Копія крыжа Ефрасінні Полацкай

Святлоў: інфармацыя пра крыж Ефрасінні Полацкай не пацвярджаецца

154
(абноўлена 09:34 25.08.2016)
Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў растлумачыў на сустрэчы з ідэалагічным актывам Беларусбанка, што новыя версіі месцазнаходжання святыні з Беларусі перыядычна з’яўляюцца, але, на жаль, не знаходзяць пацверджання.

МІНСК, 24 жні — Sputnik. Нечаканае пытанне задалі міністру культуры Беларусі на семінары ідэалагічнага актыву Беларусбанка, прысвечанага фарміраванню ў краіне культурнай прасторы. У міністра спыталі, ці ёсць інфармацыя пра месцазнаходжанне крыжа Ефрасінні Полацкай.

Святлоў прызнаўся, што не ведае, дзе зараз знаходзіцца святыня.

"Як толькі з'яўляецца чарговая версія пра тое, дзе можа знаходзіцца крыж Ефрасінні Полацкай, яна правяраецца, верыфікуецца, але пакуль ні адна з версій не атрымала пацверджання", — цытуе міністра агенцтва БелТА.

Са слоў міністра, паўгады таму з'явілася інфармацыя, што крыж бачылі ў Троіца-Сергіевай лаўры. Але і гэтая версія не пацвердзілася, заўважыў Святлоў.

Крыж Ефрасінні Полацкай быў выраблены ў 1161 годзе майстрам-ювелірам Лазарам Богшам. Ён быў зроблены з кіпарыса, пакрыты залатымі і сярэбранымі пласцінамі, на якія ў тэхніцы эмалі былі нанесены малюнкі з асноўнымі сюжэтамі Новага Запавету.

Крыж быў згублены падчас Другой сусветнай вайны. Усе спробы адшукаць яго пасля вайны апынуліся беспаспяховымі. Адной з версій застаецца здагадка, што святыня знаходзіцца ў адной з прыватных калекцый за межамі Беларусі.

У 1997 годзе брэсцкі майстар Мікалай Кузьміч аднавіў крыж прападобнай Ефрасінні. Зараз ён захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага манастыра.

Міністр таксама распавёў ідэалагічнаму актыву Беларусбанка аб рэстаўрацыйных працах, якія вядуцца ў полацкім Спаса-Праабражэнскім храме. Гэтая царква была пабудавана па ініцыятыве Ефрасінні Полацкай і застаецца адзіным беларускім храмам, дзе захаваліся роспісы XII стагоддзя. Тут жа захоўваюцца і мошчы святой.

154
Тэги:
Нацыянальная культура, Беларусбанк, Барыс Святлоў, Ефрасіння Полацкая, Беларусь