Дарагому госцю - усё самае лепшае

Сакрэты беларускай гасціннасці: чым частаваць нечаканага госця

381
(абноўлена 11:09 29.11.2018)
Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца сакрэтамі беларускай гасціннасці і вучыць гатаваць ласункі для нечаканых гасцей.

Нашы продкі лічылі неспадзяванага госця самым чаканым – яго называлі пасланнікам Бога. Верылі, што Гасподзь строга асудзіць таго, хто закрые дзверы перад чалавекам, які трапіў у цяжкае становішча.

Сярод таварыскіх звычаяў беларусаў гасціннасць займае асаблівае месца. Шанавалі не толькі сваякоў і суседзяў, але і нават чужых людзей. Праявіць гасціннасць да падарожных, гатоўнасць падаць міласціню як у канкрэтным, замацаваным традыцыяй выпадку, так і па нечаканай, стыхійна ўзніклай просьбе — звычайная маральная норма для беларускіх сялян.

Дажынкі ў Хажова
© Sputnik Альфрэд Мікус
На стол для гасцей ставілі ўсё самае лепшае

У розных кутках Беларусі існавалі свае завядзёнкі ў дачыненні да гасцей, але яны былі агульнымі ў праявах ветлівасці і добразычлівасці.

У тэкставых крыніцах дагэтуль можна знайсці звесткі аб тым, што самымі гасціннымі сярод беларусаў былі палешукі. Так, этнограф Міхаіл Федароўскі ў адной са сваіх шматлікіх нататак да "Характарыстыкі беларусаў" пісаў: "Падарожнік часам мусіць усю вёску праехаць, перш чым упросіць каго-небудзь каб той яго прыняў на начлег. Сусед яго — паляшук з’яўляецца ўзорам гасціннасці: падарожнага з адкрытымі абдымкамі ён прымае ў доме; ставіць мёд, за які не хоча браць плату. Поўны жолаб аўса насыпле яго коням, і сена дакідае па-палесску, не шкадуючы".

Гасцей абавязкова кармілі тым, што елі самі, а пасля клалі спаць на падлозе ці на лавах у тым пакоі, дзе спалі самі. Пры гэтым, каб гасцям было мякка спаць, падлогу засцілалі кулямі саломы, якія зверху накрывалі посцілкамі і рагожкамі.  Так імкнуліся нават у самай беднай хаце зрабіць начлег падарожных утульным. Калі ж гаспадары былі больш заможныя, то кожнаму госцю прадстаўлялі асобную пасцель.

Глушанскі хутарок-2018
© Sputnik Альфрэд Мікус
Госць лічыўся пасланнікам Бога, таму і ставілі на стол пачастункі

Робячы так, людзі былі ўпэўнены, што, калі ім давядзецца трапіць у такую сітуацыю, з імі абыйдуцца такім жа чынам. Праз падарожных пашыраліся камунікацыі з навакольнымі вёскамі і мястэчкамі. Ад іх можна было пачуць апошнія навіны, падзяліцца вопытам ў вядзенні гаспадаркі, жанчыны пераймалі новыя ўзоры крояў і вышыўкі, дапамагалі гаспадарам у лячэнні людзей і хатніх жывёл.

Каток мыецца, госціка вяшчуе

У народзе заўсёды было прынята сачыць за павер’ямі. Не выключэнне і  павер’і, звязаныя з гасцямі. Аб іх прыбыцці паведамляюць кот, сабака, сарока, певень і павук.

  • Калі кот хвост задзярэ да ліжацца,  госці будуць. Як хвост на покуць пакладзе — госці будуць.
  • Кот мыецца — госці, як у дзверы ногу задзярэ, то з’язджае.
  • Сабака брэша -  госці ўжо на парозе.
  • Сарока, разношчыца навін, яе стракатанне абяцае прыбыццё гасцей.
  • Павук, які спускаецца па сваім павуцінні ў хаце, прадвяшчае з’яўленне гасцей.

Калі певень праспявае на варотах ці веснічках, то трэба чакаць госця, а па накірунку пеўневай галавы можна нават вызначыць прыкладны напрамак яго з’яўлення.

Накрываем на стол для нечаканага госця

Часцей за ўсё ў пісьмовых крыніцах як стравы для нечаканых гасцей узгадваюцца яечня і кулеш. Спажыўныя кулеш і яечня гатуюцца хутка і складаюцца з набора прадуктаў якія заўсёды былі пад рукой у кожнай гаспадыні. Іх падавала і пані Мальгрэта для тых, хто знайшоў прытулак у шляхціца Завальні Яна Баршчэўскага.

Кулеш

Інгрыдыенты:

  • 2-3 шклянкі ячменнай або гарохавай мукі
  • 60-80 г сала
  • Соль па смаку

Як гатаваць:

У падсоленую ваду, якая кіпіць, засыпаць невялікімі порцыямі ячменную або гарохавую муку, перамяшаць, сочачы за тым, каб не ўтвараліся камячкі, дадаць соль, дробна накрышаныя кавалачкі сала. Варыць на малым агні 10-15 хвілін, увесь час мяшаючы, каб кулеш не падгарэў.

© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Кулеш

Парада руплівай гаспадынькі: Калі гатаваць кулеш з гарохавай мукі, то лепей узяць вэнджанае сала або грудзінку. Будзе смачней.

Яечня бітая

Інгрыдыенты:

  • 3 яйкі
  • 2 ст лыжкі малака
  • 50 г сметанковага масла
  • Соль па смаку

Як гатаваць:

У маленькім рондалі растапіць масла, сюды ж убіць яйкі, уліць малако, пасаліць, узбіць. Паставіць каструлю на сярэдні агонь і варыць, увесь час памешваючы да загушчэння. Па кансістэнцыі страва павінна нагадваць рэдкую кашу. Пасля яе трэба зняць з агню і яшчэ хвіліну мяшаць, а потым выкласці на талерку.

Яечня бітая
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Яечня бітая

Для разнастайнасці пры ўзбіванні яек можна дадаць крышаную зялёную цыбулю ці кроп.

381
Тэги:
Беларусь, Традыцыі і абрады, Кухня
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (105)
По теме
Не толькі дранікі: як скарыстаць бульбу у гаспадарцы і пры чым тут вышыванка
Бурачны дзень, або Як зварыць беларускі боршч
Кухня нашых продкаў: гатуем бульбяныя стравы з дубовым лісцем і крывёю
Банкуха ці баумкухен? Гатуем беларускі вясельны пірог
Паседжанка, або Як бавілі вольны час нашы продкі
Мастак, музыкант, літаратар, кампазітар і педагог Напалеон Орда

Напалеон Орда: летапісец беларускай архітэктуры

254
(абноўлена 22:12 10.02.2021)
У гэты дзень нарадзіўся мастак, кампазітар і педагог Напалеон Орда, аўтар тысяч гравюр, на якіх адлюстраваны старажытныя маёнткі Беларусі.

Напалеон Орда нарадзіўся 11 лютага 1807 года ў маёнтку ў Варацэвічах (сучасная Брэсцкая вобласць). 26 гадоў ён пражыў у Беларусі, але пасля паўстання 1831 года з'ехаў у Францыю пад чужым імем. У Парыжы Орда актыўна заняўся творчасцю – музыкай і мастацтвам.

Напалеон Орда маляваў страчаную цывілізацыю
© Sputnik Станіслаў Андросік, Сяргей Пушкiн Напалеон Орда маляваў страчаную цывілізацыю

У Францыі Напалеон Орда пазнаёміўся і сябраваў з выбітнымі прадстаўнікамі свайго часу: пісьменнікамі Бальзакам, Стэндалем, Цергеневым і Міцкевічам, кампазітарамі і музыкантамі Вердзі, Лістам, Шапэнам, у якіх браў урокі.

Музычныя творы Напалеона Орды неўзабаве загучалі са сцэн Францыі, Германіі, Польшчы і Расіі. Ён становіцца дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы і працуе там да яе зачынення падчас рэвалюцыі 1848 года.

Напалеон Орда вядомы як заснавальнік беларускай школы фартэпіяннага мастацтва. Акрамя таго, ён быў аўтарам шэрага твораў па тэорыі музыкі. Напалеон Орда напісаў кнігу "Граматыка музыкі", якая шмат дзесяцігоддзяў лічылася адным з лепшых падручнікаў па тэорыі музыкі.

У наступныя гады Орда шмат вандраваў і рабіў у розных краінах замалёўкі. У 1856 годзе ён вяртаецца на радзіму і пачынае рабіць гравюры з мясцовых палацаў і сядзіб, многія з якіх пачыналі ўжо ў яго час прыходзіць у заняпад.

Вялікую частку твораў Напалеона Орды пасля яго смерці родныя перадалі ў Польшчу, у Нацыянальны музей Кракава. Вялікая калекцыя літаграфій таксама знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У цэнтры Парыжа ў гонар Напалеона Орды ўсталявана памятная дошка. У Варацэвічах створаны музей і дзейнічае мастацкя галерэя. Імем Напалеона Орды названая вуліца ў Мінску. Да дэнамінацыі на статысячнай купюры можна было ўбачыць адну з самых вядомых гравюр Напалеона Орды "Нясвіжскі замак".

Замалёўкі Напалеона Орды, акрамя мастацкай каштоўнасці, маюць вялікае значэнне для сучасных рэстаўратараў і гісторыкаў архітэктуры. У дзень смерці мастака мы прапануем паглядзець на некаторыя з іх.

Чытайце таксама: 

  • Барыс Аракчэеў: спявак беларускай прыроды
  • Шагал і Віцебск: гісторыя кахання, якая працягнулася пасля смерці
  • "Суровы рэалізм" Мая Данцыга і яго вайна
  • Вешчыя сны і космас: пяць цікавых фактаў пра Язэпа Драздовіча
254
Тэги:
Напалеон Орда
Кастусь Каліноўскі

Кастусь Каліноўскі: "Бяссмертны ты, як фенікс, мой народ..."

42
(абноўлена 11:35 02.02.2021)
Гэтыя словы належаць знакамітаму беларускаму пісьменніку і паэту Уладзіміру Караткевічу, але гучаць з вуснаў Кастуся Каліноўскага ў аднайменнай п’есе. Сёння спаўняецца 183 гады з дня нараджэння лідэра паўстання 1863-1864.

Кастусь Каліноўскі (1838-1864 гг.) нарадзіўся ў Гродзенскім павеце ў сям'і беззямельнага шляхціца. Да рэвалюцыйнай дзейнасці далучыўся ў час вучобы на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. Вярнуўшыся ў 1861 годзе пасля вучобы на радзіму, ён стварыў на Гродзеншчыне рэвалюцыйную арганізацыю.

Яська, гаспадар з-пад Вільні

Восенню 1862 года Каліноўскі стаў старшынёй Літоўскага правінцыяльнага камітэта (ЛПК) у Вільні - цэнтра "чырвоных" у Літве і Беларусі, які ўзначаліў падрыхтоўку узброенага паўстання супраць царскіх уладаў.

У рускай гістарыяграфіі паўстанне 1863-1864 атрымала назву Другое польскае паўстанне або мяцеж, у польскай - Студзеньскае паўстанне, у беларускай гістарыяграфіі - паўстанне Кастуся Каліноўскага, каб выдзяліць яго з агульных паўстанцкіх дзеянняў на тэрыторыі Беларусі.

Вялікую ролю ў арганізацыі паўстання адыграла выданне з лета 1862 года Кастусём Каліноўскім разам са сваімі аднадумцамі першай рэвалюцыйна-дэмакратычнай газеты ў Беларусі "Мужыцкая праўда". Выйшлі 7 нумароў газеты. Каліноўскі прапагандаваў ідэю народнай сялянскай рэвалюцыі і сфармуляваў ідэю дэмакратычнай народнай дзяржавы: "… не народ для ўрада, а ўрад для народа". Нумары газеты ён падпісваў псеўданімам "Яська, гаспадар з-пад Вільні".

Прычыны паўстання

Перадумовы паўстання былі звязаны з асаблівасцямі развіцця Беларусі ў другой палове XIX стагоддзя. Беларускае сялянства было незадаволена ўмовамі адмены прыгоннага права. 3 мэтай прадухілення іх удзелу ў паўстанні супраць самадзяржаўя, што пачалося 22 студзеня 1863 года ў Польшчы, царскі ўрад змяніў некаторыя палажэнні рэформы 1861 г. і скасаваў часоваабавязанае становішча сялян. Былі паменшаны на 20% выкупныя плацяжы. Гэта паўплывала на ўдзел сялянства ў паўстанні. Сярод паўстанцаў налічвалася толькі 18% сялян.

Масавы ўдзел у паўстанні прыняла шляхта, якая дамагалася аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Найбольш рашуча настроеная частка шляхты ажыццяўленне сваіх мэт звязвала з падрыхтоўкай і правядзеннем узброенага паўстання супраць царскіх улад пры падтрымцы сялян. Прыхільнікаў такой тактыкі дзеянняў называлі "чырвонымі".

Частка буйных памешчыкаў спадзявалася дасягнуць названых мэтаў паўстання мірным шляхам без удзелу сялянства. Прыхільнікаў такой тактыкі называлі "белымі".

Вынікі паўстання

Адсутнасць адзінага плана баявых дзеянняў, недахоп сіл і зброі, аб'яўленне беларускіх губерняў на ваенным становішчы і правядзенне карнай аперацыі супраць паўстанцаў пад кіраўніцтвам віленскага генерал-губернатара М. Мураўёва, рознагалоссі паміж удзельнікамі паўстання прывялі да яго паражэння. Восенню 1863 года ўзброеная барацьба ў Беларусі была практычна падаўлена.

У канцы студзеня 1864 г. быў арыштаваны Каліноўскі. Знаходзячыся ў турме, ён напісаў і перадаў на волю тры лісты свайму народу, вядомыя пад назвай "Лісты з-пад шыбеніцы".

3 лістоў вынікала, што Каліноўскі не прызнаваў маскоўскі або польскі ўрады сваімі для беларусаў. Ён заклікаў беларускі народ ісці ваяваць "за свайго Бога, за сваё права… за сваю Бацькаўшчыну". У сваю апошнюю хвіліну, стоячы пад шыбеніцай, Каліноўскі пры абвяшчэнні судовага прыгавору, у якім яго назвалі "дваранінам", заявіў: "У нас няма дваран - усе роўныя!".

Нагадаем, што крыху больш за год таму, 22 лістапада 2019 года, у Вільнюсе адбылася ўрачыстая цырымонія перапахавання Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстання 1863 года. Ад урада Беларусі ў мерапрыемстве прымаў удзел віцэ-прэм'ер рэспублікі Ігар Петрышэнка. На той час дзеючы прадстаяцель РКЦ у Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які прысутнічаў на цырымоніі, назваў Каліноўскага нацыянальным героем Беларусі, па звестках Tut.by. Раней падчас выступлення перад журналістамі прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў неадназначнай постаць Каліноўскага, аднак прызнаў, што "гэта наш чалавек нашай дзяржавы".

42
Тэги:
Кастусь Каліноўскі, Паўстанне 1963 года
Аўтамабілі ў пробцы, архіўны фотаздымак

Усё аб транспартным падатку: як налічваецца і як плаціць?

26
(абноўлена 16:58 26.02.2021)
У Беларусі замест дзяржпошліны за допуск аўтамабіля да ўдзелу ў дарожным руху ўведзены транспартны падатак. Міністэрства па падатках і зборах растлумачыла падрабязнасці.

МІНСК, 26 лют – Sputnik. Транспартны падатак уведзены з 1 студзеня 2021 года, вылічацца ён будзе з 1-га чысла месяца, наступнага за месяцам, у якім скончыўся тэрмін дзеяння дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, за выдачу якога была выплачана дзяржаўная пошліна, паведамляе МПЗ.

Сітуацыю ведамства разабрала на канкрэтным прыкладзе: "Дапусцім, грамадзянін выплаціў дзяржаўную пошліну і атрымаў дазвол на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху ў чэрвені 2020 года. Тэрмін дзеяння дазволу мінае 30.06.2021. Адпаведна, транспартны сродак грамадзяніна будзе вызвалены ад транспартнага падатку на перыяд тэрміну дзеяння дазволу, а менавіта, з 1 студзеня па 30 чэрвеня 2021 года".

Колькі трэба будзе заплаціць?

Памер транспартнага падатку залежыць ад дазволенай максімальнай масы аўтамабіля. Менш за ўсіх будуць плаціць уладальнікі "легкавікоў", вага якіх да 1,5 тоны: на дадзены момант гэта 61 рубель. Калі аўто важыць ад 1,5 да 1,75 тоны, заплаціць трэба будзе 81 рубель, ад 1,75 да 2 тон - 102 рублі, ад 2 да 2,25 тоны - 122 рублі, ад 2,25 да 2,5 тоны - 142 рублі, ад 2,5 да 3 тон - 162 рублі, больш за 3 тоны - 223 рублі. За матацыкл плата складзе 41 рубель.

"Плаціць транспартны падатак трэба будзе адзін раз у год. Паведамленні з падатковай інспекцыі аўтаўладальнікі-фізічныя асобы будуць атрымліваць да 1 верасня. На выплату ўзносу даюць паўтара месяца - не пазней за 15 лістапада", - растлумачылі ў МПЗ.

Грамадзянам, якія не прайшлі тэхагляд да 1 студзеня 2021, неабходна будзе ўнесці авансавы плацёж - 1 базавую велічыню (з 1 студзеня - 29 рублёў) за кожны транспартны сродак. Зрабіць гэта трэба да 15 снежня бягучага года. Што тычыцца прычэпаў, матацыклаў, сума авансу складзе 20 рублёў. Даплату падатку неабходна будзе здейсніць да 15 лістапада 2022 года пасля атрымання паведамлення падатковага органа.

Што рабіць з аўтахламам?

Што тычыцца транспартных сродкаў, непрыдатных для эксплуатацыі, іх уладальнікам для атрымання вызвалення ад выплаты транспартнага падатку неабходна зняць "аўто" з уліку ў ДАІ МУС да 1 ліпеня 2021 года.

"Вылічэнне транспартнага падатку для такіх аўтаўладальнікаў будзе спыняцца з 1-га чысла месяца, наступнага за месяцам, у якім транспартны сродак быў зняты з уліку", - распавялі ў МПЗ.

Калі транспартны сродак прадалі, то для новага ўладальніка падатак будзе вылічацца з 1-га чысла месяца, наступнага за месяцам, у якім праведзена дзяржаўная рэгістрацыя аўтамабіля або матацыкла.

Хто вызвалены ад выплаты транспартнага падатку?

У Падатковым кодэксе прадугледжаны шырокі пералік катэгорый плацельшчыкаў, з якіх не будзе спаганяцца транспартны падатак. Так, плаціць не прыйдзецца кіроўцам, чые аўто выбылі з іх уласнасці ў выніку супрацьпраўных дзеянняў - згону або крадзяжу.

Такая ж сітуацыя з транспартнымі сродкамі, якія выкарыстоўваюцца для аказання медыцынскай дапамогі, у тым ліку "хуткімі".

Вызваляюцца ад выплаты дзяржорганы, суды, органы пракуратуры, войскі і воінскія фарміраванні, а таксама арганізацыі, уключаныя ў пералік тых, што выконваюць перавозкі транспартам агульнага карыстання.

"Аб'ектам падаткаабкладання транспартным падаткам не з'яўляюцца транспартныя сродкі, выпушчаныя да 1 студзеня 1992 года, а таксама тыя аўто, на якія няма звестак аб даце выпуску", - удакладнілі ў МПЗ.

Уладальнікам электрамабіляў таксама пакуль не трэба плаціць гэты від падатку.

Не будзе праводзіцца падлік і ў дачыненні да транспартных сродкаў, якія выкарыстоўваюць для аказання меддапамогі, сацабслугоўвання. Да прыкладу, да аўто з надпісам: "Сацыяльная служба" або машыны, спецыяльна абсталяванай для выкарыстання інвалідамі.

Ці прадугледжаны льготы?

Ветэраны, інваліды I або II групы, пенсіянеры атрымліваюць 50-працэнтную скідку ад поўнай падатковай стаўкі. На 25% менш заплацяць інваліды III групы. Зніжку дадуць пры наяўнасці ў плацельшчыка (льготніка) сапраўднага пасведчання кіроўцы адпаведнай катэгорыі.

За грамадзянамі захавана права звяртацца ў мясцовыя органы ўлады з просьбай знізіць падатак або вызваліць ад яго выплаты, калі яны знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Больш падрабязную інфармацыю па пытаннях падаткаабкладання можна атрымаць у тэлефоннай даведачнай сістэме падатковых органаў па тэлефоне (017) 229 79 79 або 189 (стацыянарная сетка).

Чытайце таксама:

26
Тэги:
Пошліна, аўтамабіль, Беларусь, Міністэрства па падатках і зборах РБ, Падаткі