Жанчыны на адпачынку, архіўнае фота

Паседжанка, або Як бавілі вольны час нашы продкі

124
(абноўлена 10:18 31.10.2018)
Этнограф Ларыса Мятлеўская прапануе на восеньскія вечары народную беларускую забаўку і вучыць гатаваць клёцкі, каб пачаставаць гасцей.

Сучасны чалавек мае шмат магчымасцяў цікава правесці доўгія восеньскія вечары. У нашых продкаў замест камп’ютараў, тэлефонаў, фітнэс-цэнтраў і розных іншых цікавостак існаваў таварыскі звычай - "паседжанка".

Паседжанка – гэта выпадковая ці загадзя спланаваная сустрэча бліжэйшых суседзяў у хаце пэўнага гаспадара. Часцей за ўсё іх ладзілі ў святочныя вечары, бо ў звычайныя дні працы хапала як у жанчын, так і ў мужчын.

Колькасць удзельнікаў паседжанкі залежала ад велічыні хаты, ў якой збіраліся аднавяскоўцы, каб паслухаць запрошанага з гэтай нагоды казачніка. Так званых народных артыстаў моўнага жанру простыя людзі называлі краснабаямі. Такіх людзей можна было знайсці ў кожнай вёсцы, бо казкі любілі не толькі дзеці, але і дарослыя.

Фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі, запісваючы апавяданні і казкі Слуцкага павету, пісаў, што "казка — самае яркае люстэрка сілы фантазіі чалавека, без якой немагчыма творчасць. Дзякуючы ёй чалавек пазнае свет, выпрацоўвае лепшыя маральныя якасці, якія будуць успрыняты нашчадкамі".

Казачнікамі звычайна былі не толькі мужчыны але і старыя жанчыны, якія ў адрозненне ад першых найчасцей забаўлялі дзяўчат на попрадках. Каб завалодаць увагай людзей розных узростаў, трэба было карыстацца іх павагай, мець цікавы рэпертуар, добрую памяць. Гісторыя захавала імя Матруны Бохмат, жыхаркі вёскі Чудзін, якая памятала не менш як 50 казак.

Вось як пачыналася большасць гэтых казак:

  • Быў сабе дзед і баба, да было ў іх тры сыны, два разумных, а трэці дурань;
  • Быў сабе багаты мужык;
  • Была сабе адна ведзьма;
  • За гарамі, за лясамі жыў змей або дванаццаць разбойнікаў.

Казкі падзяляліся на авантурныя – страшныя, вясёлыя – смешныя, нецэнзурныя – сарамлівыя, якія не распавядалі пры дзецях да 12 гадоў. Этнограф Часлаў Пяткевіч пра звычай збірацца слухаць казкі пісаў: "Казка для палешука з’яўляецца такой мілай забаваю, што пры недахопе новых ахвотна слухаюць нават добра ім вядомыя і шчыра радуюцца, калі сярод слухачоў знаходзяцца такія, хто першы раз чуе тыя ці іншыя з іх, нібыта яму нешта з гэтага прыбыло".

Народны абрад Жаніцьба Цярэшкі
© Sputnik Альфрэд Мікус
Фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі, запісваючы апавяданні і казкі Слуцкага павету, пісаў, што "казка — самае яркае люстэрка сілы фантазіі чалавека"

Лічылася, што чым даўжэйшая казка, тым яна лепшая. Часам некаторыя асабліва здольныя краснабаі аб’ядноўвалі адразу некалькі казак у адну і нават імправізавалі. Цікава, што ў побыце, калі нехта марочыў галаву, то слухач мог, страціўшы цярплівасць, сказаць: "Да годзе ўжэ баіць, краснабай, ідзі на паседжанку!"

З надыходам асветы, ужо ў перадапошнім дзесяцігоддзі ХІХ стагоддзя карабейнікі сталі распаўсюджваць друкаваныя рускія казкі, так званыя "лубочные произведения". Прачытаўшы іх, казачнікі апавядалі іх пасля па-беларуску, пакідаючы незразумелыя для сялян тэрміны без змен. Традыцыя апавядаць казкі на паседжанках дажыла ў некаторых мясцовасцях Беларусі да сярэдзіны ХХ стагоддзя.

Народныя краснабаі маглі расказваць, або баіць казкі, цэлымі гадзінамі. Завяршалася казка заўсёды так: "І я там быў, мёд, віно піў, і ў році ні было, па барадзе пацякло, узяўся за вуха, а ў роце суха" – сказ быў нібыта намёкам, што трэба прыступаць да вячэры, якой звычайна завяршалася паседжанка. Літаральна праз пару хвілін на стале з’яўлялася вялікая колькасць страў, якія кожны, акрамя казачніка, прыносіў з дому.

Старажытны абрад Цягнуць Каляду на дуба
© Sputnik Альфрэд Мiкус
Прысмакі на паседжанку вяскоўцы прыносілі з дому

Даждлівыя восеньскія вечары – добрая нагода прыгатаваць смачную страву – напрыклад, беларускія клёцкі -  і сабраць сваіх суседзяў ці сяброў на паседжанку.

Клёцкі па-Карэвіцку

Інгрыдыенты:

  • 3 кг сырой бульбы
  • 1 кг бульбянага пюрэ
  • 3-4 буйныя цыбуліны
  • 1,5 кг свінога фаршу
  • 1-1,5 ч лыжкі прыправы (размарын, цім'ян, кроп, чырвоны і чорны молаты перац)
  • 5 ст. лыжак крухамлу
  • Соль
  • Смятана

Як гатаваць:

Зварыць бульбу, стаўчы, дадаць у пюрэ крыху солі і 1 лыжку смятаны. Сырую бульбу трэба пачысціць, пацерці як на дранікі, адціснуць праз марлю, сок адставіць у бок, каб сабраць пасля крухмал. Акрамя гэтага трэба пацерці 1 буйную цыбуліну і перамяшаць з адціснутай бульбай,дадаць крыху солі, бульбянае пюрэ, 2 ст. лыжкі крухмалу, перамяшаць, замясіць цеста.

Для начынкі дробна скрышыць 2 цыбуліны, дадаць фарш, соль і прыправу па смаку, перамяшаць.

Клёцкі
© CC0 / Pixabay / RitaE
Клёцкі

Каб цеста не прыліпала да рук, на стол або талерку варта насыпаць крыху мукі. Узяць крыху цеста і распляскаць на далоні ў выглядзе аладкі таўшчынёй у 1 см, укласці не менш 1 ст. л. фаршу ўсярэдзіну і зляпіць вялікую клёцку круглай формы. Дарэчы, фарміраванне клёцак у вёсцы Карэвічы, адкуль пайшоў гэты рэцэпт, называецца цацкаваннем.

Наліць у каструлю вады і закіпяціць, дадаць на 5 л вады 1 ст. лыжку солі і 3 ст. л крухмалу, папярэдне разведзенага ў халоднай вадзе. Павінны атрымацца рэдкі кісель. Апусціць туды клёцкі і паставіць варыцца на 20-30 хвілін да таго часу, пакуль не ўсплывуць.

Крухмал дадаюць у ваду для таго, каб клёцкі падчас варкі не разваліліся. Асабліва гэта патрэбна, калі для цеста ўжываюць маладую бульбу.

124
Тэги:
Ларыса Мятлеўская, беларуская кухня
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (105)
По теме
Чым нашы продкі замянялі мяса на талерцы?
Кухня нашых продкаў: гатуем прыправы для непаўторнага смаку страў
Не толькі дранікі: як скарыстаць бульбу у гаспадарцы і пры чым тут вышыванка
Бурачны дзень, або Як зварыць беларускі боршч
Мастак, музыкант, літаратар, кампазітар і педагог Напалеон Орда

Напалеон Орда: летапісец беларускай архітэктуры

254
(абноўлена 22:12 10.02.2021)
У гэты дзень нарадзіўся мастак, кампазітар і педагог Напалеон Орда, аўтар тысяч гравюр, на якіх адлюстраваны старажытныя маёнткі Беларусі.

Напалеон Орда нарадзіўся 11 лютага 1807 года ў маёнтку ў Варацэвічах (сучасная Брэсцкая вобласць). 26 гадоў ён пражыў у Беларусі, але пасля паўстання 1831 года з'ехаў у Францыю пад чужым імем. У Парыжы Орда актыўна заняўся творчасцю – музыкай і мастацтвам.

Напалеон Орда маляваў страчаную цывілізацыю
© Sputnik Станіслаў Андросік, Сяргей Пушкiн Напалеон Орда маляваў страчаную цывілізацыю

У Францыі Напалеон Орда пазнаёміўся і сябраваў з выбітнымі прадстаўнікамі свайго часу: пісьменнікамі Бальзакам, Стэндалем, Цергеневым і Міцкевічам, кампазітарамі і музыкантамі Вердзі, Лістам, Шапэнам, у якіх браў урокі.

Музычныя творы Напалеона Орды неўзабаве загучалі са сцэн Францыі, Германіі, Польшчы і Расіі. Ён становіцца дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы і працуе там да яе зачынення падчас рэвалюцыі 1848 года.

Напалеон Орда вядомы як заснавальнік беларускай школы фартэпіяннага мастацтва. Акрамя таго, ён быў аўтарам шэрага твораў па тэорыі музыкі. Напалеон Орда напісаў кнігу "Граматыка музыкі", якая шмат дзесяцігоддзяў лічылася адным з лепшых падручнікаў па тэорыі музыкі.

У наступныя гады Орда шмат вандраваў і рабіў у розных краінах замалёўкі. У 1856 годзе ён вяртаецца на радзіму і пачынае рабіць гравюры з мясцовых палацаў і сядзіб, многія з якіх пачыналі ўжо ў яго час прыходзіць у заняпад.

Вялікую частку твораў Напалеона Орды пасля яго смерці родныя перадалі ў Польшчу, у Нацыянальны музей Кракава. Вялікая калекцыя літаграфій таксама знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У цэнтры Парыжа ў гонар Напалеона Орды ўсталявана памятная дошка. У Варацэвічах створаны музей і дзейнічае мастацкя галерэя. Імем Напалеона Орды названая вуліца ў Мінску. Да дэнамінацыі на статысячнай купюры можна было ўбачыць адну з самых вядомых гравюр Напалеона Орды "Нясвіжскі замак".

Замалёўкі Напалеона Орды, акрамя мастацкай каштоўнасці, маюць вялікае значэнне для сучасных рэстаўратараў і гісторыкаў архітэктуры. У дзень смерці мастака мы прапануем паглядзець на некаторыя з іх.

Чытайце таксама: 

  • Барыс Аракчэеў: спявак беларускай прыроды
  • Шагал і Віцебск: гісторыя кахання, якая працягнулася пасля смерці
  • "Суровы рэалізм" Мая Данцыга і яго вайна
  • Вешчыя сны і космас: пяць цікавых фактаў пра Язэпа Драздовіча
254
Тэги:
Напалеон Орда
Кастусь Каліноўскі

Кастусь Каліноўскі: "Бяссмертны ты, як фенікс, мой народ..."

41
(абноўлена 11:35 02.02.2021)
Гэтыя словы належаць знакамітаму беларускаму пісьменніку і паэту Уладзіміру Караткевічу, але гучаць з вуснаў Кастуся Каліноўскага ў аднайменнай п’есе. Сёння спаўняецца 183 гады з дня нараджэння лідэра паўстання 1863-1864.

Кастусь Каліноўскі (1838-1864 гг.) нарадзіўся ў Гродзенскім павеце ў сям'і беззямельнага шляхціца. Да рэвалюцыйнай дзейнасці далучыўся ў час вучобы на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. Вярнуўшыся ў 1861 годзе пасля вучобы на радзіму, ён стварыў на Гродзеншчыне рэвалюцыйную арганізацыю.

Яська, гаспадар з-пад Вільні

Восенню 1862 года Каліноўскі стаў старшынёй Літоўскага правінцыяльнага камітэта (ЛПК) у Вільні - цэнтра "чырвоных" у Літве і Беларусі, які ўзначаліў падрыхтоўку узброенага паўстання супраць царскіх уладаў.

У рускай гістарыяграфіі паўстанне 1863-1864 атрымала назву Другое польскае паўстанне або мяцеж, у польскай - Студзеньскае паўстанне, у беларускай гістарыяграфіі - паўстанне Кастуся Каліноўскага, каб выдзяліць яго з агульных паўстанцкіх дзеянняў на тэрыторыі Беларусі.

Вялікую ролю ў арганізацыі паўстання адыграла выданне з лета 1862 года Кастусём Каліноўскім разам са сваімі аднадумцамі першай рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты ў Беларусі "Мужыцкая праўда". Выйшлі 7 нумароў газеты. Каліноўскі прапагандаваў ідэю народнай сялянскай рэвалюцыі і сфармуляваў ідэю дэмакратычнай народнай дзяржавы: "… не народ для ўрада, а ўрад для народа". Нумары газеты ён падпісваў псеўданімам "Яська, гаспадар з-пад Вільні".

Прычыны паўстання

Перадумовы паўстання былі звязаны з асаблівасцямі развіцця Беларусі ў другой палове XIX стагоддзя. Беларускае сялянства было незадаволена ўмовамі адмены прыгоннага права. 3 мэтай прадухілення іх удзелу ў паўстанні супраць самадзяржаўя, што пачалося 22 студзеня 1863 года ў Польшчы, царскі ўрад змяніў некаторыя палажэнні рэформы 1861 г. і скасаваў часоваабавязанае становішча сялян. Былі паменшаны на 20% выкупныя плацяжы. Гэта паўплывала на ўдзел сялянства ў паўстанні. Сярод паўстанцаў налічвалася толькі 18% сялян.

Масавы ўдзел у паўстанні прыняла шляхта, якая дамагалася аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Найбольш рашуча настроеная частка шляхты ажыццяўленне сваіх мэт звязвала з падрыхтоўкай і правядзеннем узброенага паўстання супраць царскіх улад пры падтрымцы сялян. Прыхільнікаў такой тактыкі дзеянняў называлі "чырвонымі".

Частка буйных памешчыкаў спадзявалася дасягнуць названых мэтаў паўстання мірным шляхам без удзелу сялянства. Прыхільнікаў такой тактыкі называлі "белымі".

Вынікі паўстання

Адсутнасць адзінага плана баявых дзеянняў, недахоп сіл і зброі, аб'яўленне беларускіх губерняў на ваенным становішчы і правядзенне карнай аперацыі супраць паўстанцаў пад кіраўніцтвам віленскага генерал-губернатара М. Мураўёва, рознагалоссі паміж удзельнікамі паўстання прывялі да яго паражэння. Восенню 1863 года ўзброеная барацьба ў Беларусі была практычна падаўлена.

У канцы студзеня 1864 г. быў арыштаваны Каліноўскі. Знаходзячыся ў турме, ён напісаў і перадаў на волю тры лісты свайму народу, вядомыя пад назвай "Лісты з-пад шыбеніцы".

3 лістоў вынікала, што Каліноўскі не прызнаваў маскоўскі або польскі ўрады сваімі для беларусаў. Ён заклікаў беларускі народ ісці ваяваць "за свайго Бога, за сваё права… за сваю Бацькаўшчыну". У сваю апошнюю хвіліну, стоячы пад шыбеніцай, Каліноўскі пры абвяшчэнні судовага прыгавору, у якім яго назвалі "дваранінам", заявіў: "У нас няма дваран - усе роўныя!".

Нагадаем, што крыху больш за год таму, 22 лістапада 2019 года, у Вільнюсе адбылася ўрачыстая цырымонія перапахавання Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстання 1863 года. Ад урада Беларусі ў мерапрыемстве прымаў удзел віцэ-прэм'ер рэспублікі Ігар Петрышэнка. На той час дзеючы прадстаяцель РКЦ у Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які прысутнічаў на цырымоніі, назваў Каліноўскага нацыянальным героем Беларусі, па звестках Tut.by. Раней падчас выступлення перад журналістамі прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў неадназначнай постаць Каліноўскага, аднак прызнаў, што "гэта наш чалавек нашай дзяржавы".

41
Тэги:
Кастусь Каліноўскі, Паўстанне 1963 года
Тбілісі

На самалёце і з ПЦР-тэстам: Грузія дазволіла ўезд беларусам

23
(абноўлена 17:27 24.02.2021)
Новы прэм'ер паведаміў, што зняў усе абмежаванні, уведзеныя з-за каронавіруса, - акрамя каменданцкай гадзіны.

МІНСК, 24 лют – Sputnik. Беларусы змогуць уехаць у Грузію з 1 сакавіка, пра гэта паведаміў прэм'ер Грузіі Іраклій Гарыбашвілі.

Уехаць можна пакуль што толькі паветраным шляхам - сухапутныя межы застаюцца зачыненымі для турыстаў. Абавязковая ўмова - наяўнасць з сабой адмоўнага ПЦР-тэста.

У Грузіі таксама здымаецца вялікая частка абмежаванняў, якія раней былі ўведзены з-за каронавіруса - за выключэннем каменданцкай гадзіны. Яна дзейнічае па ўсёй краіне з 21:00 да 05:00.

Адновяць работу рэстараны, якія знаходзяцца ў закрытых памяшканнях (за выключэннем выхадных дзён), хоць ім прыйдзецца выконваць шэраг умоў і рэкамендацый.

З 25 лютага ў краіне адновіць працу міжгародні транспарт і гасцініцы ў гарналыжных курортных гарадах. З 15 сакавіка адкрыюцца спартыўныя залы, тэатры, гандлёвыя цэнтры і рынкі, з 1 сакавіка зноў пачнуць працу дзіцячыя сады і ВНУ.

Нагадаем, што абмежаванні былі ўведзены ў краіне з-за пандэміі каронавіруса. Уехаць у яе маглі з ПЦР-тэстам толькі грамадзяне краін ЕС, ад астатніх патрабавалася прадаставіць даведку аб праходжанні поўнага курса вакцынацыі. Зараз спісак стаў больш: да іх, акрамя Беларусі, дадаліся Расія, Арменія, Азербайджан, Украіна і Казахстан.

За ўвесь перыяд пандэміі каронавіруса ў Грузіі былі зафіксаваны 269 438 выпадкаў заражэнняў, памерлі 3 463 чалавекі. Вакцынацыю ад каронавіруса ўлады плануюць пачаць у сакавіку.

Дзе ў Мінску можна здаць ПЦР-тэст для паездкі за межы рэспублікі - можна прачытаць тут.

Чытайце таксама:

23
Тэги:
каронавірус, беларусы, Грузія, тэст, Самалёты
Тэмы:
Каронавірус COVID-19