Наваселле - сапраўднае свята

Свая хатка як родная матка: святкуем наваселле па-беларуску

93
(абноўлена 11:25 26.12.2018)
Этнограф Ларыса Мятлеўская вучыць ладзіць наваселле па беларускіх традыцыях і гатаваць мотальскую печанёвую каўбасу.

Наваселле, уваходзіны, улазіны – усё гэта беларускія найменні сямейнай урачыстасці з нагоды перасялення ў новы дом. Самі назвы падказваюць, што гэта падзея суправаджалася дзеяннямі, якія мелі глыбокі сэнс. Здаўна існаваў пэўны рытуал першага наведання новага жытла, у якое маглі не толькі ўваходзіць праз дзверы, але і ўлазіць праз вакно.

На наваселле запрашалі родных, сваякоў, суседзяў, сяброў. Віншуючы гаспадароў, госці дарылі ім падарункі. Звычайна гэта былі рэчы, патрэбныя ў гаспадарцы. Акрамя іх на вёсцы прыносілі яшчэ і зерне жыта, печаны хлеб, сала, каўбасы і іншыя прадукты. Бралі з сабой і грошы, якія заўсёды атаясамліваліся з багаццем. Існаваў звычай, калі, пераступаючы парог, некаторыя госці кідалі на падлогу манеты, жадаючы такім чынам дабрабыту ў доме.

Старажытны абрад Цягнуць Каляду на дуба
© Sputnik Альфрэд Мiкус
На наваселле заўяёды запрашалі шмат гасцей

Спачатку жывёла, а потым чалавек

У народна-міфалагічным асэнсаванні незаселены, неабжыты людзьмі дом успрымаўся як небяспечная, варожая прастора. Менавіта таму засяленне гэтай прасторы павінна было адбывацца ў пэўнай паслядоўнасці: спачатку жывёла, а потым чалавек.

Адзін з першых даследчыкаў усходнеславянскай міфалогіі Дзмітрый Зяленін занатаваў у свой час цікавы беларускі звычай, звязаны з уваходзінамі. У адпаведнасці з ім у новым доме павінны былі пераначаваць у строгай паслядоўнасці розныя жывёлы напрацягу шасці дзён: у першы дзень – певень з курыцай, у другі – гусь або кот з кошкай, у трэці – парася, у чацвёрты – авечка, у пяты – карова, у шосты – конь і толькі на сёмы дзень уваходзіў гаспадар з агнём і хлебам ці з цестам у дзяжы.

Выстава Laterna magika - Чароўны ліхтар, прысвечаная творчасці Ганса Хрысціяна Андэрсана
© Sputnik / Игорь Зарембо
Лепшым сябрам дамавіка было кацяня

З часам гэты вельмі распаўсюджаны ва ўсходніх славян звычай моцна змяніўся, але не знік зусім, як гэта сталася з многімі іншымі звычаямі беларусаў. Працягласць абрада і колькасць  яго ўдзельнікаў значна скараціліся. І тым не менш і цяпер у некаторых мясцовасцях Беларусі можна пабачыць рэшткі гэтай старажытнай урачыстасці. Паступова ў абрадзе з’явіліся абразы і святая вада, калі была магчымасць, то запрашалі святара, а з жывёл засталіся толькі кот і певень.

Яшчэ не так даўно па ўспамінах жыхароў Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці першы ўваход у новую хату быў абстаўлены прыкладна так. Перш чым зайсці ў двор новай хаты, туды ўпускалі сабак, паколькі верылі, што сабака – гаспадар двара. Далей заходзілі ў хату з абразам, хлебам, соллю, свянцонай вадой і катом або пеўнем. Каб не жыла нячыстая сіла, абраз праносілі па ўсіх пакоях. Свянцонай вадой абпырсквалі не толькі хату, але і гаспадарчыя пабудовы, калі такія былі.

Не любіць нечысць і ката з пеўнем. Па народных уяўленнях яна пакідае новую хату ў якой гэтыя "чартагоны" пераначавалі да людзей. Чаму менавіта кот і певень найчасцей сярод іншых жывёл станавіліся ўдзельнікамі гэтага важнага абрада?

Галасістага пеўня лічылі сімвалам шчасця, жыццёвай сілы, урадлівасці, захавальнікам хатняга агменю, а кот, па некаторых народных павер’ях, быў у сяброўстве з Дамавіком. Нават  жывёлу гаспадарам рэкамендавалася набываць менавіта той масці, якой быў хатні кот. Лічылі, што тады Дамавік будзе апякаць яе ў хляве.

Падчас абраду за паводзінамі пухнатага звярка сачылі, і калі кот не ўцякаў з хаты, а наадварот заставаўся ў ёй, то гэта быў добры знак. І наадварот, няшчасце прадвяшчала тое, калі кот сыходзіў з хаты.

Дарэчы на Міншчыне і самога Дамавіка са старой хаты ўрачыста пераносілі ў новую ў лапці, які пакідалі на гарышчы. У Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці Дамавік пераязджаў на новае месца жыхарства на дзеркачы - веніку з бярозавых галінак. Гэтага нябачнага духа як гаспадара-апекуна хаты імкнуліся залагодзіць. Так, на Беласточчыне гаспадыня, хаваючы на гарышчы пачастунак, прамаўляла яму замову-просьбу: "Хазяін-хатнік, дамавік, прымі хлеб-соль, прымі куццю і яешню. Зберажы скацінку ад пошасці, хату ахавай ад злога чалавека, ад агню. Амін".                    

На ўлазінах трэба, каб усе елі, пілі і весяліліся

Наваселле пачыналася з агледзін новага жытла. Запрошаныя на абрад суседзі і сваякі паводле старшынства выказвалі пажаданні гаспадару і гаспадыні традыцыйнымі выразамі накшталт гэтых: "Ацета вампаляніца, штоб радзіло жыта і пшаніца, а ета ось драбок солі, кеб Бог даў вам усяго даволі, штоб дзеці вашы раслі высока, да не прыставалі к ім урокі".

Старажытны абрад Цягнуць Каляду на дуба
© Sputnik Альфрэд Мiкус
Госці павінны былі быць задаволеныя ўсім і абавязкова сталом

Затым гаспадар усім дзякаваў і запрашаў за стол багата застаўлены лепшымі стравамі традыцыйнай кухні. Абавязкова на стале была каўбаса. Прапаную прыгатаваць каўбасу з пячонкі так, як яе гатуюць у знакамітым сваімі кулінарнымі фэстамі Моталі, што на Брэстчыне. Гэта страва стане ўпрыгожаннем любога святочнага стала. Тым больш, што пра каштоўнасць такога прадукта, як пячонка, вядома ўсім, і нават кажуць, што стравы з яе дапамагаюць змагацца з зімовымі дэпрэсіямі.

Мотальская "печанёвая" каўбаса

Інгрыдыенты:

  • 600 г печані
  • 100 г сала
  • 2 цыбуліны
  • Свіная кішка
  • 1 ст. лыжка тлушчу
  • Соль па смаку

Як гатаваць:

Каб пячонка страціла сваю гаркавасць, яе трымаюць некаторы час у цёплай вадзе з лімонным сокам.

Падрыхтаваную пячонку і сала нарэзаць дробнымі кубікамі, дадаць пакрышаную цыбулю, соль, перамяшаць. Гэтым фаршам напоўніць старанна прамытую кішку, добра завязаць з абодвух канцоў. Каўбасу адварыць, а затым абсмажыць на тлушчы. Падаць з варанай бульбай і салёнымі агуркамі.

Каўбаса
CC0 / Pixabay / PhotoMIX-Company
Каўбаса - абавязковая страва на стале

Застолле рэдка завяршалася ў той самы дзень. Гаспадару вельмі хацелася, каб усе аднолькава былі задаволены прыёмам, бо незадаволеныя госці маглі парушыць шчасце ў новай сядзібе. На Палессі так і казалі: "на ўлазінах трэба, штоб усе елі, пілі і весяліліся, бо чыясць нерадасць ліхам адгукнецца на хазяіну".

Завяршалася ўрачыстасць танцамі. Госці яшчэ доўга з удзячнасцю ўзгадвалі гаспадароў, дзелячыся ўспамінамі зса сваякамі і суседзямі: "Я добра пагуляў на ўлазінах".

93
Тэги:
Беларусь, Народныя традыцыі, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (60)
По теме
Кухня нашых продкаў: гатуем прыправы для непаўторнага смаку страў
Банкуха ці баумкухен? Гатуем беларускі вясельны пірог
Госць на парозе: народныя правілы беларускага этыкету
Прагноз на лета: якім будзе надвор'е ў наступным годзе