Вулей

Мядовы Спас: раскуры дымар і даглядай пчол!

119
(абноўлена 11:29 14.08.2016)
І вокам міргнуць не паспелі, як прамінула лета! Здаецца, нядаўна святкавалі Троіцу, ушаноўвалі маладую зеляніну, дбалі пра будучы ўраджай – і вось ён ужо ападае пад ногі спелымі яблыкамі, час даглядаць пчол, хіляцца да зямлі спелыя каласы.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik

Ад 14 па 29 жніўня святкуем Спас — старажытнае земляробчае свята, звязанае з выспяваннем пладоў. Згодна з народнымі традыцыямі гэта свята святкуюць тройчы.

Тры Спасы

Першы — мядовы Спас, або Макавей (14 жніўня па новым стылі);

Другі — Вялікі Спас, яблычны Спас — свята Праабражэння Гасподняга (19 жніўня н.ст.);

Трэці — Малы, "хлебны", "арэхавы" Спас (29 жніўня н.ст.).

На пасецы
© Photo : Ларыса Мятлеўская
На пасецы

Як і большасць значных свят, Мядовы Спас, або Макавей, пачынаўся са святочнага набажэнства ў царкве, дзе ў гэты дзень асвячалі мёд. Для пчаляроў гэта быў асаблівы дзень. Напярэдадні свята мёд даставалі з вулляў. Не аднойчы ў маленстве я назірала гэты ўрачысты рытуал, бо гадавалася ў сям'і пчаляроў. Даглядалі пчол дзед, бацька і дзядзька. Вось як гэта адбывалася. 

Раскуры дымар і даставай пчол!

У сонечны дзень зранку дзед даставаў чыстую бялізну, белы халат і маску-мяшок на галаву, добра мыў рукі і націраў іх пчалінай травой. Далей апранаўся і прасіў каго-небудзь шчыльна завязаць рукавы на запясцях, каб пчолы не пазапаўзалі пад адзенне.

Браў загадзя раскураны бярозавым грыбам дымар і адпраўляўся да вулляў. На гэты час жывёл пакідалі ў хляве, а дзеці і самі хаваліся ў хаце, з нецярплівасцю чакаючы самага смачнага пачастунка — свежага мёду ў сотах, які можна было смактаць праз саламіну, выдраную са страхі старой хаты.

Катоўнік, пчаліная трава
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Катоўнік, "пчаліная трава"

Дарэчы, паводле народнага звычаю, калі, даглядаючы пчол, бортнік у гэты дзень пашкадуе даць мёду хоць аднаму з дзяцей, прысутных пры гэтым, пчолы прападуць.

Ну, а далей дзед, Грыб Андрэй Савельевіч, на абед запрашаў суседзяў і частаваў іх хмельным мядовым квасам — медавухай, мёдам з салодкімі агуркамі і аржаным хлебам. Быў на стале і кіслы аўсяны кісель, які бабуля Сцепаніда загадзя гатавала і таксама падавала з мёдам. Рабілася гэта для таго, каб суседзі не крыўдзіліся, калі іх часам за лета джалілі пчолы.

Знікнуць пчолы — свету канец!

А яшчэ я змалку памятаю байку пра тое, адкуль з'явілася пчала. Было гэта прыкладна так.

Старэнькі дзядок Іспас хадзіў па зямлі і правяраў, ці паўсюдна ў яго гаспадарцы парадак. Ідзе ён па моры-акіяне і бачыць, як пасярэдзіне на вялікім камені прыгожая дзяўчына сядзіць і горка плача.

Агуркі з мёдам -летні ласунак
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Агуркі з мёдам -летні ласунак

Спас падыйшоў да яе да й пытае, чаго, маўляў, гаруеш? А яна яшчэ горай плача і нічога не кажа яму, а ён ёй: можа, дапамагу твайму гору. А яна яму і распавяла, што ўцякла на мора ад Божага гневу, бо як у школе Бог распавядаў пра стварэнне свету, св. Пётра шчыпаў яе ціхенька за бок і яна не пачула ўсе Божыя словы, а перапытаць пасаромелася, вось і ўцякла ў роспачы на мора-акіян плакаць.

Шкада стала Іспасу дзяўчыну і вырашыў ён ператварыць яе ў пчаліную матку, а слёзы яе зрабіліся маленькімі пчолкамі. Вось такая гісторыя. А пчолы і цяпер лічацца Божымі істотамі. Кажуць, як у свеце знікнуць пчолы, то хутка і Свету канец!

Спасаўка-ласаўка. Пачастункі старога бортніка.

Наперадзе двухтыднёвы пост, празваны ў народзе "спасаўкай-ласаўкай". У адрозненне ад "пятроўкі-галадоўкі" ў гэтую багатую на грыбы і гародніну пару селянін ужо не адчуваў сябе такім галодным.

Ігрушы з мёдам
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Ігрушы з мёдам

Ігрушы з мёдам

Салодкія, але не пераспелыя ігрушы нарэзаць, як вам хочацца. Мне падабаецца кружочкамі. Цяпер паліце іх мёдам і ў хуткім часе падавайце на стол.

Для гэтага ласунка лепш прыдадуцца сакавітыя летнія (раннія) ігрушы. Але скурка ў іх вельмі далікатная, таму і падаваць на стол іх трэба амаль толькі зрабіўшы.

Аўсяны кісель

Я не заклікаю вас рабіць аўсяную муку або аўсяныя шматкі. Іх лёгка купіць цяпер у краме. Тым не менш, у шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя ў вёсках пад Мінскам, як у даўніну, рабілі крупы з аўса, малолі з іх муку і гатавалі кісель.

Аўсяны кісель
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Аўсяны кісель

Дарэчы, традыцыя прыгатавання аўсяных кісялёў не менш 1000 гадоў! І яшчэ лічыцца, што стравы з аўса здольны пазбавіць дрэннага настрою. Я гарантую вам цудоўны настрой, калі вы пакаштуеце кісель, прыгатаваны па наступным рэцэпце:

1 шклянка аўсянай мукі

2 шклянкі вады

ванільны цукар

Запарце аўсяную муку. Калі няма мукі, то можна выкарыстаць здробненыя шматкі, або  талакно. Праўда, з талакном не так смачна атрымаецца, хоць і вельмі карысна для здароўя. Да запаранай мукі дадайце трошкі хлебнай закваскі і пастаўце ў цёплае месца. Праз некалькі гадзін, як толькі пачне пузырыцца, працадзіце і памалу пракіпяціце, увесь час мяшаючы. Дадайце соль, цукар па смаку. Цяпер разліце па формах і астудзіце. Есці можна проста без нічога, а можна з вяршкамі, з малаком, з мёдам. Усё на ваш выбар.

Вясёлых святаў і смачна есці!

119
Тэги:
Нацыянальныя традыцыі, Нацыянальная кухня, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Палац Радзівілаў у Паланечцы

Сядзібу Радзівілаў выставілі на аўкцыён ў 13-ы раз

9
(абноўлена 12:08 25.09.2020)
У вёсцы Паланечка Баранавіцкага раёна прадаюць сядзібу 250-гадовай даўніны. Пакуль - безвынікова.

МІНСК, 25 вер - Sputnik. Сядзібу князёў Радзівілаў, якую мясцовыя ўлады спрабуюць прадаць ужо некалькі гадоў, выставілі на аўкцыён у трынаццаты раз, паведамілі Sputnik у аддзеле эканомікі Баранавіцкага райвыканкама.

Цяпер будынак знаходзіцца ў аварыйным стане. Кроквы прагнілі, падмурак размыла, частка сцяны абвалілася. Яго ўласнікам на дадзены момант з'яўляецца аддзел па адукацыі райвыканкама.

"Некалькі гадоў таму ў самой сядзібе знаходзілася школа, аддзел ўкладваў туды сродкі. Калі школы не стала, адпала неабходнасць утрымліваць будынак. Чаму вырашылі прадаць? Яно пустуючае, а выкарыстоўваць яго па прамым прызначэнні як аб'ект гісторыка-культурнай каштоўнасці - значыць, трэба праводзіць рэстаўрацыю. На гэта ў нас няма грошай", - патлумачыла Sputnik намеснік начальніка аддзела па адукацыі Баранавіцкага РВК Таццяна Каляда.

Ужо некалькі гадоў аддзел эканомікі райвыканкама спрабуе прадаць закінуты і забытае маёнтак Радзівілаў. Пакуль - безвынікова.

"Нядаўна выставілі яе на аўкцыён ў 13-ы раз. Цяпер цана на аб'ект ідзе з паніжэннем - мінус 80% ад пачатковага кошту - і складае 19 тысяч беларускіх рублёў (крыху больш за 7 тысяч долараў па актуальнаму курсе - Sputnik). Каля будынка добрае размяшчэнне , знаходзіцца паблізу "алімпійкі" (трасы М1 - Sputnik), увесь участак займае 3 га - тут можна нешта новае пабудаваць. Спадзяемся, ў сядзібы з'явіцца ж такі ўладальнік", - сказаў галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Аляксандр Франюк.

Паводле слоў спецыяліста, калісьці ўлады разглядалі варыянт зрабіць у сядзібе мастацкую галерэю, але сродкаў на гэта не знайшлося.

"Патэнцыйныя пакупнікі? Тэлефануюць, цікавяцца, але пакуль ніякай канкрэтыкі. Многія не хочуць купляць будынак, паколькі прыйдзецца займацца рамонтам, узгадняць праект з міністэрствам культуры. Гэта вельмі вялікія ўкладанні", - удакладніў Франюк.

Пры гэтым былому фальварку патрэбна рэстаўрацыя, а яе можна праводзіць толькі па ўзгадненні з міністэрствам культуры Беларусі. Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны профільнага міністэрства Наталля Хвір паведаміла Sputnik, што пакуль заяўкі на аднаўленне сядзібы яна не атрымлівала.

"Калі ў перспектыве ў маёнтка з'явіцца новы ўладальнік, ён павінен будзе выканаць патрабаванні заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, то бок пасля правесці яго рэстаўрацыю. Знешняе аблічча будынка павінна быць адноўлена ў адпаведнасці з гістарычным выглядам", - адзначыла прадстаўнік ведамства.

Крыху гісторыі

Сядзіба ў Паланечцы з'явілася ў другой палове XVIII стагоддзя, яе пабудаваў дзяржаўны дзеяч ВКЛ Мацей Радзівіл. Прыкладам і натхненнем для праекта стала віла на італьянскай возеры Кома. Сын Мацея, Канстанцін Радзівіл, які атрымаў у спадчыну гэты палац, вырашыў зрабіць комплекс больш модным: прыбудаваў да яго калоны і гермы - галовы грэчаскіх багоў і філосафаў. У час Вялікай Айчыннай у будынку здарыўся пажар, а пасля вайны яго аднавілі і размясцілі тут школу-інтэрнат.

Чытайце таксама:

9
Тэги:
Баранавіцкі раён, Радзівілы
Багач - 2020

Усё па традыцыях: у Дукоры адзначылі Багач

105
(абноўлена 13:36 22.09.2020)
Працаваць на свята багатага ўраджаю строга забаронена, таму госці ад душы танчылі і весяліліся.

Багач у народным календары прымеркаваны да свята збору ўраджаю. Назву сваю ён атрымаў, бо лічылася, што менавіта ў гэтыя дні у добрых гаспадароў у хаце "усяго багата". На святкаванне Багача ў Дукорскім маёнтку патрапіў фатограф Sputnik Альфрэд Мікус.

Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Багач - гэта адмысловы лубок з зернем
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
На свята жыхары вёскі збіраліся грамадой

Для святкавання Багача ўсе жыхары старадаўняй беларускай вёскі збіраліся талакой і рабілі адмысловы лубок з зернем, у сярэдзіну якога ўстаўлялі свечку. У гэты лубок, які атрымаў сваю назву ад наймення свята, кожны вясковец прыносіў па жменьцы зерня з новага ўраджаю. Лубок з запаленай свечкай праносілі абавязкова па ўсёй вёсцы. Усе гэтыя дзеянні былі скіраваныя на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы і сямейнага ладу.

Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Багач абавязкова праносілі па ўсёй вёсцы
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Кожны вясковец дадаваў у лубок зерне з новага ўраджаю

Напрыканцы Багач размяшчалі пад абразамі на покуці хаты гаспадароў, якіх грамада ў гэтым годзе абірала лепшымі.

Падчас святкавання Багача ўсім сялянам увогуле забаранялася працаваць: яны хадзілі ў госці адзін да аднаго, ладзілі кірмашы і гулянні, танчылі і спявалі.

Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
госці ў Дукоры вучыліся розным майстэрствам
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
І хоць працаваць на Багач забаронена, але ж вучыцца ніхто не забараняў!
Багач - 2020
© Sputnik Альфрэд Мікус
Выдатны майстар навучыць каго заўгодна

Не засталіся ў баку ад гэтай традыцыі і госці Дукорскага маёнтка. Пад музыку гуртоў Стары Ольса і PAWA і беларускага народнага ансамбля "Вербіца" яны ад душы есяліліся і скакалі, а таксама вучыліся майстэрству керамікі, разьбы па дрэве, пляценню лапцей, ткацтву і вырабу лялек.

105
Тэги:
Народныя традыцыі, Багач
Які сёння дзень: 26 верасня 2020 года

Які сёння дзень: 26 верасня 2020 года

0
(абноўлена 09:56 21.09.2020)
Гэты дзень з'яўляецца дзвесце сямідзясятым па грыгарыянскім календары, да канца года застаецца 96 дзён.

У 1788 годзе нарадзіўся беларускі філолаг Іван Насовіч, аўтар "Слоўніка беларускай мовы". Якія яшчэ падзеі адбыліся 26 верасня і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.

Гістарычныя падзеі 26 верасня

  • У 1629 годзе было падпісана перамір'е паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй, якім скончылася вайна 1600-29 гадоў.
  • У 1655 годзе расійскія войскі спалілі Пінск.
  • У 1964 годзе быў утвораны курортны пасёлак Нарач.
  • У 1990 годзе было заснавана Беларускае таварыства архівістаў.

Хто нарадзіўся 26 верасня

  • 1788 год: Іван Насовіч, беларускі філолаг, этнограф і фалькларыст, стваральнік "Слоўніка беларускай мовы".
  • 1910 год: Уладзімір Агіевіч, беларускі літаратурны крытык.
  • 1925 год: Навум Кіслік, беларускі пісьменнік.

Таксама сёння нарадзіліся нямецкі філосаф Марцін Хайдэгер і прэзідэнт Ураіны Пётр Парашэнка.

26 верасня ў народным календары

Сёння праваслаўныя вернікі шануюць памяць Карнілія – рымскага сотніка, які прыняў хрысціянства дзякуючы апосталу Пятру.

У народзе святога Карнілія называлі Карней, і па сугуччы з яго імём казалі, што настаў час прыбіраць апошнія карняплоды з агародаў. Лічылася, што з гэтага дня ўсе расліны спыняюць рост.

Напярэдадні іншага вялікага царкоўнага свята – Узвіжання – казалі: "Узвіжання чакай, а рэпу вырывай".

26 верасня звярталі ўвагу на птушак: калі ўсе гракі ўжо паляцелі ў вырай, хутка выпадзе снег. А калі з дамашняй птушкі пер'е так і ляціць – зіма будзе цёплай, але снежнай.

0
Тэги:
народны каляндар, які сёння дзень, Беларусь
Тэмы:
Які сёння дзень: каляндар знакавых падзей