Крыж часоў Івана Грознага

Крыж часоў Івана Грознага: што яшчэ знайшлі беларускія археолагі

163
(абноўлена 15:32 09.08.2017)
Ураджайным выдалася лета для беларускай археалогіі. Карэспандэнт Sputnik Станіслаў Андросік разбіраўся, якія адкрыцці былі зробленыя.

У ходзе раскопак на тэрыторыі крэпасці Сокал, якая была разбурана ў часы Лівонскай вайны, зроблена ўнікальная знаходка, перадае Еўрарадыё.

Крыж часоў Івана Грознага

Экспедыцыя пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка НАН Беларусі Марата Клімава знайшла ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці крыж памерам з далонь.

Раскопкі праходзяць на тэрыторыі былой крэпасці Сокал, пабудаванай маскоўскімі войскамі падчас Лівонскай вайны. Дзякуючы гэтаму навукоўцы даведаліся пра некаторыя дэталі.

Крыж зроблены з косці і мае выявы святых. Мяркуецца, што яго насіў камандзір стральцоў з войска Івана Грознага.

"На крыжы чытаюцца надпісы: "Мікалай" і, магчыма, "Варлам" — мы яшчэ будзем займацца іх дэшыфроўкай", — адзначае Марат Клімаў.

На сённяшні дзень вядомая дакладная дата, калі крыж трапіў у зямлю. Гісторыя звязвае гэта са штурмам крэпасці Сокал 25 верасня 1579 года, калі яна была спаленая войскамі Вялікага князя Літоўскага Стэфана Баторыя.

Малаты Тора

Раней студэнты гістарычнага факультэта БДУ падчас экспедыцыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі зрабілі сенсацыйную знаходку на археалагічным помніку "эпохі вікінгаў".

На раскопках археалагічнага помніка Кардон у Шумілінскім раёне ўпершыню былі знойдзены цэлыя "малаты Тора".

Па словах кіраўніка археалагічнай практыкі гістфаку БДУ Віталя Сідаровіча, яны былі вырабленыя ў IX-X стагоддзях з жалеза на тэрыторыі Скандынавіі.

Гэта мужчынскае воінскае ўпрыгожванне насілі вікінгі, каб падкрэсліць сваё паганскае веравызнанне ў адрозненне ад хрысціянаў.

Малаточкi Тора знайшлi ў Шумiлiнскiм раёне
© Photo : Віталь Сідаровіч, асабісты архіў
"Малаточкi Тора" знайшлi ў Шумiлiнскiм раёне

Лыжка старэй за Тутанхамона

Другую касцяную лыжку эпохі неаліту знайшлі на раскопках Крывінскога тарфянішча, якое знаходзіцца ў Бешанковіцкім раёне.

На тэрыторыі помніка археалогіі былі зробленыя знаходкі ад часоў ніжняга неаліту да ранняга бронзавага веку, гэта значыць людзі там жылі на працягу 3,5 тысяч гадоў.

Кандыдат гістарычных навук Максім Чарняўскі распавёў, што лыжка ўзростам чатыры тысячы гадоў была зробленая з косці, і карыстаўся ёю праварукі чалавек. Таксама вучоны адзначыў, што побытавы прыбор эпохі неаліту на цэлую тысячу гадоў старэйшы за Тутанхамона.

Касцяной лыжцы, знойдзенай у Беларусі, больш за 4 тысячы год
© Sputnik Артем Бордовский
Касцяной лыжцы, знойдзенай у Беларусі, больш за 4 тысячы год

Пячатка Еўфрасінні Полацкай

Вядуцца раскопкі і ля сцен старажытнага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку, заснаванага нябеснай заступніцай Беларусі ў XII стагоддзі.

Каля Спаса-Праабражэнскага храма археолагам удалося знайсці пячатку, якая належала самой Еўфрасінні Полацкай. У Беларусі гэта ўжо другая падобная знаходка. Першую пячатку знайшлі таксама ў Полацку ў 2015 годзе.

"Гэта віслая пячатка, такія звычайна да дакументаў таго часу вешалі, калі іх перавязвалі, каб дакументы ніхто не прачытаў", — пракаментаваў сваё адкрыццё вядучы навуковы супрацоўнік Полацкага гістарычнага музея Аляксандр Салаўёў.

Пячатка Еўфрасінні Полацкай
© Photo : БПЦ
Пячатка Еўфрасінні Полацкай

На пячатцы з аднаго боку выяўлена Еўфрасіння Александрыйская, якая лічыцца першай беларускай святой, а з другога — выява Хрыста Збавіцеля "Пантакратар".

На падставе гэтага навукоўцы і зрабілі выснову аб прыналежнасці пячаткі.

163
Тэги:
Тутанхамон, Иван Грозный, молоты Тора, археология, Еўфрасіння Полацкая, Віцебская вобласць, Беларусь
Тэмы:
Беларуская археалогія: самыя цікавыя знаходкі (39)

Беларускі лён: сакрэты вытворчасці элітнай тканіны

609
(абноўлена 11:03 01.03.2021)
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
Людзі спрадвеку з павагай ставіліся да льну: у льняныя тканіны заварочвалі муміі егіпецкіх фараонаў і апраналі цнатлівых дзяўчат на вяселлі.

Лён на Беларусі вырошчваюць са старадаўніх часоў. Продкі заўсёды ставіліся з павагай да гэтай культуры, бо яна літаральна магла апрануць цэлую сям’ю і нават вёску.  Чыстае і светлае льняное адзенне было сімвалам нявіннасці і маральнай чысціні, таму маладыя дзяўчаты на вяселле апраналі сукенкі, зробленыя з ільнянога матэрыялу. А ў Старажытным Егіпце, дзе людзі даведаліся пра лён 7-9 тысяч гадоў таму, тканіны з лёну лічыліся элітнымі, таму ў іх заварочвалі муміі егіпецкіх фараонаў.

Прыгажосць і зручнасць ільняной тканіны цэніцца ва ўсім свеце, а на Беларусі і дагэтуль захоўваюць традыцыі льнянога ткацтва. Кросны, варштат, мялкі, церніцы, трапкач і іншыя старадаўнія прылады для вырабу льняной тканіны — у фотастужцы Sputnik.

Гэта, безумоўна, не нанатэхналогіі, але паглядзець таксама ёсць на што.

Глядзіце таксама:

609
  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    На Беларусі лён вырошчваюць са старадаўніх часоў. Нашы продкі казалі, што "лён усіх апранае", і прысвячалі гэтай сельскагаспадарчай культуры свае песні, вершы і казкі.

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    Лён быў сімвалам нявіннасці і маральнай чысціні, таму нявеста на вяселле апранала сукенку з ільну. На беларускім гербе кветачкі льну сімвалізуюць працавітасць, дабрабыт і парадак.

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    Традыцыйнай прыладай ткацтва на Беларусі быў гарызантальны ткацкі станок — кросны. Беларускія навукоўцы вылучаюць некалькі тыпаў ткацкіх станкоў, якія існавалі ў XIX — пачатку XX стагоддзя і адрозніваліся па канструкцыі. У больш прымітыўных (на "сохах" і на "станінах") асобныя дэталі ўкапваліся ў зямлю ці мацаваліся да столі. Больш дасканалыя называліся "рамавы ткацкі станок" ці "варштат".

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    На першым этапе льноапрацоўкі ад сцяблоў саспеўшага, а потым вымачанага і высушанага льну аддзяляюць галоўкі. Рабілася гэта пры дапамозе драўляных "пранікаў", якімі іх аббівалі. На поўначы Беларусі галоўкі абрывалі спецыяльнымі нажамі-"драчкамі".

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    Пасля абрывання галовак сцябло льну разміналі на "мялках" або "церніцах", каб вызваліць з яго валакно. На Беларусі вядомыя нахільныя і гарызантальныя мялкі. Іх рухомыя часткі — білы — мелі адно ці два рэбры.

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    Пасля апрацоўкі на мялках рэшткі кастры на валакне выдалялі пры дапамозе "трапала".

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    Прыладамі для часання льну служылі драўляныя і металічныя "грэбні". Пры іх дапамозе валакно расшчаплялася на больш тонкія валаконцы і канчаткова ачышчалася ад кастры. Пасля часання льну атрымлівалася валакно рознай якасці. Адыходы ад часання ўтваралі "кудзелю".

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    Валакно, якое заставалася пасля часання, — "кужаль" — спляталася ў косы і ў такім выглядзе захоўвалася да прадзення.

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    Наступны этап апрацоўкі льну — прадзенне — звязаны з вырабам нітак з валакна. Звычайна ім займаліся жанчыны ў перыяд з лістапада па сакавік. Асноўнымі прыладамі прадзення былі прасніца, верацяно і самапралка.

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    Працэс прадзення пачынаўся з замацавання кудзелі на прасніцы. На стойцы мацавалася кудзеля, а на донца садзілася жанчына. Стойка прасніцы, якая не мела донца, устаўлялася ў спецыяльную адтуліну ў лаве.

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    Самая старадаўняя прылада для прадзення — верацяно. Яго выраблялі з драўніны ясеня, грушы ці бярозы. Пры прадзенні жанчына пальцамі правай рукі выцягвала валакно з кудзелі, адначасова трыма пальцамі левай рукі паварочвала верацяно.

Тэги:
лён, Беларусь, Народныя традыцыі, спадчына
Знойдзены скарб манет

Гісторыкі назвалі ўзрост скарбу залатых манет у цэнтры Мінска

28
(абноўлена 19:48 26.02.2021)
Навукоўцам трэба высветліць, хто больш за 100 гадоў таму схаваў скураны мяшочак з залатымі манетамі, і чаму ён так і застаўся ляжаць у зямлі.

МІНСК, 28 лют – Sputnik. Беларускія навукоўцы высвятляюць дакладны ўзрост скарбу залатых манет і іншых артэфактаў, які быў знойдзены ў цэнтры Мінска - у скверы Марата Казея, паведамілі ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

У мінулы панядзелак стала вядома, што манеты пачатку ХХ стагоддзя былі выяўлены ў невялікім парку ў беларускай сталіцы, дзе праводзіліся земляныя работы.

"Гэта яшчэ дарэвалюцыйны скарб, яго ўзрост, як мяркуецца, канец XIX - пачатак XX стагоддзя. Папярэдне можна сказаць, што яму каля 120 гадоў. Але дакладная інфармацыя будзе пасля таго, як мы вывучым знойдзеныя прадметы", - паведамілі Sputnik у інстытуце.

Там таксама патлумачылі, што ў цяперашні час манеты і іншыя каштоўныя артэфакты дастаўлены ў інстытут, распачата даследчая і навуковая праца.

Суразмоўцы агенцтва адзначылі, што навукоўцам трэба высветліць, хто мог схаваць гэты скарб. "Пакуль з вялікай доляй верагоднасці нельга агучыць ні адну з версій, хто схаваў скарб, пры якіх абставінах, чый дом стаяў у той час на месцы знаходкі", - сказалі ў НАН.

Разам з тым у інстытуце ўдакладнілі, што знойдзены скарб, акрамя каштоўных з гістарычнага пункту гледжання артэфактаў, складаецца з 24 залатых манет. У інстытуце растлумачылі, што тэрыторыя сквера, дзе знайшлі золата, з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Там цяпер ідзе будаўніцтва ліўневай каналізацыі.

Што прызначана за скарб

У інстытуце паведамілі, што скарб знайшоў мінчанін, неабыякавы да археалогіі і гісторыі, і перадаў яго дзяржаве. Гісторыкі адмовіліся назваць яго прозвішча. У Беларусі пытанні прыналежнасці скарбаў рэгулююцца Грамадзянскім кодэксам. У адпаведнасці з ім скарб паступае ва ўласнасць асобы, якая яго знайшла, і асобы, якой належыць маёмасць, дзе скарб быў схаваны. Але калі скарб ўтрымлівае рэчы, якія адносяцца да помнікаў гісторыі ці культуры, ён павінен быць перададзены ў дзяржаўную ўласнасць. Пры гэтым уласнік зямельнага ўчастка або iншай маёмасцi, дзе скарб быў знойдзены, і асоба, якая яго выявіла, маюць права на ўзнагароджанне ў памеры 25% ад кошту знойдзенага.

Самыя вядомыя скарбы

Ад пачатку XIX стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі выяўлены каля 1500 скарбаў, вялікая колькасць з іх прапала ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Сярод 20 найбольш вядомых - мінскі, віцебскі і брэсцкія скарбы, перкаўскі скарб, гараўлянскія і слуцкія скарбы. У іх пераважна былі срэбныя вырабы, а таксама старажытныя манеты - залатыя і сярэбраныя.

Чытайце таксама:

28
Тэги:
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Мінск, манеты, Скарб

Піцерскія майстры ўзяліся за рэстаўрацыю гадзінніка Нотр-Дама - відэа

0
(абноўлена 11:00 03.03.2021)
Спецыялісты гадзіннікавага завода "Ракета", які знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу, рамантуюць гадзіннік сабора Парыжскай Божай Маці, пацярпелы ў выніку моцнага пажару. Як гэта адбываецца - глядзіце на відэа.

Аб'ём работ, які неабходна выканаць піцерскім майстрам, на заводзе назвалі даволі значным - гадзіннікавым майстрам трэба будзе вырабіць каля двух тысяч дэталяў.

"Мы думаем у нас у кампаніі вырабляць колы для механізма", - распавёў інжынер-канструктар прадпрыемства Віталь Камароў.

Ён адзначыў, што завод ужо вырабіў сігнальную прыладу, якая ўнутры будынка будзе паказваць час вялікага гадзінніка на фасадзе Нотр-Дама.

Раней на прадпрыемстве адзначылі, што ў Францыі цяпер няма тэхналогій для выпуску манументальных гадзіннікаў, а піцерскі завод мае такі вопыт - прыкладам гэтаму механізм у атрыуме ЦДМ у Маскве. Гадзіннік памерам шэсць на сем метраў важыць больш за чатыры тоны і складаецца з тысяч дэталяў, выкананых з розных матэрыялаў.

Пажар у саборы Парыжскай Божай Маці адбыўся 15 красавіка 2019 года. Абрынуўся шпіль сабора, полымем была агорнутая апорная канструкцыя. Як паведамілі пажарныя, структура Нотр-Дама і галоўныя творы мастацтва, рэліквіі, якія захоўваліся ў саборы, ацалелі. Пракуратура Парыжа выключае крымінальную версію ўзгарання. У якасці магчымых прычын пажару разглядаюцца непатушаная цыгарэта ці праблемы з электрычнасцю.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон раней заявіў пра амбіцыйную мэту аднавіць Нотр-Дам за пяць гадоў, хоць многія эксперты кажуць, што на рэканструкцыю можа сысці да 15 гадоў.

0
Тэги:
гадзіннік, Санкт-Пецярбург, Францыя