Каложская царква ў Гродне

Каложы вечныя толькі Бог і рамонт": як змяніўся храм пасля аднаўлення

111
(абноўлена 17:20 10.01.2019)
Зусім хутка тут пачнуць вывучаць, як закансерваваць каменную сцяну, што захавалася, і ці можна правесці ацяпленне ў старажытны храм.

ГРОДНА, 10 сту - Sputnik, Іна Грышук. Маштабныя работы па абнаўленні ўнутранага ўбрання ў адным з самых старажытных праваслаўных храмаў Беларусі - Каложскай царкве - завяршыліся ў Гродне. Цяпер сотні турыстаў і гараджан кожны дзень прыходзяць у святыню, каб паглядзець, як выглядае царква знутры.

Стала больш светла і прасторна

Працы ўнутры храма пачаліся на пачатку мінулага года. Будаўнікі абшылі знутры і абтынкавалі драўляную сцяну, цалкам замянілі столь храма, падлогу ў алтарнай частцы, перарабілі балкон для хору над уваходам і драўляную галерэю пад столлю ўздоўж аўтэнтычнай каменнай сцяны. Новая сцяна і столь выкананы ў светлых танах, балкон і галерэя - з цёмнага дубу. У тым жа колеры выкананая і размешчаная пад балконам царкоўная крама.

Каля алтара Каложскай царквы замянілі падлогу
© Sputnik / Инна Гришук
Каля алтара Каложскай царквы замянілі падлогу

"Храм стаў больш светлы і прасторны, палепшылася акустыка. Станоўчыя змены заўважылі не толькі прадстаўнікі духавенства, але і парафіяне, і гіды, якія рэгулярна прыводзяць сюды групы турыстаў", - распавёў іерэй Барыса-Глебскай Каложскай царквы айцец Ігар Данільчык.

Падчас рамонту Каложская царква ні на адзін дзень не зачынялася. Тут праходзілі набажэнствы, сюды маглі вольна прыходзіць турысты і вернікі розных канфесій. Пакуль працавалі будаўнікі, паўднёвая сцяна была схаваная за драўляным шчытом. Зараз тут стаяць абразы, асобнае месца займае стэнд з фотаздымкамі, якія паказваюць, як праходзіў рамонт унутры і звонку храма.

Новую сцяну патынкавалі і пафарбавалі ў светлы колер
© Sputnik / Инна Гришук
Новую сцяну патынкавалі і пафарбавалі ў светлы колер

Пацягнуліся паломнікі і гараджане

"Цяпер можна казаць, што Каложа, адна з галоўных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, выглядае годна і звонку, і ўнутры", - дадаў айцец Ігар.

Паводле яго слоў, бліжэй да заканчэння рамонту да Каложы павысілася цікавасць з боку простых гараджан, турыстаў, у тым ліку і бязвізавых. Людзі сталі больш актыўна прыходзіць, каб паглядзець, як змянілася царква. Больш актыўна сталі прыязджаць і пілігрымы з розных куткоў Беларусі.

Паўночная аўтэнтычная сцяна засталася некранутай, адтуліны ў ёй - гэта адмысловыя ўбудаваныя галаснікі, якія маюць форму збана і патрэбныя для паляпшэння акустыкі
© Sputnik / Инна Гришук
Каложская царква ў Гродне

Самая вядомая святыня, да якой прыязджаюць памаліцца і папрасіць аб дапамозе, - гэта спіс з абраза Каложскай Божай Маці. Арыгінал абраза, які вядомы з XVII стагоддзя, быў беззваротна згублены падчас эвакуацыі ў 1915 годзе. Абраз вывезлі на Усход, але ён недзе згубіўся з-за рэвалюцыі.

Цяперашні спіс выкананы па фатаграфіях, лічыцца цудадзейным, ён абвешаны шматлікімі дараваннямі, якія людзі пакідаюць у знак выканання сваіх просьбаў. Вернікі просяць дапамогі ў вырашэнні сямейных праблем, аб дараванні дзяцей і аздараўленні.

Яшчэ не ўсё

Работы па абнаўленні і захаванні храма не скончаны. У храме жартуюць, што вечнымі ў Каложы застаюцца толькі дзве рэчы - гэта Гасподзь Бог і рамонт. Прыкладна праз месяц тут абсталююць археалагічнае акно, праз якое наведвальнікі змогуць убачыць фрагменты старога падмурка і адной з чатырох разбураных старажытных калон храма.

У светлых танах выкананы і новая драўляная столь, а балкон для пеўчых і царкоўная лаўка - з цёмнага дуба
© Sputnik / Инна Гришук
У светлых танах выканана і новая драўляная столь, а балкон для пеўчых і царкоўная лаўка - з цёмнага дуба

Для гэтага ўнутры зробяць падсвятленне, а частку падлогі выканаюць з трывалага шкла.

Наступным этапам стане кансервацыя каменнай сцяны, якая захавалася. Таксама пачаліся навуковыя даследаванні па вывучэнні тэмпературнага рэжыму і вільготнасці ўнутры храма, пасля якіх стане зразумела, ці магчыма ў Каложу правесці ацяпленне. Усе работы вядуцца пад кантролем Міністэрства культуры Беларусі.

Працы ўнутры царквы сталі другім этапам маштабнага капрамонту. Напрыканцы студзеня мінулага года Каложы цалкам замянілі гнілую драўляную сцяну, якая знаходзілася ў аварыйным стане і магла абрынуцца, а таксама ўсталявалі новыя ўваходныя дзверы.

Сама вядомая святыня старажытнага храма - спіс абраза Каложскай Маці Божай, які лічыцца цудадзейным
© Sputnik / Инна Гришук
Каложская царква ў Гродне

Каложская царква ў Гродне была пабудавана ў канцы XII стагоддзя. У сярэдзіне і канцы XIX стагоддзя частка заходняй і ўся паўднёвая сцены разбурыліся, таму што схіл гары абваліўся.

Каложа лічыцца адным з самых старых дзеючых храмаў краіны, ахоўваецца дзяржавай як помнік архітэктуры нулявой (самай вышэйшай) катэгорыі. У 2004 годзе храм быў уключаны ў лік кандыдатаў на ўнясенне ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

111
Тэги:
Каложская царква, Гродна
По теме
Старажытная Каложа дала імя вуліцы, парку і міжнароднаму фестывалю
Каложы замянілі сцяну: самы стары храм Беларусі пасля капрамонта

Брэсцкі канструктывізм: экскурсія для знатакоў стылю

14
(абноўлена 09:43 10.07.2020)
  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
  • Валанцёры распавядаюць аб брэсцкім канструктывізме з дапамогай налепак у кавярнях горада
  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
  • Будынак гісторыка-культурнага значэння
  • На адну з экскурсій па мадэрнісцкім Брэсце запрасілі Міхала Пшчулкоўскага
Неабыякавыя берасцейцы стварылі праект папулярызацыі гарадской забудовы ў стылі канструктывізму. Для знатакоў міжваеннай архітэктуры яны падрыхтавалі анлайн карту, а гараджане могуць паўдзельнічаць у выратаванні помнікаў.

"Брэсцкі канструктывізм" - так у горадзе над Бугам называюць архітэктуру, пабудаваную тут у 1920-30-х гадах. Спецыялісты адносяць яе да агульнаеўрапейскага стылю мадэрнізму, які ў свой час адмовіўся ад старых традыцый.

Гэты стыль ўключае ў сябе функцыяналізм, канструктывізм, манументалізм і іншыя стылістычныя напрамкі. У Брэсце яго можна пазнаць па некалькіх характэрных рысах. Гэта выкарыстанне простых кубічных формаў, пераменная вышыня будынкаў, стужачныя вокны і плоскія дахі.

У канструктывісцкім духу берасцейцы будавалі не толькі жылыя дамы. Храмы, адміністрацыйныя будынкі, турма, установы аховы здароўя і адукацыі - новы стыль удала ўпісаўся ў гарадскую тканіну. Да прыкладу, амаль увесь паўднёва-заходні бок галоўнай гарадской плошчы - запар помнікі эпохі 1920-30-х.

Одна из волонтеров проекта Марина Завражная
© Sputnik Артем Кирьянов
Адна з валанцёраў праекта Марына Заўражная распавядае, што да нядаўніх часоў валанцёры знаёмілі берасцейцаў з канструктывізмам на "Мадэрнісцкіх шпацырах". Пакуль экскурсіі вырашылі адкласці з-за эпідэміялагічнага становішча.

Сёння ў Брэсце налічваецца больш за два дзясяткі будынкаў у гэтым стылі. Знайсці іх і пазнаёміцца з гісторыяй славутасцяў можна на анлайн карце праекта. Таксама валанцёры распрацавалі алгарытмы выратавання помнікаў архітэктуры ў выпадку пагрозы іх захаванасці.

14
  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
    © Sputnik Артем Кирьянов

    Мабыць, самы незвычайны прыклад брэсцкага канструктывізму - кірха на сучаснай вуліцы Карла Маркса. Яе пабудавалі ў 1938 годзе для евангелісцка-аўгсбургскай абшчыны горада з 198 вернікаў. У савецкі час тут працаваў кінатэатр "Змена", а цяпер будынак займае рэкламнае агенцтва.

  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
    © Sputnik Артем Кирьянов

    Адзін з найбуйнейшых помнікаў канструктывізму - будынак былой швейнай фабрыкі "Надзея". Будаваўся ён як дом Яніны Урбановіч. Берасцейцы кажуць, па форме дом чымсьці нагадвае знакаміты хмарачос- "прас" у Нью-Ёрку. Пасля рамонту тут з'явіліся офісы ў стылі лофт.

  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
    © Sputnik Артем Кирьянов

    На паўднёва-заходнім баку плошчы Леніна ў стылі канструктывізму пабудаваны не толькі будынак цяперашняга аблвыканкама. Упраўленне КДБ, адміністрацыя Ленінскага раёна, бальніца хуткай дапамогі - цэлая вуліца стала вялікім помнікам стылю.

  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
    © Sputnik из личного архива Юрия Рубашевского

    У стылі канструктывізму планавалі перабудаваць і галоўны каталіцкі храм Брэста. Але з-за вайны планам было не наканавана спраўдзіцца. Так што Крыжаўзвіжанскі касцёл застаўся ў ранейшых формах позняга класіцызму.

  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
    © Sputnik Артем Кирьянов

    Традыцыі "брэсцкага канструктывізму" жывыя і сёння: архітэктары выкарыстоўваюць традыцыйныя мясцовыя формы пры ўзвядзенні новых будынкаў у цэнтры горада.

  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
    © Sputnik Артем Кирьянов

    Усе помнікі архітэктуры брэсцкага канструктывізму і іх гісторыя сабраныя на адной анлайн карце.

  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
    © Sputnik Марта Мартынюк

    На жаль, гэты "цацачны" асабняк 1937 года ў рэдкім стылі стрымлайн мадэрна выратаваць не ўдалося. Будынак павольна руйнаваўся з-за будаўніцтва па суседстве тэатра лялек. Помнік архітэктуры састарэў, яго пазбавілі статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і знеслі год таму.

  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
    © Sputnik Артем Кирьянов

    У гэтым доме з характэрным для канструктывізму стужачным шкленнем сёння працуе знакаміты брэсцкі майстар Мікалай Кузьміч.

  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
    © Sputnik Артем Кирьянов

    "За польскім часам" берасцейцы атрымалі нават спартыўны манеж у стылі канструктывізму. У ынаш час ён застаецца дзеючым, а час ад часу тут адбываліся гарадскія выставы-кірмашы.

  • Валанцёры распавядаюць аб брэсцкім канструктывізме з дапамогай налепак у кавярнях горада
    © Sputnik Артем Кирьянов

    Валанцёры распавядаюць аб брэсцкім канструктывізме з дапамогай налепак у кавярнях горада.

  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
    © Sputnik Артем Кирьянов

    Эпоха брэсцкага канструктывізму памятае і прысуд Веры Харужай. У гэтым будынку ў 1927 году падпольшчыцу асудзілі на шэсць гадоў катаргі.

  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
    © Sputnik Артем Кирьянов

    Турысты могуць пазнаёміцца з архітэктурай мадэрна і па выдадзенай праектам брашуры. Усе помнікі міжваеннай эпохі сабраны ў адным выданні - па ім лёгка арыентавацца падчас прагулкі па горадзе.

  • Будынак у стылі канструктывізму ў Брэсце
    © Sputnik Артем Кирьянов

    Дом у стылі канструктывізму пабудаваў для сябе і галоўны прадстаўнік брэсцкай школы мадэрна Юзэф Бараньскі. Архітэктар меў асабістую гербавую пячатку і валодаў правам праектаваць будынкі любой складанасці. Яму належаць шматлікія знакавыя для горада збудаванні: філармонія, корпус чыгуначнага каледжа і касцёл на Граеўцы ў форме паравоза.

  • Будынак гісторыка-культурнага значэння
    © Sputnik Артем Кирьянов

    Амаль усе помнікі гэтай эпохі ў Брэсце ўключаныя ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны. На выпадак пагрозы захаванасці будынкаў валанцёры падрыхтавалі тры алгарытмы дзеянняў, якія дапамогуць выратаваць помнікі архітэктуры.

  • На адну з экскурсій па мадэрнісцкім Брэсце запрасілі Міхала Пшчулкоўскага
    © Sputnik Артем Кирьянов

    На адну з экскурсій па мадэрнісцкім Брэсце запрасілі Міхала Пшчулкоўскага - буйнога польскага спецыяліста па архітэктуры канструктывізму. Натхніўшыся тэмай, адна з валанцёраў праекта напісала ўласную навуковую працу аб брэсцкім мадэрне.

Тэги:
спадчына, архітэктура, Брэст
Агрэст

Віно і смажаныя кураняты: што яшчэ гатавалі нашы продкі з агрэсту

202
(абноўлена 10:09 10.07.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра лекавыя ўласцівасці агрэсту і прапануе прыгатаваць незвычайны дэлікатэс - кураня з агрэстам.

Радзіма агрэсту — Заходняя Еўропа. У пісьмовых крыніцах узгадваць ягаду пачалі з ХІ стагоддзя, калі яе вырошчвалі манахі ў садах пры кляштарах. Дарэчы, у тыя ж часы вырошчвалі расліну і ў Расіі, дзе ў старажытнасці яе называлі "огрыз", "крыж" і "берсень". У Беларусі ў некаторых мясцінах вясковыя жыхары называлі агрэст "яграст".

Паступова дзікі агрэст акультурвалі. Пік дасягненняў у селекцыі расліны прыйшоўся ў XVIII-XIX стагодззях на Англію, дзе было выведзена шмат буйнаплодных гатункаў. Магчыма, адсюль у сады еўрапейскіх дзяржаў і ў тым ліку ў Вялікае Княства Літоўскае траплялі новыя гатункі агрэсту. Невядома, ці займаліся селекцыяй гэтай культуры беларускія гаспадары, але ёсць звесткі, што пры фальварках нашай шляхты існавалі цэлыя агрэставыя плантацыі.

Ягаду называлі "паўночным вінаградам" і нават экспартавалі. Асабліва цанілася вырабленае з яго віно — шыпучае, падобнае да шампанскага.

Рэцэпты ад літоўскай гаспадыні

У кулінарных кнігах таго часу шмат рэцэптаў з агрэсту. Напрыклад, у кнізе Ганны Цюндзявіцкай "Літоўская гаспадыня". Твор напісаны ў сярэдзіне XIX стагоддзя, калі культура была вельмі моднай. З далікатнай на смак ягады гатавалі не толькі салодкія дэсерты і напоі, але і соусы да мяса. Былі ў тагачасных гаспадыняк рэцэпты агрэста для пенак на зіму, белага і ружовага жэле, агрэставага торту і нават стравы з куранят з агрэстам.

Агрэст
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Агрэст

Каб захаваць агрэст на зіму, яго змяшчалі ў адмысловая бутэлькі, а зімой дадавалі ў стравы па патрэбе.

"Каля пятнаццатага ліпеня зняць буйны агрэст, ачысціць яго ад чаранкоў, ссыпаць у сухія бутэлькі і ў той жа дзень закаркаваць, асмаліць і паставіць у склеп у пясок. Добра мець спецыяльныя бутэлькі, з больш шырокай адтулінай і шыйкай. Такі агрэст ужываецца як гарнір да розных страў. Акрамя таго, звараны, ён служыць зімой прыправай для пенак і крэмаў", — піша Цюндзявіцкая пра захаванне агрэсту на зіму.

Каб прыгатаваць агрэст для пенак на зіму, літоўская гаспадыня прапануе "ягады з бутэлек зварыць у вадзе да мяккасці, працерці праз сіта, а атрыманым мармеладам запраўляць пенкі, узбітыя з бялкоў, дадаўшы ваніль".

Агрэставая таблетка ад усіх хвароб

Агрэст — непаўторная па сваіх карысных якасцях ягада. Яна ўтрымвае ў сабе вітаміны С, Р, В і А. Ёсць у ёй шмат фосфара, медзі, жалеза, калія, натрыя, магнія. Лісце агрэсту ўтрымвае ў сабе дубільныя і фарбуючыя рэчывы.

Пры дапамозе агрэсту можна лячыць малакроўе, носавыя крывацёкі, захворванні слізістай абалокі ротавай поласці і парушэнне абмену рэчываў. Таксама ягада выкарыстоўваецца як жоўцегонны сродак і нармалізуе артэрыяльны ціск.

Асаблівую каштоўнасць маюць ягады агрэсту цёмнай афарбоўкі. Яны ўтрымліваюць вітамін Р і вялікую колькасць пекцінавых рэчываў, што спрыяе вывядзенню з арганізма чалавека  солей цяжкіх металаў і радыёнуклідаў. Настой пладоў агрэсту выводзіць з аргаганізму шкодны халестэрын, у сумесі з мёдам карысны пры скураных хваробах.

Людзям з язвай страўніка і дванаццаціперснай кішкі, калітамі і энтэракалітамі ўжываць агрэст забаронена, а пры хваробах нырак ягады ўжываюць у невялікіх колькасцях.

Страва з куранят з агрэстам

Прапаную прыгатаваць куранят з агрэстам — страву ад Вінцэнты Завадскай.

Інгрыдыенты:

  • 4 кураняці
  • 1-2 морквіны
  • 1 цыбуліна
  • 1 корань пятрушкі
  • 0,5 карняплода сельдэрэю
  • 0,75 шклянкі агрэсту
  • 2-3 ст лыжкі цукру
  • 1 ст лыжка масла
  • 1 ст лыжка мукі
  • 1/3 шклянкі віна
  • Соль

Як гатаваць:

Зварыць парэзаных на кавалкі куранят у юшцы з розным карэннем. Недаспелы агрэст патушыць у некалькіх лыжках гэтай юшкі, дадаўшы цукар. Падсмажыць муку ў растопленым масле, развесці юшкай, дадаць падтушаны агрэст, заліць ім куранят і перад падачай яшчэ раз давесці да кіпення.

Каб кураняты былі прыгажэйшымі і мяккімі, іх можна, абмакнуўшы ва ўзбітыя яйкі і сухары, падсмажыць на масле, а потым патушыць у соусе.

Смачна есці!

202
Тэги:
Нацыянальная кухня, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі
По теме
Таблетка ад страху і абярэг ад нячысцікаў: чым яшчэ праславіўся часнок
Кухня нашых продкаў: як гатаваць прываротнае зелле і любімы соус Гётэ
Адзначаем Дзень рыбалова, ці Як з карпа зрабіць селядца
Герасім Гракоўнік: сустракаем гракоў і ласуемся бобэныкамі
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі
Паэтычны батл Вершус прайшоў у Мінску

Тэст: адгадай Колас ці Купала?

412
(абноўлена 10:05 10.07.2020)
Нягледзячы на тое, што вершы двух песняроў беларускай зямлі добра вядомыя кожнаму школьніку, іх даволі часта блытаюць.

Якуб Колас і Янка Купала – дзве асобы, з якімі, сапраўды, асацыюецца беларуская паэзія. Абодва яны шчыра спачувалі нядолі роднай зямлі, абодва заклікалі працаваць, вучыцца і любіць Беларусь і беларускую мову. Вершы, паэмы і празаічныя творы Янкі Купалы і Якуба Коласа добра вядомыя кожнаму беларусу са школы.

Ці зможаце вы пазнаць радкі з вядомых твораў паэтаў – або, калі не памятаеце, паспрабаваць пазнаць стыль?

412
Тэги:
Вершы, тэст, Якуб Колас, Янка Купала
Тэмы:
Беларуская літаратура
По теме
Тэст: ці ведаеце вы беларускія прыказкі
Тэст: ці пазнаеце вы беларускія фразеалагізмы па эмодзі?
Тэст: ці добра вы ведаеце беларускія фразеалагізмы?
Тэст: пазнай Міцкевіча на партрэце
Тэст: якія беларускія творы схаваліся за эмодзі
Тэст: Багдановіч ці не?