Лідскі замак

Беларусь містычная: самыя знакамітыя замкі з прывідамі

294
(абноўлена 16:40 25.06.2019)
Самыя папулярныя беларускія замкі і прывіды, якія іх ахоўваюць - у аглядзе Sputnik.

Беларускія замкі — сапраўдны скарб для тых, хто хоча паказытаць нервы. У кожным жыве свой прывід, які абараняе пэўную легенду і нават скарб.  Тым, хто ўсё жыццё марыў папаляваць на прывідаў, ёсць дзе разгуляцца.

Нясвіжскі замак

Самы рамантычны і самы знакаміты прывід Беларусі — Чорная Панна Нясвіжа. Так называюць пакутлівую душу недарэчна загубленай каханай караля Жыгімонта — Барбары Радзівіл.   

Гісторыя адносінаў паміж свякроўкай і нявесткай старая як свет. Маці Жыгімонта Бона Сфорца люта ненавідзела "выскачак" Радзівілаў. І нават калі сын таемна ажаніўся з Барбарай, не прыняла яго выбар і загадала сваім памочнікам атруціць прыгажуню. Маладая каралева выпіла зелле, якое аптэкар Монці выдаў за лекі ад бясплоддзя. Яе пахавалі ў Віленскім кафедральным касцёле.

Несвижский замок
© Sputnik Ася Поплавская
Нясвіжскі замак

Каралева беларускіх прывідаў неаднойчы натхняла творцаў — Аляксей Дудараў прысвяціў ёй п'есу, па якой паставілі спектакль на сцэне Купалаўскага. Пастаноўка рэжысёра Валерыя Раеўскага ідзе з 2000 года і дагэтуль збірае поўныя залы.

Гальшанскі замак

Супрацьпаставіць жыхарцы Нясвіжскага замка па колеру можна гаспадыню Гальшан — Белую даму ці Белую Панну. Пры жыцці яна была жонкай будаўніка, якую прынеслі ў ахвару. Яе абралі выпадкова — гаспадынька першай з усіх прынесла мужу абед і стала платай будаўнікоў вышэйшым сілам за тое, каб паспяхова працягнуць будаўніцтва.

Разам з белай прыгажуняй па замку калі-некалі шпацыруе Чорны Манах — каханы Ганны-Гардзіславы Гальшанскай, якая апранала для сустрэч з ім манаскае адзенне. Аб іх каханні даведаўся бацька дзяўчыны — жорскі магнат. Ён загадаў замураваць Грэміслава Валюжыніча ў сцяну замка і тым самым зрабіў яго пастаянным жыхаром гэтага месца.

Мірскі замак

Яшчэ адна містычная Белая Пані мае прапіску ў Міры. Так завуць Сонечку — дачку гаспадара замка Мікалая Святаполка-Мірскага. Ён вырашыў на месцы сада выкапаць сажалку і тым самам даў ход пракляццю — тут павінна было загінуць столькі людзей, колькі дрэў было спілена ў садзе. Цяпер Сонечка па начах шпацыруе па замку ў белым адзенні.

Жыве ў Міры і прывід з роду Радзівілаў. Кажуць, што ён абараняе свой скарб, які дагэтуль знаходзіцца тут. Знайсці багацце зможа той, хто набярэцца смеласці і паразмаўляе з прывідам.

Мірскі замак
© Sputnik / Иван Руднев
Мірскі замак

Лідскі замак

Замак пабудаваны знакамітым Гедымінам для абароны ад крыжаносцаў, таму не дзіўна, што менавіта яго абралі для вечнага жыцця некалькі воінаў. Падзеі адбываліся ў снежні 1392 года: крыжаносцы па лёдзе вельмі блізка падыйшлі да сценаў замка. У тыя часы там знаходзіўся Дзмітрый Карыбут, які ўначы разам з войскам накіраваўся ў Наваградак.

У замку засталіся толькі некалькі воінаў. Яны мужна прынялі смерць і абараняюць замак ужо доўгі час.

Крэўскі замак

Амаль кожны беларускі замак ахоўвае памерлая прыгажуня і Крэва — не выключэнне. Лічыцца, што тут жыве дух дзяўчыны, якая дапамагла збегчы адсюль Вітаўту. Яна аддала князю сваё адзенне, за што і паплацілася жыццём. Памочніцу ўцекача скінулі з Крэўскай вежы.

Кревский замок в музее архитектурных миниатюр
© Photo : Сергей Балай, БелаПАН
Крэўскі замак у музее архітэктурных мініяцюр

Непрыемны лёс напаткаў тут яшчэ адну прыгажуню. У яе закахаліся два хлопцы, якія біліся на дуэлі. Але капрызная княжна адмовіла пераможцу і за гэта яе замуравалі прама ў сцяну разам з сабачкай.

Смалянскі замак

Каралева Бона Сфорца валодала Смалянамі ўсяго чатыры гады, пасля чаго перадала мястэчка роду Сангушак, якія пабудавалі тут замак вядомы як Белы Ковель. Але мясцовыя жыхары ўпэўненыя, што прывід наравістай жанчыны жыве менавіта тут. Лічыць так не замінае нават факт, што памерла Бона Сфорца ў Італіі.  З'яўляецца прывід звычайна позняй восенню, калі над мясцовай рэчкай Дзярноўкай ўздымаецца густы туман.  

Быхаўскі замак

Гэты замак у якасці рэзідэнцыі будаваў Ян Кароль Хадкевіч. У народзе казалі, што падчас будаўніцтва не абыйшлося без чорнай магіі з-за якой тут і з'явіліся прывіды юнака і дзяўчыны.

Справа ў тым, што будаўнікі скардзіліся на працу: інструмент валіцца з рук, а ўсё, што  было пабудавана за дзень, назаўтра развальваецца. Як было прынята ў тыя часы, вырашылі зрабіць ахвару. Платай для нячысцікаў сталі юнак і дзяўчына, якія проста ішлі па дарозе. Дзякуючы іх душам, замак стаў моцным і непрыступным, а выпадковыя мінакі дагэтуль сцерагуць яго сцены.

Любчанскі замак

Любча стала належаць магнату Яну Кішку ў 1547 годзе. Ён зрабіў вельмі многае для развіцця гэтых мясцін — пабудаваў тыпаграфію, малельны дом, школу і сам замак. Менавіта ў часы Кішкі Любча атрымала Магдэбургскае права і герб.

Таму валанцёры, якія займаліся рэстаўрацыяй замка, не здзівілся, калі напаткалі тут прывід — магнат і па сённяшні дзень абараняе свае ўладанні. Кажуць, што прывід пільна сачыў за працай і нават жартаваў над тымі, хто ўзгадваў Кішку нядобрым словам.

294
Тэмы:
Беларусь містычная: легенды, паданні, казкі (7)

Спадчына