Кнігі і слоўнікі

Гісторыя адной кнігі: што стала з аўтарамі знакамітага беларускага слоўніка

101
(абноўлена 08:54 22.02.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская адмыслова да Дня роднай мовы распавядае пра гісторыю адной, але вельмі значнай, кнігі.

Беларускія слоўнікі дазваляюць прасачыць, якой была родная мова ў розныя часы, чым яна жыве цяпер і як развіваецца. Каштоўнасць такіх выданняў заключаецца ў тым, што яны з’яўляюцца не проста крыніцамі інфармацыі, а ўтрымліваюць шмат дадатковых ведаў пра жыццё беларусаў, іх традыцыйную духоўную і побытавую культуру.

Напрыклад, "Беларуска-расійскі слоўнік" М.Байкова і С.Некрашэвіча. Арыгінальнае выданне пабачыла свет у 1925 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі і мела наклад у 10 тысяч экземпляраў. На пачатку 1930-ых гадоў слоўнік быў забаронены і доўгі час праляжаў у спецыяльных сховішчах бібліятэк. Прычынай гэтага сталі палітычныя рэпрэсіі, ахвярамі якіх сталі многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку, і аўтары слоўніка.

Факсімільнае выданне з’явілася ў 1993 годзе ў серыі "Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць" выдавецтва "Народная асвета".

Цяпер, бадай, толькі гісторыкі і мовазнаўцы ведаюць, чаму ў  другой палове 20-х гадоў у Мінску, Коўне, Смаленску і іншых гарадах выдавалася столькі беларуска-расійскіх і расійска-беларускіх слоўнікаў розных аўтараў. У тыя гады Беларусь ахінула "беларусізацыя" і ў сувязі з гэтым з’явілася патрэба ў разнастайных слоўніках, якімі магло б карыстацца насельніцтва пры складанні справаводчых папер, у працэсе выкладання, пры напісанні навуковых прац, мастацкіх і журналісцкіх твораў, у вытворчым працэсе.

Пра гэты перыяд у жыцці Беларусі навуковец, філолаг Сяргей Запрудскі трапна заўважыў, што напрацягу 1920-х гадоў кола спажыўцоў беларускай літаратурнай мовы выйшла за межы вузкага кола культурніцкіх дзеячаў і чытачоў беларускіх газет.

Літаратурная мова ў гэты час стала здабыткам шырокіх народных мас, ёй сталі карыстацца і паступова прыйшло разуменне, што можна не проста гаварыць на беларускай мове, але і гаварыць "правільна", "нарматыўна", з выкарыстаннем яе багацця і з захаваннем пэўных нормаў, якія паступова пачыналі рабіцца агульнапрынятымі.

Цяпер "Беларуска-расійскі слоўнік" М.Байкова і С. Некрашэвіча лічыцца помнікам лексікаграфіі першых паслярэвалюцыйных гадоў, а яго аўтары шануюцца, як навукоўцы, якія зрабілі неацанімы ўнёсак ў развіццё і захаванне беларускай мовы.

Па заданню Інбелкульта ў вельмі кароткі тэрмін, усяго за 4 месяцы яны пераклалі на рускую мову звыш 20 тысяч беларускіх слоў агульнага ўжывання. Паралельна з "Беларуска-расійскім слоўнікам" аўтары разам працавалі і над "Расійска-Беларускім слоўнікам", які выйшаў у Мінску ў 1928 годзе, а Байкоў у сааўтарстве з А.Бараноўскім у 1927 годзе яшчэ выдаў "Практычны беларускі вайсковы слоўнік".

Біяграфічная даведка:

Байкоў Мікалай Якаўлевіч (1889-1944?) - сын святара з Цвярской губерніі, рускі па нацыянальнасці, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі захапіўся ідэяй адраджэння беларускай культуры і прысвяціў гэтаму ўсё сваё далейшае жыццё. Галоўнымі аб’ектамі яго навуковых заняткаў былі педагогіка, беларуская мова і беларуская літаратура. Найбольшую вядомасць атрымаў сваімі мовазнаўчымі працамі. Выкладчыцкую працу спалучаў з навуковай на пасадзе сакратара Тэрміналагічнай камісіі пры Народным камісарыяце асветы БССР, Слоўнікавай камісіі  Інбелкульта і Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук. Але ў сярэдзіне 1930 годп быў звольнены з усіх пасад "як скампраментаваны ў друку і як чужы па свайму сацыяльнаму паходжанню".

Пасля гэтых падзей яму давялося жыць у галечы. Былы рэдактар часопіса "Школа и культура Советской Белоруссии", супрацоўнік часопісу "Асвета", маючы выпадковыя заробкі ў друку, ён цалкам быў пазбаўлены мэты свайго жыцця, яму было забаронена займацца любімай справай - навукай.

Апошнія гады жыцця гэтага яркага навукоўца ахінутыя таямніцамі і нават дата і месца яго смерці не вядома. Па некаторых звестках, падчас нямецкай акупацыі Мікалай Якаўлевіч Байкоў працаваў у Мінску у Інспектараце беларускіх школ і ў Выдавецтве школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі. Улетку 1944 года пяцідзесяці пяці гадовы вучоны выехаў у Германію, дзе працаваў у прапагандысцкім бюро "Вінэта". Па некаторых звестках ён быў арыштаваны ў Берліне савецкай контрвыведкай "Смерш" і перавезены ў Мінск, дзе ўтрымваўся ў мінскай турме. Далейшы яго лёс невядомы.

Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч (1883-1937) - сялянскі сын з Бабруйшчыны, у 1908 годзе скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, а ў 1913 годзе -  Віленскі настаўніцкі інстытут, школьны настаўнік, які ў 20-я гады займаў розныя пасады ў Народным камісарыяце асветы і прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі Інстытута беларускай культуры, а ў 1928 годзе стаў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі.

Навуковая дзейнасць Сцяпана Міхайлавіча ўражвае аб’ёмамі і шматграннасцю зробленага. Ён займаўся апрацоўкай беларускай навуковай тэрміналогіі і беларускага правапісу, укладаннем слоўнікаў, даследаваннем помнікаў беларускай пісьменнасці і беларускіх народных гаворак, стварэннем школьных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Летам 1930 года быў арыштаваны па беспадстаўнаму абвінавачванню ў буржуазным нацыяналізме і высланы ў горад Сарапул Удмурцкай АССР.  Яму споўнілася пяцьдзесят чатыры, калі атрымалася вярнуцца з Сібіры на радзіму. Але гэта была не рэабілітацыя і доўгачаканая воля, а паўторны арышт. У Мінску 20 снежня 1937 года Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч быў расстраляны.

Аўтары пісалі, што мэтай іх слоўніка было "даць дапамогу пры чытанні сучасных беларускіх выданняў тым асобам, якія хаця й маюць... практычнае знаёмства з жывой беларускай мовай, але яшчэ ня зусім дакладна ўяўляюць сабе тое слоўнікавае багацце, якім уладае сучасная навукова-літаратурная мова... " і далей, акрамя іншага тлумачылі, што "ў слоўнік унесены, як правіла, тыя беларускія словы, што адрозніваюцца ад расійскіх слоў або па вымове й транскрыпцыі або па сэнсу".

У прадмове Байкоў і Некрашэвіч заўважалі, што пры карыстанні слоўнікам патрабуецца "знаёмства з элемэнтарнай граматыкай беларускае мовы " (Тарашкевіча або Лёсіка, - Sputnik) і што сам слоўнік з-за кароткага тэрміну працы над ім не з]яўляецца поўным слоўнікам беларускай мовы, ён мае пэўныя хібы, але нельга не ацаніць значны ўнёсак гэтых людзей у развіцце беларускай мовы.

Чытайце таксама:

101
Тэги:
Міжнародны дзень роднай мовы, Ларыса Мятлеўская, Беларуская мова
Траецкая закусачка

Гуляй, вёска, сёння Кірмаш!

51
(абноўлена 19:00 18.06.2021)
Этнограф Ларыса Мятлеўская нанава адкрывае даўняе свята пэўнай вёскі і дае кулінарныя парады да "кірмашовага" стала.

Абы была добрая нагода, а нашы продкі ўмелі скарыстаць яе для добрага адпачынку. Асабліва калі надыходзіў час "кірмашу" або "фэсту". Так у розных мясцовасцях Беларусі называлі свята пэўнай вёскі. Шматлікія моўныя сведчанні аб гэтым храмавым свяце захаваліся і па сёння: "Фэсты былі, з’язджаўся народ. У суседняй вёсцы фэст быў. На Спожку фэст у вёсцы. Фэст – прастольны празьнік у чэсць Пятра і Паўла. На фэсце была – фэст бальшой празьнік".

Але ж часцей за ўсё свята вёскі называлі "кірмашом". Бабуля ўзгадвала, што калісьці ў гэты дзень зранку "бацюшка" перш служыў малебен, пасля хадзіў па падворках і асвячаў хаты, хлявы, агароды. За ім ішлі ўсе вяскоўцы, таму гаспадыні імкнуліся добра прыбраць у двары, пабяліць печ у хаце, каб мець добрую славу. У гэты дзень у вёсцы адбываўся гандаль, "кірмаш". Адсюль і пайшла агульная назва свята, якой карыстаюцца і цяпер.

Слова "кірмаш" заўсёды выклікае ў мяне светлы і радасны ўспамін аб шчаслівых гадзінах майго вясковага дзяцінства. У вёсцы, дзе жылі мае дзяды, "спраўлялі кірмаш" на наступнай пасля Сёмухі нядзелі. Зранку ў хаце пачыналася перадсвяточная мітусня. Бясконца ляскала жалезная клямка дзвярэй, паколькі бабуля літаральна лётала з кухні ў клець па прысмакі. Дзед і дзядзькі даставалі з паветкі сталы і лавы, абкашвалі двор. У падпаленай печы пякліся вялікія, румяныя бліны і шкварчэла сала. Сон знікаў адразу, як толькі ў галаву ўлятала думка пра кірмаш і гасцінцы, якія павінны прывезці госці. Дзеці таксама не заставаліся без працы. Пасля сняданку маім абавязкам было збіванне масла ў драўлянай маслабойцы. Пасля трэба было сабраць у гнёздах свежыя, яшчэ цёплыя яйкі, наршчыпаць на агародзе зялёнага пер’я цыбулі. Прымаць удзел у супольным клопаце было за шчасце.

Даўняя традыцыя збірацца разам у гонар пэўнага рэлігійнага свята і святкаваць дзень вёскі ўзнікла яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы. Непадалёк ад Мінска "кірмашы" і цяпер святкуюць толькі ў старадаўніх вёсках, у якіх прытрымваюцца старых дат іх правядзення. Хутчэй за ўсё іх замацавалі за кожным паселішчам яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя праз царкоўныя прыходы. Так, у вёсцы з прыгожай назвай Дубіцкая Слабада "кірмаш" калісьці ладзіўся на Троіцу, следам праз тыдзень на Граной нядзелі святкавала іншая вёска і гэтак далей. Большасць вядомых мне кірмашоў прыпадалі на лета і пачатак восені. Гэта было зручна, паколькі важныя палявыя работы былі завершаны і быў час для кароткага адпачынку.

На кірмашах прадаваліся ганчарныя, бандарныя вырабы, тканыя рушнікі і посцілкі, гародніна, мёд, яйкі, птушка, рыба і  малочныя прадукты. Тут заўсёды было весела, гучала музыка і смех, жартаўлівыя спрэчкі. Смешныя кірмашовыя здарэнні любілі пераказваць, асабліва ўвечары, седзячы за святочным сталом. Вось што падымала настрой нашым продкам.

Кірмашовыя жарты

Свежая капейка

Мужык дорага купіў карову і адразу ж яе прадаў значна танней. На пытанне навошта ён так зрабіў, адказаў: "Абы ў руцэ капейка свежая была".

На дарозе

- Сядай, дзядзька, паедзем.

- Няма часу: трэба ісці.

Не прызнаў

Варочаючыся з кірмашу, чалавечак, прыкуцнуў на дарозе і заснуў, дый так моцна, што не чуў, як і боты нехта з яго ног сцягнуў. Ажно едзе нейкі чалавек і крычыць: "Прыймай ногі!" заспаны мужык, глянуўшы на свае босыя ногі, кажэ: "Едзь! Гэта не мае: мае ў ботах".

На судзе

- Ты што ўкраў? - пытае суддзя злодзея.
- Вяроўку, - кажа, - з рагамі.
- З якімі  рагамі?
- З кароўімі.
- А дзе ж тая карова?

- Цягнулася і яна, падла, за гэтымі рагамі.

Сон

Мужык кажа да жонкі:
- Ведаеш, Тэкля, вельмі нешта добрае я сягоняшняй ночы прысніў.
Жонка:

- Я такі здагадалася. Праз сон ты крыкнуў: "Дай, Моўша яшчэ кварту".

Дагадзіў

- Слухай, цыгане, ты прадаў мне сляпую кабылу.

- Табе ж лепей, бо будзе яна есці салому, а думаць, што сена.

Добры конь

Адзін селянін прадаваў на кірмашы свайго каня. А конь той быў худы-худы, ад ветру падаў. Селянін усё хваліў яго і выгукваў:
- Купляйце каня, не здзіўляйцеся, што ён такі худы, ён як разбяжыцца, дык бяжыць пятнаццаць вёрст і не спыняецца.

- Я б яго купіў, - кажа адзін чалавек, - але ж мне да дому ўсяго дзесяць вёрст, то ён перабяжыць маю хату.

Каля магазіна

- Што так прыглядаешся на выставу, Амілька?
- Аглядаю панчохі і не ведаю, які сабе выбраць колер.

- Вось дурная, вазьмі чорныя, бо як зробіцца дзірка, дык не будзе відаць ног.

З цягам часу і набажэнства, і гандлёвы кірмаш у гонар свята зніклі, але традыцыя запрашаць у пэўны дзень у госці далёкіх сваякоў і паважаных людзей з суседніх вёсак засталася. Да сярэдзіны 1980-х у вёсках Загацце, Паздзіркі, Дубінкі, Дубіцкая Слабада, Пагуляйка, што ў Мінскім раёне кірмашы адбываліся аднолькава. Раніцай  хлопцы ішлі да брыгадзіра і прасілі каня з вазом, каб паехаць у лес па маладыя бярозкі. З іх на выгане рабілі кола для танцаў. У сярэдзіне майстравалі лаўкі, каб, натанцаваўшыся, было дзе прысесці. У складчыну наймалі музыкаў і танцавалі цэлую ноч пасля ўрачыстай вячэры. На такія танцы сцякалася моладзь з усёй ваколіцы. Пазней, калі з’явіліся магнітафоны і гукаўзмацняльная апаратура, ёй пачалі замяняць музыкаў.

Вячэра

Вячэра ў дзень кірмаша – асаблівы клопат для гаспадыні. Ад самага рання, а часам і за дзень пачыналі гатаваць святочную вячэру. Ежы гатавалі шмат паколькі, як казалі "ладзіліся вялікія госці". У гэтай справе маці дапамагалі дарослыя дочкі, нявесткі і нават, калі мелі час, суседкі. Апрануўшыся ў "чыстае" (святочнае адзенне) усе знаходзіліся ва ўзрушаным, святочным настроі, жартавалі, прыветна віталі адзін аднаго, чакаючы вечара. Да глыбокай ночы ў хатах не гасілі святла. Вёска гула, як пчолы ў вуллі, а на наступны дзень пасля абеду свята працягвалася. На танцавальнай пляцоўцы моладзь саступала месца старэйшым, якія з асалодай круціліся ў вальсах, "кракавяках" і польках.

Існавала прыкмета, што калі харошы стол на Троіцу, то будзе хапаць усяго, увесь год будзеш добра жыць. Вось і імкнуліся застолле зрабіць багатым і разнастайным на стравы.

На стале прысутнічала ўсё, што было прыпасена гаспадыняй і засталося ад зімы: салёныя агуркі і грыбы, квашаная галоўкамі капуста, яшчэ старая бульба і буракі. Са свежай агародніны да гэтага часу на градах паспелі падняцца толькі зялёная цыбуля і кроп. Абавязкова загадзя рабілі сыр і збівалі масла, даставалі з сальніцы салёнае сала, якое наразалі скрылікамі не вельмі тонкімі, каб было што падчапіць на відэлец, а таксама з гарышча, з вялікага каша з вечкам даставалі вялены кумпяк, каўбасы пальцам тыканыя, каўбух і іншыя мясныя прысмакі, якія яшчэ засталіся пасля Вялікадня і сенакосу. Калі было з чаго, варылі халадзец, смажылі курыцу.

У Мінск ехалі па "купляную рыбу": селядцы, траску і хек. Гадоў 40 таму ў крамах інакшай рыбы амаль не было. Стараліся налавіць у мясцовай сажалцы ляшчоў, карасёў ды плотак. Шчупакі былі рэдкасцю ў гэтым калісьці балоцістым краі. На радасць дзецям пяклі салодкія "грыбкі" (від бісквітнага пірага). З сухіх яблыкаў і груш варылі ўзвар з дадаткам мяты і чабарку. Ну, і пэўна ж, была свая і купляная гарэлка, хатняе вінцо са смародзіны для жанчын.

Салата з квашанай капусты

З чаго гатаваць:

  • галоўка квашанай капусты,
  • пучок пёрак зялёнай цыбулі,
  • крыху зялёнага кропу,
  • 100 г смятаны або алею,
  • 1 ст лыжка цукру.

Як гатаваць. Квашаную галоўкамі капусту дастаць з расолу і абмыць. Тонка нашаткаваць капусту, дадаць дробна сечанае пер’е зялёнай цыбулі, зусім трошкі зялёнага кропу, пасаладзіць і заправіць смятанай або алеям. Смаката - не ад’есціся!

Смажанка па-сялянску

З чаго гатаваць:

  • 600 г мяса,
  • 6-8 бульбін,
  • 1-2 цыбуліны,
  • 1 морква,
  • 1,5 ст лыжкі мукі,
  • 0,5 ст лыжкі здору,
  • 100 г смятаны,
  • соль, перац, лаўровы ліст.

Як гатаваць. Мяса прамыць, нарэзаць кавалкамі па 30-40 г, злёгку адбіць, пасаліць, паперчыць, укачаць у муку і абсмажыць на здоры да ўтварэння румянай скарынкі. Пакласці мяса ў чыгунок або каструлю, дадаць ачышчаныя і нарэзаныя цыбулю, моркву, бульбу, уліць булён або ваду і тушыць на слабым агні. Калі мяса будзе амаль гатова, дадаць лаўровы ліст, соль, уліць смятану і патушыць усё разам.

На жаль у канцы 1990-х святкаванне кірмашоў амаль сышло. Але прайшло колькі часу і гэта цудоўная традыцыя паціху пачала адраджацца.

Вось і сёння, атрымала ад суседзяў запрашэнне на кірмаш, то пачну рыхтавацца, а вам святочнай нядзелі і смачна есці!

51
Тэги:
кулінарныя парады, Ларыса Мятлеўская, этнограф, Кірмаш, вёска
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Зялёныя святкі

Самы чароўны час у годзе

40
(абноўлена 17:47 18.06.2021)
Этнограф Ларыса Мятлеўская раіць, як справіць дзявічнік на Зялёныя святкі, і дзеліцца старажытнымі святочнымі рэцэптамі.

Пачатак лета ў мяне заўсёды выклікае лёгкае хваляванне. Моцна ў лес цягне, чамусьці ў жыце схавацца хочацца і ўсялякае такое.

Не, вы не падумайце, я пры сваім розуме але такі мой стан тлумачыцца тым, што хутка Сёмуха і Граная нядзеля, а неўзабаве і Купалле. Карацей, самы чароўны час у годзе – гэта цяпер. Чары ў тым, што ў лясных нетрах схавалася папараць-кветка ў чаканні купальскай ночы, набіраецца сілы гаючае зелле і, хто ведае, магчыма рыбакам часам чуецца рогат русалак у зарасніках чароту.

"Сёмуха – свята"!

Старажытнае каляндарнае свята Сёмуха святкуецца праз сем тыдняў пасля Вялікадня і менавіта адсюль яе назва. Увогуле ў славянскіх народаў гэта старажытнае свята мае розныя найменні: Зялёныя святкі, Май, Тройца, Русаллі, Зелянец, Граная нядзеля, Дух.

Асноўны сэнс гэтага свята – ушанаванне расліннасці, зеляніны, кветак, дрэў, буйны росквіт якіх атаясамліваўся з жыццёвай сілай прыроды. Каб прывабіць яе сілу, спрыяць будучаму ўраджаю, забяспечыць плоднасць жывёлы, здароўе і дабрабыт сям’і, галінкамі бярозы, ліпы і клёна аздаблялі сядзібныя пабудовы. У Хойніцкім р-не сцвярджалі, што гэта рабілася для таго, каб "выгнаць злых духаў з хаты, ачысціць паветра ад зла".

"На Сёмуху "сёмушку" прывозяць"

Рыхтуючыся да свята часта ехалі ў лес па зеляніну. Галінкі дрэў і нават зрэзаныя пад корань маладыя бярозкі на Гарадзеншчыне называлі "сёмушкай", а на Міншчыне і ў іншых мясцовасцях – "маем".

У вёсцы, дзе жылі мае дзяды, лесу не было і, калі надыходзіў час свята, бабуля казала: "Трэба "маю" наламаць" і ішла па галінкі клёну, які рос у двары. Іх затыкалі за абразы ў хаце, за партрэты памерлых продкаў, каля парогу, пад страху ў хляве і абавязкова каля варот.

Вымытую да бляску падлогу ў хаце засцілалі аірам, які меў не толькі прыемны пах, але і быў здольны абараняць ад пяшчаных блох, якіх калісьці было шмат менавіта гэтай спякотнай парой.

Так старыя гавораць

У народзе існавала нямала цікавых прыкметы і павер’яў звязаных з гэтым святам.

Так, у вёсцы Кіралі, што ў Шчучынскім раёне, згадваючы свята, старажылы казалі: "На Сёмуху май становяць… укопваюць бярозы на надворках і варотах, каровам вянкі ўюць, на галовы кладуць. Да Сёмухі нельга венікі бярозавыя вязаць, а пасля Сёмухі робяць венікі".

Пра тое самае ўзгадвалі і ў Буда-Кашалёўскім раёне: "На Тройцу ліпавымі веткамі ўсё абтырквалі: усю хату і хлявы тожа... А потым зелень ету сабіралі і выносілі ў сарай, клалі там, дзе куры нясуцца, абкладалі там, дзе бульбу закапваюць, штоб мышы не рыліся. Май жа ўсё плахое выганяў".

У Добрушскім раёне людзі кідалі ў раку траву і палявыя кветкі каб быў "багаты год", добры ўраджай і верылі, што калі гэтага не зрабіць, то "галодны год будзе, ці засуха будзе, ці жыта не ўродзіць". Часам сядзібу аздаблялі рознымі відамі дрэў. Хату ўпрыгожвалі галінкамі ліпы, бярозы, дуба і клёна, а двор і хлеў аздаблялі асінай для таго, каб "у дварэ і хляве скаціна вялася".

У Рэчыцкім раёне і на Міншчыне па галінках клёна, раскладзеных у хаце, напрацягу першага дня варажылі, якім улетку будзе надвор’е: "Калі быстра сохне клён, то сухі будзе год (лета), не быстра сохне - мокры год".

Пад вокнамі ставілі бярозкі і прыкмячалі: "Калі сохне лісце, то сена будзе сохнуць добра".

У Лоеўскім раёне высахлы "май", звязвалі ў пучкі і "вешалі пад страху, каб усё добра было ў хаце і з жывотнымі. Так старыя гавораць". Таксама ёсць сведчанні, што высахлыя "траецкія" галінкі, якія доўга не вялі, выкарыстоўвалі як лекі, пасыпаючы пацярушаным лісцем раны, купалі ў іх дзяцей. Лічылася, што на Троіцу першыя тры дні нельга працаваць, а напрацягу Граной, Русальнай нядзелі нельга было хадзіць у лес і купацца ў вадаёмах.

Яшчэ ў Добрушскім раёне сцвярджалі, што ў гэтыя дні "ні ў коім разе нельга было гарадзіці забор ці рамантаваць баронкі". Напярэдадні свята крапіву вешалі над дзвярамі каб адагнаць нечысць, а любісту ўпотай маткі падкладалі ў ложак нежанатым дзецям, каб іх усе любілі і яны хутка выйшлі замуж і ажаніліся. Як і крапіва, ліпа, любісцік і аір, асвечаныя ў царкве, лічыліся моцным абярэгам. Іх вешалі на вароты, ставілі на падваконні, зашывалі ў падушку чалавеку ў труну. Галінкі "маю" палілі падчас моцных грымот, каб не было граду. Пасля свята каля хаты закопвалі ссечаныя маладыя дрэўцы бярозы і клёна. Лічылі, што яны будуць зберагаць усіх ад розных хвароб, бо ў іх жылі духі. Галінкі бярозы закопвалі ў зямлю, каб спрыяць добраму ўраджаю.

Не толькі само свята Троіца але і ўвесь тыдзень перад ім асаблівы. Кожны дзень быў асаблівы. Так на тыдні ў Крывую або Градавую сераду нічога не рабілі на полі, бо лічылі, што град пашкодзіць пасевы, не палолі і не садзілі, каб не вырасла крывым. У пятніцу гатавалі посныя стравы, а ў суботу елі скаромнае і адзначалі Сёмушныя або Траецкія Дзяды. У народзе тлумачылі: "Субота перад Тройцай – "Сёмка", тады пракладаюць дзірванамі могілкі, а ў нядзелю – Тройца".

Ідучы на могілкі ўшаноўваць продкаў неслі з сабой бярозавыя галінкі, яйкі, бліны. Але на гэтым традыцыя памінаць продкаў на Сёмушныя Дзяды ў некаторых раёнах не завяршалася. Праз тыдзень пасля Троіцы на могілкі ішлі ізноў, называючы гэты дзень "Багатыя Дзяды".

Дзявочнік у Сёмік

Чацвер, які ў народзе называлі – Сёмік быў днём канчатковага развітання з вясной і сустрэчай лета. Дарэчы ў Буда-Кашалёўскім раёне распавядалі, што Сёмік – гэта малады, добры, вясёлы юнак-хлапец. У гэты дзень дзяўчаты ладзілі чыста дзявочы абрад "Вянкі" ў якім у асаблівай пашане была бяроза.

Святкавалі прыкладна так. У другой палове дня дзяўчаты ішлі ў лес "завіваць бярозку". Па дарозе вадзілі карагоды і спявалі. Месца для завівання выбіралі каля жыта, каб абрадавымі дзеяннямі зберагчы яго ад шкоднага ўздзеяння русалак.

Знайшоўшы групу бярозак, спляталі голле дзвюх з іх, якія стаялі побач. Атрымлівалася нібыта брама, якую абавязкова ўпрыгожвалі стужкамі. Праз яе дзяўчаты праходзілі парамі, куміліся, абменьваючыся хусткамі і стужкамі.

Яшчэ вілі вянкі з кветак, вешалі на бярозу і прасілі ў Бога шчаслівай долі, кахання, замужжа. Гэта быў сапраўдны дзявочнік. Хлопцы, мужчыны і дзеці на яго не дапушчаліся. Выпраўляючыся ўпотай у лес, дзяўчаты бралі з сабой старэнькую бабулю, якая павінна была лупцаваць усіх крапівой, адганяючы такім чынам злых духаў.

Праз тыдзень зноў збіраліся і ішлі на тое самае месца да бярозак вянкі развіваць. У Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці існавала верная прыкмета, што калі не развіць вянка, то будзе ўвесь год моцна балець галава.

Далей дзяўчаты частаваліся прынесенымі стравамі і адыходзілі спяваючы:

"А мы вяночкі развілі і гарелачку папілі,

І закусачку паелі, пайшлі дворачку – запелі".

Некалькі добрых рэцэптаў

А "закусачка" была такая: яйкі, сала, каўбасы, салодкая гарэлка, прыгатаваная яечня, бліны. Усё гэта абрадавыя стравы. Узгадаем некалькі добрых рэцэптаў, якія былі папулярныя ў нашых бабуль.

Яечня вясковая

З чаго гатаваць:

  • 8 яек,
  • 0,5 шклянкі малака,
  • 80 г сала,
  • 1 цыбуліна,
  • соль.

Як гатаваць. Сала нарэзаць маленькімі кубікамі, падскварыць разам з нашаткаванай цыбуляй. Яйкі ўзбіць з малаком, пасаліць і заліць гэтым сала з цыбуляй. Пасыпаць зверху зялёным кропам. Запячы ў духоўцы або печы.

Амлет па-сялянску з карыцай

З чаго гатаваць:

  • 6-8 яек,
  • шчопаць кропу альбо пятрушкі,
  • соль,
  • 1 ст лыжка масла,
  • 0,5 ст лыжкі мукі,
  • 1 ст лыжка цукру,
  • 1,5 шклянкі смятаны,
  • 3 жаўткі,
  • карыца.

Як гатаваць. Яйкі моцна ўзбіць, усыпаць крыху пакрышанага кропу альбо зялёнай пятрушкі, пасаліць. Растапіць на вялікай патэльні альбо блясе паўлыжкі масла, уліць узбітыя яйкі, паставіць у печ або духоўку. Калі падрумяняцца перакласці ў форму для запякання. Узяць палову сталовай лыжкі масла, столькі ж цукру і мукі, 1,5 шклянкі смятаны, 3 жаўткі і ўсё гэта моцна нагрэць на патэльні мяшаючы. Калі загусцее, заліць яечню, абсыпаць цукрам і карыцай і запякаць 15 хв.

Амлет венскі з варэннем

З чаго гатаваць:

  • 4 яйкі,
  • 4 ст лыжкі малака,
  • соль,
  • 0,25 ст лыжкі масла,
  • 1 ст лыжка мармеладу,
  • 1 ст лыжка цукру.

Як гатаваць. Узяць 3 або 4 яйкі і моцна ўзбіць з малаком і шчопаццю солі; распусціць на патэльні крыху масла так, каб амлет не прыстаў, выліць на патэльню і пячы ў гарачай печы або духоўцы пакуль ніз не зарумяніцца. Калі амлет будзе гатовы, трэба яго акуратна зняць, дапамагаючы сабе нажом або адмысловай лапаткай на аркуш паперы (не перакульваючы патэльню), намазаць павідлам або мармеладам. Скруціць у трубачку і, падаючы на стол, шчодра абсыпаць цукрам.

Салодкая гарэлка паненская

З чаго гатаваць:

  • 0,5 літра моцнай гарэлкі,
  • стограмовая чарка насення кропу,
  • 150 г вады,
  • мёд для смаку.

Дарэчы, салодкая гарэлка не была моцнай. Для смаку яе настойвалі на насенні кропу, анісу, кмену, дадаўшы крыху мёду. У залежнасці ад насення яе так і называлі – кропаўка, кменаўка, анісаўка.

Як гатаваць. Узяць 0,5 літра моцнай гарэлкі, усыпаць туды стограмовую чарку насення кропу і паставіць на некалькі тыдняў у цёмнае месца пры пакаёвай тэмпературы. Як добра настаіцца, працадзіць, дадаць па смаку мёд, разведзены ў 150 г гатаванай вады.

Смачна есці!

40
Тэги:
Рэцэпты, Зялёныя святкі, дзявочнік, Ларыса Мятлеўская, этнограф
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Адпачынак на рацэ Прыпяць

За ўсю гісторыю метэаназіранняў: тэмпературны рэкорд чэрвеня пабіты ў Беларусі

9
(абноўлена 17:10 23.06.2021)
Тэмпературныя рэкорды сіноптыкі звычайна фіксуюць у ліпені і жніўні, але ў 2021-м годзе першы летні месяц здзівіў усіх.

МІНСК, 23 чэр - Sputnik. У аўторак у Беларусі быў зафіксаваны тэмпературны рэкорд 35,9 градусы, паведаміў начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Аляксандр Бяганскі.

Тэмпературныя рэкорды месяца былі ўсталяваны ў аўторак на шэрагу станцый па ўсходзе Беларусі: на большай частцы Гомельскай, Магілёўскай і па ўсходзе Віцебскай і Мінскай абласцей.

"Учора максімум быў зафіксаваны 35,9 градусы на метэастанцыі "Кастрычнік" (Гомельская вобласць). Гэта была самая высокая тэмпература па краіне за ўсю гісторыю назіранняў у чэрвені - парадку 120-130 гадоў", - сказаў Sputnik Бяганскі.

Ён удакладніў, што гаворка ідзе пра самы гарачы чэрвень, абсалютныя гадавыя рэкорды не перавышаны, так як яны значна вышэй. "Мы пакуль на іх не прэтэндуем. Максімумы характэрны звычайна для ліпеня і жніўня, усе рэкорды звычайна прыпадаюць на гэтыя перыяды", - дадаў начальнік службы.

З 23 па 25 чэрвеня з-за спякоты беларускія сіноптыкі ўсталявалі чырвоны ўзровень небяспекі. У большасці рэгіёнаў слупок тэрмометра падбіраецца да адзнакі +34 градусы.

Белгідрамет прагназуе, што спёка ў Беларусі захаваецца да канца тыдня, але дададуцца дажджы з навальніцамі. У апошнія выхадныя чэрвеня тэмпература пачне зніжацца.

Чытайце таксама:

9
Тэги:
Лета, сіноптыкі, Беларусь, тэмпературны рэкорд, Гідраметэацэнтр Рэспублікі Беларусь