Па зіме і лета

Народны прагноз: па зіме і лета!

84
(абноўлена 15:11 27.12.2016)
Па першай палове года беларусы рабілі прагнозы на другую.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Нешта наблыталі ў нябеснай канцэлярыі, і абяцаных маразоў ні на Варвары, ні на Міколу не назіралася. Вось і снег амаль сышоў. Мабыць Зюзя заснуў пад карчом у лесе і забыўся на свае абавязкі. Але будзем спадзявацца на тое, што перад Новым годам зіма канчаткова ўступіць у свае правы.

На другі дзень сонцастаяння па народным календары адзначаем прысвятак Ганны (Ганкі, Ганна), а царква ўшаноўвае праведную Ганну, якая пасля дваццацігадовага бясплоддзя зачала Прасвятую Багародзіцу. Цяжарныя жанчыны ў гэты дзень пасцілі. Дарэчы, каталікі прысвячаюць гэтай падзеі 26 ліпеня, дзень таксама блізкі да сонцастаяння, але летняга.

Прачнуўшыся ў дзень святой Ганны, гаспадары павінны былі абысці хлявы, падняць на ногі кожную жывёліну і паставіць яе галавой да выхаду, далей, абыходзячы гаспадарку, імкнуліся перавярнуць кожную гаспадарчую рэч – асабліва ўсялякае насенне. Усё гэта рабілася дзеля дабратворнага павароту на лета і росту іх у надыходзячым сезоне.

Лічылася, што з гэтага дня змерзлая зямля паціху адтайвае і ў дрэў пачынае расці карэнне, а ў лесе ваўкі робяцца асабліва небяспечнымі і ходзяць вялікімі зграямі.

Народны прагноз надвор'я на лета

Народ падзяляе год на дзве роўныя часткі: 1-я палова года пачынаецца з 1 студзеня, а 2-я – з 1 ліпеня. 1 студзеня адпавядае 1 ліпеня, 2 студзеня  — 2 ліпеня і г. д. Заўважаючы, у які дзень якое надвор'е было ў першай палове года, мяркуюць па тым пра надвор'е ў дні другой палавіны года…

Рябина укрылась снегом
© Sputnik / Виктор Толочко
Рабiна пад снегам

Калі 18 студзеня быў снег, то 18 ліпеня будзе дождж ці непагадзь, якая перашкаджае ўборцы сена.

Калі ўзімку мала было снегу, то ўлетку, кажуць, мала будзе дажджоў; калі ж зіма была марозная, то летам будзе засуха. У такой залежнасці дзень Каляд нібыта асабліва адпавядае дню Купалля, і між імі дні восеньскага і зімовага часу адпавядаюць дням веснавога і летняга часу. Сельскія гаспадары штодзённа запісвалі атмасферныя перамены і потым назіранні, зробленыя ў снежні, адносілі да адпаведных дзён чэрвеня і г. д. Прычым мяцеліца супастаўлялася з навальніцаю, снег з дажджом, мароз са спякотаю і г. д. (Берман. Назіранні.)

  • Сухое марознае надвор'е ў снежні паказвае, што ліпень будзе спякотны з яснай пагодай.
  • Якая зіма, такое будзе і лета, прычым снежань суадносіцца з чэрвенем, студзень з ліпенем і г. д.
  • Калі вострая (марозная) зіма, дык будзе гарачае і лета.

Аб тым, як паступова зіма набірае моц, на Брэшчыне кажуць: "Варвара заварыць, а Мікола пацвердыць, а Ганкі зоб’юць санкі і поедуць катацца по снегові, по ледові".

Самы лепшы заклік заняцца зімовымі відамі спорту,  гэта ўзгадаць яшчэ адну прымаўку: "На Ганкі сядайце на санкі",  а ў галаве круціцца — усе на санкі, бо прыйшлі Ганкі! Вось толькі трэба снегу дачакацца. Зрэшты, калі не санкі, то можна ў рукі ўзяць канькі і схадзіць на каток.

Лядышка замест санак для вясковай дзятвы.
© Sputnik / Ларыса Мятлеўская
Ганкі зоб'юць санкі і паедуць катацца по снегові, по ледові. Лядышка замест санак для вясковай дзятвы.

Дарэчы, жыхарка вёскі Цераблічы, што на Століншчыне, узгадала, як гэтым часам дзецям давалі на некалькі дзён "аб'язджаць" толькі зробленыя сані. Дзеці гуртом садзіліся на санкі і каціліся са снежнай гары, шліфуючы такім чынам палоззе. Прыбегшы з вуліцы, смачна пад’есці гарачай смажанай бульбы.

Вясковыя замалёўкі

Мой вясковы сусед – гаспадарлівы чалавек. У яго шмат цікавых і дзіўных рэчаў. Працы па гаспадарцы ў яго, як і ў шмат каго на вёсцы, ад ранку да вечара. У каморцы заўважыла на сцяне добрыя лыжныя бацінкі, прыдбаныя мусіць яшчэ ў часы "перабудовы", як кажуць, "на ўсялякі выпадак". Пытаюся: "Дзе лыжы?", а ў адказ (маўляў, што прычапілася): "Дзета былі". Карацей, лыжаў няма, але бацінкі няхай будуць. Гэта мне нагадала думкі пра жаданне заняцца спортам, але калі-небудзь не цяпер. Такія вось шкодныя гультайскія разважанні, вядомыя многім. Што ж, паеду ў горад і прывязу суседу лыжы. Можа і сама ў ахвоту стану на лыжню, калі снег выпадзе!

У іншых краінах свету гэты дзень таксама не заставаўся з боку. Напрыклад, фіны пачыналі актыўна рыхтавацца да Раства і казалі: "Ганна варыць піва, месіць хлеб", а балгарскія дзяўчаты не прапускалі момант паваражыць на замужжа. Ну а мы гэтым часам пасмажым бульбу так, як і цяпер гэта робяць нашы бабулі на вёсцы.

Простыя стравы беларускай кухні

Абярыце бульбу і пакрышыце яе не саломкай, брусочкамі, або кубікамі, а даволі вялікімі кавалкамі, укіньце ў яе жменьку насення кропу, пасаліце і памяшайце, пагрэйце патэльню з алеем і перакладзіце туды бульбу.

Картофель по-арабски
© Sputnik / Людмила Янковская
Смажаная бульба посная

Пакуль смажыцца, пераварочвайце яе час ад часу, каб не прыстала да дна. Калі смажыце ў печы, то варта патэльню накрыць вечкам. Бульба тады не перасохне і будзе прыемна пахнуць кропам. Калі скончыцца пост, то раю пасмажыць бульбу па такім няхітрым рэцэпце на туку (свіны тлушч). Тады гэта будзе самая праўдзівая беларуская смажанка! Ядуць яе звычайна з салодкім або кіслым (кефірам) малаком. Калі страва посная, то дастаюць са склепа кіслыя агуркі.

Смачна есці і да сустрэчы!

84
Каментары