Вішнёўка

Каб не ўпіцца, адвярні халявы: гатуем вішнёўку

302
(абноўлена 17:42 22.07.2016)
Вандруючы па Беларусі, люблю чытаць назвы населеных пунктаў і думаць, што за людзі там жылі, калі пабудавалі свае хаты, чым займаліся, як адпачывалі?

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Вёскі з назвай Вішнёўка часта сустракаюцца ў розных кутках  Беларусі. Ёсць такая вёска каля старажытнага Крэва, што на  Гарадзеншчыне — дарэчы, стаіць яна на рацэ Вішнёўка. Калі ехаць на Бабруйск, Мядзел, Слуцк — таксама трапіш у Вішнёўкі! Усе яны за сваё доўгае жыццё мелі росквіт і заняпад і называліся па рознаму — то вёска, то мястэчка, а цяпер вось — аграгарадок. Узнікалі яны ў часы Вялікага Княства Літоўскага ў 15-16 ст і амаль кожная з іх мела слынную гісторыю.

Адно толькі старажытнае Вішнева, што ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці чаго вартае! Мястэчка ўзнікла ў 1468 годзе і належыла ў розныя часы слынным беларускім сем'ям: Слушкам, Осцікам, Сангушкам, Пацам і Храбтовічам. 

Гасцёўня прыказчыка ў сядзібе
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Пакой прыказчыка ў сядзібным доме. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс

Багатае, скажу я вам, было мястэчка! У 1780-1870 тут працаваў металургічны завод. Выраблялі чыгун, шкляны посуд, была сукнявальня і вадзяны млын. З цягам часу, на месцы ліцейнага ўзнік масласырзавод, была пабудавана майстэрня па вырабу безалкагольных напояў. І гэта ў дадатак да таго, што з даўніх часоў там быў і спіртзавод!

З гэтай нагоды — крыху пра папулярныя ў мінулым беларускія напоі з вішні.

Знакамітая вішнёўка  

Вішнёўку любіла беларуская шляхта  і просты люд. Гэта пра яе ў карчме спявалі: "П'ем мы гарэлку, п'ем мы вішнёўку, будзем піць віно! А хто прыйдзе, з нас насмяецца — будзем біць таго!"

Гарэлку, настояную на вішні, называюць вішнёўкай. Гарэлка, якую ўжывалі нашы продкі, моцна адрознівалася ад той, якую мы купляем сёння ў краме. З даўніх часоў распаўсюджаным ва ўсім свеце спосабам атрымання алкаголю была дыстыляцыя — перагонка зброджанага з зерня жыта ці аржанай мукі сусла.

Прычым для атрымання якаснага напою перагонка рабілася не менш за тры разы. Толькі тады захоўваўся водар сыходных прадуктаў, іх складаны і тонкі букет. Дысталятары — гэта добра вядомыя нам сёння шатландскія віскі, грапа, тэкіла, сакэ, ром, чача і наша самагонка.

Цікава ведаць. Знакаміты кулінарны даследчык Вільям Пахлёбкін лічыў, што вінакурства ўзнікла на тэрыторыі  Вялікага Княства Літоўскага — сярэдневечным цэнтры смалакурства. З тых часоў буйныя панскія маёнткі мелі свае бровары (вінакурні) і піваварні, дзе працавала прафесійная прыгонная дворня.

Бровар
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Бровар, або вінакурня

Калі пасля адмены прыгоннага права многім такім работнікам давялося шукаць працу, бо зямельных надзелаў у іх не было, дзед беларускага паэта Максіма Багдановіча, прыгонны кухар Юрый Лук'янавіч, з сумам узгадваў аб ранейшым жыцці: "Гэта ўжо безпрыменна: без гарэлкі — што за свята? І чаго іна стоіла, гарэлка? Тры капейкі кварта (гэта ў 30-40-я гады 19 ст). Потым ужо стала дзесятка (10 грошай, або 5 капеек). "Ай, як дорага!" — гаварылі. А то пойдзеш к падвальнаму, чаго-нібудзь яму прынясеш, там пяток яечак, кусок сала ці што — ён табе і нацэдзіць поўны лівер у пляшку. Піва, гарэлкі было, як вады. Хто там яе мерыў?"

Кошт за гарэлку. Манеты 1838 г.
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Кошт за гарэлку. Манеты 1838 г.

Продкі ўсё рабілі з размахам і калі ставілі ў маёнтках вішнёўку, то бочкамі. Цяпер той старадаўняй гарэлкі нам не пакаштаваць, таму варта скарыстаць крамную. Пра сапраўдны смак даўніх налівак, настоек і лікёраў сёння мы можам толькі здагадвацца.

Вішнёўка ад пані Вінцэнты

Узяць 16 кг вішань, стаўчы з костачкамі ў ступцы, змяшаць з паловай вядра спірту або добрай гарэлкі, перакласці ў слоікі і паставіць на тры дні на сонцы, абвязаўшы палатном. Потым адціснуць палатно і ўсыпаць 4 кг цукру; калі распусціцца, закіпяціць пару разоў, а калі астыне, разліць па бутэльках і ўжываць. Трымаць у склепе. 

Наліўка гэта найлепшая, калі свежая, і не павінна захоўвацца даўжэй, чым некалькі месяцаў.

Народная прыкмета

"Калі хочаш, каб не ўпіцца, то адвярні зверху халявы ў ботах, дак пі, як у бочку лі, а п'яны не будзеш".

Вішнёвая настойка

Вішні 6-7 кг, цукар — 2,5 кг, свежы мёд — 0,5 л, 3-4 бутэлькі гарэлкі.

Буталь з будучай вішнёўкай
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Буталь з будучай вішнёўкай

Спелыя вішні ўсыпаць у шкляную 10-літровую бутлю амаль да верху, засыпаць цукрам, заправіць свежым мёдам для водару, завязаць горлышка марляй і паставіць на сонцы прыкладна на месяц.

Час ад часу буталь варта трэсці і дадаваць цукар па смаку. Потым, у залежнасці ад мяркуемай моцы будучага напою, наліць 1-2 бутэлькі гарэлкі і зноў пакінуць на месяц, закаркаваўшы буталь коракам.

Зліць настойку праз тонкую капронавую трубачку ў падрыхтаваныя чыстыя сухія бутэлькі, закаркаваць. Цяпер яна гатова для ўжывання, а ў ягады, якія засталіся, наліць 2 бутэлькі гарэлкі і пакінуць у кладоўцы да вясны. Атрымаецца цудоўны духмяны напітак, які можна ўжываць, як наліўку да гарбаты.

І — на адвітанне, каб зусім ужо было добра — можна паласавацца вішнямі ў кашульках.

Вішні альбо чарэшні ў кашульках

Крыху сухой пшанічнай мукі, 2 яйкі, цукар і карыцу развесці цёплым віном, каб атрымалася вадкае цеста. Звязаць у пучкі па шэсць альбо восем вішань, мачаць у цеста, кідаць у гарачае масла і смажыць да цёмна-румянага колеру, часта патрэсваючы рондаль, каб не склеіліся. Пры падачы абсыпаць цукрам.

Вішні ў кашульках
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Вішні ў кашульках

Для абсмажвання сліў і вішань у кашульках лепей за ўсё браць альбо глыбокую патэльню з ручкай, альбо каструлю з доўгай ручкай, якая называецца рондаль. Так лягчэй будзе патрэсваць.

Ну і скажу, як у нас людзі кажуць: "І я там была, вішнёўку піла, а ў роце не было, па барадзе пацякло, а ўзяўшыся за вуха — у маім роце суха!"

А заадно нагадаю пра Мінздраў, які папярэджвае, што празмерна ўжываць спіртное — шкодна! Нашыя продкі гэта ведалі, у застоллях былі шчодрымі на песні, жарты, а гарэлачку і вішнёвачку прымалі дазавана!

Пра гэта — іншым разам.

302
Тэги:
Нацыянальныя традыцыі, Нацыянальная кухня, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (63)
Палац Радзівілаў у Паланечцы

Сядзібу Радзівілаў выставілі на аўкцыён ў 13-ы раз

10
(абноўлена 12:08 25.09.2020)
У вёсцы Паланечка Баранавіцкага раёна прадаюць сядзібу 250-гадовай даўніны. Пакуль - безвынікова.

МІНСК, 25 вер - Sputnik. Сядзібу князёў Радзівілаў, якую мясцовыя ўлады спрабуюць прадаць ужо некалькі гадоў, выставілі на аўкцыён у трынаццаты раз, паведамілі Sputnik у аддзеле эканомікі Баранавіцкага райвыканкама.

Цяпер будынак знаходзіцца ў аварыйным стане. Кроквы прагнілі, падмурак размыла, частка сцяны абвалілася. Яго ўласнікам на дадзены момант з'яўляецца аддзел па адукацыі райвыканкама.

"Некалькі гадоў таму ў самой сядзібе знаходзілася школа, аддзел ўкладваў туды сродкі. Калі школы не стала, адпала неабходнасць утрымліваць будынак. Чаму вырашылі прадаць? Яно пустуючае, а выкарыстоўваць яго па прамым прызначэнні як аб'ект гісторыка-культурнай каштоўнасці - значыць, трэба праводзіць рэстаўрацыю. На гэта ў нас няма грошай", - патлумачыла Sputnik намеснік начальніка аддзела па адукацыі Баранавіцкага РВК Таццяна Каляда.

Ужо некалькі гадоў аддзел эканомікі райвыканкама спрабуе прадаць закінуты і забытае маёнтак Радзівілаў. Пакуль - безвынікова.

"Нядаўна выставілі яе на аўкцыён ў 13-ы раз. Цяпер цана на аб'ект ідзе з паніжэннем - мінус 80% ад пачатковага кошту - і складае 19 тысяч беларускіх рублёў (крыху больш за 7 тысяч долараў па актуальнаму курсе - Sputnik). Каля будынка добрае размяшчэнне , знаходзіцца паблізу "алімпійкі" (трасы М1 - Sputnik), увесь участак займае 3 га - тут можна нешта новае пабудаваць. Спадзяемся, ў сядзібы з'явіцца ж такі ўладальнік", - сказаў галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Аляксандр Франюк.

Паводле слоў спецыяліста, калісьці ўлады разглядалі варыянт зрабіць у сядзібе мастацкую галерэю, але сродкаў на гэта не знайшлося.

"Патэнцыйныя пакупнікі? Тэлефануюць, цікавяцца, але пакуль ніякай канкрэтыкі. Многія не хочуць купляць будынак, паколькі прыйдзецца займацца рамонтам, узгадняць праект з міністэрствам культуры. Гэта вельмі вялікія ўкладанні", - удакладніў Франюк.

Пры гэтым былому фальварку патрэбна рэстаўрацыя, а яе можна праводзіць толькі па ўзгадненні з міністэрствам культуры Беларусі. Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны профільнага міністэрства Наталля Хвір паведаміла Sputnik, што пакуль заяўкі на аднаўленне сядзібы яна не атрымлівала.

"Калі ў перспектыве ў маёнтка з'явіцца новы ўладальнік, ён павінен будзе выканаць патрабаванні заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, то бок пасля правесці яго рэстаўрацыю. Знешняе аблічча будынка павінна быць адноўлена ў адпаведнасці з гістарычным выглядам", - адзначыла прадстаўнік ведамства.

Крыху гісторыі

Сядзіба ў Паланечцы з'явілася ў другой палове XVIII стагоддзя, яе пабудаваў дзяржаўны дзеяч ВКЛ Мацей Радзівіл. Прыкладам і натхненнем для праекта стала віла на італьянскай возеры Кома. Сын Мацея, Канстанцін Радзівіл, які атрымаў у спадчыну гэты палац, вырашыў зрабіць комплекс больш модным: прыбудаваў да яго калоны і гермы - галовы грэчаскіх багоў і філосафаў. У час Вялікай Айчыннай у будынку здарыўся пажар, а пасля вайны яго аднавілі і размясцілі тут школу-інтэрнат.

Чытайце таксама:

10
Тэги:
Баранавіцкі раён, Радзівілы
Багач - 2020

Усё па традыцыях: у Дукоры адзначылі Багач

105
(абноўлена 13:36 22.09.2020)
Працаваць на свята багатага ўраджаю строга забаронена, таму госці ад душы танчылі і весяліліся.

Багач у народным календары прымеркаваны да свята збору ўраджаю. Назву сваю ён атрымаў, бо лічылася, што менавіта ў гэтыя дні у добрых гаспадароў у хаце "усяго багата". На святкаванне Багача ў Дукорскім маёнтку патрапіў фатограф Sputnik Альфрэд Мікус.

Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Багач - гэта адмысловы лубок з зернем
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
На свята жыхары вёскі збіраліся грамадой

Для святкавання Багача ўсе жыхары старадаўняй беларускай вёскі збіраліся талакой і рабілі адмысловы лубок з зернем, у сярэдзіну якога ўстаўлялі свечку. У гэты лубок, які атрымаў сваю назву ад наймення свята, кожны вясковец прыносіў па жменьцы зерня з новага ўраджаю. Лубок з запаленай свечкай праносілі абавязкова па ўсёй вёсцы. Усе гэтыя дзеянні былі скіраваныя на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы і сямейнага ладу.

Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Багач абавязкова праносілі па ўсёй вёсцы
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Кожны вясковец дадаваў у лубок зерне з новага ўраджаю

Напрыканцы Багач размяшчалі пад абразамі на покуці хаты гаспадароў, якіх грамада ў гэтым годзе абірала лепшымі.

Падчас святкавання Багача ўсім сялянам увогуле забаранялася працаваць: яны хадзілі ў госці адзін да аднаго, ладзілі кірмашы і гулянні, танчылі і спявалі.

Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
госці ў Дукоры вучыліся розным майстэрствам
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
І хоць працаваць на Багач забаронена, але ж вучыцца ніхто не забараняў!
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Выдатны майстар навучыць каго заўгодна

Не засталіся ў баку ад гэтай традыцыі і госці Дукорскага маёнтка. Пад музыку гуртоў Стары Ольса і PAWA і беларускага народнага ансамбля "Вербіца" яны ад душы есяліліся і скакалі, а таксама вучыліся майстэрству керамікі, разьбы па дрэве, пляценню лапцей, ткацтву і вырабу лялек.

105
Тэги:
Народныя традыцыі, Багач
Рамонт дарожнага пакрыцця, архіўнае фота

На Партызанскім праспекце на некалькі дзён абмяжуюць рух аўтамабіляў

0
(абноўлена 15:25 25.09.2020)
Рамонт дарогі пройдзе з 26 па 28 верасня, для зручнасці вадзіцеляў ўсе працы будуць выконвацца ноччу.

МІНСК, 26 вер - Sputnik. Рух аўтамабіляў будзе абмежаваны на Партызанскім праспекце на ўчастку ад вуліцы Варвашэні да МКАД, паведамілі ва УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

На адной з галоўных вуліц горада праводзіцца замена асфальтавага пакрыцця. Рух будзе абмежаваны з 26 па 28 верасня.

Па няцотным баку праспекта нельга будзе праехаць з 01:30 26 верасня да 06:00 27 верасня, па цотным баку - з 21:00 26 верасня да 06:00 27 верасня, а таксама з 21:00 27 верасня да 05:00 28 верасня.

Таксама з-за рамонту праспекта 26 і 27 верасня замест тралейбусаў па маршруце №3 будуць хадзіць аўтобусы, паведамілі на прадпрыемстве "Мінсктранс".

0
Тэги:
Мінск