Вогнішча распаленае для правядзення абраду

Не рабі зямлі крыўду: магія старажытнага абраду

62
Нарэшце надышоў час рыхтавацца да палявых работ. Вясною, калі падсыхала разбуджаная ад зімовага сну зямля, гаспадар ішоў аглядаць азімыя палеткі і правяраць глебу – ці можна ўжо выязджаць на поле.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Спрадвеку нашы продкі з пашанай ставіліся да зямлі, лічачы яе сваёй карміцелькай. Мець сваю зямлю было заўсёды прэстыжна. Яна перадавалася ў спадчыну, была самай каштоўнай часткай пасагу. Ад падрыхтаванасці да сяўбы залежыў дабрабыт сям'і. Выказваючы сваё стаўленне да зямлі, ад беларусаў-вяскоўцаў можна было пачуць: "Святая зямелька корміць нас і ўсякаго звера носіць на сваіх плячах, ніколі не наракаючы. Няма нікога і нічога багацей за зямлю".

Праца чорная — хлеб белы
Дзеці гукаюць вясну
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская

Агранамічную навуку селянін спасцігаў ад сваіх бацькоў і дзядоў; сам набіраўся вопыту. У народзе казалі: "Да Благавешчання не можна араць гароду, калі яшчэ ў полі не арана, бо зямлі крыўда і хазяіну грэх; трэба ўпярод хоць адну, або дзве баразны прайці ў полі. Вясною, як з зямлі пойдзе дух, такі, што як глядзіш проці сонца, то начэ (быццам) вална коціцца, дык зямля ўжо саўсім сагрэлася і гародавіна не памерзне".

Здаўна ў полі бытавалі трохпольныя севазвароты, а калі бульба і травы пацяснілі яравыя, то паступова ўкаранілася і чатырохпольная: 1) жыта; 2) яравыя; 3) бульба і кармавыя травы; 4) папар. У ХХ стагоддзі дзе-нідзе замест папару сеялі горкі лубін, які добра ўзбагачаў глебу азотнымі ўгнаеннямі. З арганічных угнаенняў прыкладна раз у тры гады зямля атрымоўвала гной, бо яго не хапала на ўсе палеткі.

Дзе агрэх, там прапала жыта мех

Першы выезд на пашу быў абстаўлены з асаблівай урачыстасцю. Выбраўшы добры надвячорак, селянін запрагаў пару валоў або коней, а жонка на іх пырскала свянцонай вадой; браў хлеб-соль і накіроўваўся з дому. Прайшоўшы баразны тры, ён вяртаўся дадому і больш ужо ў гэты дзень нічога не рабіў. Асноўнае ворыва было пасля. Не аднойчы мне даводзілася назіраць, як хадзілі за плугам дзед, бацька, дзядзька, а чорныя крыгі зямлі з ціхай урачыстасцю адкідаліся ўбок. Выконваючы гэту адказную і цяжкую працу араты быццам зліваўся з канём і зямлёю, стараючыся не рабіць агрэхаў на зямлі. Агрэхам называлі месца, прапушчанае сахой з-за няўважлівасці ці гультайства аратага. Існавала нават прыказка: "Дзе агрэх, там прапала жыта мех". Таму добры гаспадар іх не рабіў, а пасылаючы сына з сахой у поле, папярэджваў яго: "Ары, ды не рабі агрэхаў, бо начай нейкі найміт" (Ч. Пяткевіч. "Рэчыцкае Палессе"). Ад таго, наколькі якасна спрацуе араты, залежыў будучы ўраджай.

Араты
© Sputnik/ Фридлянд
Араты

З глыбіні стагоддзяў

Нарэшце надыходзіў час сеяць. Па ўсталяванай у вяках традыцыі сяляне прытрымваліся пэўнага тэрміну і чарговасці сяўбы кожнай культуры. Напрыклад, яравую пшаніцу трэба сеяць ранняй вясной на самых лепшых, добра ўгноеных глебах. Не выпадкова калісьці перад тым, як пачаць сяўбу на прызначаных пад пасеў пшаніцы полі, моладзь праводзіла адмысловы абрад, які яшчэ ў 1895 г. запісаў Адам Багдановіч, аўтар этнаграфічнага нарыса "Пережитки древнего миросозерцания белоруссов".

У частцы апісання веснавых абрадаў ён тлумачыць, што беларусы надзялялі вясну земляробчай атрыбутыкай:

"Она сидит на сохе, хотя это и не совсем удобный экипаж; она бороздит мать-сыру землю, сеет хлеб… скородит посеянное. Она насылает частые дождики, столь необходимые для посевов. А в золотом коне (запрэжаным у саху) нетрудно видеть одно из уподоблений солнца, приносящего весну".

Далей вучоны тлумачыў, што яму не даводзілася назіраць нейкіх асаблівых абрадаў сустрэчы вясны, але ўдалося высветліць у старой жанчыны, што ў часы ўніяцтва такія абрады праводзіліся і ў маладосці яна была іх удзельніцай. Вось гэты абрад, які быў распаўсюджаны практычна па ўсіх вёсках Барысаўскага павету.

Прыгатаванні вясноўкі да абраду
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Прыгатаванні вясноўкі да абраду

Вясной, у адзін са святочных дней, пад вечар, моладзь збіралася на полі, азначаным пад яравыя пасевы. Раскладалі вогнішча, запрашалі дудара, якія ў тыя часы ў гэтым краі былі вельмі распаўсюджаны, і прыступалі да абрання дзяўчыны "вясноўкі". У выбары прымалі ўдзел і хлопцы і дзяўчаты. Абавязковыя ўмовы да выбранніцы — прыгажосць і працавітасць. Яе ўпрыгожвалі вянком з веснавых кветак і зеляніны, яе садзілі на "смык" (першабытная барана), засланы зверху плавуном (вечназялёная паўзучая расліна). У барану ўпрагаліся хлопцы і вазілі вясноўку па полю вакол вогнішча, пры гэтым дзяўчаты спявалі пад акампанемент дуды песню, якая апісвала гэтыя дзеі: "…вязець вясна красныя дзянёчкі, чыстыя дажджочкі, зялёныя травы, красныя цвяточкі нам на вяночкі". Пасля гэтага каля вогнішча наладжваліся "танкі", своеасаблівыя карагоды. Моладзь круцілася вакол "вясноўкі", якая сядзела на баране. Потым пачыналіся звычайныя танцы, у якіх прымала ўдзел і "вясноўка". Далей наладжвалася агульная вячэра, на якую піва прыносілі хлопцы, а закуску, пераважна посныя стравы, нарыхтоўвалі дзяўчаты.

Дзяўчынкі спяваюць песні пад час абраду
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Дзяўчынкі спяваюць песні пад час абраду

Чаму б і нам не пакаштаваць тое, чым частавалі "вясноўку"? У адной з маіх кулінарных вандровак мне давялося пакаштаваць і навучыцца гатаваць цікавую старажытную страву "балабушкі". Запісала я яе ад Ніны Барысаўны Міхадзюк, жыхаркі в. Сялец Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Гэта посная страва гатуецца вельмі проста і да таго ж яна яшчэ і смачная.

Балабушкі з салам
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Балабушкі з салам

Балабушкі з ільняной заправай

Бульба — 5 штук, ільняное семя — 0,25 шклянкі, соль па смаку, крыху алею.

Бульбу абабраць, зварыць і адразу стаўчы, перамяшаць з прасеянай ільняной мукой, пасаліць. Нашмараваць алеям патэльню, сфармаваць невялікія круглыя піражкі і пакласці на патэльню, уставіць у духоўку і выпякаць пры 180 градусах да таго часу, пакуль балабушкі не пакрыюцца зверху скарынкай.

Балабушкі гатовыя да запякання
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Балабушкі гатовыя да запякання

Каб бульбянае цеста не прыставала да рук, іх змазваюць алеям. Падаюць да стала балабушкі гарачымі разам з салёнымі агуркамі. Калі няма посту, то піражкі паліваюць смятанай.

Балабушкі з агурком і цыбуляй
© Sputnik/ Ларыса Мятлеўская
Балабушкі з агурком і цыбуляй

Смачна есці і будзьце здаровы, як вада, будзьце багаты, як зямля! Да сустрэчы!

62
Тэги:
гісторыя, абрады Беларусі, Нацыянальная кухня, Беларусь
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (16)
Каментары