Абрад Провады русалкі

Русальны тыдзень: гісторыя і традыцыі свята

228
(абноўлена 13:14 17.06.2019)
Пачынаючы з Духава дня русалкі выходзяць з азёр і рэк, гушкаюцца на галінках бяроз, гуляюць у полі і нават заходзяць у вёскі.

Нашы продкі верылі, што праз восем тыдняў пасля Вялікадня, калі пачынае красаваць жыта, трэба асабліва сцерагчыся русалак. Чаму гэта так, як адагнаць ад сабе тапельніц і задобрыць русалку, чытайце ў даведцы Sputnik.

Адкуль бяруцца русалкі

Па народных паданнях, у русалак ператвараюцца маладыя тапельніцы-самазабойцы, а таксама немаўляты, што былі праклятыя ўжо ва ўлонні маці, нарадзіліся мёртвымі або былі забітыя адразу пасля нараджэння – задушаныя або ўтопленыя, а таксама памерлі да хрышчэння.

Проводы русалки
© Sputnik Сергей Лескеть
Абрад "Провады русалкі"

Але ўбачыць русалку-немаўля не ўдасца, таму што пасля смерці душа дзіцяці сем гадоў блукае па свеце і просіць, каб яе пахрысцілі. Калі нехта пачуе гэты енк і вымавіць: "Крэшчаю цябе у імя Айца і Сына і Святога Духа", душа будзе выратаваная, у адваротным выпадку па сканчэнні сямі гадоў ператварыцца ў русалку.

Як русалкі выглядаюць

Русалкі прадстаюць перад вачыма ў выглядзе маладой жанчыны або дзяўчынкі з доўгімі русымі ці зялёнымі валасамі і прыгожымі блакітнымі вачамі, якія, аднак, калі падыйсці да русалкі блізка, становяцца ашклянелымі, як у нябожчыка. Скура ў іх вельмі светлая, амаль празрыстая, адзення русалкі не носяць ніякага, а жывуць пад вадой у палацах, пад уладай Вадзяніка.

Калі тапеліца памерла пахрышчанай, з адлегласці 9 крокаў можна разгледзець след крыжа ў яе на грудзях.

Проводы русалки
© Sputnik Сергей Лескеть
Абрад "Провады русалкі"

Дзе можна сустрэць русалку

Русалкі селяцца ў азёрах і рэках і не адыходзяць ад іх далёка – па народных уяўленнях, русалка можа заставацца на паветры, толькі пакуль не высахнуць валасы. Але на восьмы тыдзень з Вялікадня гэта абмежаванне здымаецца: пачынаючы з Духава дня русалкі могуць хадзіць па палях і лясах і нават захадзіць у вёскі.

Існавала таксама павер'е, што, калі адважыцца злавіць русалку і прывесці яе ў хату, тая можа служыць гаспадару на працягу года, але не будзе размаўляць і ежы не будзе браць ніякай, акрамя той, якую пакідаюць дзядам-нябожчыкам.

Проводы русалки
© Sputnik Сергей Лескеть
Абрад "Провады русалкі"

Каму варта сцерагчыся русалак і як ад іх абараняцца

Русалкі завабліваюць у ваду люзей любога полу і ўзросту, але больш за ўсё любяць яны маладых хлопцаў. Калі русалка закахаецца ў юнака і прывабіць яго да сабе, будзе ахоўваць яго і лашчыць, а старога і непрыгожага мужчыну выпхне на бераг. Дзяўчынка, якую ўдалося заманіць у ваду, сама ператвараецца ў русалку.

Таксама русалкі вельмі зайздросцяць закаханым парам, і калі тыя гуляюць каля рэк і азёр, імкнуцца неяк нашкодзіць ім.

Каб выратавацца ад нападу русалкі, трэба заўсёды насіць пры сабе жалезную булаўку або шпільку. Нават калі русалак некалькі, дастаткова ўкалоць адну з іх, каб астатнія таксама спужаліся і зніклі.

Як святкуюць Русальны тыдзень у Беларусі

На Русальны тыдзень існавала забарона на ўсялякія палявыя працы, акрамя таго, сяляне імкнуліся не хадзіць у лес і не пушчалі туды дамашнюю скаціну. Ні ў якім разе нельга было купацца – асабліва апоўдні і апоўначы, гэты час здавён лічыўся спрыяльным для ўсіх нячысцікаў.

Жанчыны не займаліся на гэтым тыдні ткацтвам і шыццём, не мылі бялізну і не бялілі лён.

Маладыя дзяўчаты на русальны тыдзень гарэзвалі: апраналі кашулі, завешвалі твар валасамі і хаваліся ў гушчары, каб выскачыць і напужаць мінака. Дзяцей яны таксама лавілі і казыталі, як сапраўдныя русалкі. Таксама спявалі адмысловыя русальныя песні.

У канцы русальнага тыдня жанчыны ладзілі абрад "провады русалкі". Каб ушанаваць і задобрыць русалак, яны развешвалі на галінках дрэў і кустоў, якія растуць каля вады, палотны на кашулі і ўласна вопратку і спявалі:

 

Русалка маглі аддзячыць жанчыне, якая падарыла ёй сарочку, або, калі гэта дзіця, прыкрыла яго пялюшкай. Калі яна дакранецца да ахвяравальніцы, у той уся праца будзе рабіцца скора ды ладна.

Русалкі з даўніны лічыліся не толькі шкоднікамі, але і ахоўнікамі пасеваў, таму імкнуліся іх не крыўдзіць.

228
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (71)

Спадчына