МІНСК, 4 вер — Sputnik. Пятрушынскай бібліятэцы ў Растоўскай вобласці нададзена імя класіка беларускай літаратуры Івана Мележа, такое рашэнне прынята на заканадаўчым узроўні расійскага рэгіёну, паведамілі Sputnik у прэс-службе Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Гэта сталася вынікам плённага творчага супрацоўніцтва пісьменнікаў Гомельскага абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" і іх калегаў з Растова, падтрымцы нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Растоўскай вобласці" і нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Кубані".
"Іван Мележ — найвялікшы беларускі пісьменнік і публіцыст, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій, удзельнік ваенных дзеянняў у Вялікай Айчыннай вайне. У свой час быў прадстаўлены да двух ордэнаў. Пасля смерці пакінуў нашчадкам вялікую літаратурную спадчыну. Да таго ж народны пісьменнік Беларусі вызваляў ад ворага Растоўскую зямлю і быў цяжка паранены пад Растовам-на-Доне, лячыўся ў растоўскім шпіталі, затым быў пераведзены ў тыл і камісаваны", — патлумачылі ў прэс-службе.
Прапанова расійскім бокам была прынята. Імя класіка беларускай літаратуры Івана Мележа цяпер будзе насіць муніцыпальная бюджэтная ўстанова культуры "Пятрушынская сельская бібліятэка Новабезсергенеўскага сельскага селішча Няклінаўскага раёна Растоўскай вобласці".
З 6 па 8 кастрычніка 2017 года ў Няклінаўскім раёне Растоўскай вобласці адбудзецца Міжнародны фестываль-конкурс паэзіі і паэтычных перакладаў "Берагі сяброўства", падчас якога беларуская дэлегацыя літаратараў прыме ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, дзе Пятрушынскай бібліятэцы будзе нададзена імя класіка беларускай літаратуры Івана Мележа.
Лён на Беларусі вырошчваюць са старадаўніх часоў. Продкі заўсёды ставіліся з павагай да гэтай культуры, бо яна літаральна магла апрануць цэлую сям’ю і нават вёску. Чыстае і светлае льняное адзенне было сімвалам нявіннасці і маральнай чысціні, таму маладыя дзяўчаты на вяселле апраналі сукенкі, зробленыя з ільнянога матэрыялу. А ў Старажытным Егіпце, дзе людзі даведаліся пра лён 7-9 тысяч гадоў таму, тканіны з лёну лічыліся элітнымі, таму ў іх заварочвалі муміі егіпецкіх фараонаў.
Прыгажосць і зручнасць ільняной тканіны цэніцца ва ўсім свеце, а на Беларусі і дагэтуль захоўваюць традыцыі льнянога ткацтва. Кросны, варштат, мялкі, церніцы, трапкач і іншыя старадаўнія прылады для вырабу льняной тканіны — у фотастужцы Sputnik.
Гэта, безумоўна, не нанатэхналогіі, але паглядзець таксама ёсць на што.
Глядзіце таксама:
На Беларусі лён вырошчваюць са старадаўніх часоў. Нашы продкі казалі, што "лён усіх апранае", і прысвячалі гэтай сельскагаспадарчай культуры свае песні, вершы і казкі.
Лён быў сімвалам нявіннасці і маральнай чысціні, таму нявеста на вяселле апранала сукенку з ільну. На беларускім гербе кветачкі льну сімвалізуюць працавітасць, дабрабыт і парадак.
Традыцыйнай прыладай ткацтва на Беларусі быў гарызантальны ткацкі станок — кросны. Беларускія навукоўцы вылучаюць некалькі тыпаў ткацкіх станкоў, якія існавалі ў XIX — пачатку XX стагоддзя і адрозніваліся па канструкцыі. У больш прымітыўных (на "сохах" і на "станінах") асобныя дэталі ўкапваліся ў зямлю ці мацаваліся да столі. Больш дасканалыя называліся "рамавы ткацкі станок" ці "варштат".
На першым этапе льноапрацоўкі ад сцяблоў саспеўшага, а потым вымачанага і высушанага льну аддзяляюць галоўкі. Рабілася гэта пры дапамозе драўляных "пранікаў", якімі іх аббівалі. На поўначы Беларусі галоўкі абрывалі спецыяльнымі нажамі-"драчкамі".
Пасля абрывання галовак сцябло льну разміналі на "мялках" або "церніцах", каб вызваліць з яго валакно. На Беларусі вядомыя нахільныя і гарызантальныя мялкі. Іх рухомыя часткі — білы — мелі адно ці два рэбры.
Пасля апрацоўкі на мялках рэшткі кастры на валакне выдалялі пры дапамозе "трапала".
Прыладамі для часання льну служылі драўляныя і металічныя "грэбні". Пры іх дапамозе валакно расшчаплялася на больш тонкія валаконцы і канчаткова ачышчалася ад кастры. Пасля часання льну атрымлівалася валакно рознай якасці. Адыходы ад часання ўтваралі "кудзелю".
Валакно, якое заставалася пасля часання, — "кужаль" — спляталася ў косы і ў такім выглядзе захоўвалася да прадзення.
Наступны этап апрацоўкі льну — прадзенне — звязаны з вырабам нітак з валакна. Звычайна ім займаліся жанчыны ў перыяд з лістапада па сакавік. Асноўнымі прыладамі прадзення былі прасніца, верацяно і самапралка.
Працэс прадзення пачынаўся з замацавання кудзелі на прасніцы. На стойцы мацавалася кудзеля, а на донца садзілася жанчына. Стойка прасніцы, якая не мела донца, устаўлялася ў спецыяльную адтуліну ў лаве.
Самая старадаўняя прылада для прадзення — верацяно. Яго выраблялі з драўніны ясеня, грушы ці бярозы. Пры прадзенні жанчына пальцамі правай рукі выцягвала валакно з кудзелі, адначасова трыма пальцамі левай рукі паварочвала верацяно.
МІНСК, 28 лют – Sputnik. Беларускія навукоўцы высвятляюць дакладны ўзрост скарбу залатых манет і іншых артэфактаў, які быў знойдзены ў цэнтры Мінска - у скверы Марата Казея, паведамілі ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
У мінулы панядзелак стала вядома, што манеты пачатку ХХ стагоддзя былі выяўлены ў невялікім парку ў беларускай сталіцы, дзе праводзіліся земляныя работы.
"Гэта яшчэ дарэвалюцыйны скарб, яго ўзрост, як мяркуецца, канец XIX - пачатак XX стагоддзя. Папярэдне можна сказаць, што яму каля 120 гадоў. Але дакладная інфармацыя будзе пасля таго, як мы вывучым знойдзеныя прадметы", - паведамілі Sputnik у інстытуце.
Там таксама патлумачылі, што ў цяперашні час манеты і іншыя каштоўныя артэфакты дастаўлены ў інстытут, распачата даследчая і навуковая праца.
Суразмоўцы агенцтва адзначылі, што навукоўцам трэба высветліць, хто мог схаваць гэты скарб. "Пакуль з вялікай доляй верагоднасці нельга агучыць ні адну з версій, хто схаваў скарб, пры якіх абставінах, чый дом стаяў у той час на месцы знаходкі", - сказалі ў НАН.
Разам з тым у інстытуце ўдакладнілі, што знойдзены скарб, акрамя каштоўных з гістарычнага пункту гледжання артэфактаў, складаецца з 24 залатых манет. У інстытуце растлумачылі, што тэрыторыя сквера, дзе знайшлі золата, з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Там цяпер ідзе будаўніцтва ліўневай каналізацыі.
Ад пачатку XIX стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі выяўлены каля 1500 скарбаў, вялікая колькасць з іх прапала ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Сярод 20 найбольш вядомых - мінскі, віцебскі і брэсцкія скарбы, перкаўскі скарб, гараўлянскія і слуцкія скарбы. У іх пераважна былі срэбныя вырабы, а таксама старажытныя манеты - залатыя і сярэбраныя.
Чытайце таксама:
Паласатыя драпежнікі могуць не толькі рыкаць, яны здольныя яшчэ і да "спеваў". Гэта даказвае тыгр Шэрхан. На кадрах можна ўбачыць, як тыгр, ходзячы па вальеры або знаходзячыся на ўзвышшы, якое, мусіць, лічыць сваёю сцэнай, бярэ высокія ноты.
"З самага нараджэння ён такім чынам прыцягвае ўвагу шматдзетнай мамы. Спецыяльна сыходзіў у далёкі кут, калі яна была занятая іншымі дзецьмі, і крычаў, пакуль яна не кіне ўсё і не прыйдзе да яго", - распавялі супрацоўнікі заапарка на старонцы ў сацыяльнай сетцы.
Рэпертуар узыходзячай зоркі Барнаульскага заапарка пакуль невялікі, аднак у яго арсенале ўжо ёсць некалькі хітоў, якія нагадалі некаторыя кампазіцыі ў выкананні расійскага спевака Вітаса. Іншыя прыхільнікі творчасці Шэрхана выказалі здагадку, што тыгр прастудзіўся, аднак супрацоўнікі заапарка запэўнілі, што са здароўем у драпежніка ўсё ў парадку.
Глядзіце таксама: