Бурачкi вараныя

Сакрэты Вялікай куцці i Святочны стол: бурачкі посныя

398
(абноўлена 11:48 23.12.2016)
Літаральна некалькі дзён засталося да каталіцкіх Каляд.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

На гэтым тыдні час ляціць, як звар’яцелы! Столькі клопатаў перад Калядамі і Новым годам, што толькі паспявай круціцца. Літаральна некалькі дзён засталося да каталіцкіх, або, як яшчэ іх называюць у народзе, "польскіх" Каляд, якія святкуюць па грыгарыянскім календары з 24 на 25 снежня большасць хрысціян свету.

Па зіме і лета
© Sputnik Ларыса Мятлеўская

У 1582 годзе папа Грыгорый ХІІІ увёў новую каляндарную сістэму, якая атрымала назву грыгарыянскай. У наступным пасля гэтай падзеі годзе кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый выдаў указ, па якому ўсе жыхары краіны перайшлі на гэты каляндар. Замацавала гэты пераход спецыяльная грамата, якая выйшла ў Вялікім Княстве Літоўскім 9 студзеня 1584 года. Тады ўжо паступова пачалі прывыкаць да святкавання Раства Хрыстова і Новага года па-новаму.

Вячэра пачынаецца на змярканні 24 снежня. У кожным доме рыхтуецца накрыты стол, за якім збіраецца ўся сям’я. На стале мусяць знаходзіцца найбольш смачныя посныя стравы, колькасць якіх заўсёды няцотная.

Кожная гаспадыня гатуе стравы па свайму выбару, часта абапіраючыся на сямейныя традыцыі. Але ёсць стравы, якія павінны быць прыгатаваныя абавязкова. Гэта датычыцца куцці – кашы з ячменнай або пшанічнай крупы, запраўленай ў гэты вечар мёдам. Цяпер такую куццю часам вараць з рысу, дадаючы ў яе разынкі, арэхі, мёд. Але ў маёй сям’і прытрымліваюцца першага, старажытнага варыянта прыгатавання гэтай абрадавай кашы. Дарэчы, куццёй называюць усе тры святочныя вячэры напрацягу Каляд ад 24 снежня па 6 студзеня. На ўсе куцці заўсёды гатуецца багатая вячэра. Прычым, калі гатуюць посную ежу, гэта не значыць, што стол бедны. Такіх страў робяць шмат, і яны смачныя.

Кутья – главное блюдо рождественского стола
© Sputnik / Виктор Толочко
Куцця на святочны стол

Усе беларускія каталікі неадменна распачынаюць вячэру з дзялення аплаткай, прэсным белым хлебам. Аплатка – сімвал Хрыста. Далей пачынаюць частавацца астатнімі стравамі.

Святочныя стравы

Вячэра напярэдадні Раства Хрыстова называецца Вялікая куцця. На стале прысутнічаюць бліны, аўсяны кісель з цыбуляй, стравы з грыбамі, рыба, прыгатаваная рознымі спосабамі, у тым ліку і рыбны халадзец, грыбны квас.

Рыба смажаная
© Pixabay
Рыба смажаная

Але не будзем губляць часу. Трэба добра прыбраць у хаце, накупіць падарункаў і прадумаць меню. Прапаную ўключыць у яго вельмі смачную посную страву "Бурачкі посныя з разынкамі", якая здольная ўпрыгожыць святочны стол. Страву падгледзела ў Першай беларускай кулінарнай кнізе "Літоўская кухарка" Вінцэнты Завадскай.

Бурачкі посныя - інгрыдыенты
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Бурачкі посныя - інгрыдыенты

Бурачкі посныя

  • некалькі бурачкоў
  • 1-2 ст. лыжкі цёртых сухарыкаў
  •  2-3 ст. лыжкі воцату
  • 1-2 ст. лыжкі аліўкавага алею
  • 1 цыбуліна
  • 1 ст. лыжка мукі
  • 1 жменька дробных разынак
  • 2-3ч лыжкі цукру
  • соль на смак

Спячы або зварыць патрэбную колькасць бурачкоў, пачысціць і пацерці на тарку. Пасмажыць на алеі дробна пасечаную і адціснутую цыбульку, дадаць у бурачкі разам з разынкамі. Дадаць солі і воцату на смак. Тушыць, памешваючы, каб страва не прыгарэла.

Печаныя буракі значна смачнейшыя за вараныя
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Печаныя буракі значна смачнейшыя за вараныя

Падаючы на стол, абкласці кавалкамі смажанай рыбы або адваранымі грыбамі, абсыпанымі мукой і падсмажанымі ў аліўкавым алеі.

Гатуйце з поспехам і анёлы вам у дапамогу! Да хуткай сустрэчы.

398
Тэги:
Каляды, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Тэмы:
Беларускія Каляды (29)
Каментары