Суніцы

Сунічная пара на парозе, або Як гатаваць народныя беларускія дэсерты

133
(абноўлена 18:43 21.06.2018)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра карысныя ўласцівасці суніц і вучыць гатаваць ласункі па стогадовых рэцэптах.

Нашы продкі хадзілі ў лес па ягады па святах і ў нядзелю, калі большасць гаспадарчых абавязкаў была забаронена. Мужчыны звычайна ў гэтай далікатнай і маруднай справе ўдзел не прымалі. Калі ў жанчын адправіцца ў лес не атрымлівалася, туды са збанкамі і кубачкамі накіроўваліся дзеці.

Цяжка паверыць, але яшчэ ў 60-я гады ХХ стагоддзя на вёсцы не было халадзільнікаў. Прадукты, якія хутка псаваліся, захоўвалі на крыгах лёду ў склепе, апускалі на вяроўках у пасудзінах у калодзеж або імкнуліся хутка спажываць. Так было і з суніцамі, якіх зараз надыйшла самая пара.

Земляника в лукошке
© Sputnik Мария Амелина
Суніцы ў кошыку

На вёсцы суніцы елі са смятанай і малаком, дадавалі ў малочны суп з тварагом, гатавалі кулагу ці нават сушылі. Дарэчы, сушаныя ягады захоўвалі ў гліняным посудзе як лекі ад галаўнога болю.

Як сушаць суніцы

Ягады суніц неабходна перабраць, але не мыць, насыпаць тонкім слоем на сіта і сушыць у печы або духоўцы спачатку пры 40-50 градусах, а потым — пры 60 градусах. Працягласць сушкі — 2-4 гадзіны. За гэты час суніцы трэба некалькі разоў перамяшаць, каб не перасохлі і не падгарэлі.

Лепшыя лекі ад разбітага сэрца

Суніцы займаюць першае месца па ўтрыманню жалеза: яго ў гэтых ягадах у чатыры разы больш, чым у яблыках, вінаградзе і ананасах.

Акрамя таго, у суніцах утрымліваецца фосфар, бялкі, цукар і іншыя вітаміны. Карысныя якасці робяць ягаду незаменным дыетычным сродкам пры захворваннях сэрца, печані, нырак, парушэннях ліпіднага і мінеральнага абмену. Свежыя ягады ў вялікай колькасці ўжываюць пры атэрасклератычных змяненнях сасудаў сэрца, гіпертанічнай хваробе, а таксама для паляпшэння апетыту і рэгулявання стрававання.

Старыя зяляркі лячылі просты і заможны люд гарбатай, у якую ўваходзілі лісце, плады і кветкі суніц. Па сваёй карысці ягада не саступае маліне. Лічылася таксама, што лясныя суніцы — бяспройгрышны сродак ад пакут закаханага сэрца.

Але трэба памятаць, што ёсць людзі, якія маюць павышаную адчувальнасць да суніц, і ім гэта ягада супрацьпаказана.

Сунічныя ласункі па стогадовых рэцэптах

Цікава, што суніцы не губляюць сваіх карысных уласцівасцяў нават у пераапрацаваным выглядзе, таму з іх смела можна прыгатаваць варэнне, сок, джэм, мармелад, кісель, мус і крэм.

Беларускія гаспадыні выдатна ўмелі гатаваць сунічныя ласункі — у кожнай быў свой сакрэт. Некаторыя, каб ягады не развальваліся ў пенках, варэннях і крэмах, апрацоўвалі іх спіртам.

Земляника в этом году мелкая - нечем наливаться
© Sputnik / Валерия Берекчиян
Суніцы сёлетняга ўраджаю

Прапаную некалькі рэцэптаў сунічных ласункаў, папулярных больш за сто гадоў таму, з кніг Ганны Цюндзявіцкай "Літоўская гаспадыня" 1848 года і Вінцэнты Завадскай "Літоўская кухарка. Першая беларуская кулінарная кніга 1854 года".

Старажытныя рэцэпты наўмысна перададзены слова ў слова, каб аматары народнай кухні змаглі адчуць не толькі смак страў, але і смак мовы, эпохі і плынь думак руплівых гаспадыняк.

Суніцы для марожанага, пенак і крэмаў на зіму

"Свежыя ягады праціраюць праз сіта і вараць іх, дадаўшы фунт (409,5 гр — Sputnik) ці паўтара фунта цукру на фунт цёртых суніц. Запечаная з такімі суніцамі пенка нічым не адрозніваецца ад летняй, а крэм і марожанае нібыта са свежых ягад прыгатаваны. Калі суніцы праціраюць, насенне ад іх выкідаюць, аднак варта частку яго пакінуць, каб было падобна на свежыя ягады. Маліну гатуюць гэткім жа чынам, але яна вадзяністая, не такая густая і смачная, як суніцы", — піша Ганна Цюндзявіцкая.

Жэле сунічнае

"Адціснуць сок з сырых спелых суніц, працадзіць і пракіпяціць, каб аддзяліць асадак. Потым узяць на 2 шклянкі чыстага сунічнага соку  шклянку соку з зялёнага агрэсту, а на шклянку змяшанага соку 2 шклянкі дробнага цукру і гатаваць, спачатку на большым, потым на малым агні, часта спрабуючы, ці не сцягваецца ўжо жэле (выліваючы трохі вадкасці на сподачак, які трэба трымаць у халоднай вадзе)", — вучыць гаспадыняк Вінцэнта Завадская.

Кулага беларуская

Наступны рэцэпт родам з Сененскага раёну Віцебскай вобласці. Ён вядомы па ўсёй Беларусі і значна адрозніваецца ад кулагі рускай. Беларускі варыянт гатуюць з любых лясных ягад — суніц, чарніц, малін, брусніц, буякоў, каліны і нават чаромхі, вішні і сліў, папярэдне ачышчаных ад костачак.

Інгрыдыенты:

  • 1 кг ягад
  • 1 л кіпятка
  • 3-4 ст л аржанай мукі
  • 1-2 ст л мёду
  • 1 ст цукру

Як гатаваць:

Гліняны гаршчок запаўняецца ягадамі і вадой у суадносінах 1:1. Варыць кулагу можна як у печы, так і на пліце. Калі ягады разварацца, да іх падсыпаюць аржаную муку і мяшаюць да той пары, пакуль не ўтворыцца маса, падобная на кісель.

У сярэдзіне варкі кулагу запраўляюць цукрам і мёдам. Цукар можна зусім не дадаваць і выкарыстаць толькі мёд. У гэтым выпадку мукі трэба дадаць на 1-3 лыжкі болей. Па кансістэнцыі кулага павінна нагадваць рэдкую кашу.

Смачна есці!

133
Тэги:
Суніцы, беларуская кухня, Беларусь
Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (22)
По теме
Таблетка ад страху і абярэг ад нячысцікаў: чым яшчэ праславіўся часнок
Кухня нашых продкаў: як гатаваць прываротнае зелле і любімы соус Гётэ
Адзначаем Дзень рыбалова, ці Як з карпа зрабіць селядца
Каментары