Знак на мяжы поля

Інвентарызацыя наадварот: як на Камянеччыне "перакопваюць" могільнік

244
(абноўлена 20:35 07.04.2018)
Сельскагаспадарчыя работы вядуцца літаральна за некалькі метраў ад ахоўнага знака, але ў мясцовым райвыканкаме сцвярджаюць, што ўсё законна.

Камянецкі раён Беларусі багаты на археалагічныя помнікі — каля вёсак раскіданыя курганы і бескурганныя могільнікі, прычым некаторыя датуюцца ІV стагоддзем да нашай эры. На днях неабыякавы жыхар вёскі Браневічы паведаміў "Брэсцкай газеце", што калгаснае поле раскінулася ў лічаных метрах ад знака, які паказвае, што на прылеглай тэрыторыі знаходзіцца бескурганны магільнік IV-I стагоддзяў да нашай эры.

"Там на таблічках гэта выразна напісана, як і тое, што прычыненне шкоды караецца па законе. Напэўна, яны думалі, што шкода — гэта калі капаць на 5 метраў уніз. Не, раскапаная зямля на тэрыторыі бескурганнага могільніка — гэта таксама шкода", — лічыць брэсцкі краязнаўца Іван Чайчыц.

Знак на мяжы калгаснага поля
© Photo : "Брестская газета"
Знак на мяжы калгаснага поля

Акрамя таго, паводле яго слоў, хімічныя ўгнаенні, якімі падкормліваюць пасевы, пранікаюць глыбока ў глебу могільніка.

Археолагі прыедуць на засеянае поле

Могільнікі, размешчаныя побач з вёскамі Трасцяніца і Ратайчыцы, вядомыя з 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Адзін з іх быў знойдзены ў 1929 годзе падчас палявых работ, якія, асабліва адзначае Іван Чайчыц, былі адразу ж прыпыненыя. У Ратайчыцах, паводле яго слоў, знаходзяцца пахаванні XI-XII стагоддзяў нашай эры, паблізу ад Трасцяніцы — IV-I стагоддзяў да нашай эры. Знойдзеныя ў могільніках артэфакты ў цяперашні час захоўваюцца ў абласным музеі, а таксама Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.

"А сёння сельская гаспадарка вырашыла, што глупства нейкае — што больш там ніхто капаць не будзе", — абураецца краязнаўца.

У Ратайчыцы, паводле яго слоў, археолагі вярталіся ў 1980-м, 81-м, 83-м і 86-м гадах.

"Куды яны цяпер прыедуць — на засеянае поле? І што будуць рабіць — ураджай убіраць?" — задаецца пытаннем Іван Чайчыц.

Археалагічная піраміда Маслоу

У спробе высветліць, ці могуць сельскагаспадарчыя работы пашкодзіць помніку даўніны, Sputnik звярнуўся да вучоных з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.

"На жаль, гэта класіка жанру — нават тое, што гістарычныя каштоўнасці знаходзяцца ў спісе, не ратуе іх ад такога стаўлення", — сказаў Максім Чарняўскі, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства.

Апрацоўку палёў у непасрэднай блізкасці ад ахоўнага знака ён назваў парушэннем заканадаўства і прывёў у прыклад пяшчаны кар'ер у Вілейскім раёне, які дазволілі распрацоўваць, "не паглядзеўшы ні ў якія паперы", і ў выніку разбурылі старажытнае гарадзішча. Па словах гісторыка, культурныя каштоўнасці ў грамадстве часцяком аказваюцца "на вяршыні піраміды Маслоу".

У чым розніца паміж археалогіяй і архітэктурай

У 2012 годзе ў Камянецкім раёне правялі інвентарызацыю, згодна з якой былі вызначаныя межы і зоны археалагічных помнікаў, створаны карты, у тым ліку землекарыстання.

"Усе ведалі, у якіх межах знаходзіцца помнік, іншая справа, калі гэта зямля апрацоўвалася раней", — адзначыў Алег Ткачоў, магістр гістарычных навук, навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства.

Паводле яго слоў, мае значэнне таксама, хто ўсталёўваў ахоўныя шыльды — мясцовыя ўлады самастойна або разам з археолагам.

"Часта дасылаеш дакументы — яны едуць ставіць у зусім іншае месца. Супрацоўнікі ў аддзеле культуры часта мяняюцца і не маюць паняцця, як выглядаюць помнікі, блытаюць археалогію і архітэктуру. Курган яшчэ пазнаюць, а бескурганны могільнік — для іх гэта нешта за гранню фантастыкі", — адзначыў навуковец.

Па словах Алега Ткачова, часам бывае так: прыязджае інспекцыя, а помнік у іншым месцы, паволі руйнуецца.

"З іншага боку, цяжка выразна пазначыць мяжу. Без геасканавання складана вызначыць, дзе менавіта знаходзіцца бескурганнае пахаванне", — адзначыў спецыяліст.

Інвентарызацыя наадварот

Калі высветліцца, што межы помніка шырэй, чым меркавалася, іх можна павялічыць па запыце мясцовых уладаў, але гэтая працэдура можа зацягнуцца надоўга і без ініцыятывы на месцах так і заглухнуць. Алег Ткачоў распавёў, што ў 2010 — 2011 гадах спрабавалі ўнесці ў спіс, некалькі помнікаў у Белавежскай пушчы, прайшлі ўсе інстанцыі, але мясцовыя органы дакументы не зацвердзілі.

"Гэта інвентарызацыя наадварот, калі помнікі даўніны выключаюцца са спісаў гісторыка-культурных каштоўнасцяў", — сказаў Алег Ткачоў.

Што тычыцца поля, на якім размешчаны могільнік — сельскагаспадарчыя работы не могуць, па словах навукоўца, пашкодзіць артэфактам, якія знаходзяцца на глыбіні каля 70 см.

"Знішчаюцца 30-40 сантыметраў пласта, у прынцыпе, калі раскопваюць правільна, гэта не вельмі моцна адсоўвае артэфакты адзін ад аднаго", — адзначыў навуковец.

Прамога парушэння няма

Тое, што прамога парушэння няма, пацвердзіў і Вадзім Белявец, кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Гістарычнага факультэта БДУ.

"Калі б была распрацоўка пясчанага кар'ера — гэта было б парушэнне. Пахаванне знаходзіцца на глыбіні 60-70 см. Поле раскопваецца ўжо два стагоддзі. Калі нешта ўверсе было — гэта даўно ўжо знішчана", — адзначыў гісторык.

Паводле яго слоў, уладам варта клапаціцца аб тым, каб памятны знак заставаўся на месцы.

У Камянецкім райвыканкаме Sputnik запэўнілі, што ніякіх парушэнняў пры правядзенні сельскагаспадарчых работ дапушчана не было.

Па выніках праведзенай у 2012 годзе інвентарызацыі быў падрыхтаваны пакет дакументаў, дзе прапісана, што могільнік, які ўсхваляваў грамадскасць, размешчаны на ворным полі. У Камянецкім райвыканкаме Sputnik прадставілі выпіску з дакумента.

Дакумент па бескурганнаму могільніку перыяду жалезнага веку IV-I ст. да н. э. каля в. Трасцяніца Ратайчыцкага сельскага савета, складзены супрацоўнікамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь
Sputnik
Дакумент па бескурганнаму могільніку перыяду жалезнага веку IV-I ст. да н. э. каля в. Трасцяніца Ратайчыцкага сельскага савета, складзены супрацоўнікамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь

"Пахаванні знаходзяцца глыбока, і іх межы выразна не вызначаны", — адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мікалай Громік.

Паводле яго слоў, некалькі гадоў таму побач з вёскай падчас ворыва знайшлі косткі. Сельскагаспадарчыя работы тут жа былі прыпыненыя, аднак пасля апынулася, што гэта — жывёльныя могільнікі сярэдзіны мінулага стагоддзя.

Што тычыцца могільніка ў Ратайчыцах, Мікалай Громік упэўнены — шкоды ад сельскагаспадарчых работ яму не будзе.

"У нас плугі апускаюцца на глыбіню 20 сантыметраў — не больш, таму што такі там урадлівы пласт", — кажа прадстаўнік райвыканкама, спасылаючыся на тое, што па дакументах максімальна дазволеная глыбіня работ — 35 сантыметраў.

"Мы можам і не капаць, так што — поле быльнікам зарасце, прыйдуць чорныя капальнікі з металашукальнікамі", — падсумаваў Мікалай Громік.

244
Тэмы:
Беларуская археалогія: самыя цікавыя знаходкі (39)

Спадчына