Яшчэ адна карціна Восіпа Любіча папоўніла калекцыю Мастацкага музея

© Sputnik / Алеся ШаршнёваКарціна за аўтарствам Восіпа Любіча
Карціна за аўтарствам Восіпа Любіча - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Другі жывапісны твор ураджэнца Гродзеншчыны і мастака Парыжскай школы падарыла Пасольства Беларусі ў Швейцарыі.

МІНСК, 1 чэр — Sputnik. Урачыстая цырымонія перадачы карціны Восіпа Любіча "Нацюрморт са збанам" у дар ад пасольства Беларусі ў Швейцарыі прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Невядомая карціна Любіча патрапіла ў Мінск - Sputnik Беларусь
Як букет ад Любіча на Радзіму трапіў

Як падкрэсліў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, у музеі існуе цэлая праграма па вяртанні гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Яна рэалізуецца пад патранатам Міністэрства культуры і пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Беларусі. Ён падкрэсліў, што творы Любіча будуць упрыгажэннем музея.

"Паўгады таму, калі мы сустракаліся тут, каб перадаць карціну "Маленькі букет кветак", я выказаў надзею, што ён пусціць карані і калекцыя павялічыцца. Сёння пакуль рана казаць пра сапраўдную калекцыю, але мы з'яўляемся сведкамі гістарычнай падзеі", — падкрэсліў часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч.

Карціна патрапіла ў музей дзякуючы фінансавай падтрымцы Ганаровага консула Беларусі ў Цюрыху Атанасіаса Акратаса. Ён набыў нацюрморт падчас прыватнага аукцыёну ў Ізраіле.

"Спадзяюся, што гэты мастацкі твор будзе ўзрушаць наведвальнікаў музея. У нас ёсць пагаворка, што добрых рэчаў павінна быць па тры, таму я спадзяюся, што я тут не апошні раз", — выказаў надзею спадар Акратас.

Гэта ўжо другі жывыпісны твор ураджэнца Гродна, прадстаўніка знакамітай Парыжскай школы, які папоўніць калекцыю музея. Першы — карціна "Маленькі букет кветак"  — патрапіў у музей у студзені гэтага года таксама пры падтрымцы пасольства ў Швейцарыі.

Восіп Любіч — французскі мастак, які нарадзіўся ў Гродне ў 1896 годзе і пераехаў у сувязі з эвакуацыяй з прыфрантавой зоны. Вучыўся ў Адэсе, жыў і працаваў у Парыжы і Берліне. Творы вядомага мастака захоўваюцца ў музеях Францыі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, ЗША і Ізраіля. Самая вялікая калекцыя гравюр захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Парыжа.

Стужка навiн
0