У нацыянальным адзенні

Фота на памяць: сэлфі ў музеі ў народным адзенні

206
(абноўлена 18:37 25.01.2017)
Беларускі народны касцюм шматкампанентны, апрануць яго няпроста, таму прыгожа ўбірацца, урачыста апранацца да якога-небудзь свята, вечарынкі, вяселля і называецца ў народзе "строіцца".

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Люблю апранацца ў народнае адзенне. З задавальненнем раблю гэта каля трыццаці гадоў. Хоббі ў мяне такое. Калі ёсць магчымасць прыкінуць на сябе штосьці новае, то я не прапускаю такой магчымасці.

Дзе я яго бяру? Шмат чаго пашыла сама. Калі зазірнуць у маю гардэробную, то большую частку яе займаюць народныя касцюмы і толькі некалькі камплектаў сучаснага адзення. Вось і ў мінулую нядзелю адклала ўсе справы, каб паехаць у Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, што зусім недалёка ад Мінска, каб мець чарговую магчымасць ці то самой апрануцца, ці то пабачыць, як гэта робяць іншыя.

На жаль, надвор'е не песціла, і наведвальнікаў было няшмат, але мне пашанцавала пазнаёміцца з навуковым супрацоўнікам музея Аляксеем, які згадзіўся апрануцца ў зімовую вопратку вяскоўца.

Зімовы  мужчынскі строй
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Зімовы мужчынскі строй

Аляксей пры мне апрануў кажух, які не так даўно ў музей прывезлі з Гарадзеншчыны, надзеў на галаву аблавуху, якую пашыў сам па старадаўніх узорах з матчынага паліто, падперазаўся самаручна сплеценым рамянём, заткнуў за яго сякеру і мы выправіліся ў вандроўку па музеі.

Цікава было назіраць, як малады навуковец, зняўшы акуляры, ператварыўся ў селяніна з мужнымі рысамі твару. І нават рухі яго памяняліся!

Зімовая вопратка
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Зімовая вопратка

Я так захапілася здымкамі, што забылася зрабіць з маім героем сэлфі. Ну, але гэта ў наступны раз.

А на тэрыторыі музея здымалі чарговы фільм пра Вялікую Айчынную вайну. І нечакана на музейнай вуліцы сустрэлася маладая маскоўская артыстка, апранутая ў палінялую плюшаўку.

Падчас вайны, можа, так і апраналіся, але ў астатнія часы беларусы аддавалі перавагу прыгожым і практычным рэчам. Святочнае адзенне вылучалася асаблівым хараством.

Строй з Кобрыншчыны
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Строй з Кобрыншчыны

Аднойчы, падчас сваіх шматлікіх падарожжаў па Беларусі, пашанцавала сустрэцца з сялянкай, якая распавядала, што асабліва ў маладосці любіла "строіцца". Калі б я не ведала, што "строй" — гэта тое самае, што касцюм, то не зразумела б жанчыну.

Хлопец у бурцы
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўсккая
Хлопец у бурцы

Беларускі народны касцюм шматкампанентны, апрануць яго няпроста, таму прыгожа ўбірацца, урачыста апранацца да якога-небудзь свята, вечарынкі, вяселля і называецца ў народзе "строіцца".

На тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту мне даводзілася апранацца ў народныя касцюмы не раз. Асабліва запомнілася фотасесія ў арыгінальным касцюме свацці з Кобрыншчыны для фотаальбома "Традыцыйны беларускі касцюм". Кніга за аўтарствам М. Віннікавай і П. Богдан пабачыла свет у мінулым годзе.

Сарочка на продаж
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Сарочка на продаж

Мой "раман" з касцюмам свацці цягнецца даўно. Калісці пабачыла яго ў фотаальбоме "Беларускае народнае адзенне" М. Раманюка і закахалася, вырашыла, што абавязкова аднаўлю яго для сябе. Пастанавіла так і зрабіла рэканструкцыю, з якой нават стала дыпламантам Міжнароднага конкурсу высокай моды нацыянальнага касцюма. Вось як бывае!

Селянін з канём
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Селянін з канём

Прагу апранаць на сябе незвычайнае адзенне (гістарычнае, карнавальнае, народнае) лёгка патлумачыць. Справа ў тым, што касцюм — гэта заўсёды мастацкі вобраз, які адпавядае пэўнаму гістарычнаму часу. Спецыфіка яго ў тым, што аб'ектам творчасці з'яўляецца сам чалавек. А бадай што ў кожным з нас жыве творца.

Нарыклад, зараз ёсць нямала людзей, якія любяць вышыванкі, бо цяпер гэта ў чарговы раз модна, і калі не ўмеюць пашыць і вышыць самастойна, то замаўляюць іх майстрам.

Вырабы Скарбніцы
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Вырабы "Скарбніцы"

У Беларусі паспяхова дзейнічаюць Беларускі Саюз майстроў народнай творчасці, рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў "Скарбніца", іншыя прадпрыемствы, якія ствараюць касцюмы на любы густ па ўсёй Беларусі.

Аб іх дзейнасці варта весці асобную гаворку. Мне ж асабліва цікавыя аматары. Напрыклад, у Мінску ёсць грамадскае аб'яднанне "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства", сябры якога не толькі маюць асабістыя касцюмы, якія выкананы з высокім майстэрствам, але і навучаюць гэтаму жадаючых.

Касцюмы, створаныя сябрамі студэнцкага этнаграфічнага таварыства
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Касцюмы, створаныя сябрамі студэнцкага этнаграфічнага таварыства

Можна сказаць, што гэта клуб па інтарэсах. Над стварэннем кожнага прадмета працуюць з навуковым падыходам, бо пераймаюць традыцыйную культуру непасрэдна ад яе носьбітаў у этнаграфічных экспедыцыях. Дарэчы, таварыства існуе больш за 20 год.

Так што жадаючыя пашыць сабе народны касцюм маюць нямала магчымасцяў гэта ажыццявіць.Таму поспехаў вам! Для тых жа, хто хоча зрабіць сэлфі ў строі — сачыце за музейнымі абвесткамі і накіроўвайцеся ў музей. Да сустрэчы!

206
Тэги:
сэлфі, Музей народнай архітэктуры і побыту
Каментары