходнеславянскай міфалогіі Купала — бог зямных пладоў, ураджаю нівы, лекавых траў і дабрабыту. Язычніцкае бажаство Купала ўзгадваецца ў старажытнарускім Густынскім летапісе: "Купало бяше бог обилия, ему же благодарение приношаху в то время, егда имяше настати жатва".

Купалеж з паходняй
© Фото: Наталля Гермацкая, з асабістага архіва Ларысы Мятлеўскай
Купалеж з паходняй

Купала таксама галоўны персанаж Купалля — свята летняга сонцастаяння. Першапачаткова Купалу як міфалагічны вобраз увасабляла сабою лялька — жаночае чучала, якое насілі, скакалі з ім, падчас свята "купалі" і тапілі ў вадзе.

Дарэчы, у старажытнасці гэта боства ўтрымлівала ў сабе рысы абодвух палоў. Таму не дзіўна, што з цягам часу гэта акалічнасць забылася і з'явіліся такія купальскія персанажы як Купала, або князь Купалеж, і дзяўчына Купалінка.

 

 

Апошнім часам моладзь падчас купальскіх ігрышчаў абірае пару самых прыгожых і ладных хлопца і дзяўчыну. Ад астатніх яны адрозніваюцца больш пышнымі вянкамі на галовах. У хлопца гэта вянок з дубовага лісця з дадаткам купальскіх кветак, у дзяўчыны толькі з кветак і часам з галінкамі бярозы. Асноўная іх задача на свяце — запаліць купальскае вогнішча, быць першымі ў абрадавых гульнях і карагодах.

Купалеж і Купалінка
© Фото: Наталля Гермацкая, з асабістага архіва Ларысы Мятлеўскай
Купалеж і Купалінка

Цікава ведаць. Агонь і вада — важнейшыя культы Купальскага абраду. Гэта стыхіі-антаганісты дыяметральна супрацьлеглыя па свайму зместу і функцыям. Таму на Купалле з мэтай іх прымірэння часта сумяшчаюць абодва культы. Напрыклад, чучала Купалы маглі спачатку запаліць, а пасля патапіць, або ў вянкі, што пускаюць на ваду, устаўляюць запаленыя свечкі.

Асабліва шануемы рамантычны вобраз Купалінкі. Яна ўяўлялася прыгожай, вясёлай дзяўчынай, якая ўмее хораша спяваць і танцаваць. У яе гонар напярэдадні купальскай ночы дзяўчаты наладжвалі цэлае баляванне. Спявалі купальскія песні, весяліліся, танцавалі, плялі вянкі для варажбы. Да купальскага вянка ззаду прывязвалася стужка. Гэтым ён адрозніваўся ад звычайнага вянка. Купалле — свята моладзі, менавіта яна адыгрывае на ім галоўную, актыўную ролю, але было ў ім месца і старэйшым пакаленням. Старыя не столькі дзейнічалі, колькі ўдзельнічалі, піравалі. Частка іх заставалася дома ахоўваць хату і дзяцей.

Купальская вячэра: Купала на Йвана

— Дзе Купала начавала?

— Начавала ў Івана.

— Што Купала ўжывала?

— Ужывала варэнішча ў алеішчы,

Рыбку з перцам, часнок з алейцам.

Купалле
© Фото: Наталля Гермацкая, з асабістага архіва Ларысы Мятлеўскай
Купалле

Пачастункі, якія прыносіліся з усіх дамоў у складчыну, спажывалі гуртам. Жанчыны і дзяўчаты неслі звычайна закуску, а хлопцы — пітво. Вячэра складалася з сыру, тварагу, праснакоў-бабак з тоўчаным канапляным семем, цыбулі, часныку, пахучага зелля, халадніку-квасу, яешні, верашчакі з салам і мясам і г.д. Ужывалі на свяце піва, гарэлку, морсы, пітны квас.

Збіраючыся сёлета на Купалле, паспрабуйце прыгатаваць што-небудзь з вышэй пералічаных традыцыйных страў.

Куханы з цыбуляй

Замясіць дражджавое цеста, спячы круглыя аладкі таўшчынёй з палец. Асобна дробна пакрышыць цыбулю, пасыпаць зверху аладкі і запячы ў гарачай печы або духоўцы.

Свежие блины на Масленицу
Бліны на куханы

Калі няма часу гатаваць дражджавое цеста, купіце ў кулінарыі гатовае і паспрабуйце ажыццявіць гэты старадаўні рэцэпт.

Рыбка з перцам або рыбныя галушкі

500 г рачной рыбы, 75 г пшанічнай мукі, 2 яйкі, 1 ч лыжка чорнага перцу гарошкам, 1 ст лыжка насення кропу, 1-2 цыбуліны, 1,5 ч лыжкі солі, 1 ч лыжка масла

Дробную рачную рыбу пачысціць ад костак, дробна насячы нажом (не прапускаць праз мясарубку), расцерці.

Дробна насечаную цыбулю, кроп, перац, соль стаўчы ў ступцы, дадаць у рыбу.

Муку распусціць у малацэ, уліць узбітыя яйкі і перамяшаць, аб'яднаць з рыбным фаршам, усё разам добра расцерці і ўзбіць, каб атрымалася аднародная маса. Зварыць рыбную юшку з галоў, плаўнікоў і костак, пасаліць і адварыць у ёй галушкі на маленькім агні да гатовасці.

Дастаць з юшкі і падаць асобна з маслам і бульбай.

Калі лянота вазіцца з галушкамі, то проста пасмажце рачную рыбу, у меру пасыпаўшы яе перцам.

Халаднік з кіслага малака

Рэцэпт гэтага халадніка запісаны ў в. Загацце Мінскага раёна, Мінскай вобласці ад Грыб Зінаіды Канстанцінаўны.

Халаднік з кіслага малака
© Фото: Ларыса Мятлеўская
Халаднік з кіслага малака

1 л кіслага малака, жменя цыбулі, некалькі лапак зялёнага кропу, соль па смаку.

У кіслае малако ўкрышыць цыбулю і кроп, дадаць крыху солі.

Да халадніка падаць бульбяную кашу, запраўленую смажанай цыбуляй і скваркамі.

134
Тэги:
Купалле, Нацыянальныя традыцыі, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Тэмы:
Свята моладзі і кахання: Купалле беларускае (7)
Каментары