Ларыса Мятлеўская, Sputnik.
Вось ужо амаль тыдзень цягнуцца Каляды. Нават не цягнуцца, а пралятаюць, бо кожны дзень і асабліва ўвечары да гаспадароў хто-небудзь ды прыходзіць у госці. Калядуюць усе хто можа.
Зранку прыходзяць дзеці, а ўвечары — моладзь. Адзін толькі і паратунак — збегчы ў госці ці то да суседзяў, ці то да сваякоў. А то ж, калі частаваць кожнага калядоўшчыка, дык ніякіх прыпасаў не хопіць.
Але ж нарэшце набліжаецца час святкавання другой, багатай куцці, альбо шчодрага вечара. У народзе гэты дзень яшчэ называлі Шчадрацом.
Раніцай, добра пад'еўшы крупніку, не елі на працягу дня больш нічога, чакаючы першай зоркі, калі ўжо можна будзе выпіць чарачку і добра пад'есці ўсялякай скаромнай смакаты. Мужчыны займаліся гаспадарчымі справамі; акрамя звыклага кармлення і паення жывёлы рыхтавалі корм назаўтра, а галоўнае, наводзілі паўсюдна парадкі.
Якое безладдзе ў гаспадарцы на Васілля, такое будзе ўвесь год, і нічога не зробіш, як ні старайся.
Гаспадыня з гэтай мэтай таксама прыбіралася ў каморы і ў хаце: шаравала стол, лавы і рознае драўлянае начынне, крэйдаю бяліла печ.
Парада. Калі ў вас ёсць хаця б драўляныя лыжкі, то абавязкова пачысціце іх, а жалезныя мы разам з вамі чысцілі на "жалезным тыдні" ўвосені.
У народзе існавала перакананне, што трэба абавязкова перад Калядамі закалоць кормнага падсвінка, каб Каляда не гневалася і спрыяла добраму ўраджаю і прыплоду скаціны.
Не ведаю як вам, а мне дык добра вядомы такі малюнак. Яшчэ з самага ранку і амаль да вечара пылае ў печы. Там у вялікім чыгуне варацца каўбасы, сала ды мяса. У асобных гаршчках і гаршчочках розных памераў варыцца куцця і бульба, крупнік або капуста, халадзец.
Сала, свежыя каўбасы, кравянка, сальцісон перад Калядамі ёсць у кожнай гаспадыні, якая з восені корміць свінку або парсючка менавіта да гэтага свята. У гэтым выпадку ёсць усё патрэбнае, каб зварыць халадзец. У нас яшчэ ёсць крыху часу, і я прапаную схадзіць на кірмаш, купіць кавалак свіной галавы (галавізну), вушы, хвасты, свіныя ножкі і прыгатаваць гэту смачную і любімую многімі беларусамі страву. Вось вам рэцэпт з Гарадзеншчыны.
Ножкі і галавізну добра выскрэбсці і вымыць, тое ж тычыцца вушэй і хвастоў, калі вы іх будзеце варыць. Падрыхтаванае такім чынам мяса пакласці ў халодную ваду на 3 гадзіны, потым перакласці ў рондаль і заліць халоднай вадой, давесці да кіпення і даць пакіпець 5 хвілін, ваду зліць, ножкі і мяса прамыць, зноў заліць халоднай вадой і варыць на малым агні 4-5 гадзін, пакуль мяса не будзе само адвальвацца ад костак.
Цыбулю можна не чысціць, а толькі памыць. Так яна не разваліцца ў булёне і надасць яму яшчэ і прывабны залацісты колер. Але, калі хочаце, то можна і пачысціць разам з морквай.
За гадзіну да канца варкі трэба булён пасаліць, укласці цыбулю, моркву, спецыі.
З гатовага булёну выняць мясное і абабраць косткі ад мяса. Мяса дробна нарэзаць.
Адвар працадзіць, зноў закіпяціць і ўбіць туды сырое яйка, хвілін пяць паварыць і зноў працадзіць.
Апаласнуць формы халоднай вадой, дробна накрышыць туды часнок, пакласці лісцік зялёнай пятрушкі, мяса і заліць адварам. Усё, можна несці на балкон, або ў сенцы. (Абы там толькі ката не было, які таксама будзе не супраць паласавацца смачным). Няхай халадзец застывае. Як застыне, то перад тым як падаць на стол з хрэнам, трэба зняць зверху тлушч гарачай лыжкай. Пасля халадзец акуратна дастаюць з формы і пераварочваюць на талерку, а можна і не даставаць яго з формы, а нарэзаць на кавалкі і прапанаваць адразу ўсім жадаючым.
Меню святочнай вячэры практычна паўтарае меню абедаў першых святочных дзён і, акрамя асабліва смачных мясных страў, туды дадаюць бліны з грачанай мукі, клёцкі, піражкі і іншую выпечку. І абавязкова варыцца куцця з ячных або пшанічных круп, якую запраўляюць пасмажанымі з цыбуляй кавалачкамі сала.
Вячэру гэтую, хоць яна і завецца куцця, спажываюць не ў такім сур'ёзным настроі, як напярэдадні Раства Хрыстова. Вясёламу настрою спрыяе і выпітая гарэлка, за якой адмыслова ехалі ў бровар, дзе набывалі звычайна адразу вядро, бо поўвядра не прадавалі.
Калі б мы жылі ў тыя часы, то падслухалі б такую гаворку паміж мужам і жонкай, запісаную Чаславам Пяткевічам у пачатку мінулага стагоддзя ў Рэчыцкім Палессі:
— А што ты думаеш — за гарэлку на багатую куццю да на Васілёў дзень?— пытае жонка ў мужа напярэдадні Новага года.
— Ляндар (карчмар) абяцаўся заўтра прывезці цэлую бочку.
— Няхай ён сам п'е свае памыі! Хіба ты забыў, што на Новы год трэба, каб усё добрае, то ўвесь год будзе ўсё добра, а такі ж дась Бог Вялікдзень, прыйдзе наш гадавы хвэст, дак хіба ж можна піць чорт знае што?
— Дак што ж мы зробім? Мне ехаць ні..
— Ігнат Хведараў паедзе ў падвал, дак і нам прывезе.
— Дак жэ грошай немашэка, а ў лендара можна ўзяць напавер.
— Ты ж казаў, што ў цебе е на поўвядра.
— Поўвядра ў падвале не даюць, а трэба браць цэлае вядро.
— Ну, дак не твой клопат! Давай колькі есьцека, а рэшту я знайду; ляндарскую каламутку пій сабе ў карчме, а ў хату мне не прынось!
— На, на грошы да й адчапіся ад мяне.
Як тут не ўзгадаць старадаўнюю прымаўку: "На тое Бог даў Каляды, каб людзі весяліліся".
Пасля святочнай вячэры пераважна моладзь ішла на вуліцу шчадраваць.
Ой мы шчадравалі, у вакно заглядалі,
а што ж бабка напякла, прынясі нам да вакна.
Ямінь, ямінь, яміна, весяліся дружына Хрыстовая!
Паўсюдна чулася музыка і спевы, накалядаваўшы, хлопцы і дзяўчаты збіраліся ў хаце, дзе падчас Піліпаўкі адбываліся попрадкі і вячоркі, наладжвалі танцы, спраўлялі вячэру ў складчыну, гулялі ў гульні, лушчылі арэхі і гарбузікі.
Міжволі думаецца, што нічога ў нашым свеце і не памянялася, хоць і мінула больш за стагоддзе. І цяпер гаспадары напярэдадні святкаванняў Новага года робяць усё тое, што і даўней. Бадай што толькі вядра гарэлкі ў бровары ніхто не купляе. А "ігрышчы" моладзі ў хаце — чым не вечарынка ў клубе? Галоўнае, застаўся добры настрой, з якім усе сустракаюць свята. Як тут не ўзгадаць залатыя словы, якія наш мудры народ казаў:
"Ці праўда, ці не, а людзі і цяпер робяць так, як рабілі дзяды, бо ведамо, дзяды як-небудзь перажылі свой век, а мы яшчэ не вядомо ці перажывём, ці Бог веку ўкароціць".
Шануймо сваё, даражэнькія, і каб Бог даў кожнаму шчасце, здароўе і розум у Новым годзе! Да сустрэчы!
Лён на Беларусі вырошчваюць са старадаўніх часоў. Продкі заўсёды ставіліся з павагай да гэтай культуры, бо яна літаральна магла апрануць цэлую сям’ю і нават вёску. Чыстае і светлае льняное адзенне было сімвалам нявіннасці і маральнай чысціні, таму маладыя дзяўчаты на вяселле апраналі сукенкі, зробленыя з ільнянога матэрыялу. А ў Старажытным Егіпце, дзе людзі даведаліся пра лён 7-9 тысяч гадоў таму, тканіны з лёну лічыліся элітнымі, таму ў іх заварочвалі муміі егіпецкіх фараонаў.
Прыгажосць і зручнасць ільняной тканіны цэніцца ва ўсім свеце, а на Беларусі і дагэтуль захоўваюць традыцыі льнянога ткацтва. Кросны, варштат, мялкі, церніцы, трапкач і іншыя старадаўнія прылады для вырабу льняной тканіны — у фотастужцы Sputnik.
Гэта, безумоўна, не нанатэхналогіі, але паглядзець таксама ёсць на што.
Глядзіце таксама:
На Беларусі лён вырошчваюць са старадаўніх часоў. Нашы продкі казалі, што "лён усіх апранае", і прысвячалі гэтай сельскагаспадарчай культуры свае песні, вершы і казкі.
Лён быў сімвалам нявіннасці і маральнай чысціні, таму нявеста на вяселле апранала сукенку з ільну. На беларускім гербе кветачкі льну сімвалізуюць працавітасць, дабрабыт і парадак.
Традыцыйнай прыладай ткацтва на Беларусі быў гарызантальны ткацкі станок — кросны. Беларускія навукоўцы вылучаюць некалькі тыпаў ткацкіх станкоў, якія існавалі ў XIX — пачатку XX стагоддзя і адрозніваліся па канструкцыі. У больш прымітыўных (на "сохах" і на "станінах") асобныя дэталі ўкапваліся ў зямлю ці мацаваліся да столі. Больш дасканалыя называліся "рамавы ткацкі станок" ці "варштат".
На першым этапе льноапрацоўкі ад сцяблоў саспеўшага, а потым вымачанага і высушанага льну аддзяляюць галоўкі. Рабілася гэта пры дапамозе драўляных "пранікаў", якімі іх аббівалі. На поўначы Беларусі галоўкі абрывалі спецыяльнымі нажамі-"драчкамі".
Пасля абрывання галовак сцябло льну разміналі на "мялках" або "церніцах", каб вызваліць з яго валакно. На Беларусі вядомыя нахільныя і гарызантальныя мялкі. Іх рухомыя часткі — білы — мелі адно ці два рэбры.
Пасля апрацоўкі на мялках рэшткі кастры на валакне выдалялі пры дапамозе "трапала".
Прыладамі для часання льну служылі драўляныя і металічныя "грэбні". Пры іх дапамозе валакно расшчаплялася на больш тонкія валаконцы і канчаткова ачышчалася ад кастры. Пасля часання льну атрымлівалася валакно рознай якасці. Адыходы ад часання ўтваралі "кудзелю".
Валакно, якое заставалася пасля часання, — "кужаль" — спляталася ў косы і ў такім выглядзе захоўвалася да прадзення.
Наступны этап апрацоўкі льну — прадзенне — звязаны з вырабам нітак з валакна. Звычайна ім займаліся жанчыны ў перыяд з лістапада па сакавік. Асноўнымі прыладамі прадзення былі прасніца, верацяно і самапралка.
Працэс прадзення пачынаўся з замацавання кудзелі на прасніцы. На стойцы мацавалася кудзеля, а на донца садзілася жанчына. Стойка прасніцы, якая не мела донца, устаўлялася ў спецыяльную адтуліну ў лаве.
Самая старадаўняя прылада для прадзення — верацяно. Яго выраблялі з драўніны ясеня, грушы ці бярозы. Пры прадзенні жанчына пальцамі правай рукі выцягвала валакно з кудзелі, адначасова трыма пальцамі левай рукі паварочвала верацяно.
МІНСК, 28 лют – Sputnik. Беларускія навукоўцы высвятляюць дакладны ўзрост скарбу залатых манет і іншых артэфактаў, які быў знойдзены ў цэнтры Мінска - у скверы Марата Казея, паведамілі ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
У мінулы панядзелак стала вядома, што манеты пачатку ХХ стагоддзя былі выяўлены ў невялікім парку ў беларускай сталіцы, дзе праводзіліся земляныя работы.
"Гэта яшчэ дарэвалюцыйны скарб, яго ўзрост, як мяркуецца, канец XIX - пачатак XX стагоддзя. Папярэдне можна сказаць, што яму каля 120 гадоў. Але дакладная інфармацыя будзе пасля таго, як мы вывучым знойдзеныя прадметы", - паведамілі Sputnik у інстытуце.
Там таксама патлумачылі, што ў цяперашні час манеты і іншыя каштоўныя артэфакты дастаўлены ў інстытут, распачата даследчая і навуковая праца.
Суразмоўцы агенцтва адзначылі, што навукоўцам трэба высветліць, хто мог схаваць гэты скарб. "Пакуль з вялікай доляй верагоднасці нельга агучыць ні адну з версій, хто схаваў скарб, пры якіх абставінах, чый дом стаяў у той час на месцы знаходкі", - сказалі ў НАН.
Разам з тым у інстытуце ўдакладнілі, што знойдзены скарб, акрамя каштоўных з гістарычнага пункту гледжання артэфактаў, складаецца з 24 залатых манет. У інстытуце растлумачылі, што тэрыторыя сквера, дзе знайшлі золата, з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Там цяпер ідзе будаўніцтва ліўневай каналізацыі.
Ад пачатку XIX стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі выяўлены каля 1500 скарбаў, вялікая колькасць з іх прапала ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Сярод 20 найбольш вядомых - мінскі, віцебскі і брэсцкія скарбы, перкаўскі скарб, гараўлянскія і слуцкія скарбы. У іх пераважна былі срэбныя вырабы, а таксама старажытныя манеты - залатыя і сярэбраныя.
Чытайце таксама:
Паласатыя драпежнікі могуць не толькі рыкаць, яны здольныя яшчэ і да "спеваў". Гэта даказвае тыгр Шэрхан. На кадрах можна ўбачыць, як тыгр, ходзячы па вальеры або знаходзячыся на ўзвышшы, якое, мусіць, лічыць сваёю сцэнай, бярэ высокія ноты.
"З самага нараджэння ён такім чынам прыцягвае ўвагу шматдзетнай мамы. Спецыяльна сыходзіў у далёкі кут, калі яна была занятая іншымі дзецьмі, і крычаў, пакуль яна не кіне ўсё і не прыйдзе да яго", - распавялі супрацоўнікі заапарка на старонцы ў сацыяльнай сетцы.
Рэпертуар узыходзячай зоркі Барнаульскага заапарка пакуль невялікі, аднак у яго арсенале ўжо ёсць некалькі хітоў, якія нагадалі некаторыя кампазіцыі ў выкананні расійскага спевака Вітаса. Іншыя прыхільнікі творчасці Шэрхана выказалі здагадку, што тыгр прастудзіўся, аднак супрацоўнікі заапарка запэўнілі, што са здароўем у драпежніка ўсё ў парадку.
Глядзіце таксама: