Бліны з аржаной мукі

Кухня нашых продкаў: вучымся гатаваць мачанку і беларускія бліны

133
(абноўлена 18:22 21.08.2018)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, як праходзіла жніво ў нашых продкаў, і вучыць гатаваць любімую беларусамі мачанку.

Жнівень — месяц жніва. Нарыхтоўваюць прыпасы гаспадары, назапашваецца хлебам і дзяржава. Усім дапамагае бог восені — Жыцень. Ён спрыяе росту і выспяванню збажыны і гародніны, а таксама наглядае за жнівом і снапамі, пакуль яны стаяць у полі.

Нашы продкі ўяўлялі Жыценя нізкарослым дзядулем, хударлявым, з ускудлачанымі валасамі. У народзе казалі, што, сагнуўшыся, ён ціха расхаджвае па палях і агародах, алядаючыся навокал, ці добра прыбраны ўраджай.

Жыта
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Жыта

Звезеныя з поля снапы апекваў Гуменнік — дух, які жыве ў гумне, ахоўвае гэту пабудову і дапамагае гаспадару сушыць і малаціць збожжа. У адрозненні ад свайго папярэдніка Гуменнік быў дабрадушным дзядком маленькага росту. Знаўцы казалі, што яго часта можна пабачыць у гэтыя часы, толькі нельга з ім размаўляць. Лепей маліцца і хрысціцца, тады Гуменнік добра зробіць сваю работу і стане нябачным. Людзі верылі, што пакуль гумны стаяць пустыя, Гуменнік жыве ў полі, таму малым дзецям забаранялі хадзіць у жыта.

Касьба любіць сытага, а малацьба — галоднага

Сабраныя снапы звычайна захоўвалі ў гумнах — адмысловах прасторных збудаваннях з такаванай падлогай. Гумно ў вясковай гаспадарцы лічылася адной з найважнейшых пабудоў. Казалі, што калі ў селяніна згарала хата, можна было адбудаваць яе і жыць далей. Калі ж разам з жыллём гарэла і гумно, чалавек мусіў станавіцца парабкам і нават жабраком.

У гумне снапы прасушваліся і абмалочваліся цапамі на глінабітнай падлозе, якая называлася "ток". Праца гэта была вельмі складаная, але выконвалі яе абавязкова нашча. У народзе так і казалі: "Касьба любіць сытага, а малацьба галоднага".

А вось пасля працы ўсе збіраліся падсілкавацца. Завяршэнне вялікай працы заўсёды адзначалі смачным сняданкам, абедам або вячэрай.

Гэтай парой ежа на вёсцы была простая і сытная, гатаваць мудрагелістыя стравы не было часу, паколькі жанчыны разам з мужчынамі малацілі снапы.

З свежай мукі гаспадыні абавязкова пяклі хлеб. Рабілі гэта звычайна раз на тыдзень. На адну порцыю выдаткавалася ад аднаго да палутара пудоў, прыкладна ад 16 да 22 кілаграм (пуд — 16,3 кг — Sputnik). З гэтай колькасці мукі атрымлівалася 10-15 "кулідак", або боханаў, хлеба вагой у 2,5 кілаграмы.

Традыцыйна на Беларусі хлеб пяклі толькі з жытняй мукі ў рэдкіх выпадках дадаючы грэцкай і яшчэ радзей ячменнай. Самым лепшым гатункам мукі лічылі сітную, прасеяную праз густое сіта. Такі хлеб дазвалялі сабе толькі заможныя людзі. Простыя людзі вельмі часта пяклі "хуткую" замену вялікім боханам — праснакі, скавароднікі, падпаломыкі, каржы-крышаньцы і бліны.

Няма лепшага сняданка, як бліны ды мачанка

Мачанка — страва, якую лічаць нацыянальнай усе беларусы. Гэта страва ніколі не падавалася на стол без бліноў, сачнёў ці хлеба.

Дарэчы, блізкай "сястрой" мачанкі лічылася верашчака. Так называлі "падкалочаную" мукой страву з салам, мясам ці каўбасой, у якую макалі бліны ды аладкі. Але верашчаку заўсёды падавалі на стол гарачай, тады як мачанку елі і цёплай, і халоднай, што было вельмі зручна падчас сельскагаспадарчых работ.

Адзін з відаў мачанкі — пражаніна. Такую назву меў соус з аўсянай, аржаной і нават пшанічнай мукі тонкага памолу, у які дадавалі маленькія кавалачкі свінога сала, рабрынкі, а па вялікіх святах нават цэлыя кольцы каўбасы. Усё гэта змяшчалася ў глыбокую міску або гліняны гаршчок, у які кідалі цыбулю, перац або хатнія спецыі — каляндру, кроп, лаўровы ліст. Гаршчок з духмянай стравай пакідалі пад накрыўкай у печы, пакуль пражаніна не загусцее, а кожны інгрыдыент пад уздзеяннем цяпла не аддасць свой смак соўсу.

Мачанка па-сялянску

Інгрыдыенты:

  • 250 г свініны з рэбернымі косткамі
  • 250 г сырой каўбасы
  • 2 цыбуліны
  • 100 г сала
  • 2 ст. лыжкі мукі
  • Лаўровы ліст
  • Соль па смаку

 Як гатаваць:

Мяса абсмажыць і вылажыць на талерку. Асобна падсмажыць дробна накрышаныя цыбулю і сала. Пшанічную або ячную муку развесці халоднай вадой і ўліваць у кіпень, увесь час памешваючы, да ўтварэння рэдкай мучной падліўкі. Дадаць соль, лаўровы ліст, пакласці падсмажанае разам з цыбуляй сала, а таксама рабрынкі з каўбасой. Усе інгрыдыенты пакінуць пад накрыўкай ў цёплую печ або духоўку на 20-25 хвілін.

Бліны на сыроватцы

Інгрыдыенты:

  • 1 л сыроваткі або кіслага малака
  • 0,5 ст. лыжкі соды
  • 1 яйка
  • Мука
  • Соль і цукар па смаку

Як гатаваць:

У сыроватку сыплюць соду, каб добра запенілася. Калі сыроватка свежая, то варта дадаць крыху пладовага воцату. Дадаюць яйка, соль, цукар па смаку і мукі столькі, каб цеста было не густое і добра лілася.

Бліны на сыроватцы з печы
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Бліны на сыроватцы з печы

На разагрэтую патэльню ўліваюць алей не шкадуючы і наліваюць два чарпакі цеста. Ставяць патэльню ў печ і чакаюць, пакуль не зашыпіць, каб перавярнуць блін на другі бок.

Смачна есці!

133
Тэги:
Народныя традыцыі, Нацыянальная кухня, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
По теме
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Гасцей пільнаваў сабака: як праходзілі застоллі ў Янкі Купалы
Табакерка на абед, або Як гатаваць порхаўкі
Хлебніца і драмуха: з чаго гатавалі гарбату нашы продкі
Маліны для малімоніка: гатуем смачныя і карысныя стравы з салодкай ягады
Віно і смажаныя кураняты: што яшчэ гатавалі нашы продкі з агрэсту
Кухня нашых продкаў: як гатаваць прываротнае зелле і любімы соус Гётэ