Святкуем Каляды

Святое Раство - людзям хараство

138
(абноўлена 17:46 23.12.2016)
Болей за дзве тысячы год Нараджэнне Хрыстова святкуюць хрысціяне.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

25 снежня Нараджэнне Хрыстова адзначаюць каталікі, грэка-каталікі і пратэстанты. Вось ужо болей за дзве тысячы гадоў хрысціяне ў гэту чароўную ноч вітаюць прыход у свет Хрыста.

Раство
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Раство

Паўсюдна пануе ўзнёслы святочны настрой. Хочацца абдымацца і рабіць добрыя справы. Усе шчыра жадаюць адзін аднаму шчасця і Божай ласкі.
На змярканні 24 снежня ў кожным доме пачынаюць рыхтавацца да вігілійнай вячэры, якую яшчэ называюць Куццёй. Вячэру называюць так таму, што сярод святочных страў абавязковай лічыцца крупяная каша – куцця.

Куцця
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Куцця

Вігілія. Гэта слова мае паходжанне ад лацінскага vigiliare і азначае начное чуванне. У каталіцкім касцёле так называюць дні, якія папярэднічаюць найвышэйшым святам. Звычай вігілійнай вячэры з’явіўся на Беларусі ў ХVІІІ ст.

З хлява прыносяць крыху духмянага сена і раскладаюць яго на сталешніцы, пакрываючы зверху чысцюткім белым абрусам. Нават тыя, хто не жыве на вёсцы, стараюцца прыдбаць хоць жменю сена да свята. Гэта сена нагадвае ўсім пра яслі, у якіх спаў маленькі Ісус.
Пасля вячэры, гэту саломку цягаюць з-пад абруса, варожачы на добры лёс у наступным годзе. Чым даўжэйшая саламінка, тым лепей. Таму сена з-пад газонакасілкі не кладуць пад абрус.
На стол выстаўляюць святочную смакату. Усе стравы павінны быць посныя ў няцотнай колькасці.

У гэты вечар уся сям’я стараецца сабрацца разам у бацькоўскай хаце. Запальваюць свечы і пачынаюць чытаць урывак з Евангелля паводле св. Лукі, ў якім апісваецца нараджэнне Ісуса ў Віфлееме.

У гэты вечар пачынаюць спяваць калядкі. На вуліцах і каля касцёлаў можна сустрэць гурты моладзі, якая спявае іх з асаблівым запалам, што выклікае цёплы водгук у сэрцах вернікаў, якія выходзяць з касцёла пасля набажэнства.
"У Батлееме вясёла навіна
Божая Маці нарадзіла сына.
Ангелы спяваюць, пастушкі іграюць
Дзіва, дзіва абвяшчаюць…"

Пасля вячэры ўсе, хто мае сілы, ідуць у касцёл на Святую Імшу, якая ў каталікоў называецца Пастэрка – ад лацінскага слова pastor (пастух). Гэта ў гонар тых віфліемскіх пастушкоў, якія ў тую ноч непадалёку пасвілі свой статак. Анёлы спачатку ім абвясцілі навіну аб нараджэнні Хрыста, і пастухі разам са сваімі авечкамі ды козамі першыя пакланіліся Збаўцу. Гэтую памятную сцэнку можна сёння пабачыць у кожным касцёле і нават у вітрынах магазінаў еўрапейскіх гарадоў у перыяд Божага Нараджэння.

У яслях ляжыць Дзіцятка Ісус, над якім з пяшчотаю і любоўю схіляецца яго маці і св. Іосіф. Каля іх на сене – вол з вослікам, а крыху далей з пашанаю кленчаць пастушкі… Дэкарацыі гэтай сцэнкі ахайна захоўваюць у кожным касцёле. Часам фігуркі – сапраўдныя творы мастацтва, якія маюць музейнае значэнне. На іх прыходзяць палюбавацца і далучыцца да святочнага настрою і вернікі іншых канфесій.

А ў хаце зіхаціць рознакаляровымі агнямі елачка. І дарослыя і дзеці пасля вячэры заглядаюць пад яе, шукаючы для сябе там падарункаў. Дарэчы, традыцыя ўпрыгожваць ёлку цацкамі на Раство нарадзілася ў Германіі і прыйшла на Беларусь у ХVІІІ ст. Святочная мітусня вакол ёлкі як і наведанне ў гэты вечар касцёлатаксама спрыяе яднанню сям’і. Часта на ёлцы цацкі некалькіх пакаленняў, дотык да якіх – заўсёды ўспамін пра родзічаў, якіх няма.

Народная прыкмета. На Мядзельшчыне праваслаўныя і цяпер кажуць: "Калі польскія каляды трашчаць, дык нашы плюшчаць, калі ж польскія плюшчаць,то нашы трашчаць". Мяркуйце самі, надвор’е на выходныя абяцае быць цёплым, дык значыць 6 студзеня чакай маразоў.

Сямейныя гісторыі: цётка Марыся

У далёкім 1990 годзе я выйшла замуж і прыехала жыць у Вільню і там сустрэла свае першыя каталіцкія Каляды. Калі едзеш на цягніку ў Вільню, то абавязкова праязджаеш праз невялічкае мястэчка Нова Вільню, якую акаляе мноства невялікіх вёсак, у якіх жыве нямала беларусаў каталікоў. У адной з такіх жыла цётка майго мужа Марыся. Сама яна паходзіла з беларускай вёскі Быстрыца, што на Гродзеншчыне і калісці за савецкім часам таксама прыехала жыць за мужам у гэты край.

Цётка часта хадзіла ў касцёл і запрасіла маладую сямейку сустрэць Раство Пана Бога ў сваёй хаце. Цэлы дзень яна прыбіралася, гатавала смачныя посныя стравы і нават пашыла на святочны стол новы абрус. Вячэра была вельмі ўрачыстай і радасна ціхай. Мне, гадаванай у праваслаўных традыцыях, усё было нова і вельмі цікава. Пасля малітвы раздзялілі аплатку і, пакінуўшы мужа даглядаць немаўлятка сына, цётка Марыся павяла мяне ў касцёл на святочнае набажэнства. Касцёл знаходзіўся ў Нова Вільні, і да яго трэба было ісці па заснежанай дарозе некалькі кіламетраў. Быў моцны мароз, і на небе ярка гарэлі зоркі. Углядаючыся ў чарнату нябёс, хацелася верыць, што там, у вышыні, ёсць адзіная, самая дарагая чалавецтву зорка, якая здольная сагрэць усіх, асвятляючы ў цемры шлях.

Вяртаючыся пасля набажэнства, мы ішлі і спявалі:
"Учора з вячора засвяціла зора,
Зора засвяціла свет узвесяліла.
Свет узвесяліўся, Хрыстос нарадзіўся…"

Яшчэ не так даўно існавала цудоўная традыцыя адпраўляць віншавальныя лісты па пошце.

Паштоўка 1908 года Вена
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Паштоўка 1908 года Вена

Як прыемна было, адкрыўшы паштовую скрыню, убачыць ліст ад далёкіх родзічаў і сяброў.

Жадаю вам вясёлых свят і няхай ваша паштовая скрыня, хоць сабе і ў кампьютары, будзе поўная цёплых пажаданняў. Да сустрэчы!

138
Тэги:
Беларусь
По теме
Сакрэты Вялікай куцці i Святочны стол: бурачкі посныя
Каментары