Авёс

Кухня нашых продкаў: гатуем кісель па-кругліцку

101
(абноўлена 11:26 28.02.2019)
Этнограф Ларыса Мятлеўская прапануе пазнаёміцца з кулінарыяй Віцебшчыны і прыгатаваць кісель па-кругліцку.

Нашы продкі, перш чым наняць на працу парабка, садзілі яго за стол і шчыра частавалі. Чалавек еў, а гаспадар уважліва назіраў, ці з ахвотай той ужывае стравы. У такой "гасціннасці" быў тонкі разлік. У народзе лічылі, што чалавек, які не мае апетыту, хворы і будзе дрэнна працаваць. З гэтай нагоды нават казалі: "Хто добра есць, той добра і працуе", "Чалавек галодны ні на што не годны", "Добры касец, калі сала лавец"!

Як "падманвалі пуза" на Віцебшчыне

Любая краіна ганарыцца сваёй нацыянальнай кухняй, паколькі яна знаходзіцца нароўні з мовай, уменнем адмыслова апранацца, весці гаспадарку, з’яўляецца этнічнай адметнасцю народа. У беларусаў свае традыцыі нацыянальнага харчавання. Нажаль за апошнія дзесяцігоддзі яны былі амаль забыты. Меню беларусаў значна змянілася, і на гэта ёсць свае прычыны. Асабліва гэта тычыцца гараджан, якія сталі жыць іначай. Усё часцей фізічная праца становіцца аўтаматызаванай, і ў сувязі з гэтым знікла патрэба ў  каларыйнай ежы. І толькі вёска па-ранейшаму працягвае захоўваць народную кухню.

Харчовыя густы змяняюцца, але беларуская кухня вельмі багатая на стравы, якія дагодзяць любому аматару традыцыйнага харчавання.

Адчуць смак кулінарнай гісторыі як мага лепш можна на поўначы Беларусі ў этнарэгіёне Паазер’я. З даўніх часоў на Віцебшчыне выпрацаваўся свой кулінарны почырк. На фарміраванне паазерскіх страў паўплывалі кухні розных народаў.

Так, вядомы даследчык гэтага рэгіёну, знакаміты беларускі этнограф Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі пісаў, што стравы Віцебшчыны адчулі на сабе пэўны ўплыў балцкай, яўрэйскай, татарскай, польскай, рускай і ўкраінскай кулінарыі. У 1895 годзе ён надрукаваў грунтоўную працу па матэрыяльнай культуры беларусаў "Очерки простонародного жития-бытия в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности", адна з частак якой - сапраўдная кулінарная энцыклапедыя і адлюстроўвае кулінарныя прыхільнасці сялянства таго часу.  

Характарызуючы селяніна з Віцебшчыны сярэдзіны ХІХ ст., Нікіфароўскі пісаў: "Мужык есць чыста аржаны хлеб, іншы раз пшанічныя пірагі хатняга прыгатавання, зрэдку п’е чай з уласнага самавара, апранаецца ў фабрычныя тканіны, абуваецца ў добрыя боты, жыве ў чыстай хаце з габляванай падлогай, мае нейкую сталярную мэблю, посуд з крамы, выязджае ў майстравым, нават распісным экіпажы, на сытым коніку, упрыгожаным раменнай збруяй, - тут усё звычайна. Абыдзённа, як і павінна быць".

Далей Мікалай Якаўлевіч паведамляў, што найважнейшым мясам для атрымання каларыйнай ежы ва ўмовах халоднага клімата Паазер’я была тлустая свініна, але сяляне вытрымлівалі чатыры пасты, таму больш звыклай на іх стале была раслінная ежа, якая моцна салілася, каб "падмануць пуза". Пасля салёнай ежы чалавек піў шмат вады, якая напаўняла страўнік і давала пачуццё сытасці.

З мукі пяклі пірагі, сачні, ляпіны, бубашкі, бліны, драчоны і іншыя вырабы з цеста, галоўным з якіх быў хлеб хатняга прыгатавання. Нікіфароўскі налічыў сем яго гатункаў. Без хлеба не садзіліся за стол, на якім пераважалі рэдкія стравы або "варывы" з ужываннем гародніны, разнастайныя густыя кашы, якія, як казалі ў народзе, "дзяцей не разганяюць".  

Да вялікіх святаў гатавалі разнастайныя мясныя стравы: пячыста, каўбасы – мясовыя, печанёвыя і крываўнікі, кіндзюкі, вантробкі і кнігаўкі. Адной з самых смачных страў лічылася квашаніна або студзень са свініны ці гусяціны. Самай лепшай стравай з мяса лічылася тушонка, таму што разам з ёй тушылася бульба, якая насычалася тлушчам і набывала апетытны залацісты колер.

Многія з апісаных Нікіфароўскім рэцэптаў жывуць і цяпер. Асабліва каштоўна мець апісанне іх прыгатавання таму, што беларускі этнограф не пакінуў дакладных рэцэптаў. Але кожнай гаспадыні варта памятаць: народны рэцэпт, дзе ўсе інгрыдыенты бяруцца "на вока", не догма, а толькі штуршок для творчасці.

Аўсяны кісель па-кругліцку

У Сененскім раёне часта гатавалі адмысловы аўсяны кісель. Гэта старажытная страва, якая можа быць як скаромнай, так і поснай.

Інгрыдыенты:

  • Аўсяныя шматкі - 400 г
  • Грудзінка або сала - 100-150 г
  • Цыбуля - 2 шт.
  • Соль па смаку
  • Лаўровы ліст - 2 шт.
  • Скарынкі аржанага хлеба
  • Смятана - 1 лыжка

Як гатаваць:

Шматкі заліць цёплай гатаванай вадой, укінуць скарынкі аржанага хлеба і пакінуць у цёплым месцы на 1-2 сутак, пакуль на паверхні не з’явяцца бурбалкі. Калі шматкі ўкіснуць, працадзіць іх праз марлю і добра адціснуць.

Дарэчы, калі аўсяных шматкоў не было, замест іх гаспадыні выкарыстовалі аўсянае зерне, патоўчанае ў ступе.

Аўсянае малачко разбавіць вадой, укласці цэлую цыбуліну, лаўровыя лісты, пасаліць і тройчы давесці да кіпення. Кожны раз гаршчок дастаюць з печы і здымаюць пенку. Пакуль кісель гатуецца, наразаюць дробнымі кубікамі сала і смажаць на разагрэтай загадзя патэльні, дадаюць сярэдне скрышаную цыбулю і падсмажваюць да ўтварэння залацістага колеру. Кісель наліваюць у талерку, кладуць туды лыжку смажанкі і чайную лыжку смятаны. Падаюць з варанай бульбай, якую ў Сененскім раёне называюць "сухапаркай". Бульбу заядаюць кісялём.

Каб зрабіць страву поснай, цыбулю смажаць на алеі і дадаюць яе ў талеркі. Другі посны варыянт ужывання стравы прадугледжвае, што бульбу паліваюць кісялём.

Чытайце таксама:

101
Тэги:
Народныя традыцыі, беларуская кухня, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (50)
Ларыса Мятлеўская

Загадвалі жаданні і праважалі нябожчыкаў: што яшчэ рабілі беларусы праз вакно

152
(абноўлена 08:59 29.03.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра схаваны сімвалізм звычайнага праёма ў сцяне і вучыць мыць вокны пры дапамозе народных сродкаў.

Для нашых продкаў акно было не проста адтулінай у сцяне, якая служыла для асвятлення і вентыляцыі памяшкання – вокны атаясамліваліся з вачыма.

У народнай культуры значэнне акна суадносіцца з ідэяй пранікнення, якое можа быць не толькі міралюбівым, але і варожым. Так, напрыклад, калі ў хату праз вакно залятала птушка, гэта лічылася прадвесцем бяды, а калі яна проста стукала дзюбай у школа, гаспадарам варта было чакаць вестак.

У некаторых мясцовасцях Беларусі існавала традыцыя выносіць памерлых нехрышчоных дзяцей і дарослых нябожчыкаў, якія памерлі ад "гарачкі " не праз дзверы, а праз акно. У выпадку смерці ў доме на падаконнік ставілі ваду, каб "душа абмылася", туды ж ставілі чарку з гарэлкай і хлебам для нябожчыка.

Вёска Свяцілавічы
© Sputnik Альфрэд Мікус
Нашы продкі лічылі вокны вачыма дома

Праз вакно адбывалася і частаванне Марозу, калі на Каляды яго клікалі есці куццю. Увогуле, ежа, якая перадавалася праз вакно заўсёды мела сакральнае значэнне. Такі абмен дарункамі і пажаданнямі адбываўся яшчэ да нядаўняга часу паміж валачобнікамі і гаспадарамі хаты.

Археолаг Эдвард Зайкоўскі лічыць, што праз акно ажыццяўляецца сімвалічная сувязь са светам памерлых. У народзе верылі, што асабліва небяспечна пакідаць вокны адчыненымі  і не перахрышчанымі нанач, таму што тады праз іх могуць ўвайсці нябожчыкі і нячысцікі і задушыць спячых.

У легендах пра камяні-краўцы падкрэсліваецца, што матэрыял для пашыву адзення перадавалі змею-краўцу праз вакно і толькі праз яго атрымлівалі гатовыя вырабы.

З акном звязана і любоўная магія. Так на Каляды пры дапамозе солі, пастаўленай наччу на падваконне дзяўчына спрабавала даведацца аб будучым лёсе.

Таксама людзі верылі, што акно здольна выконваць жаданні. Лічылася, што калі ў адкрытае акно ці фортку пастаянна вымаўляць тое, чаго вельмі хочацца, гэта абавязкова спраўдзіцца.

Праз акно маглі ажыццяўляцца і злачынныя планы таму гаспадыні імкнуліся прадухіліць уздзеянне нядобрых, зайздросных позіркаў, паставіўшы на падакноннік вазон з чырвоным мушкатам (другая назва герані ці пеларгоніі - Sputnik).

Як упрыгожвалі вокны

У старажытнасці жытло будавалі практычна без вокнаў, якія мы прывыклі бачыць цяпер. Яны выглядалі, як невялікія адтуліны, зробленыя ў двух сумежных вянках сцяны, якія закрывалі драўлянай засаўкай, а пазней шклом. Гэтыя адтуліны называлі "валакавое акно" і нават цяпер уважлівы вандроўнік заўважыць гэтыя старажытныя акенцы ў сценах клецяў, хлявоў і нават сенцах. Калі нарэшце сталі рабіць вокны, а па сведчанні навукоўцаў, гэта адбылося даволі позна, іх з’яўленне суправаджалася пэўным дыскамфортам ад адкрытасці дома вонкавай небяспецы. Гэта трывога выяўлялася у падсвядомым і можа таму ў народным сонніку пазначана, што бачыць у сне акно да чакання:

  • Бачыць расчыненае акно – падарунак будзе, прыбытак;
  • Акно з пабітымі шыбамі – страты, беднасць; з чыстымі і цэлымі – шчасце, жыццё.

Колькасць вокнаў залежыла ад планіроўкі хаты. Звычайна рабілі два вакна ў падоўжанай сцяне, што выходзіла на двор, і адно ў тарцовай – на галоўным фасадзе. Такое размяшчэнне вокнаў спрыяла стварэнню ў хаце покуці або "чырвонага кута", у якім размяшчаліся абразы.

Да ўсяго ў народзе быў пашыраны звычай мець у хаце менавіта тры акны ў гонар святой Тройцы. Чацвёртае акно у глухой сцяне паміж печчу і галоўным фасадам рабілі толькі ў асобных мясцовасцях. Часта на кухні вакно ўстаўлялі насупраць вусця печы, што было зручна для гаспадыні, якая пачынала завіхацца каля яе з першымі промнямі сонца.

Вёска Свяцілавічы
© Sputnik Альфрэд Мікус
Тры вакны ў хаце рабілі ў гонар Святой Троіцы

Цікава, што ў некаторых мясцовасцях існавала правіла пытаць дазвол на павялічэнне колькасці вокнаў больш за тры не толькі ў святара, але і у вясковага сходу. У другой палове ХІХ стагоддзя , калі пачала мяняцца планіроўка жылля і хату пачалі падзяляць на залу і спальню, у тарцовай сцяне, што выходзіла на вуліцу, рабілі па два вакна. 

Увогуле, месца вакна на фасадзе і яго форма адыгрывала значную ролю ў стварэнні мастацкага аблічча будынка. Аканіцы, надаконныя і падваконныя ліштвы – традыцыйныя элементы аздаблення хаты, якія адрозніваліся ў адпаведнасці з этнаграфічным рэгіёнам Беларусі. Зараз традыцыя ўпрыгажэння вокнаў рознымі элементамі не так распаўсюджана, але і дагэтуль можна напаткаць цікавыя варыянты.

Рама звычайна мела ад 3 да 6 шыб, а пачынаючы з ХVІ-ХVІІ стагодзя ў шляхецкіх сядзібах – да 30 і болей. Да ХІХ стагоддзя замест шкла часта выкарыстоўвалі спецыяльна вырабленыя скуры, паперу, пухіры жывёл, палатно. Зімой вокны мелі дубальты (падвойныя рамы, - Sputnik), а знадворку, калі не было аканіц, іх прыкрывалі саламянымі матамі, каб лепш захоўвалася цяпло ў хаце. Такімі матамі ўцяплялі і дзверы.

Драўляныя створкі або аканіцы звонку зачынялі кожны вечар, але з цягам часу яны страцілі сваю ўтылітарную функцыю. Разам з ліштвамі аканіцы сталі дэкаратыўнымі элементамі ў абрамленні вакна.

Вёска Свяцілавічы
© Sputnik Альфрэд Мікус
У кожным рэгіёне Беларусі былі свае традыцыі ўпрыгажэння вокнаў

Асабліва ўпрыгожваліся ліштвы, на якіх можна было сустрэць разнастайныя ўзоры. Часта гэта кветкі і мудрагелістыя завіткі, але можна сустрэць і выявы зорак і сонца, птушак і цмокаў і іншае.

Такая аздоба адрозніваецца ў кожным этнарэгіёне Беларусі і, як і нацыянальны строй, з’яўляецца іх своеасаблівым пашпартам, унікальнай адметнасцю. 

Як памыць вокны народнымі сродкамі

Гаспадыні дбайна сачылі за чысцінёй шыб у вокнах. Іх чыстка была абавязковай перад Вялікаднем. Прытрымліваюцца такой традыцыі і многія сучасныя гаспадыні.

Вядома, што цяпер у краме можна набыць разнастайныя сродкі для чысткі шкла, хтосці ў ваду дадае гарэлку або кроплі аміяку і націрае шыбы да бляску старымі газетамі, вокны чысцяць нават ільняным алеем і крапівой.

У кнізе "Літоўская гаспадыня" Ганны Цюндзявіцкай, якая сабрала вопыт гаспадарчай дзейнасці сялян на пачатку ХІХ стагоддзя, ёсць цэлы шэраг парадаў для захавання вокнаў чыстымі і светлымі.

Каб шыбы не трацілі празрыстасці, нельга мыць іх вадой, асабліва раніцай ці ўдзень, бо сонечныя прамяні уздзейнічаюць на вільготнае шкло, псуюць яго і змяняюць колер.

Варта рабіць гэта ўвечары, а зранку яшчэ раз выцерці шыбы сухой анучай. Для лепшага выніку суконку трэба пасыпаць дробным мелам і выцерці шкло насуха.Перад выкарыстаннем мел трэба прасеяць, каб ён не пакідаў драпіны на шкле.

Чытайце таксама:

152
Тэги:
Беларусь, Народныя традыцыі, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Мед

Беларускія народныя рэцэпты ад прастуды

72
(абноўлена 13:30 28.03.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца цікавымі рэцэптамі і нагадвае, што з цяжкімі захворваннямі лепш не эксперыментаваць і звяртацца да доктара.

Нашы продкі для барацьбы з хваробамі выкарыстоўвалі тое, што было пад рукой. Для барацьбы з вясновымі прастудамі быў свой топ-3, у які ўваходзілі лазня, зёлкі і парады дасведчаных народных лекараў.

Спосабы лячэння некаторых хвароб нашымі продкамі апісаў у кнізе "Рэчыцкае Палессе" этнограф Часлаў Пяткевіч яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя. Магчыма часам камічныя рэцэпты маюць рацыянальнае зерне і могуць пашырыць досвед сучасніка, які цікавіцца народнай медыцынай.

Вядома ж, у век росквіту навуковай медыцыны варта заўсёды раіцца з доктарам, якому давяраеш і пры моцным захворванні звяртацца па дапамогу ў паліклініку, але азнаёміцца з вопытам продкаў будзе таксама карысна і цікава.

Пад прастуднымі захворваннямі у народнай медыцыне разглядалі такія хваробы, як грып, вострыя рэспіраторныя захворванні, ангіну, бранхіт, ларынгіт, пнеўманію, рэўматызм, фарынгіт і іншыя. Лічылася, што ў аснове гэтых хвароб ляжыць пераахалоджванне арганізму, якога і варта пазбягаць.

Пры першых знаках прастуды - павышэнні тэмпературы, галаўной болі, насмарке, кашалі, ламоце -  народныя лекары раілі выпіць паўшклянкі вады, ў якой трэба было размяшаць пяць кропляў ёду. Калі ногі мокрыя, іх неабходна было нацерці гарэлкай і надзець сухія шкарпэткі. Добра было паставіць на грудзі і спіну некалькі сухіх банак, выпіць дзве-тры шклянкі  гарачай гарбаты з імбірам і мёдам.

Каб зрабіць карысную гарбату правільна, трэба чвэрць шклянкі ачышчанага і нацёртага на тарцы імбіра заліць медам і ваць некалькі хвілін, не даводзячы на кіпення, бо гэта шкодзіць карысным уласцівасцям мёда. У кубак з кіпенем трэба дадаць палову чайнай лыжкі атрыманай сумесі і піць цёплым.

Имбирь
© CC0 / Pixabay/Couleur
Імбір - лепшы сродак для імунітэта

Калі імбіра не было, то пілі любую патагонную гарбату з ліповага цвету, бузіны, маліны. Затым народныя лекары раілі закутацца ў коўды і класціся спаць. Звычайна пасля такіх працэдур прастура сыходзіла.

Калі не, то на наступны дзень раілі нічога не есці, а толькі піць журавінавы морс або ваду, падкіслёную лімонам. На ноч цела націралі спіртавой настойкай ядлоўцу або бярозавых пупышак, калі такой не было, абціраліся карачай вадой з воцатам.

Перад сном можна было выпіць поўшклянкі хатняга віна з чорнай смародзіны, разведзенага  паловай шклянкі гарачай вады. Праз гадзіну хворы пачынаў пацець і тады трэба было памяняць бялізну, якую ўвогуле падчас прастуды мяняць трэба часта.

Далей варта было ізноў выпіць віно, а раніцай лёгка паснедаць і зноў выпіць таго ж віна, але без вады.

Калі прастуда суправаджалася моцным кашлем, для яго гатавалі настойку з палыну і гарэлкі: 20 грамаў палыну настойвалі ў 500 грамах гарэлкі як мага больш. Ужывалі такую мікстуру тры разы на дзень на адной лыжцы, але дзецям такія лекі не давалі.

Для лепшага выхаду макроты лічылася карысным ужываць сіроп брусніц, змешаны з цукрам ці мёдам.

Сезон брусники только начался, но она уже на прилавках
© Sputnik / Валерия Берекчиян
Кожная гаспадыня мела ў хаце запас брусніц

Добрым сродкам ад кашлю лічылася морква і рэдзька. Каб прыгатаваць лекавую сумесь палову сока морквы ці рэдзькі трэба было змяшаць з малаком і прымаць пяць-шэсць разоў на дзень.

Палескія народныя лекары пры прастудных захворваннях раілі ўжываць экстракт з маладых сасновых парасткаў і часта нюхаць шкіпінар.

Вось які рэцэпт лячэння хворага горла прыводзіцца ў кнізе чэслава Пяяткевіча: "Мёд добра перапалі разжараным гваздом, развядзі гарэлкаю дай палашчы тры разы ў дзень. Прыкладай к горлу цёрты хрэн або вужовае лініло з цестам. Таксама палошчуць горла адварам шалфея, а калі т.зв. завалкі (ангіна), то робяць кампрэсы з моцна нагрэтага аўса ці ячменю".

А так на Палессі лячыліся ад кашлю: "Напар ліповага цвету, напійся з мёдам да на печы добра спацей, то і пройдзе. Адвар каліны(цвету)  і маліны (ягад і карэння) таксама ўжываюць каб выклікаць паценне. Пры вельмі цяжкім кашалі хвораму прыкладваюць гарачыя цагліны ці камяні, загорнутыя ў анучы. Пры катары выкарыстоўваюць тыя ж самыя сродкі.што і пры кашалі, і ў дадатак раюць умывацца вельмі халоднаю вадою, асабліва мыць за вушамі і ўцягваць ваду ў нос". 

Липовый цвет
© Photo : pixabay.com
Гарбата з ліпавага цвеіу не толькі смачная, але і карысная

Часта ўвесну, калі дзьмуць халодныя вятры, узнікала такая хвароба як ячмень. Згодна з дадзенымі Чэслава Пяткевіча, "пры кожнай хваробе вачэй, а перш за ўсё пры запаленні павекаў, што называецца ячменем, выкарыстоўваюць прамыванне халоднай вадою і сырадоем. Кожны, хто спаткае хворага, дае яму хвігу, кажучы:

- У цябе ячмень усходзіць!

- Усходзіць, да не ўродзіць, - павінен быў адказаць хворы ".

Хваравітым людзям народныя лекары раілі ужываць бярозавы і кляновы сокі з невялікай колькасцю мукі ці крухмалу.

А вось як прастудныя захворванні лячылі паэтычным народным словам: "На Сіянскім моры едзе Марыя залатым мастом; залаты мост разбівала, на мора брасала, явара зварачала. З явара выйшла сем дзевак. Ох. Мора, мора валнавалася! Там сем дзевак чыталі, пісалі, прастуду ўгаворвалі, вадзяную. Ветраную, прастудзёную. Угаваралі з ручак, з ножак, з пальчыкаў, з сустаўчыкаў, з сярэдзінкі , із галавы, із вушэй, із ачэй.

Вы, угоднікі гасподнія, прыступайце, мне, рабе божай Настассі (імя знахаркі), прастуду ўгавараць памагайце, на Сіянскае мора ссылайце, дзе вецер не вее, сонца не грэе,, там прастудзе прабываць, каб яна там піла, ела, спала, у целе прыбывала".

72
Тэги:
Народныя традыцыі, Беларусь, Ларыса Мятлеўская
Пусты клас у школе, архіўнае фота

Беларускія школьнікі сышлі на вясновыя канікулы

0
(абноўлена 09:46 30.03.2020)
Плануецца, што канікулы будуць доўжыцца тыдзень - чыноўнікі пакуль не вырашылі працягваць іх з-за эпідэміялагічнай сітуацыі.

МІНСК, 30 сак - Sputnik. Вясновыя канікулы пачаліся сёння ў школьнікаў Беларусі, прадоўжацца яны тыдзень.

Канікулы ў гэтым годзе пачаліся ў школьнікаў у адпаведнасці з раней прынятым графікам навучальнага года.

Бягучыя вясновыя канікулы працягнуцца тыдзень, за парты вучні вернуцца ўжо 6 красавіка. Пасля гэтага пачнецца апошняя, чацвёртая чвэрць.

Нагадаем, Мінадукацыі вырашыла не мяняць тэрміны канікул з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. Не бачаць чыноўнікі пакуль і падставы для ўвядзення ва ўстановах адукацыі карантыну.

У той жа час, заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, які павінен быў прайсці на вакацыях, перанесены на пазнейшыя тэрміны.

Паводле апошніх звестак Міністэрства аховы здароўя Беларусі, агучаных у мінулую пятніцу, сумарна каронавірус пацверджаны ў 94 грамадзян рэспублікі, з іх 32 ужо паправіліся. З 1 сакавіка лабараторыі, якія тыпцуюць аналізы на COVID-19, перайшлі на працу 24 гадзіны ў суткі.

0
Тэги:
школа, Беларусь