Бы дзявочае сэрца гараць ліхтарыкі фізаліса

Андрэй Першазванны дзявочае свята

175
(абноўлена 13:28 12.12.2016)
Даўней на вёсцы кожная дзяўчына на выдані ведала, што варожбы на Андрэя самыя праўдзівыя.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Нарэшце пасля адлігі крыху прымарозіла, і цяпер галінкі старых дрэў каля хаты ціха звіняць, нагадваючы мелодыю вядомай песні на словы Ніла Гілевіча:

"Клёны, ясені спяць, сны шчаслівыя сняць.

Вечар іх атуліў легкакрылы. Толькі я на бяду

Зноў вачэй не звяду, буду думаць, пытаць:

Дзе ты, мілы?"

Ну што тут скажаш, у самы час! Мусіць, справа ў загадкавым і чароўным снежні. Нават дрэвы падказваюць: трэба шукаць мілага.

Напрацягу цёмных піліпаўскіх вечароў варожбы наладжваліся не аднойчы.

Назіраючы жыццё палесскай вёскі ў ХІХ стагоддзе, этнограф Часлаў Пяткевіч пісаў: "Пасля вячэры дзяўчаты збіраюцца групамі ў хатах, у якія звычайна ходзяць на попрадкі і там варожаць на розны лад. Хлопцы не бяруць у гэтым удзелу, але затое робяць разнастайныя, пераважна страшныя, жарты дзяўчатам, калі тыя вяртаюцца дадому".

Вядома, хлопцы! Ім бы толькі пасмяяцца з дзявочых мараў. Дзяўчаты ж, якім не пашанцавала выйсці замуж да Піліпаўкі, працягвалі спадзявацца як найхутчэй сустрэць свайго нарачонага. І увогуле, каму не хочацца даведацца пра сваю будучыню.

Калі варажылі: на Каляды, увесну, на Купалле, ўлетку і ўвосень, на Андрэя і ў інакшы любы час.

На што варажылі: на гаспадарку, на надвор’е, на стан здароўя, на вучобу, ці пойдзеш у салдаты, на доўгае жыццё, на дабрабыт, каб грошы вяліся, ці хутка замуж ісці і г. д.

Народныя перасцярогі: хто варожыць на картах – робіць вялікі грэх. Варажбіткі ідуць проста ў пекла, неба для іх назаўсёды замкнутае.

А вы ніколі не варажылі?

Мне і маёй сяброўцы Людцы было па 12 гадоў, калі ўпершыню, перад Калядамі, яе старэнькая бабуля навучыла нас варажыць. З той пары я, сястра і бліжэйшыя сяброўкі варажылі штогод. Але пакуль не надышоў пэўны ўзрост, нічога путнага з тых варожбаў не выпадала.

Небяспечная гэта справа – заглядаць у будучыню. А раптам там не тое, аб чым марыцца? І ўсё ж так хочацца пабачыць таго, адзінага. Што ж, напярэдадні зімовага сонцавароту самы час варажыць. Спадзяюся, у вас, дзяўчаты, таксама знойдзецца вольны вечарок, каб сустрэцца з сяброўкамі. Лепей за ўсё, калі гэта будзе вечар напярэдадні 13 снежня.

Перад варажбой
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Перад варажбой

Пачыналі практыкавацца ў варажбе ў пачатку месяца 4 снежня на Увядзенне. На Чарнігаўскім Палессі дзяўчаты-беларускі, кладучыся спаць напярэдадні свята, загадвалі: "Святое Увядзенне, вядзі мяне туды, ідзе мне жыць". Спадзявалася сасніць хату будучага мужа.

Далей варожбы працягваліся на Кацярыну 7 снежня: дзяўчаты пяклі ляпёшку на адной солі і з’ядалі яе, перад тым як легчы спаць, каб у сне "суджаны-раджаны" падаў вады. І вось нарэшце – Андрэй.

Андрэй – свята народнага календара ўсходніх славян, якое адзначаецца 13 снежня і ўшагоўваецца царквою як дзень памяці аднаго з апосталаў Ісуса Хрыста – святога Андрэя Першазваннага.

Гэты дзень непарыўна звязаны з любоўна-шлюбнай сімволікай і найперш – з дзявочымі варожбамі. Скажу вам па сакрэту, што прыгажуні не шукалі ў гэтай справе лёгкіх шляхоў. Адно толькі ночы ў мароз амаль голымі тры разы аббегчы хату чаго каштуе! Не заклікаю вас такое паўтараць, бо нашыя прабабулі ўсё ж былі добра загартаваныя суровым вясковым жыццём. Варажыць ці не выбіраць вам, але даведацца лішні раз, чым жылі нашы продкі, ніколі не бракуе.

Можа здарыцца, што прысніцца жаніх

  • На Андрэя дзеўкі не прадуць, не ткуць, каб хутчэй выйсці замуж.
  • Андрэй Першазванны – дзявочае свята. Дзяўчаты варожаць у гэты дзень так: бяруць напарстак мукі, напарстак вады і кладуць крыху солі; з гэтай сумесі пякуць маленькі піражок, кладуць яго ў шапку і падсоўваюць пад падушку. Можа здарыцца, што прысніцца жаніх.
  • Напярэдадні гэтага дня дзяўчаты варожаць пра суджанага, яны тройчы перад сном абсяваюць сваю пасцель жменяй льнянога насення, прыгаворваючы: "Андрэю, Андрэю! На цябе лён сею! Дай мне знаць з кім буду век каратаць!".
  • Пасцяць цэлы дзень, а перад ноччу з’ядаюць нявымачаны селядзец. Хто ў сне падасць вады – будзе мужам.
  • Ставяць пад ложкам міску з вадою і з пакладзенай на яе дошчачкай. Сасніцца будучы муж, які ідзе па кладцы.
  • На Андрэя дзеўкі стараюцца ціхенька ўзяць што-небудзь мужчынскае, як то шапку, порткі, люльку або рукавіцы, і кладуць сабе пад голаў. Ноччу не хібіць (магчыма) прысніцца суджаны.
  • Збіраюцца дзяўчаты і кожная, распранутая, бяжыць туды, дзе складзеныя дровы, і хапае столькі, колькі можа. Калі схопіць паленцаў да пары – выйдзе замуж.
    Прадказальнік дзявочай долі певень - герой варожб
    © Sputnik / Ларыса Мятлеўская
    Прадказальнік дзявочай долі певень - герой варожб

Ну і яшчэ адна варожба на гэты вечар, каб дагадзіць надыходзячаму году Пеўня па ўсходнему календару. Адпраўляйцеся на вёску да бабулі, цёткі, мамкі – не важна да каго, абы ў іх былті куры і рабіце, як у даўніну. Пасля гэтай варожбы вам абавязкова пашанцуе!

  • На Андрэя дзяўчаты сыплюць кожная асобна кучкі зерня і клічуць кур. Да чыёй кучкі першы прыбяжыць певень, тая ў гэтым годзе выйдзе замуж!

Заўвага: насенне лёну можна купіць у любой аптэцы.

У нашых суседзяў

У рускай традыцыі на Андрэя дзяўчаты варажылі падобна як і на Беларусі, варожбы гэтага дня ўсведамляліся, як своеасаблівая рэпетыцыя перад вялікімі, разнастайнымі варожбамі на Каляды. Напрыклад, яны клалі пад падушку кавалачак хлеба, які застаўся пасля вячэры, з прыгаворам "Суженый-ряженый, приходи ко мне ужинать". Верылі, што ў ночы прысніцца жаніх. А яшчэ прамаўлялі замовы-прысушкі, што беларускі не рабілі, бо лічылі гэта грахом.

Святы Андрэю, я лён сею, патурбуйся сказаць, з кім буду сабіраць!
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Святы Андрэю, я лён сею, патурбуйся сказаць, з кім буду сабіраць!

На Украіне ў дзень святога Андрэя дзяўчаты, "засяваючы" каноплі, вымаўлялі: "Андрію, Андрію! Я на тебе коноплю сію; спідніцею волочу, бо заміж хочу". У ноч на Андрэя ва ўкраінскіх вёсках моладзь нярэдка "жартавала": хлопцы здымалі вароты і заносілі іх на край вёскі, падпіралі коллямі дзверы хат, затыкалі коміны і г.д. Усе гэтыя штукарствы асэнсоўваліся, як старажытны рытуал, які ўчынялі толькі на тых дварах, дзе жылі дзяўчаты на выдані. Такая ж традыцыя не прымеркаваная менавіта да гэтага свята, існавала і ў беларусаў. Лічылі, што такія дзеянні спрыяюць дзяўчыне выйсці з бацькоўскай хаты ў новае жыццё.

Знаёмцеся, беларуская кухня

Каб вам не было сумна варажыць, прапаную зрабіць смачны і лёгкі пачастунак! Упэўнена, што гэтыя стараражытныя рэцэпты ад Вінцэнты Завадскай, аўтаркі першай беларускай кулінарнай кнігі "Літоўская кухарка", вам прыйдуцца да спадобы. Нават калі варожбы і не ўдадуцца, пасля сумеснага прыгатавання і каштавання аднаго або двух варыянтаў гэтай стравы, добры настрой вам гарантаваны!

Піва грэтае поснае з мёдам
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Піва грэтае поснае з мёдам

Піва грэтае поснае з мёдам

  • 3 л лёгкага піва
  • 1 лімон
  • 2-3 ст лыжкі мёду
  • 1 ст лыжка аліўкавага алею

Нагрэць піва, у прапорцыі пасалоджанае мёдам, дадаць трохі аліўкавага алею, пакласці лімон, нарэзаны кружочкамі. Да супу падаць падсушаныя грэнкі з хлеба, абсыпаныя соллю і кменам.

Грэнкі да грэтага піва з мёдам
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Грэнкі да грэтага піва з мёдам

Піва грэтае поснае з макавым малаком

  • 3 л лёгкага піва
  • крыху цукру
  • 2 шклянкі маку

Нагрэць піва, размяшаць з густым макавым малаком і моцна нагрэць, але не кіпяціць, інакш малако можа згуснуць. Можна дадаць цукру.

Макавае малачко гатавалі ў макотры
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Макавае малачко гатавалі ў макотры

Макавае малако

400 г маку пакласці на гадзіну ў кіпень, накрыць, каб набрыняў, потым прамыць некалькі разоў, адцадзіць на сіта або дуршлаг і выціснуць у сурвэтцы насуха. Гэтак прыгатаваны мак расцерці як мага мацней да мяккасці. Атрымаецца густая маса шэрага колеру. Яе часта выкарыстоўваюць для розных кандытарскіх вырабаў.

Рэцэпты разлічаны на вялікую вясёлую кампанію і ў залежнасці ад колькасці едакоў прапорцыі лёгка мяняць. Страву можна есці лыжкай і піць з кубка, грэнкі можна пакласці ў талерку перад падачай да стала і можна есці і ў прыкуску.

Смачна есці і добра паваражыць! Да сустрэчы!

175
Тэги:
Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Каментары