Фэст Пятровіца 2019 у Шыпілавічах

Пошук працы, чыноўнікі і гаспадарка: што чытала і чым жыла беларуская вёска

36
(абноўлена 13:12 22.02.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра актуальныя тэмы на старонках беларускіх газет ХХ стагоддзя.

На вёсцы зіма заўсёды была больш вольным часам ад гаспадарчых клопатаў, магчымасцю скласці планы на бягучы год, падлічыць свае фінансы і, вядома ж даведацца аб падзеях у свеце.

Спрадвеку вясковец ацэньваў жыццё на тры лады: "як у нас тут, у вёсцы", "як там, у горадзе", і "як там, за мяжою". Даведацца, што дзеецца на вёсцы было не цяжка, дастаткова было пагутарыць на вуліцы з суседам або паслухаць, што ў хаце каля печы гаворыць жонка, каб прывезці навіны з горада - трэба было з’ездзіць на кірмаш, а пра падзеі ў свеце пісалі ў газетах, якія былі асаблівым прадметам у хаце.

Газеты вяскоўцы ніколі не выкідвалі проста так: перачытаўшы некалькі разоў з паперы рабілі выцінанкі на вокны, аклейвалі ёй замест шпалер куфры і валізы, круцілі табачныя "самакруткі", клеілі на сцены пад шпалеры і выкарыстоўвалі падчас падвальвання дроў у печы.

На пачатку ХХ стагоддзя беларуская вёска актыўна чытала і выпісвала газеты на розных мовах. Часта яны былі амаль адзіным вытокам афіцыйнай інфармацыі, якая праз друкаваныя выданні трапляла ў самыя аддаленыя куткі краю. Сярод іншых выданняў вялікай пашанай карысталася першая беларуская газета "Наша Ніва", якая выдавалася ў Вільні з лістапада 1906 па жнівень 1915 года.

Дэмакратычны кошт спрыяў таму, што яе мог набыць нават бядняк: "Цэна з перасылкай і дастаўкаю да хаты: на 1 г. – 2 р. 50 к., на 6 мес. – 1 р. 25 к., на 3 м. – 65 к., на 1 мес. – 25 к. За граніцай: на 1 г. – 4 р., на 6 мес. – 2 р., на 3 мес. – 1 р. Перамена адрэсу – 20 кап."

Каб разумець грашовыя дадзеныя, варта ведаць некаторыя лічбы: прыкладны кошт на бульбу складаў ад 15 да 5 капеек за кілаграм, дарагая пшанічная мука каштавала 25 капеек, аржаная 6 капеек, свініна - 30 капеек, а літр малака - 14 капеек.

Для малазямельнага беларуса, даходы ў якога былі не высокія, выпісаць газету на год было не танна. Але ж мець пад рукой дарадчыка, памочніка ў розных справах стала з цягам часу неабходнасцю. Вось і выпісвалі газету хаўрусам, што станавілася чарговай нагодай наведаць суседа, каб пачытаць "свежы" нумар і абмеркаваць навіны.

Газета "Наша Ніва" з’яўляецца сапраўдным люстэркам жыцця Беларускага краю таго часу. На старонках газеты тлумачыліся новыя думскія законы, якія тычыліся Беларусі, распавядалася найцікавейшае з таго, што робіцца ў свеце і ў Расіі, штомесяц друкаваліся гутаркі аб гаспадарцы з навуковым падыходам да апрацоўкі зямлі, жывёлагадоўлі, пчалярства, садаводства і рознае іншае. Рэдакцыя штотыднёвіка ганарылася тым, што "Наша Нiва" едзіная газэта ў краю, каторая мае карэспандэнтаў бадай з усіх мястэчак і шмат з якіх вёсак". Так праз рубрыку "Паштовая скрынка" была наладжана жывая гутарка з простым чалавекам праз адказы на пытанні, тлумачэнні законаў.

У рэдакцыю дасылалі лісты людзі розных прафесій, падпісваючы іх псеўданімам або ўласным імём. Чытаць гэту карэспандэнцыю у рубрыках "Аб усём патроху", "З Беларусі і Літвы", "З усіх старон", рэкламу, навуковыя і літаратурныя артыкулы і нават анекдоты  – захапляючы занятак.  

Што пісалі ў "Нашай Ніве" ў зімовых нумарах  1910 года

Перад калядамі Дума засядала тры дні і разглядала праект закона аб павелічэнні пенсіі чыноўнікам і не гледзячы на пратэст дэпутата сацыял-дэмакрата Кузняцова, які заявіў, што народ ужо і так бедны, а з яго бяруць усё новыя падаткі на чыноўнікаў, "галасамі цэнтру і правых" праект быў прыняты, далей было паднята пытанне аб самаўпраўстве і незаконных дзеяннях падчас выбараў  у Гасуд. Думу граданачальніка Адзесы, іншыя дробныя пытанні і, па "Высочайшаму указу Гасуд. Думу" распусцілі на свята да 20 студзеня. Таксама газета інфармавала свайго чытача, што дэпутаты працуюць, а не толькі сварацца паміж сабой, ды як у народзе кажуць "дарэмна штаны праціраюць". Так: "За час мінуўшай сесіі Гасуд. Думы з 440 законапраектаў, 64 прыняты, 5 аткінута, 22 вернута міністрам, 19 гатовы да прагляду, 327 знаходзяцца ў камісіях, 3 прыняты разглядаць на агульных сабраннях".

У навукова-асветніцкім артыкуле "Комэта" карэспандэнт Педаеў напісаў: "У 1910 гаду зьявіцца на небі комэта. Забабонные людзі кажуць, што комэта з’яўляецца толькі перэд якім-небудзь нешчасцем, а ёсць і такіе, каторые думаюць, быццам комэта наляціць на зямлю і наступіць канец свету". Далей карэспандэнт тлумачыў, што каб разгадаць праўда гэта ці не, трэба перш ведаць што такое камета і тады будзе ясна ці варта ад яе чакаць чаго-небудзь благога.

У рубрыцы "Аб усём патроху" можна было даведацца і пра жыццё турэцкага султана і пра тое, якіх кароў лепш заводзіць, і дзе можна знайсці працу. Так, былы султан, які нядаўна заплаціў 4 тысячы рублёў за сваю нерухомую маетнасць (раней не плаціў) жыве цяпер з сям’ёй у Салоніках, "мае пры сабе двох сыноў, трох дачок, адзінаццаць жонак і трынаццаць слуг. На варце кругом палацу стаіць рота пяхоты; 50 жандараў; 12 паліцэйскіх; 3 паліцэйскіх надзірацеляў і 12 афіцэраў".  Што ж тычыцца кароў, то беларускага селяніна цешыла, што лепшай была прызнана "простая скаціна" (не племянная, - Sputnik) з Беларусі і Літвы. Інспектар гаспадарскай суполкі Ігнатовіч пісаў: "Скаціна гэта вельмі вытрымалая, і не гледзючы, што ходзіць яна толькі на аржаннях і польных лугох, а на ноч нічога не даюць, - малако ад іх шмат тлусцейшае, чым ад кароў іншых гатункоў, каторые вымагаюць і лепшай пашы і добрага догледу".

Пошук працы штурхаў сялян шукаць яе далёка за межамі родных вёсак у розных краінах свету. Так з газеты можна было даведацца, што ў Рыгу прыехалі японскія агенты, каб наймаць "рабочых  у Японію да працы ў полі каля буракоў, каторых засеваюць шмат на цукер. Як кажуць даюць добрую цэну". Вось і плылі беларусы з гэтага партовага горада палоць буракі ў Японію, але больш за ўсё яны выпраўлялісяна працу ў Амерыку. Гэта быў горкі хлеб, паколькі не ведаючы мовы, цалкам бяспраўныя мужыкі часта станавіліся ахвярамі рабаўнікоў і аферыстаў. Яшчэ цяжэй было іх сем’ям, якія заставаліся на вёсцы і мусілі чакаць заакіянскіх грошай. І тут без ашуканства не абыходзілася. Заклікаючы простых людзей быць пільнымі нашаніўцы змяшчлі звесткі аб такіх злачынствах. Так карэспандэнт з мястэчка Капыль, што ў Слуцкім павеце Мінскай губерніі апісаў такі выпадак, калі муж даслаў сваёй жонцы 200 рублёў, але знайшоўся "гэтакі дасужы чэлавек", які пераканаў паштовых служачых, што мае даверанасць ад той кабеты на атрыманне грошай. Не атрымаўшы перавод, жонка часта пісала мужу, чаму ён нічога ёй не дасылае, але аферыст не толькі працяглы час атрымваў грошы за яе, але і перахопліваў лісты ад мужа. Аднак злачынец быў схоплены і арыштаваны.

 З усяго, што друкавалася на старонках газеты добра відаць чым і як жыў народ у тыя гады: жаданне мець ва ўласнасці зямлю, працу, эпідэміі, хваробы і практычная адсутнасць медыцынскай дапамогі, махляры і хабарнікі ў дзяржаўных установах, не дастатковасць школ, бібліятэк, сельскагаспадарчых адукацыйных цэнтраў, жорсткасць і самаўпраўства жандармаў, недасканаласць прававой сістэмы, якая нарадзіла ў народзе прымаўку "Закон, што дышла, куды павярнуў туды і выйшла", злачынствы, забойствы, ашуканствы і шмат што іншае. І пры ўсім гэтым любоў да прыгажосці роднага краю, мовы, сваіх нацыянальных звычаяў,  такіх светлых пачуццяў, як каханне, любоў да дзяцей і ўсяго жывога, павага да сваёй веры і людзей іншага веравызнання, уменне пасмяяцца над сабой праз прымаўку і анекдот у самых цяжкіх жыццёвых абставінах.

Чытайце таксама:

36
Тэги:
вёска, Беларусь
Дрыбінскія таржкі-2019

Гумар па-беларуску: як жартавалі і з чаго смяяліся нашы продкі

100
(абноўлена 11:31 04.04.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская расказвае пра значэнне смеху і гумару ў беларускіх абрадах і прыводзіць анекдоты, над якімі смяяліся ў XX стагоддзі.

Вядома, што смех здымае стрэс, стабілізуе кравяны ціск, аблягчае боль, насычае кроў кіслародам і ўмацоўвае імунную сістэму. Лічыцца, што, каб адчуць сябе шчаслівым, трэба часцей усміхацца.  А нашы продкі верылі, што пры дапамозе смеха могуць адбывацца цуды.

У кожнага народа сваё стаўленне да смешнага, адмысловае яно і ў беларусаў. І цяпер у народзе можна пачуць: "Няхай той смяецца, каму няймецца", "Толькі апошні па праўдзісмяецца", "Смех і грэх не схаваеш у мех", "З пасьмеху бываюць людзі".

Нягледзячы на тое, што адпаведнага свята, прысвечанага смеху, у сялян  не было, смех і гумар, элементы карнавалу прысутнічалі ў многіх каляндарных абрадах. Асабліва вылучаецца сярод іх Купалле, калі моладзі дазвалялася блазнаваць. Так, у купальскую ноч хлопцы маглі сцягнуць вароты з весніцы і схаваць іх у самым недарэчным месцы ці ўзлезці на страху і закрыць комін шклом. А  раніцай было пярэпалаху і клопатаў гаспадарам, але ніхто сур’ёзна на моладзь не злаваўся, старэйшыя пасмейваліся і ўзгадвалі падобныя гісторыі са сваёй маладосці. Дарэчы, вароты здымалі не выпадкова, а толькі ў тых, хто меў дачку, якая заседзелася ў дзеўках.

Другім быў смех у такіх язычніцкіх абрадах як Масленіца і Каляды. Тут смех быў быццам абавязковым элементам.

Даследчыкі лічаць, што асабліва вялікае значэнне рытуальнаму смеху ў старажытнасці прыпісвалася падчас святкавання вясновых каляндарных свят такіх як Масленіца і Вялікадзень. У народзе верылі, што чым  больш смеху, тым большым будзе ўраджай.

Фальклорная спадчына багата прыкладамі таго, што смех у разуменні простага чалавека - магутная і чароўная сіла, ён здольны зрабіць нежывое жывым. Так смех прыгажунь у казках ператвараецца ў кветкі, дыяменты, грошы і нават дзіця. І наадварот у чараўнікоў падчас смеху з роту выскокваюць жабы, гады, чэрві, вылятаюць кажаны.

Смех лічыцца паказальнікам псіхічнага і фізічнага здароўя чалавека. Напрыклад, нашы продкі лічылі, што добрая жонка павінна быць вясёлай.

Ёсць нават славянская казка пра нявесту, якая ніколі не смяялася. Дзяўчыне ніхто не мог дапамагчы і тады знайшоўся надзвычайны герой, які яе рассек папалам. З сярэдзіны выпаўзлі гады і тады той самы герой ажывіў яе і яна засмяялася.

У народных абрадах смех часта выступае як гарант вяртання да жыцця. Як прыклад - абрад "пахавання Дзеда" на Масленіцу, які калісці адбываўся на Віцебшчыне: ён быў поўны гратэскных паводзін і таго самага рытуальнага смеху.

Не была выключэннем і Радаўніца. Людзі казалі, што "на Радаўніцу да абеда плачуць, а па абедзе скачуць". Сэнс такіх паводзін ў перакананні, што мёртвыя не памерлі.

Смех - адзін з важных спосабаў падтрымваць добрыя адносіны з астатнімі людзьмі. Нейрабіёлаг Софі Скотт вызначае смех, як сацыяльную эмоцыю, якая дапамагае нам наладжваць адносіны незалежна ад таго, смешна нам на самой справе ці не.

"Калі вы смяецеся разам з іншымі людзьмі, вы дэманструеце ім, што яны вам падабаюцца, што вы згодны з імі... Смех зяўляецца індыкатарам блізкасці адносін".

Са слоў навукоўцы, даследаванні паказалі, што смех разам дазваляе ўдзельнікам хутчэй здымаць напружанне пасля цяжкіх падзей. Так сямейная пара з агульным пачуццём гумару застаецца разам значна больш або не распадаецца зусім.  Людзі, якія смяюцца разам падчас прагляду смешнага відэа часцей дзеляцца асабістым адзін з адным і гэта паглыбляе ўзаемапаразуменне.

Смех ніколі не бывае нейтральным, ён абавязкова што-небудзь азначае. Напрыклад, робіць нас шчаслівымі, паколькі, калі мы смяемся, у нашым мозгу выпрацоўваецца эндарфін, або гармон шчасця, які дапамагае атрымваць задавальненне ад жыцця. Навукоўцы лічаць, што эндарфін выпрацоўвае нават смех праз сілу і праз пэўны час чалавек пачынае пачуваць сябе лепей. Смех – гэта выдатны спосаб каротка адпачыць, зняўшы напружанне, калі падчас працы перакінуцца вясёлым словам з калегамі, што надалей зробіць працу больш эфектыўнай. Пры дапамозе смеха можна памаладзець, паколькі падчас яго ўмацоўваюцца мышцы твару, а мімічныя зморшчыны з’явяцца ўсё адно незалежна ад таго як часта чалавек смяецца.

Чэшскі пісьменнік Карэл Чапэк аднойчы сказаў: "Гумар гэта заўсёды крышачку абарона ад лёсу". Нялёгкі лёс і горкая доля беларускага сялянства выпрацавала ў яго сваеасаблівае пачуццё гумару, а уменне пасмяяцца над сабой дапамагала справіцца з цяжкасцямі жыцця.  Каб зразумець  што лічылі смешным на пачатку ХХ стагоддзя, дастаткова пагартаць беларускія газеты таго часу і пачытаць анектоды і гумарыстычныя нататкі.

На дарозе

- Сядай, дзядзька, паедзем,

- Няма часу: трэба ісці.

Не прызнаў

Варочаючыся з кірмашу чалавечак, прыкуцнуў на дарозе і заснуў, дый так моцна, што не чуў, як і боты нехта з яго ног сьцягнуў. Ажно едзе нейкі чалавек і крычыць: "прыймай ногі!" заспаны мужык глянуўшы на свае босыя ногі, кажэ: едзь! Гэта не мае: мае ў ботах.

Растлумачыў

Куме! Як гэта з гэтым тэлеграфам, што як паціснуць на адным канцы, то гаворыць на другім?

- Гэта, братка, акурат як з сабакам: пацягні яго ззаду за хвост, а ён табе спераду забрэша.

Старасьвецкі гаспадар

Старасьвецкі гаспадар накінуўся на свайго сына: сорак гадоў, кажэ, насіў я гэтые боты, а ты, гад, за восем месяцаў іх зрэзаў.

На судзе

- Стыдна вам так часта пападацца пад суд! - кажэ суддзя на падсудзімаго.

- Падсудзімы: Ня дзіва, вашэ скароддзе, чалавек адзін – як той кол, а ў вас проці яго тысячы ўсялякіх стацей; ня штука, дык за каторую колечы і зачэпішся!

У судзе

Суддзя да  падсудзімаго:

- А ці ведаеце, што гэты вашы штучкі турмой пахнуць?

Падсудзімы:

- Скуль мне ведаць, калі такі маю катар, так залажыло мой нос, што ніякага паху ня чую.

На судзе

- Ты што ўкраў? - пытае суддзя злодзея.

- Вяроўку, кажа, з рагамі.

- З якімі  рагамі?

- З кароўімі.

- А дзе ж тая карова?

- Цягнулася і яна, падла, за гэтымі рагамі.

Сон

Мужык кажа да жонкі:

- Ведаеш, Тэкля, вельмі нешта добрае я сягоняшняй ночы прысьніў.

Жонка:

- Я такі здагадалася. Праз сон ты крыкнуў: "дай, Моўша яшчэ кварту".

Не дараваў

 - Ці праўда, што Бог забраў ужо ў цябе трэцюю жонку?

- Праўда, браце. Але я ўзяў сабе чацвёртую: Бярэ Бог – бяру і я.

Дагадзіў

Слухай, цыгане, ты прадаў мне сляпую кабылу.

Цыган. Табе ж лепей, бо будзе яна есці салому, а думаць, што сена.

Добры конь

Адзін селянін прадаваў на кірмашы свайго каня. А конь той быў худы-худы, ад ветру падаў. Селянін усё хваліў яго і выгукваў:

-Купляйце каня, не здзіўляйцеся, што ён такі худы, ён як разбяжыцца, дык бяжыць пятнаццаць вёрст і не спыняецца.

- Я б яго купіў, - кажа адзін чалавек, - але ж мне да дому ўсяго дзесяць вёрст, то ён перабяжыць маю хату.

Каля магазіна

- Што так прыглядаешся на выставу, Амілька?

- Аглядаю панчохі і не ведаю які сабе выбраць колер.

- Вось дурная, вазьмі чорныя, бо як зробіцца дзірка, дык не будзе відаць ног.

Упісана

- Што гэта ў цябе, Яська на носе сядзіць?

- Барадаўка.

- Чаму ж ты яе не звядзеш?

- Нельга: яна ў пашпарце ўпісана. За гэта, братка, пападзеш!

100
Тэги:
Ларыса Мятлеўская, Народныя традыцыі, Беларусь
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Ларыса Мятлеўская

Загадвалі жаданні і праважалі нябожчыкаў: што яшчэ рабілі беларусы праз вакно

286
(абноўлена 08:59 29.03.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра схаваны сімвалізм звычайнага праёма ў сцяне і вучыць мыць вокны пры дапамозе народных сродкаў.

Для нашых продкаў акно было не проста адтулінай у сцяне, якая служыла для асвятлення і вентыляцыі памяшкання – вокны атаясамліваліся з вачыма.

У народнай культуры значэнне акна суадносіцца з ідэяй пранікнення, якое можа быць не толькі міралюбівым, але і варожым. Так, напрыклад, калі ў хату праз вакно залятала птушка, гэта лічылася прадвесцем бяды, а калі яна проста стукала дзюбай у школа, гаспадарам варта было чакаць вестак.

У некаторых мясцовасцях Беларусі існавала традыцыя выносіць памерлых нехрышчоных дзяцей і дарослых нябожчыкаў, якія памерлі ад "гарачкі " не праз дзверы, а праз акно. У выпадку смерці ў доме на падаконнік ставілі ваду, каб "душа абмылася", туды ж ставілі чарку з гарэлкай і хлебам для нябожчыка.

Вёска Свяцілавічы
© Sputnik Альфрэд Мікус
Нашы продкі лічылі вокны вачыма дома

Праз вакно адбывалася і частаванне Марозу, калі на Каляды яго клікалі есці куццю. Увогуле, ежа, якая перадавалася праз вакно заўсёды мела сакральнае значэнне. Такі абмен дарункамі і пажаданнямі адбываўся яшчэ да нядаўняга часу паміж валачобнікамі і гаспадарамі хаты.

Археолаг Эдвард Зайкоўскі лічыць, што праз акно ажыццяўляецца сімвалічная сувязь са светам памерлых. У народзе верылі, што асабліва небяспечна пакідаць вокны адчыненымі  і не перахрышчанымі нанач, таму што тады праз іх могуць ўвайсці нябожчыкі і нячысцікі і задушыць спячых.

У легендах пра камяні-краўцы падкрэсліваецца, што матэрыял для пашыву адзення перадавалі змею-краўцу праз вакно і толькі праз яго атрымлівалі гатовыя вырабы.

З акном звязана і любоўная магія. Так на Каляды пры дапамозе солі, пастаўленай наччу на падваконне дзяўчына спрабавала даведацца аб будучым лёсе.

Таксама людзі верылі, што акно здольна выконваць жаданні. Лічылася, што калі ў адкрытае акно ці фортку пастаянна вымаўляць тое, чаго вельмі хочацца, гэта абавязкова спраўдзіцца.

Праз акно маглі ажыццяўляцца і злачынныя планы таму гаспадыні імкнуліся прадухіліць уздзеянне нядобрых, зайздросных позіркаў, паставіўшы на падакноннік вазон з чырвоным мушкатам (другая назва герані ці пеларгоніі - Sputnik).

Як упрыгожвалі вокны

У старажытнасці жытло будавалі практычна без вокнаў, якія мы прывыклі бачыць цяпер. Яны выглядалі, як невялікія адтуліны, зробленыя ў двух сумежных вянках сцяны, якія закрывалі драўлянай засаўкай, а пазней шклом. Гэтыя адтуліны называлі "валакавое акно" і нават цяпер уважлівы вандроўнік заўважыць гэтыя старажытныя акенцы ў сценах клецяў, хлявоў і нават сенцах. Калі нарэшце сталі рабіць вокны, а па сведчанні навукоўцаў, гэта адбылося даволі позна, іх з’яўленне суправаджалася пэўным дыскамфортам ад адкрытасці дома вонкавай небяспецы. Гэта трывога выяўлялася у падсвядомым і можа таму ў народным сонніку пазначана, што бачыць у сне акно да чакання:

  • Бачыць расчыненае акно – падарунак будзе, прыбытак;
  • Акно з пабітымі шыбамі – страты, беднасць; з чыстымі і цэлымі – шчасце, жыццё.

Колькасць вокнаў залежыла ад планіроўкі хаты. Звычайна рабілі два вакна ў падоўжанай сцяне, што выходзіла на двор, і адно ў тарцовай – на галоўным фасадзе. Такое размяшчэнне вокнаў спрыяла стварэнню ў хаце покуці або "чырвонага кута", у якім размяшчаліся абразы.

Да ўсяго ў народзе быў пашыраны звычай мець у хаце менавіта тры акны ў гонар святой Тройцы. Чацвёртае акно у глухой сцяне паміж печчу і галоўным фасадам рабілі толькі ў асобных мясцовасцях. Часта на кухні вакно ўстаўлялі насупраць вусця печы, што было зручна для гаспадыні, якая пачынала завіхацца каля яе з першымі промнямі сонца.

Вёска Свяцілавічы
© Sputnik Альфрэд Мікус
Тры вакны ў хаце рабілі ў гонар Святой Троіцы

Цікава, што ў некаторых мясцовасцях існавала правіла пытаць дазвол на павялічэнне колькасці вокнаў больш за тры не толькі ў святара, але і у вясковага сходу. У другой палове ХІХ стагоддзя , калі пачала мяняцца планіроўка жылля і хату пачалі падзяляць на залу і спальню, у тарцовай сцяне, што выходзіла на вуліцу, рабілі па два вакна. 

Увогуле, месца вакна на фасадзе і яго форма адыгрывала значную ролю ў стварэнні мастацкага аблічча будынка. Аканіцы, надаконныя і падваконныя ліштвы – традыцыйныя элементы аздаблення хаты, якія адрозніваліся ў адпаведнасці з этнаграфічным рэгіёнам Беларусі. Зараз традыцыя ўпрыгажэння вокнаў рознымі элементамі не так распаўсюджана, але і дагэтуль можна напаткаць цікавыя варыянты.

Рама звычайна мела ад 3 да 6 шыб, а пачынаючы з ХVІ-ХVІІ стагодзя ў шляхецкіх сядзібах – да 30 і болей. Да ХІХ стагоддзя замест шкла часта выкарыстоўвалі спецыяльна вырабленыя скуры, паперу, пухіры жывёл, палатно. Зімой вокны мелі дубальты (падвойныя рамы, - Sputnik), а знадворку, калі не было аканіц, іх прыкрывалі саламянымі матамі, каб лепш захоўвалася цяпло ў хаце. Такімі матамі ўцяплялі і дзверы.

Драўляныя створкі або аканіцы звонку зачынялі кожны вечар, але з цягам часу яны страцілі сваю ўтылітарную функцыю. Разам з ліштвамі аканіцы сталі дэкаратыўнымі элементамі ў абрамленні вакна.

Вёска Свяцілавічы
© Sputnik Альфрэд Мікус
У кожным рэгіёне Беларусі былі свае традыцыі ўпрыгажэння вокнаў

Асабліва ўпрыгожваліся ліштвы, на якіх можна было сустрэць разнастайныя ўзоры. Часта гэта кветкі і мудрагелістыя завіткі, але можна сустрэць і выявы зорак і сонца, птушак і цмокаў і іншае.

Такая аздоба адрозніваецца ў кожным этнарэгіёне Беларусі і, як і нацыянальны строй, з’яўляецца іх своеасаблівым пашпартам, унікальнай адметнасцю. 

Як памыць вокны народнымі сродкамі

Гаспадыні дбайна сачылі за чысцінёй шыб у вокнах. Іх чыстка была абавязковай перад Вялікаднем. Прытрымліваюцца такой традыцыі і многія сучасныя гаспадыні.

Вядома, што цяпер у краме можна набыць разнастайныя сродкі для чысткі шкла, хтосці ў ваду дадае гарэлку або кроплі аміяку і націрае шыбы да бляску старымі газетамі, вокны чысцяць нават ільняным алеем і крапівой.

У кнізе "Літоўская гаспадыня" Ганны Цюндзявіцкай, якая сабрала вопыт гаспадарчай дзейнасці сялян на пачатку ХІХ стагоддзя, ёсць цэлы шэраг парадаў для захавання вокнаў чыстымі і светлымі.

Каб шыбы не трацілі празрыстасці, нельга мыць іх вадой, асабліва раніцай ці ўдзень, бо сонечныя прамяні уздзейнічаюць на вільготнае шкло, псуюць яго і змяняюць колер.

Варта рабіць гэта ўвечары, а зранку яшчэ раз выцерці шыбы сухой анучай. Для лепшага выніку суконку трэба пасыпаць дробным мелам і выцерці шкло насуха.Перад выкарыстаннем мел трэба прасеяць, каб ён не пакідаў драпіны на шкле.

Чытайце таксама:

286
Тэги:
Беларусь, Народныя традыцыі, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
У прытулку для жывёл падчас пандэміі каронавіруса

Навукоўцы распавялі, як адрозніваць фэйкі аб каронавірусе ад праўды

0
(абноўлена 17:16 06.04.2020)
Журналісты, якія пішуць пра COVID-19 павінны старанна правяраць крыніцы інфармацыі і арыентавацца на экспертныя меркаванні заслужаных вучоных, а не ўяўных акадэмікаў.

МІНСК, 6 кра - Sputnik. Расійскія навукоўцы падчас анлайн-канферэнцыі, якую трансляваў Sputnik, распавялі, як адрозніваць няпэўную інфармацыю аб каронавірусе і як паводзіць сябе журналістам, каб не пладзіць фэйкі.

Галоўнае - думаць

Віцэ-прэзідэнт Сколтэха па біямедыцынскіх даследаваннях Міхаіл Гельфанд адзначыў, што цяпер у лабараторый ёсць магчымасць аператыўна дзяліцца інфармацыяй аб даследаваннях, публікуючы яе ў інтэрнэце ў выглядзе прэс-рэлізаў. Але гэта зусім не значыць, што гэтыя дадзеныя будуць пацверджаны пры далейшай праверцы вынікаў. Падобныя праблемы ўзнікаюць з-за гонкі, у якую ўцягнутыя навукоўцы розных краін свету.

"Адна з важных рэчаў - трэба адрозніваць навуковую артыкул ад прэс-рэлізу і ад пятага пераказвання і таго, і іншага", - падкрэсліў ён.

Акрамя таго, журналісты павінны думаць, перш чым распаўсюджваць інфармацыю. "Як мінімум не тыражаваць тое, што вы ўбачылі. Звяртаць увагу на рэпутацыю прамоўцы. Прычым менавіта рэпутацыю, змястоўную ў акадэмічным асяроддзі. Звяртаць увагу на відавочныя нязгоднасці, на крыніцу інфармацыі", - пералічыў Гельфанд.

Па словах навукоўца, журналісты павінны супаставіць лічбы і факты і дамагацца выразных адказаў ад тых, хто дае інфармацыю, калі ёсць неадпаведнасці.

Ён таксама выказаў меркаванне, што не варта змагацца з фэйкамі дзяржаўнымі сродкамі. "Змагацца з фэйкамі можна асветай, зваротам да сапраўдных вучоных. Але вось спрабаваць караць за фэйкі шляхам нейкіх рэпрэсіўных мер - гэта шлях у нікуды", - заявіў даследчык.

Трэба вывучаць розныя крыніцы

Каб пазбегнуць дэзінфармацыі, навукоўца парэкамендаваў рэдакцыям супрацоўнічаць з журналістамі, якія могуць зразумець, пра што ідзе гаворка ў навуковым артыкуле і правільна інтэрпрэтаваць яе. Таксама рэдакцыі могуць кансультавацца ў даследчыкаў, якія з'яўляюцца прызнанымі экспертамі ў сваіх галінах.

"Найміце навуковых журналістаў добрых і давярайце ім. Яны будуць за вас разбірацца", - даў параду рэдакцыям прафесар Сколтэха, доктар біялагічных навук, загадчык сектара малекулярнай эвалюцыі ІППІ РАН Георгій Базыкін.

Па словах завкафедры мікрабіялогіі біяфака МДУ Лізаветы Бонч-Асмалоўскай, адрозненне натуральнай навукі ад іншых галін у тым, што "праўда ў ёй заўсёды сабе дарогу праб'е". "Наконт публічнай сферы, вядома, я думаю, трэба пабольш звяртацца да вучоных, а навукоўцы не павінны адмаўляцца гаварыць з журналістамі", - лічыць яна.

Рэктар Сколтэха Аляксандр Куляшоў лічыць, што самае правільнае - гэта не арыентавацца на адну крыніцу. "Калі ты здолееш апытаць з адной і той жа нагоды некалькі навукоўцаў з добрым імем, незаплямленай рэпутацыяй, то ты можаш быць упэўнены, што, хутчэй за ўсё, ты моцна не памылішся", - падсумаваў ён.

0
Тэги:
Расія, каронавірус
Тэмы:
Успышка каронавіруса з Уханя