Ларыса Мятлеўская, Sputnik.
Каму не хочацца зазірнуць у невядомае і даведацца аб сваёй будучыне? Асабліва будучы лёс цікавіць маладых дзяўчат і хлопцаў. У дарослых жа пытанні да сусвету выключна гаспадарчыя, бо іх лёс ужо вырашаны.
А вось якое Бог дасць надвор'е у тую ці іншую пару, ці будзе яно спрыяць атрыманню добрага ўраджаю, ці будуць усе, і асабліва гаспадар, здаровыя? Усе гэтыя пытанні хвалявалі старэйшае пакаленне, паколькі ад вынікаў атрыманых праз варажбу ведаў залежыў лёс сям'і.
Варажба — комплекс магічных дзеянняў, закліканых прадвызначыць будучыню, прасвятліць невядомае ў мінулым.
Найбольш распаўсюджана варажба на Каляды. Можа гэта звязана з зімовым сонцаваротам, а можа з тым, што гэтай парой паміж Піліпаўскім і Вялікім постам працягвалі складацца сямейныя пары і адбываліся вяселлі.
Як варажылі? Вызначалі лёс пад вокнамі ў суседзяў, па сабачым брэху, па голасе, па рэху, пры дапамозе кія, дроў, ключэй, абутку, ежы і многага яшчэ. Падказаць, ці хутка пойдзеш замуж і які будзе жаніх, маглі сабакі і куры. Варожбы былі вельмі разнастайныя. Дарэчы, варажылі напрацягу ўсіх Каляд — ад ночы на Раство і да самых Вадохрышчаў. Самымі праўдзівымі лічыліся варожбы напярэдадні кожнай святочнай вячэры. Вось некаторыя спосабы тых даўніх варажбаў, запісаных этнографамі ў розныя часы.
"На Каляды дзеўкі абносяць шматок старога сала ўкруг вёскі, каб прыманіць хлопцаў здалёк".
"Першы блін, які маці спячэ на Багату Каляду на Васілля, дачка возьме, пойдзець на крыжавую дарогу, там яго з'есць і слухае, дзе сабакі забрэшуць: у тую старану выйці замуж".
"Дзяўчаты варожаць па адной саламінцы, якую цягнуць рукамі з-пад абруса або зубамі са страхі новай хаты. Калі выцягнулі роўную і доўгую, то хутка будуць у пары. Калі саламінка з коласам, то дзеўка пойдзе замуж за хлопца, калі без коласа, то за ўдаўца. Колас з зярнятамі кажа, што суджаны будзе багаты, а пусты колас значыць суджанага беднага. Таксама па саламіне вызначалі здароўе. Калі трапляла роўная ці доўгая — то год прынясе здароўе і даўгалецце.
"Кожная дзяўчына кладзе ў адну шапку якую-небудзь сваю дробную рэч: пярсцёнак, завушніцу, напарстак і г. д. Складзенае падкідваюць угору, і чыя рэч падляціць вышэй — тая дзяўчына раней пойдзе замуж".
"Набіраюць вады ў міску і туды кусочкі хлеба пускаюць. І вось як адплыве мой кусок, то я замуж выйду, а як не адплыве, то буду дзеўкай сядзець".
"Пасля вячэры дзеўкі хуценька хапаюць вёдра і бягуць увыперадкі адна перад адной па ваду; каторая дзеўка прынясе хутчэй дамоў вады, тая хутчэй выйдзе замуж".
"Замужняя жанчына трымае пад накрыўкаю хлеб, пярсцёнак, шчотку, шыла, іголку і інш. І запрашае дзяўчат — удзельніц па чарзе падыходзіць і браць адну якую-небудзь рэч. Хто дастане хлеб — будзе мець багатага жаніха, пярсцёнак — каханага і прыгожага, шчотку — злоснага, шыла — шаўца, іголку — краўца".
"У талерцы з крупамі дзяўчына навобмацак павінна з першага разу дастаць пярсцёнак, і калі намацала, то быць вяселлю ў гэтым годзе".
"Выйшаўшы на двор, дзяўчаты абдымаюць плот і ў адлегласці паміж рукамі лічаць штакетнік. Перабіраючы кожную штакеціну, прамаўляюць: белы, чорны, лысы. На якой штакеціне скончыцца лік, такі і будзе жаніх. У другім варыянце робяць тое самае, толькі нічога не прамаўляюць, а лічаць, цот ці лішка. Калі лішка, то пара ў бліжэйшы час не складзецца".
"Падкідаюць у гару лапаць і назіраюць: у які бок ён ляжа носам на зямлю, туды і замуж ісці".
Прынамсі, мне варажыць на Каляды даводзілася неаднойчы. Узгадваецца такі выпадак, калі аднойчы 16-гадовай дзяўчынай, акурат напярэдадні Калядаў, прыехала на вёску да дзядоў. Бабуля зварыла куццю і паставіўшы гаршчок з куццёй на покуць, пачала распавядаць, як варажыла на будучы лёс у маладосці. Як бы жартам пачала навучаць: сцягнуўшы дзедавы ці бацькавы порткі, трэба ціхенька ўзяць з покуці жменьку куцці і, загарнуўшы яе ў мужчынскае, пакласці пад сваю падушку, а перад сном папрасіць будучага жаніха прысніцца і больш ні з кім не размаўляць.
Тады варажба ўспрымалася, як гульня, і, здаецца, ніхто так і не прысніўся. Мусіць, космас сам вырашае, каму ў які час дасылаць якія знакі, бо праз некалькі гадоў, варожачы на Каляды з сястрой, мне такі пабачылася ў сне нешта цікавае і важнае. Толькі варажба была інакшая. Яна заключалася ў тым, каб употай ад дзяўчыны хтосьці з блізкіх паставіў пад яе ложак пасудзіну з вадой, паверх якой трэба было пакласці дзве палачкі або саламінкі, каб утварыўся масток. Лічылася, што на тым мастку пабачыцца суджаны. Вось такія непрыдуманыя гісторыі!
Паваражыць на лёс на Каляды ў вясковай моладзі было звыклай справай ажно да сярэдзіны 20-га стагоддзя. Нават тата распавядаў, як выбягаў на двор у калядную ноч, каб у дрывотні адным хапком узяць бярэмя дроў. Пасля іх прыносілі ў хату і лічылі. Калі быў цот, то будзеш у пары, калі не — то чакай наступнага года.
Як бы там ні было, але моладзь і цяпер не супраць паваражыць на будучы лёс, калі выпадае такая магчымасць. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту існуе нават адмысловая экскурсійная праграма, у якой наведвальнікаў знаёмяць з рознымі каляднымі звычаямі ва ўмовах скансэну. У тым ліку і з варажбой, якая з'яўлялася калісці адным з самых істотных кампанентаў традыцыйнай духоўнай культуры ўсіх славян і, безумоўна, беларусаў.
А ад сябе параю: не сумна правядзіце гэты цудоўны святочны вечар. Збярыцеся разам і добра адпачніце ў гэту чароўную навагоднюю ноч. Рабіце, як нашы продкі: гуляйце ў калядныя гульні, танцуйце і спявайце нават пад караоке, калі няма сярод вас музыкаў, частуйцеся смачнымі стравамі, прыгатаванымі сваімі рукамі, паспрабуйце паваражыць, і самае галоўнае — любіце і паважайце адно аднаго, і тады нават без варажбы ўсё ў вас будзе добра! Да сустрэчы.
Лён на Беларусі вырошчваюць са старадаўніх часоў. Продкі заўсёды ставіліся з павагай да гэтай культуры, бо яна літаральна магла апрануць цэлую сям’ю і нават вёску. Чыстае і светлае льняное адзенне было сімвалам нявіннасці і маральнай чысціні, таму маладыя дзяўчаты на вяселле апраналі сукенкі, зробленыя з ільнянога матэрыялу. А ў Старажытным Егіпце, дзе людзі даведаліся пра лён 7-9 тысяч гадоў таму, тканіны з лёну лічыліся элітнымі, таму ў іх заварочвалі муміі егіпецкіх фараонаў.
Прыгажосць і зручнасць ільняной тканіны цэніцца ва ўсім свеце, а на Беларусі і дагэтуль захоўваюць традыцыі льнянога ткацтва. Кросны, варштат, мялкі, церніцы, трапкач і іншыя старадаўнія прылады для вырабу льняной тканіны — у фотастужцы Sputnik.
Гэта, безумоўна, не нанатэхналогіі, але паглядзець таксама ёсць на што.
Глядзіце таксама:
На Беларусі лён вырошчваюць са старадаўніх часоў. Нашы продкі казалі, што "лён усіх апранае", і прысвячалі гэтай сельскагаспадарчай культуры свае песні, вершы і казкі.
Лён быў сімвалам нявіннасці і маральнай чысціні, таму нявеста на вяселле апранала сукенку з ільну. На беларускім гербе кветачкі льну сімвалізуюць працавітасць, дабрабыт і парадак.
Традыцыйнай прыладай ткацтва на Беларусі быў гарызантальны ткацкі станок — кросны. Беларускія навукоўцы вылучаюць некалькі тыпаў ткацкіх станкоў, якія існавалі ў XIX — пачатку XX стагоддзя і адрозніваліся па канструкцыі. У больш прымітыўных (на "сохах" і на "станінах") асобныя дэталі ўкапваліся ў зямлю ці мацаваліся да столі. Больш дасканалыя называліся "рамавы ткацкі станок" ці "варштат".
На першым этапе льноапрацоўкі ад сцяблоў саспеўшага, а потым вымачанага і высушанага льну аддзяляюць галоўкі. Рабілася гэта пры дапамозе драўляных "пранікаў", якімі іх аббівалі. На поўначы Беларусі галоўкі абрывалі спецыяльнымі нажамі-"драчкамі".
Пасля абрывання галовак сцябло льну разміналі на "мялках" або "церніцах", каб вызваліць з яго валакно. На Беларусі вядомыя нахільныя і гарызантальныя мялкі. Іх рухомыя часткі — білы — мелі адно ці два рэбры.
Пасля апрацоўкі на мялках рэшткі кастры на валакне выдалялі пры дапамозе "трапала".
Прыладамі для часання льну служылі драўляныя і металічныя "грэбні". Пры іх дапамозе валакно расшчаплялася на больш тонкія валаконцы і канчаткова ачышчалася ад кастры. Пасля часання льну атрымлівалася валакно рознай якасці. Адыходы ад часання ўтваралі "кудзелю".
Валакно, якое заставалася пасля часання, — "кужаль" — спляталася ў косы і ў такім выглядзе захоўвалася да прадзення.
Наступны этап апрацоўкі льну — прадзенне — звязаны з вырабам нітак з валакна. Звычайна ім займаліся жанчыны ў перыяд з лістапада па сакавік. Асноўнымі прыладамі прадзення былі прасніца, верацяно і самапралка.
Працэс прадзення пачынаўся з замацавання кудзелі на прасніцы. На стойцы мацавалася кудзеля, а на донца садзілася жанчына. Стойка прасніцы, якая не мела донца, устаўлялася ў спецыяльную адтуліну ў лаве.
Самая старадаўняя прылада для прадзення — верацяно. Яго выраблялі з драўніны ясеня, грушы ці бярозы. Пры прадзенні жанчына пальцамі правай рукі выцягвала валакно з кудзелі, адначасова трыма пальцамі левай рукі паварочвала верацяно.
МІНСК, 28 лют – Sputnik. Беларускія навукоўцы высвятляюць дакладны ўзрост скарбу залатых манет і іншых артэфактаў, які быў знойдзены ў цэнтры Мінска - у скверы Марата Казея, паведамілі ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
У мінулы панядзелак стала вядома, што манеты пачатку ХХ стагоддзя былі выяўлены ў невялікім парку ў беларускай сталіцы, дзе праводзіліся земляныя работы.
"Гэта яшчэ дарэвалюцыйны скарб, яго ўзрост, як мяркуецца, канец XIX - пачатак XX стагоддзя. Папярэдне можна сказаць, што яму каля 120 гадоў. Але дакладная інфармацыя будзе пасля таго, як мы вывучым знойдзеныя прадметы", - паведамілі Sputnik у інстытуце.
Там таксама патлумачылі, што ў цяперашні час манеты і іншыя каштоўныя артэфакты дастаўлены ў інстытут, распачата даследчая і навуковая праца.
Суразмоўцы агенцтва адзначылі, што навукоўцам трэба высветліць, хто мог схаваць гэты скарб. "Пакуль з вялікай доляй верагоднасці нельга агучыць ні адну з версій, хто схаваў скарб, пры якіх абставінах, чый дом стаяў у той час на месцы знаходкі", - сказалі ў НАН.
Разам з тым у інстытуце ўдакладнілі, што знойдзены скарб, акрамя каштоўных з гістарычнага пункту гледжання артэфактаў, складаецца з 24 залатых манет. У інстытуце растлумачылі, што тэрыторыя сквера, дзе знайшлі золата, з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Там цяпер ідзе будаўніцтва ліўневай каналізацыі.
Ад пачатку XIX стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі выяўлены каля 1500 скарбаў, вялікая колькасць з іх прапала ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Сярод 20 найбольш вядомых - мінскі, віцебскі і брэсцкія скарбы, перкаўскі скарб, гараўлянскія і слуцкія скарбы. У іх пераважна былі срэбныя вырабы, а таксама старажытныя манеты - залатыя і сярэбраныя.
Чытайце таксама:
МІНСК, 5 сак – Sputnik. Неабходна правільна распарадзіцца тэрыторыяй прадпрыемства ў цэнтры горада, заявіў кіраўнік дзяржавы падчас наведвання ААТ "Мотавела".
"Тут павінна быць вытворчасць, і высокатэхналагічная вытворчасць", - цытуе Аляксандра Лукашэнку яго прэс-служба. Па словах прэзідэнта, важная і арыентацыя на экспарт прадукцыі.
"Трэба зрабіць па-дзяржаўнаму, па-народнаму. Трэба па-гаспадарску падысці да гэтай тэрыторыі. Гэта залатое дно. Але ніякага жылля", - папярэдзіў ён.
На яго думку, трэба прадаваць прадукцыю на экспарт, а людзі з задавальненнем прыйдуць працаваць на вытворчасць у цэнтры беларускай сталіцы.
Пры гэтым ён даў даручэнне Дзяржкантролю заняцца аналізам сітуацыі вакол магчымага зносу часткі будынкаў на тэрыторыі завода, які займае плошчу каля 30 гектараў.
Справа ў тым, што ААТ "Мотавела" знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад цэнтра беларускай сталіцы, а частка прадпрыемстваў фарміруе аблічча Партызанскага праспекта ў самым яго пачатку.
"Трэба паглядзець. Гэта, калі хочаце, культурная нейкая каштоўнасць. Я не мінчанін, але я ўсё жыццё ездзіў па праспекце дадому, на працу сюды, калі дэпутатам быў. Мне прыемна было глядзець на гэтыя будынкі", - выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка .
Паводле яго слоў, трэба зірнуць на такія магчымасці, накшталт замены даху і іншага для чаго трэба прыцягнуць незалежных людзей з боку.
Прычым ён звярнуў увагу чыноўнікаў, што на тэрыторыі прадпрыемства вельмі прыгожа, таму што там растуць векавыя дрэвы, заўважыў ён, аб'язджаючы тэрыторыю на аўтобусе. Таму ва ўказе будуць прапісаны выразныя ўмовы па працы на дадзенай пляцоўцы.
У сапраўдны момант на тэрыторыі велазавода знаходзіцца звыш 130 будынкаў, з якіх больш за палову непрыдатныя да эксплуатацыі. Сама вытворчая пляцоўка займае ўсяго толькі 2 гектары. Больш за 100 юрыдычных асоб арандуюць памяшканні для захоўвання або офісаў.
У 2018 годзе прадпрыемства стала банкрутам. У лепшыя гады там працавала больш за дзве тысячы чалавек, а цяпер занята крыху больш за 100 супрацоўнікаў.
(будзе далей)