Жалезныя замкі

Жалезны тыдзень: абярэгі

121
(абноўлена 17:04 17.10.2016)
Як глыбока сядзіць у чалавеку страх. Можа, яшчэ з тых часоў, як нарадзілася чалавецтва. Здаецца, і баяцца няма чаго – а ўсё адно страшна.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Каб неяк абараніць сябе, людзі прыкмячалі спрыяльныя здарэнні і няўдачы. Каб абысці няўдачы, аберагчы сябе, імкнуліся выконваць пэўныя магічныя дзеянні. Так народныя прыкметы і павер'і сталі суправаджаць кожны чалавечы крок — нараджэнне, каханне, смерць. Невычэрпная народная фантазія!

Жалезныя забабоны

Прыродныя якасці жалеза — моц, цвёрдасць, трываласць, а таксама сувязь з агнём падчас апрацоўкі абумовілі выкарыстанне вырабаў з жалеза ў якасці ўніверсальных абярэгаў. А кавалёў, якія пры дапамозе агню і вады здабывалі яго, пачалі лічыць чараўнікамі.

Каса, адабраная ў чорта

У народнай культуры абярэгамі з'яўляюцца ўсе вострыя вырабы з жалеза, якія прызначаны калоць і сячы: сякера, нож, серп, каса, іголка, цвік і г. д. Усе падобнага кшталту рэчы мелі ўласцівасць не толькі адганяць розную нечысць і хваробы, але і знішчаць іх.

Шыла
© Фото : Ларыса Мятлеўская
Шыла

Старую касу часта прымацоўваюць над уваходам у хату з верай, што думкі ліхога чалавека будуць як бы адсечаныя і нікому не пашкодзяць. Дарэчы, ці ведаеце вы адкуль у чалавека з'явілася каса? Згодна з народным паданнем, Бог выманіў яе ў чорта і аддаў чалавеку.

А было гэта ў тыя часы, калі Бог і чорт разам сена касілі. Бог касіў долатам, а чорт касой. Справы ў Бога ішлі кепска і, калі пасля абеду чорт заснуў, Бог узяў чортаву касу і накасіў болей за чорта.

Калі ж чорт прачнуўся і пабачыў, колькі ў Бога сена будзе, яго ўзялі завідкі і ён прапанаваў Богу памяняць касу на долата. З тых часоў каса на службе ў чалавека.

Навошта барану вакол вёскі цягалі

Качарга, чапяла (ёмка), патэльня — прадметы, звязаныя з печчу і хатнім агнём. Іх выкарыстоўвалі для адгону градавых хмараў.

Вілкі, чапяла і ёмка
© Фото : Ларыса Мятлеўская
Вілкі, чапяла і ёмка

Што можа быць больш трывалым, надзейным і непарушным, як агароджа. Асабліва калі гэта казачныя "жалезны тын", "жалезныя вароты", "жалезныя дзверы" і "жалезны мост". Праз іх ужо дакладна ніякае ліха не пераскочыць!

Гэта ў казках, а ў жыцці часам вакол вёскі барану цягалі — і было тое самае.

Не проста барана - магічны прадмет, з дапамогай якога ад вёскі адганялі нячыстую сілу
© Фото : Ларыса Мятлеўская
Не проста барана - магічны прадмет, з дапамогай якога ад вёскі адганялі нячыстую сілу

А калі ахоўную прастору яшчэ замыкаюць на жалезныя замкі і ключы, то тады зусім усё добра!

Напрыклад, ключамі і замкамі валодае святы Юр'я. Жалезнымі замкамі ён замыкае пашчы ваўкам, каб не рэзалі хатнюю жывёлу, а ключамі адмыкае зямлю пасля зімы і выпускае лета.

"Падай Юр'я ды ключы з неба, выпусці ты цёплае лета. А на колас каласістае, а на зерне ядрэністае…"

Грызці жалезны хлеб і насіць жалезныя чаравікі

У маёй гаспадарцы назбіралася цэлая калекцыя замкоў, якія належылі маім дзядам і бацьку. Дарэчы, бацька мой, Грыб Лявон Андрэяў, быў майстрам на ўсе рукі. Ён сам пабудаваў хату, умеў адрамантаваць абутак і ведаў усё пра жалеза. У хатняй гаспадарцы і дагэтуль жывуць зробленыя ім нажы, капаніцы, магілы продкаў ахоўвае ажурная агароджа з металу, а дзверы ў склеп і іншыя пабудовы надзейна зачыняюцца адмысловымі замкамі, зробленымi рукамі бацькі.

Калі я была малая, тата любіў чытаць мне беларускія народныя казкі, у якіх часта станоўчым героям прапаноўвалася грызці жалезны хлеб і насіць жалезныя чаравікі. Мне было іх вельмі шкада. А тата суцяшаў мяне і казаў, што ў казках добрае заўжды перамагае злое. Так і было. За свае пралікі героі павінны былі адпакутаваць, каб здабыць здольнасць дасягнуць недасяжнага.

"Зуб не касцяны, а жалязяны!"

Жалеза — самы распаўсюджаны цяжкі метал. Яго прыродныя якасці — моц, трываласць — часта служылі характарыстыкай характару чалавека, прадмету, якому-небудзь дзеянню ці з'яве.

Нажы і відэльцы
© Фото : Ларыса Мятлеўская
Нажы і відэльцы

Напрыклад "жалезнае слова" — канчатковае рашэнне, "жалезнае сэрца" — халоднае, жорсткае і г. д.

Не ведаю, ці было такое з вамі, а я ў дзяцінстве кідала свае малочныя зубкі ў запечак, прыгаворваючы: "Мышка, мышка! На табе зуб касцяны, а дай мне жалезны!" Пры гэтым дарослыя тлумачылі, што новыя зубы будуць крэпкія і здаровыя.

А яшчэ міфічнымі істотамі з жалеза пужалі дзяцей, каб не хадзілі адны ў небяспечныя месцы. Так, "жалезны чалавек" — волат з жалеза, які жыве ў балоце, лесе і ахоўвае сваё валадарства, там жа можна сустрэцца з "жалезным ваўком", у жыце сядзіць "русалка з жалезнымі цыцкамі" і г. д. 

На ўсялякі выпадак

  • каб прывабіць бусла ў новую буслянку, клалі ў яе кавалак жалеза або медзі;
  • каб не балела галава, трэба было па ёй тройчы ўдарыць і сказаць: "Залезна галава!";
  • каб не балела галава цэлы год, на Палессі падчас першага грому на яе клалі жалеза;
  • каб роды былі лёгкія, каля жанчыны на ложак клалі нож і суровыя ніткі;
  • купаючы дзіця, клалі ў ваду якую-небудзь жалезную рэч, каб ахаваць ад сурокаў;
  • у дзіцячую калыску клалі кавалак жалеза, каб яго ўласцівасці — моц і трываласць — перадаліся здароўю дзіцяці.
    Будаўнічыя прылады
    © Фото : Ларыса Мятлеўская
    Будаўнічыя прылады

Прымаўкі

Лізнуць, як жалеза на марозе. (Пра неабачнае, небяспечнае дзеянне чалавека).

Цвёрды, як залеза. (Пра цвёрды характар чалавека).

Лыбіцца, як жалезка знайшоўшы. (Пра нейчую радасць з пустога. Лыбіцца — усміхацца. Жалезка — лязо нажа).

Грызці, як іржа жалеза. (Пра чалавека з дакучлівым, злосным характарам, што ўвесь час дакарае, папракае каго-небудзь).

Журба, як іржа. (Пра цяжасць, разбуральнасць журбы для чалавека).

У гэтыя крыху сумныя кастрычніцкія дні не паддавайцеся журбе, бо наперадзе Каляды і Новы год, а там і вокам не паспееце міргнуць, як трапіце ў абдымкі цёплага лета.

Супчык з гародніны
© Фото : Ларыса Мятлеўская
Супчык з гародніны

А сёння з добрымі думкамі зварыце які небудзь смачны супчык, булёнчык або боршч і супакойце страўнік цёпленькім. Няхай ён стане абярэгам вашаму здароўю, а ўсё кепскае няхай ідзе лесам. У мяне атрымалася такая вось капуста з таго, што нарасло на агародзе. Зараз устаўлю яе ў печ, а вам — да пабачэння!

121
Тэги:
Нацыянальныя традыцыі, традыцыі, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Каментары