Арэхавы Спас

Твой час, Малы Спас: варажым на арэхах і гатуем народныя дэсерты

41
(абноўлена 09:30 29.08.2018)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, што такое "генеральнае арэхаванне" і вучыць рабіць арэхавыя прысмакі.

Амаль палову жніўня святкуюць старажытнае земляробчае свята Іспас, звязанае з выспяваннем пладоў. Па народным календары ўжо адзначылі Першы або "Мядовы" і Другі або "Яблычны" Спасы. Зараз надыйшоў час Малога Спаса, які яшчэ мае назвы "Хлебнага" ці "Арэхавага".  Гэтай парой у лесе выспяаюць арэхі. Невялікую іх частку разам з боханам хлеба абавязкова асвячаюць у царкве.

Сімвал плоцкага кахання і пладавітасці

Згодна з міфалагічнымі ўяўленнямі беларусаў, арэх або ляшчына — свяшчэннае дрэва.  Па павер'ях, у яго ніколі не б'е маланка, таму менавіта пад арэшнікам нашы продкі хаваліся падчас навальніцы.

Маладыя парасткі ляшчыны звычайна затыкалі за пояс як абярэг, здольны адганяць нячыстую сілу, змей і нават хмары.

Лещина
CC0 / Pixabay / Myriams-Fotos
Ляшчына

Моцны, гнуткі арэхавы куст, які дае адразу шмат пладоў лічыўся сімвалам плоцкага кахання і пладавітасці. Каб мець першым сына, маладая клала пад ложак менавіта арэхі.

Па здвоеных арэхах, якія ў народзе называюц спарышамі, дзяўчаты варажылі аб замужжы.  Калі першым падчас збору арэхаў трапляўся спарыш, у якім абодва арэхі былі з паўнаважнымі ядрамі, гэта абацала дзяўчыне быць ў моцнай пары.

Адмысловыя прыкметы былі звязаны і з цвіценнем ляшчыны. Нашы продкі лічылі, што цвіце яна толькі ўначы на Звеставанне ці ў чысты чацвер. Казалі, што той, хто сарве і захавае першую кветку, хутчэй знойдзе скарб у купальскую ноч.

Арэхавае свята на стравы багата

У метэаралагічным кодзе арэху адпавядае вецер. Паводле народных прыкметаў, калі на Раство або Новы год будзе вецер са снегам, варта чакаць вялікага ўраджаю арэхаў.

Лясныя арэхі здаўна былі адным з улюбёных ласункаў беларусаў. Імі не толькі ласаваліся, але і выкарыстоўвалі ў якасці грошай.

Яблоки, орехи, чай - завтрак во время поста
© Sputnik
Яблык, арэхі і гарбата

Самым распаўсюджаным на Беларусі арэхам лічыцца ляшчына. На пачатку ХХ стагоддзя на Палессі, сярод вясковага насельніцтва існаваў нават цікавы звычай — дзень агульнага збору арэхаў, які называўся "генеральнае арэхаванне". У сярэдзіне жніўня сяляне цэлымі сем'ямі ішлі ў лес па арэхі.  Хадзіць у лес паасобку па гэтай важнай справе асцерагаліся, бо тых, хто збірае недаспелыя арэхі, чакала пакаранне.

Вось як гэты грамадскі звычай апісаны ў этнагафічных замалёўках Часлава Пяткевіча: "На досвітку ўжо ўсе ідуць у лес нягледзячы на характар надвор'я. Збіраюць у палатняныя торбы, павешаныя цераз плячо на правы бок; тонкія ствалы прыгінаюць, прытрымліваючы левай рукой, правай шчыплюць арэхі, на таўсцейшыя ўзлазяць дзеці аж да вярхоў і звешваюцца на іх, прыгінаючы да зямлі. Так адны трымаюць нахіленую ляшчыну, а другія абіраюць яе".

Найлепшымі па якасцях лічыліся арэхі, сабраныя падчас агульнага арэхавання. Пасля гэтага надыходзіў час рабіць вядомы ласунак — "арэхі ў мёдзе".  Ласунак захоўвалі ў слоіках і даставалі аддуль па патрэбе.

Арэхі ў мёдзе

Інгрыдыенты:

  • Арэхі
  • Мёд

Як гатаваць:

Ядры свежых арэхаў трэба растаўчы і ачысціць ад тонкай верхняй скуркі, а пасля высушыць у негарачай печ або духоўцы амаль да крохкасці.

Гатовя арэхі неабходна змяшаць з падрумяненым мёдам і добра перамяшаць. Маса павінна атрымацца густой. Каб вызначыць, ці гатовы мёд, яго, як падчас варкі варэння, наліваюць на сподачак. Калі ахалоджаны мёд хутка гусцее, то масу трэба здымаць з агню.

Бортный мед
© Sputnik / Сергей Лескеть /
Бортны мёд

Пакуль арэхі гарачыя, іх бяруць з патэльні лыжкай, і крыху пачакаўшы, рукамі раскладваюць на чысты металічны паднос.

Калі рэхі з мёдам засохнуць, іх складваюць у слоікі.

Арэхавы торт

Інгрыдыенты:

  • 400 гр лясных арэхаў
  • 400 гр цукру
  • 10 яек
  • Мармелад або варэнне

Як гатаваць:

Лушчаныя лясныя арэхі неабходна патаўчы разам з цукрам, дадаць 10 узбітых бялкоў і добра ўсё змяшаць. Масу раздзяліць на тры часткі, выкласці ўсё у круглую форму і запекчы.

Калі каржы будуць гатовыя, змазаць іх мармеладам або варэннем і пакласці адзін на аднаго, затым абліць глазурай і падсушыць у духоўцы.

Смачна есці!

41
Тэги:
Народныя традыцыі, беларуская кухня, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
По теме
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі
Каментары