Часнок

Таблетка ад страху і абярэг ад нячысцікаў: чым яшчэ праславіўся часнок

34
(абноўлена 18:19 19.06.2018)
Этнограф Ларыса Мятлеўская расказвае, навошта часнок елі гладыятары, і дзеліцца рэцэптам смажаных стрэлак часнаку.

Часнок у свеце вырошчваюць ужо больш за 5 тысяч гадоў. Лічыцца, што радзіма яго — Сярэдняя Азія і ён блізкі сваяк цыбулі. Можна сказаць, што цыбуля — яго маці. Ёсць навукова абгрунтаваная версія, што часнок утварыўся ад аднаго з відаў цыбулі, якая расце ў гарах Туркменіі, Цянь-Шаня, Паміры.

Заправа для цвіклені
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Крышаная цыбуля і часнок

Больш за ўсіх часнок вырошчваюць у Кітаі і Індыі, адкуль яго экспартуюць у многія краіны свету. Лічыцца, што ў Індыю яго завезлі арыі, а згадкі пра расліну ў Бібліі і Каране сведчаць пра яе вялікае значэнне для старажытных цывілізацый.

Легіянеры ў старажытным Рыме ўжывалі часнок не толькі для ўмацавання фізічных сіл, але і для памнажэння храбрасці. Тое ж тычылася і вучняў гладыятарскіх школ, якія верылі, што з'едзены зубок часнаку нараджае пагарду да смерці. А ў старажытным Егіпце будаўнікі пірамід аднойчы ўчынілі бунт з-за таго, што ў абед ім перасталі даваць часнок.

Як ажывіць змяю?

Нашы продкі прыпісвалі часнаку і магічныя якасці. Напрыклад, рассечаная змяя, на думку старажытных славян, здольная была ачуняць ад датыкнення да часнаку, або "змяінай травы". У сярэдневечнай Еўропе рыцары пад даспехамі хавалі галоўку часнаку з верай, што гэта абароніць іх ад зброі ворага. На думку чэхаў, часнок, пакладзены на страху, адводзіць маланку, а падвешаны над дзвярамі — здольны адагнаць ведзьмаў, нячыстых духаў і хваробы. Гірлянды з сушанага часнаку былі абярэгам і ў жытле грэкаў.

Выкарыстоўвалі часнок як абярэг у народным побыце і беларусы. Мяшок з часнаком вешалі на шыю каровам з мэтаю абараніць іх ад малочных ведзьм, якія станавіліся асабліва небяспечнымі напярэдадні Купалля. Тое ж рабілі і маладым коням, каб не баяліся сурокаў.

Падчас хрышчэння ў абрадавых дзеяннях маці і хросныя бацькі, папярэдне наеўшыся часнаку, хукалі на немаўлятка, адганяючы такім чынам ад ахрышчанага нячыстую сілу. Тое ж рабілі блізкія і ў дачыненні маці. Выкарыстоўвалі часнок і на вяселлі: ад чараў нявесце ў дарогу ў кішэню клалі галоўку часнаку, якую яна насіла пры сабе падчас усяго абраду. Нашыя суседзі з той самай мэтай часнок упляталі ў касу маладой. Увогуле, людзі мелі звычай заўсёды насіць у кішэнях некалькі зубкоў часнаку. Навошта? Ды на ўсялякі выпадак: ці то ведзьму адагнаць, ці то палячыцца, ці то з хлебам з'есці.

Незвычайны лекавы інгрыдыент

Лекавыя ўласцівасці часнаку вядомы многім. У старажытнасці ён быў бадай што галоўным лекавым сродкам. Сокам і адварам гаілі раны, лячылі страўнік, зубы і дзёсны, бараніліся ад чумы. У старажытным рускім лячэбніку часнок лічыўся сродкам ад многіх хвароб: "Чеснок ещё варим и толчём и прикладываем к болячкам. Кои соком чесноковым помазует главу, тогда вши и гниды умирают и власы на голове укрепляются". Каб забіць у роце ўсе мікробы, дастаткова пажаваць часнок напрацягу трох хвілін.

Чеснок
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Стрэлкі часнаку на градзе

Часнок — моцны супрацьатрутны сродак, паколькі здольны прадухіліць розныя атручэнні, у тым ліку і неякаснымі прадуктамі харчавання.

Але варта памятаць, што ва ўсім трэба мець меру, бо тое, што лечыць, можа і скалечыць. І часнок не можна ўжываць цяжарным, людзям з хваробамі нырак, жоўцекамневай хваробай, анеміяй, язвамі страўніка і кішэчніка.

Таксама трэба памятаць, што часнок супрацьпаказаны тым, хто хоча пахудзець, бо гэтая расліна добра ўзбуджае апетыт.

Універсальная прыправа і самастойная страва

Вясковыя гаспадыні ніколі не куплялі часнок у краме — заўсёды меліся свае запасы, якія захоўваліся вельмі старанна. Без дробных водарных зубкоў не было дамашняй каўбасы і квашаніны. Як выдатнай заправай часнаком націралі пры пасолцы сала, дадавалі яго не шкадуючы і тады, калі квасілі ў кадках агуркі і грыбы.

Зараз у агароднікаў надзвычайнай папулярнасцю карыстаецца азімы часнок. У адрозненне ад яравога (летняга), яго садзяць не вясной, а ўвосені, каб у жніўні атрымаць ураджай.

Крышаныя стрэлкі часнаку
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Крышаныя стрэлкі часнаку

Прапаную рэцэпт смачнай стравы са стрэлак часнаку, рэцэпт якой даведалася ў старажытнай беларускай вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці.

Інгрыдыенты:

  • 200 гр стрэлак часнаку
  • 2-3 ст. лыжкі пшанічнай мукі
  • 50 гр алею
  • Соль і перац па смаку

Як гатаваць:

Памыць стрэлкі часнаку, пакрышыць на роўныя кавалачкі, кінуць у кіпяток і зварыць да гатоўнасці ў падсоленай вадзе. Дастаць з вады шумоўкай і злёгку абсмажыць іх на алеі. Асобна на разагрэтай патэльні абсмажыць муку і дадаць да стрэлак, перамяшаць і патроху дадаць ваду, увесь час мяшаючы, каб утварыўся мучны соус, як густая смятана. Пасля гэтага неабходна дадаць крыху перцу і солі.

Дарэчы, стрэлкі часнаку можна не толькі смажыць, аде і квасіць, марынаваць, саліць і тушыць.

Смачна есці і не хварэць!

34
Тэги:
Народныя традыцыі, беларуская кухня, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (21)
По теме
Добра жыць і не тужыць, або Народныя парады для мужоў і жонак
Навошта кувае зязюля і што пра гэта кажуць у народзе
Кухня нашых продкаў: каперсы з капуцынаў і дзікія качкі з белым соусам
Каментары