Маслабойка

Чакай Пятра сыру з’ясі: бабы-феміністкі і сыр на разгавенне

261
(абноўлена 17:21 13.07.2016)
Усяго толькі тыдзень, як мінула Купалле – і вось ужо святкуем Пятра і Паўла. Гэтаму дню папярэднічаў пятроўскі пост, які пачынаўся праз тыдзень пасля Сёмухі, а па дню Пятра народныя метэаролагі прадказвалі ўраджай, пагоду і непагадзь.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik

"Калі Пётра з Паўлам плачуць, дык людзі праз тыдзень сонца не ўбачаць". Сёлета дождж на Пятра — 12 ліпеня — быў: значыць, не толькі задажджыць, але і на Новы год будзе завіруха.

Бабы-феміністкі

Пост гэты называўся мужыкамі "бабскім", які нібыта выдумалі жанчыны праз неразуменне мужчынскай цяжкай працы падчас касьбы.

Неразуменне ні пры чым! Ну што магла пакласці гаспадыня ў катомку гаспадару, які выпраўляўся з дому касіць на некалькі дзён? Цыбулю з хлебам ды халаднічок з бульбай — запасы мяса ў кублах меншалі да гэтай пары. 

Завяршэння посту чакалі, бо на Пятра можна было нарэшце разгавецца: "Чакай Пятра — сыру з'ясі".

Кот есць сыр
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Той-сёй ужо справіўся пад"есці пятроўскага сыру

Рыхтуй сыр улетку!

У гэты перыяд гаспадыні імкнуліся назапасіць сырніцу, якую елі падчас сырнага тыдня на Масленіцу. Сабранае ў пост малако квасілі і рабілі тварог. Далей яго адціскалі і складалі ў гліняныя макотры, добра перасыпаючы кожны слой соллю.

Калі пасудзіна запаўнялася да верху, тварог залівалі растопленым загадзя таплёным маслам. Такі тварог захоўваўся амаль да вясны. З сабранай смятаны збівалі масла і адтоплівалі яго.

Свежаадагрэты тварог
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Свежаадагрэты тварог на сыр

 

 

Цікава ведаць. У глыбокай старажытнасці масла збівалі ў місцы, карыстаючыся драўлянай лыжкай, пакуль у XIII-XIV стагоддзях не з'явіліся маслабойкі поршневага тыпу. Збітае масла добра прамывалі ў халоднай вадзе, расціраючы шырокай драўлянай лыжкай да таго часу, пакуль вада не станавілася празрыстай. Гэта рабілася для таго, каб цалкам выдаліць маслёнку з масла. Каб масла доўга захоўвалася, яго салілі груба патоўчанай соллю і ператоплівалі. Правільна прыгатаванае таплёнае масла не псавалася чатыры гады! На ім смажылі, запраўлялі ім кашы і бульбу, стравы з локшынаў і гароху, дадавалі ў цеста. Нагадаю вам адзін са старадаўніх рэцэптаў, як выраблялі таплёнае масла.

Таплёнае масла

500 г масла

1л вады

Соль

Наліць у рондаль гарачую ваду, пакласці туды масла і, увесь час мяшаючы, растапліваць яго на малым агні. Рабіць гэта лепей на пліце. Як толькі масла растопіцца, зняць яго з агню і астудзіць. Калі масла добра застыне, каля сценкі ў масле зрабіць маленькую дзірку і праз яе зліць ваду. Яна будзе амаль белага колеру, гэта значыць, што ў масле мелася шмат малочных часцінак. Каб масла ачысцілася цалкам, варку трэба паўтарыць тры ці чатыры разы.

Каб масла лепей захоўвалася, яго соляць па смаку і зліваюць у слоікі. Калі масла не шмат, яго можна не саліць. Захоўваюць у халодным месцы.

Маслабойка
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Даўнейшы "маслазавод"- маслабойка

Завяршэння пятроўскага посту чакалі, бо на Пятра можна было нарэшце разгавецца сырам і маслам. Так і казалі: "Чакай Пятра — сыру з'ясі".

Пасля Пятра ў лесе ўжо спелі ягады, таму ў гэту пару акурат час пакаштаваць адмысловы малочны суп з ягадамі.

Даўней, калі ў лесе паспявалі чарніцы, іх збіралі ў асноўным жанчыны, але ў выключных выпадках, калі ягад было вельмі шмат, на дапамогу сваім матулям і бабулям прыходзілі дзеці і падлеткі. Назбіраўшы ягад, дзеці вярталіся дадому, а дарослыя хвалілі іх за стараннасць і частавалі смачным супам, які быў дарэчы ў спякотны летні дзень.

Малочны суп з тварагом і ляснымі ягадамі (рэцэпт на чатырох чалавек)

1 л малака

250-300 г тварагу

150-200 г лясных ягад

Малочны суп
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Малочны суп

Халоднае малако ўліць у вялікую міску, пакласці ў яго добра адціснуты тварог, усыпаць цэлыя ягады і ўсё добра перамяшаць. Па жаданні суп можна крыху падсаладзіць, але звычайна гэтага не рабілі. З агульнай міскі суп разлівалі па талерках і елі ў прыкуску з белым хлебам.

Малочны суп
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Малочны суп

Каб вам заўсёды сырна ды маслена было!

261
Тэги:
Нацыянальныя традыцыі, Нацыянальная кухня, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Палац Радзівілаў у Паланечцы

Сядзібу Радзівілаў выставілі на аўкцыён ў 13-ы раз

9
(абноўлена 12:08 25.09.2020)
У вёсцы Паланечка Баранавіцкага раёна прадаюць сядзібу 250-гадовай даўніны. Пакуль - безвынікова.

МІНСК, 25 вер - Sputnik. Сядзібу князёў Радзівілаў, якую мясцовыя ўлады спрабуюць прадаць ужо некалькі гадоў, выставілі на аўкцыён у трынаццаты раз, паведамілі Sputnik у аддзеле эканомікі Баранавіцкага райвыканкама.

Цяпер будынак знаходзіцца ў аварыйным стане. Кроквы прагнілі, падмурак размыла, частка сцяны абвалілася. Яго ўласнікам на дадзены момант з'яўляецца аддзел па адукацыі райвыканкама.

"Некалькі гадоў таму ў самой сядзібе знаходзілася школа, аддзел ўкладваў туды сродкі. Калі школы не стала, адпала неабходнасць утрымліваць будынак. Чаму вырашылі прадаць? Яно пустуючае, а выкарыстоўваць яго па прамым прызначэнні як аб'ект гісторыка-культурнай каштоўнасці - значыць, трэба праводзіць рэстаўрацыю. На гэта ў нас няма грошай", - патлумачыла Sputnik намеснік начальніка аддзела па адукацыі Баранавіцкага РВК Таццяна Каляда.

Ужо некалькі гадоў аддзел эканомікі райвыканкама спрабуе прадаць закінуты і забытае маёнтак Радзівілаў. Пакуль - безвынікова.

"Нядаўна выставілі яе на аўкцыён ў 13-ы раз. Цяпер цана на аб'ект ідзе з паніжэннем - мінус 80% ад пачатковага кошту - і складае 19 тысяч беларускіх рублёў (крыху больш за 7 тысяч долараў па актуальнаму курсе - Sputnik). Каля будынка добрае размяшчэнне , знаходзіцца паблізу "алімпійкі" (трасы М1 - Sputnik), увесь участак займае 3 га - тут можна нешта новае пабудаваць. Спадзяемся, ў сядзібы з'явіцца ж такі ўладальнік", - сказаў галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Аляксандр Франюк.

Паводле слоў спецыяліста, калісьці ўлады разглядалі варыянт зрабіць у сядзібе мастацкую галерэю, але сродкаў на гэта не знайшлося.

"Патэнцыйныя пакупнікі? Тэлефануюць, цікавяцца, але пакуль ніякай канкрэтыкі. Многія не хочуць купляць будынак, паколькі прыйдзецца займацца рамонтам, узгадняць праект з міністэрствам культуры. Гэта вельмі вялікія ўкладанні", - удакладніў Франюк.

Пры гэтым былому фальварку патрэбна рэстаўрацыя, а яе можна праводзіць толькі па ўзгадненні з міністэрствам культуры Беларусі. Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны профільнага міністэрства Наталля Хвір паведаміла Sputnik, што пакуль заяўкі на аднаўленне сядзібы яна не атрымлівала.

"Калі ў перспектыве ў маёнтка з'явіцца новы ўладальнік, ён павінен будзе выканаць патрабаванні заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, то бок пасля правесці яго рэстаўрацыю. Знешняе аблічча будынка павінна быць адноўлена ў адпаведнасці з гістарычным выглядам", - адзначыла прадстаўнік ведамства.

Крыху гісторыі

Сядзіба ў Паланечцы з'явілася ў другой палове XVIII стагоддзя, яе пабудаваў дзяржаўны дзеяч ВКЛ Мацей Радзівіл. Прыкладам і натхненнем для праекта стала віла на італьянскай возеры Кома. Сын Мацея, Канстанцін Радзівіл, які атрымаў у спадчыну гэты палац, вырашыў зрабіць комплекс больш модным: прыбудаваў да яго калоны і гермы - галовы грэчаскіх багоў і філосафаў. У час Вялікай Айчыннай у будынку здарыўся пажар, а пасля вайны яго аднавілі і размясцілі тут школу-інтэрнат.

Чытайце таксама:

9
Тэги:
Баранавіцкі раён, Радзівілы
Багач - 2020

Усё па традыцыях: у Дукоры адзначылі Багач

105
(абноўлена 13:36 22.09.2020)
Працаваць на свята багатага ўраджаю строга забаронена, таму госці ад душы танчылі і весяліліся.

Багач у народным календары прымеркаваны да свята збору ўраджаю. Назву сваю ён атрымаў, бо лічылася, што менавіта ў гэтыя дні у добрых гаспадароў у хаце "усяго багата". На святкаванне Багача ў Дукорскім маёнтку патрапіў фатограф Sputnik Альфрэд Мікус.

Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Багач - гэта адмысловы лубок з зернем
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
На свята жыхары вёскі збіраліся грамадой

Для святкавання Багача ўсе жыхары старадаўняй беларускай вёскі збіраліся талакой і рабілі адмысловы лубок з зернем, у сярэдзіну якога ўстаўлялі свечку. У гэты лубок, які атрымаў сваю назву ад наймення свята, кожны вясковец прыносіў па жменьцы зерня з новага ўраджаю. Лубок з запаленай свечкай праносілі абавязкова па ўсёй вёсцы. Усе гэтыя дзеянні былі скіраваныя на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы і сямейнага ладу.

Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Багач абавязкова праносілі па ўсёй вёсцы
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Кожны вясковец дадаваў у лубок зерне з новага ўраджаю

Напрыканцы Багач размяшчалі пад абразамі на покуці хаты гаспадароў, якіх грамада ў гэтым годзе абірала лепшымі.

Падчас святкавання Багача ўсім сялянам увогуле забаранялася працаваць: яны хадзілі ў госці адзін да аднаго, ладзілі кірмашы і гулянні, танчылі і спявалі.

Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
госці ў Дукоры вучыліся розным майстэрствам
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
І хоць працаваць на Багач забаронена, але ж вучыцца ніхто не забараняў!
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Выдатны майстар навучыць каго заўгодна

Не засталіся ў баку ад гэтай традыцыі і госці Дукорскага маёнтка. Пад музыку гуртоў Стары Ольса і PAWA і беларускага народнага ансамбля "Вербіца" яны ад душы есяліліся і скакалі, а таксама вучыліся майстэрству керамікі, разьбы па дрэве, пляценню лапцей, ткацтву і вырабу лялек.

105
Тэги:
Народныя традыцыі, Багач
Які сёння дзень: 26 верасня 2020 года

Які сёння дзень: 26 верасня 2020 года

0
(абноўлена 09:56 21.09.2020)
Гэты дзень з'яўляецца дзвесце сямідзясятым па грыгарыянскім календары, да канца года застаецца 96 дзён.

У 1788 годзе нарадзіўся беларускі філолаг Іван Насовіч, аўтар "Слоўніка беларускай мовы". Якія яшчэ падзеі адбыліся 26 верасня і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.

Гістарычныя падзеі 26 верасня

  • У 1629 годзе было падпісана перамір'е паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй, якім скончылася вайна 1600-29 гадоў.
  • У 1655 годзе расійскія войскі спалілі Пінск.
  • У 1964 годзе быў утвораны курортны пасёлак Нарач.
  • У 1990 годзе было заснавана Беларускае таварыства архівістаў.

Хто нарадзіўся 26 верасня

  • 1788 год: Іван Насовіч, беларускі філолаг, этнограф і фалькларыст, стваральнік "Слоўніка беларускай мовы".
  • 1910 год: Уладзімір Агіевіч, беларускі літаратурны крытык.
  • 1925 год: Навум Кіслік, беларускі пісьменнік.

Таксама сёння нарадзіліся нямецкі філосаф Марцін Хайдэгер і прэзідэнт Ураіны Пётр Парашэнка.

26 верасня ў народным календары

Сёння праваслаўныя вернікі шануюць памяць Карнілія – рымскага сотніка, які прыняў хрысціянства дзякуючы апосталу Пятру.

У народзе святога Карнілія называлі Карней, і па сугуччы з яго імём казалі, што настаў час прыбіраць апошнія карняплоды з агародаў. Лічылася, што з гэтага дня ўсе расліны спыняюць рост.

Напярэдадні іншага вялікага царкоўнага свята – Узвіжання – казалі: "Узвіжання чакай, а рэпу вырывай".

26 верасня звярталі ўвагу на птушак: калі ўсе гракі ўжо паляцелі ў вырай, хутка выпадзе снег. А калі з дамашняй птушкі пер'е так і ляціць – зіма будзе цёплай, але снежнай.

0
Тэги:
народны каляндар, які сёння дзень, Беларусь
Тэмы:
Які сёння дзень: каляндар знакавых падзей