Марская соль, архіўнае фота

Адганялі д'ябла, заваблівалі каханкаў: як выкарыстоўвалі соль нашы продкі

123
(абноўлена 12:53 21.03.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, чаму нашы продкі лічылі соль адным з лепшых абярэгаў і як яна дапамагала ў правядзенні прываротных абрадаў.

Бадай, ні адзін з прадуктаў харчавання не звязаны з такім мноствам звычаяў і забабонаў як соль. Нашы продкі лічылі соль сімвалам мудрасці і вечнасці, а прыкмета аб тым, што рассыпаная соль – знак хуткіх непрыемнасцяў, існуе і да гэтых дзён.

У традыцыйным побыце сялян соль па сваім сакральным статусе займала другое пасля хлеба месца. Увогуле, два гэтыя прадукты харчавання разглядаліся як адзінае цэлае, бо нават падчас правядзення пэўных абрадаў іх выкарыстоўвалі разам. Людзі нават показку склалі: "Неразлучныя як хлеб і соль".

Хлеб-соль у такой сваёй звязцы – гэта не толькі знак гасціннасці, але і ў вельмі моцнай ступені абярэг
© CC0 / Pixabay / strecosa
Хлеб ды соль у беларускай традыцыі заўсёды побач

Нават зараз часта можна пачуць выслоўе "хлеб-соль", якое гаспадары выкарыстоўвалі, каб падкрэсліць урачыстасць моманту падчас сустрэчы гасцей.

У беларусаў заўсёды было прынята трымаць на стале хлеб і драбінку солі. Накрываючы стол, гаспадыні ў першую чаргу ставілі на яго салонку. Саліць, як і рэзаць, у даўнія часы меў права толькі гаспадар. Гэта было звязана з верай у тое, што наяўнасць солі ў хаце абяцае здароўе і дабрабыт.

Соль ці соля?

У народнай гаворцы часта можна было пачуць слова "соля" замест соль і "солны" замест салёны - "за соляю ездзілі", "цажу грыбы, заліваю вадой з соляй, "страва дужа солна".

Звараную ў салёнай вадзе бульбу называлі "соляная бульба" або "солянка".

Пра соль, як пра адзін з самых важных прадуктаў, людзі абавязкова складалі прыказкі і прымаўкі:

  • "Дурны як сала без солі" –пра дрэннага чалавека;
  • "Нада як солі ў вочы" – выкарыстоўвалі, каб адзначыць штосьці непатрэбнае, лішняе;
  • "Праўда як соль у вочы" – пра балючыя, але праўдзівыя словы;
  • "Начай солі хто ў вочы насыпаў" – пра незразумелы боль у вачах;
  • "Чалавек без работы, як ежа без солі" – казалі працавітыя беларусы пра часы, калі не было ніякай працы;
  • "Зарабіць як курыцы на соль" – характэрызавалі невялікі заробак;
  • "Прапаў, як соль на вадзе" – пра бясследнае знікненне чагосьці;
  • "Чалавек без сябра, ўто ежа без солі" – пра каштоўнасць сяброўства;
  • "Пуд солі з’есці" – прайсці з чалавекам праз шматлікія выпрабаванні і непрыемнасці.

Дарэчы, з’едзеная з кім-небудзь соль у даўніну лічылася сімвалам сяброўства. Менавіта таму і казалі пра ўжыванне пуду солі для таго, каб даведацца ўсё пра чалавека. Але, што тычыцца часавага вызначэння гэтага перыяду, то ў розных пакаленняз яно было розным.

Справа ў тым, што фізіялагічныя нормай для аднаго чалавека лічыцца 5 грамаў солі ў дзень. Па дадзеных фізіёлагаў, сучасны чалавек з’ядае ў год каля пяці кілаграмаў солі, адсюль можна зрабіць выснову, што сучасны тэрмін праверкі сяброўства складае 1,5 або 2 гады. Нашым продкам на такую праверку патрабавалася больш часу, бо соль была дарагім прадуктам і яе было складана набыць.

Чаму нячысцікі баяцца солі?

Соль адрознівала ежу чалавека ад дзікай жывёльнай, таму заўсёды была адным з універсальных абярэгаў. У старажытнасці лічылася, што д’ябал і ўсе астатнія нячысцікі баяцца солі. Вядома таксама, што шатландцы ў старажытнасці адганялі пякельных дукаў, ставячы на жывот памерлым соль. Нашы ж продкі падчас прыгатавання памінальнай ежы спецыяльна не выкарыстоўвалі соль.

Вера ў ахоўныя якасці соль была настолькі моцнай, што для нейтралізацыі чарадзейскага позірку лічылася дастаткова адно толькі вымаўленне формулы: "соль табе ў вочы" або "соль -пячына, да чорт з тваімі вачыма".

Асабліва цанілася ў нашых продкаў "чацвярговая соль". Перад Вялікаднем ў "чысты чацвер" буйную соль перамешвалі з мякаццю аржанога хлеба або кваснай гушчай і перапякалі ў печы, таўклі, пасыпалі велікодныя яйкі і, надалей ужывалі напрацягу года, дадаючы ў розныя стравы.

Моцнай таксама лічылася соль, асвечаная  ў царкве непасрэдна на Вялікдзень. Яе сыпалі ў апошнія каласы на дажынках,  выкарыстоўвалі ў медыцынскай магіі, пасыпалі ёй хлеб падчас шматлікіх сямейных і каляндарных рытуалаў. Напрыклад, малады, перад тым, як выправіцца ў сваты, павінен быў згрызці драбок солі і выплюнуць яе на парог, каб у будучыні у сям“і не паміралі дзеці. Драбок солі, хлеб і часнок, загорнутыя ў анучку, падвязвалі маладой пры ад’ездзе да шлюбу, каб засцерагчы яе ад чараў. Хлеб, абторканы кавалкамі солі,  адмыслова свяцілі ў дзень святой Агаты і потым выкарыстоўвалі для адводу ад хаты пажару. Гэты ж хлеб з соллю чаплялі на рогі карове, каб не баялася сурокаў. Апрача таго соль выкарыстоўвалася і ў любоўнай магіі: калі вакол упадабанай асобы абнесці ўпотай шчопаць солі, то неўзабаве ў яе з’явяцца гарачыя пачуцці. Таму пра закаханых казалі: "Ці не соллю іх абнеслі"?

Дарэчы варажба пры дапамозе солі называецца "аламантыя". Так, каб вызначыць ці будзе жыць моцна хворы, яму клалі соль у руку і прасілі сціснуць яе. Калі соль не сыпалася, то моц у чалавеку была і ён мусіў выжыць.

Цікава, што стаўленне да солі як да абярэга жыве ў народзе і ў наш час. Так, некалькі дзесяцігоддзяў таму, у адным з мінскіх радзільных дамоў старэнькая нянька навучала парадзіху ратаваць ад сурокаў дзіця так: "Калі ўпершыню пойдзеш на вуліцу з немаўляткам, то каб яно не плакала пасля без дайпрычыны, абсып вакол калыскі соллю. Зрабі так адзін раз".

Жыве і перакананне, што рассыпаць соль - дрэнная прыкмета, паводле якой чакалі ў хаце сваркі. Каб тая не адбылася, трэба згрэбці соль і запаліць над ёй агонь або адразу рассмяяццца, або ўзяць шчопаць рассыпанай солі і кінуць яе праз левае плячо на якім, на якім, згодна з павер’ямі, сядзіць д’ябал. А яшчэ можна дазволіць таму, хто побач, стукнуць сябе па ілбе.

Чытайце таксама:

123
Тэги:
Ларыса Мятлеўская, Беларусь, Традыцыі і абрады
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (84)
Дрыбінскія таржкі-2019

Гумар па-беларуску: як жартавалі і з чаго смяяліся нашы продкі

96
(абноўлена 11:31 04.04.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская расказвае пра значэнне смеху і гумару ў беларускіх абрадах і прыводзіць анекдоты, над якімі смяяліся ў XX стагоддзі.

Вядома, што смех здымае стрэс, стабілізуе кравяны ціск, аблягчае боль, насычае кроў кіслародам і ўмацоўвае імунную сістэму. Лічыцца, што, каб адчуць сябе шчаслівым, трэба часцей усміхацца.  А нашы продкі верылі, што пры дапамозе смеха могуць адбывацца цуды.

У кожнага народа сваё стаўленне да смешнага, адмысловае яно і ў беларусаў. І цяпер у народзе можна пачуць: "Няхай той смяецца, каму няймецца", "Толькі апошні па праўдзісмяецца", "Смех і грэх не схаваеш у мех", "З пасьмеху бываюць людзі".

Нягледзячы на тое, што адпаведнага свята, прысвечанага смеху, у сялян  не было, смех і гумар, элементы карнавалу прысутнічалі ў многіх каляндарных абрадах. Асабліва вылучаецца сярод іх Купалле, калі моладзі дазвалялася блазнаваць. Так, у купальскую ноч хлопцы маглі сцягнуць вароты з весніцы і схаваць іх у самым недарэчным месцы ці ўзлезці на страху і закрыць комін шклом. А  раніцай было пярэпалаху і клопатаў гаспадарам, але ніхто сур’ёзна на моладзь не злаваўся, старэйшыя пасмейваліся і ўзгадвалі падобныя гісторыі са сваёй маладосці. Дарэчы, вароты здымалі не выпадкова, а толькі ў тых, хто меў дачку, якая заседзелася ў дзеўках.

Другім быў смех у такіх язычніцкіх абрадах як Масленіца і Каляды. Тут смех быў быццам абавязковым элементам.

Даследчыкі лічаць, што асабліва вялікае значэнне рытуальнаму смеху ў старажытнасці прыпісвалася падчас святкавання вясновых каляндарных свят такіх як Масленіца і Вялікадзень. У народзе верылі, што чым  больш смеху, тым большым будзе ўраджай.

Фальклорная спадчына багата прыкладамі таго, што смех у разуменні простага чалавека - магутная і чароўная сіла, ён здольны зрабіць нежывое жывым. Так смех прыгажунь у казках ператвараецца ў кветкі, дыяменты, грошы і нават дзіця. І наадварот у чараўнікоў падчас смеху з роту выскокваюць жабы, гады, чэрві, вылятаюць кажаны.

Смех лічыцца паказальнікам псіхічнага і фізічнага здароўя чалавека. Напрыклад, нашы продкі лічылі, што добрая жонка павінна быць вясёлай.

Ёсць нават славянская казка пра нявесту, якая ніколі не смяялася. Дзяўчыне ніхто не мог дапамагчы і тады знайшоўся надзвычайны герой, які яе рассек папалам. З сярэдзіны выпаўзлі гады і тады той самы герой ажывіў яе і яна засмяялася.

У народных абрадах смех часта выступае як гарант вяртання да жыцця. Як прыклад - абрад "пахавання Дзеда" на Масленіцу, які калісці адбываўся на Віцебшчыне: ён быў поўны гратэскных паводзін і таго самага рытуальнага смеху.

Не была выключэннем і Радаўніца. Людзі казалі, што "на Радаўніцу да абеда плачуць, а па абедзе скачуць". Сэнс такіх паводзін ў перакананні, што мёртвыя не памерлі.

Смех - адзін з важных спосабаў падтрымваць добрыя адносіны з астатнімі людзьмі. Нейрабіёлаг Софі Скотт вызначае смех, як сацыяльную эмоцыю, якая дапамагае нам наладжваць адносіны незалежна ад таго, смешна нам на самой справе ці не.

"Калі вы смяецеся разам з іншымі людзьмі, вы дэманструеце ім, што яны вам падабаюцца, што вы згодны з імі... Смех зяўляецца індыкатарам блізкасці адносін".

Са слоў навукоўцы, даследаванні паказалі, што смех разам дазваляе ўдзельнікам хутчэй здымаць напружанне пасля цяжкіх падзей. Так сямейная пара з агульным пачуццём гумару застаецца разам значна больш або не распадаецца зусім.  Людзі, якія смяюцца разам падчас прагляду смешнага відэа часцей дзеляцца асабістым адзін з адным і гэта паглыбляе ўзаемапаразуменне.

Смех ніколі не бывае нейтральным, ён абавязкова што-небудзь азначае. Напрыклад, робіць нас шчаслівымі, паколькі, калі мы смяемся, у нашым мозгу выпрацоўваецца эндарфін, або гармон шчасця, які дапамагае атрымваць задавальненне ад жыцця. Навукоўцы лічаць, што эндарфін выпрацоўвае нават смех праз сілу і праз пэўны час чалавек пачынае пачуваць сябе лепей. Смех – гэта выдатны спосаб каротка адпачыць, зняўшы напружанне, калі падчас працы перакінуцца вясёлым словам з калегамі, што надалей зробіць працу больш эфектыўнай. Пры дапамозе смеха можна памаладзець, паколькі падчас яго ўмацоўваюцца мышцы твару, а мімічныя зморшчыны з’явяцца ўсё адно незалежна ад таго як часта чалавек смяецца.

Чэшскі пісьменнік Карэл Чапэк аднойчы сказаў: "Гумар гэта заўсёды крышачку абарона ад лёсу". Нялёгкі лёс і горкая доля беларускага сялянства выпрацавала ў яго сваеасаблівае пачуццё гумару, а уменне пасмяяцца над сабой дапамагала справіцца з цяжкасцямі жыцця.  Каб зразумець  што лічылі смешным на пачатку ХХ стагоддзя, дастаткова пагартаць беларускія газеты таго часу і пачытаць анектоды і гумарыстычныя нататкі.

На дарозе

- Сядай, дзядзька, паедзем,

- Няма часу: трэба ісці.

Не прызнаў

Варочаючыся з кірмашу чалавечак, прыкуцнуў на дарозе і заснуў, дый так моцна, што не чуў, як і боты нехта з яго ног сьцягнуў. Ажно едзе нейкі чалавек і крычыць: "прыймай ногі!" заспаны мужык глянуўшы на свае босыя ногі, кажэ: едзь! Гэта не мае: мае ў ботах.

Растлумачыў

Куме! Як гэта з гэтым тэлеграфам, што як паціснуць на адным канцы, то гаворыць на другім?

- Гэта, братка, акурат як з сабакам: пацягні яго ззаду за хвост, а ён табе спераду забрэша.

Старасьвецкі гаспадар

Старасьвецкі гаспадар накінуўся на свайго сына: сорак гадоў, кажэ, насіў я гэтые боты, а ты, гад, за восем месяцаў іх зрэзаў.

На судзе

- Стыдна вам так часта пападацца пад суд! - кажэ суддзя на падсудзімаго.

- Падсудзімы: Ня дзіва, вашэ скароддзе, чалавек адзін – як той кол, а ў вас проці яго тысячы ўсялякіх стацей; ня штука, дык за каторую колечы і зачэпішся!

У судзе

Суддзя да  падсудзімаго:

- А ці ведаеце, што гэты вашы штучкі турмой пахнуць?

Падсудзімы:

- Скуль мне ведаць, калі такі маю катар, так залажыло мой нос, што ніякага паху ня чую.

На судзе

- Ты што ўкраў? - пытае суддзя злодзея.

- Вяроўку, кажа, з рагамі.

- З якімі  рагамі?

- З кароўімі.

- А дзе ж тая карова?

- Цягнулася і яна, падла, за гэтымі рагамі.

Сон

Мужык кажа да жонкі:

- Ведаеш, Тэкля, вельмі нешта добрае я сягоняшняй ночы прысьніў.

Жонка:

- Я такі здагадалася. Праз сон ты крыкнуў: "дай, Моўша яшчэ кварту".

Не дараваў

 - Ці праўда, што Бог забраў ужо ў цябе трэцюю жонку?

- Праўда, браце. Але я ўзяў сабе чацвёртую: Бярэ Бог – бяру і я.

Дагадзіў

Слухай, цыгане, ты прадаў мне сляпую кабылу.

Цыган. Табе ж лепей, бо будзе яна есці салому, а думаць, што сена.

Добры конь

Адзін селянін прадаваў на кірмашы свайго каня. А конь той быў худы-худы, ад ветру падаў. Селянін усё хваліў яго і выгукваў:

-Купляйце каня, не здзіўляйцеся, што ён такі худы, ён як разбяжыцца, дык бяжыць пятнаццаць вёрст і не спыняецца.

- Я б яго купіў, - кажа адзін чалавек, - але ж мне да дому ўсяго дзесяць вёрст, то ён перабяжыць маю хату.

Каля магазіна

- Што так прыглядаешся на выставу, Амілька?

- Аглядаю панчохі і не ведаю які сабе выбраць колер.

- Вось дурная, вазьмі чорныя, бо як зробіцца дзірка, дык не будзе відаць ног.

Упісана

- Што гэта ў цябе, Яська на носе сядзіць?

- Барадаўка.

- Чаму ж ты яе не звядзеш?

- Нельга: яна ў пашпарце ўпісана. За гэта, братка, пападзеш!

96
Тэги:
Ларыса Мятлеўская, Народныя традыцыі, Беларусь
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (84)
Ларыса Мятлеўская

Загадвалі жаданні і праважалі нябожчыкаў: што яшчэ рабілі беларусы праз вакно

286
(абноўлена 08:59 29.03.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра схаваны сімвалізм звычайнага праёма ў сцяне і вучыць мыць вокны пры дапамозе народных сродкаў.

Для нашых продкаў акно было не проста адтулінай у сцяне, якая служыла для асвятлення і вентыляцыі памяшкання – вокны атаясамліваліся з вачыма.

У народнай культуры значэнне акна суадносіцца з ідэяй пранікнення, якое можа быць не толькі міралюбівым, але і варожым. Так, напрыклад, калі ў хату праз вакно залятала птушка, гэта лічылася прадвесцем бяды, а калі яна проста стукала дзюбай у школа, гаспадарам варта было чакаць вестак.

У некаторых мясцовасцях Беларусі існавала традыцыя выносіць памерлых нехрышчоных дзяцей і дарослых нябожчыкаў, якія памерлі ад "гарачкі " не праз дзверы, а праз акно. У выпадку смерці ў доме на падаконнік ставілі ваду, каб "душа абмылася", туды ж ставілі чарку з гарэлкай і хлебам для нябожчыка.

Вёска Свяцілавічы
© Sputnik Альфрэд Мікус
Нашы продкі лічылі вокны вачыма дома

Праз вакно адбывалася і частаванне Марозу, калі на Каляды яго клікалі есці куццю. Увогуле, ежа, якая перадавалася праз вакно заўсёды мела сакральнае значэнне. Такі абмен дарункамі і пажаданнямі адбываўся яшчэ да нядаўняга часу паміж валачобнікамі і гаспадарамі хаты.

Археолаг Эдвард Зайкоўскі лічыць, што праз акно ажыццяўляецца сімвалічная сувязь са светам памерлых. У народзе верылі, што асабліва небяспечна пакідаць вокны адчыненымі  і не перахрышчанымі нанач, таму што тады праз іх могуць ўвайсці нябожчыкі і нячысцікі і задушыць спячых.

У легендах пра камяні-краўцы падкрэсліваецца, што матэрыял для пашыву адзення перадавалі змею-краўцу праз вакно і толькі праз яго атрымлівалі гатовыя вырабы.

З акном звязана і любоўная магія. Так на Каляды пры дапамозе солі, пастаўленай наччу на падваконне дзяўчына спрабавала даведацца аб будучым лёсе.

Таксама людзі верылі, што акно здольна выконваць жаданні. Лічылася, што калі ў адкрытае акно ці фортку пастаянна вымаўляць тое, чаго вельмі хочацца, гэта абавязкова спраўдзіцца.

Праз акно маглі ажыццяўляцца і злачынныя планы таму гаспадыні імкнуліся прадухіліць уздзеянне нядобрых, зайздросных позіркаў, паставіўшы на падакноннік вазон з чырвоным мушкатам (другая назва герані ці пеларгоніі - Sputnik).

Як упрыгожвалі вокны

У старажытнасці жытло будавалі практычна без вокнаў, якія мы прывыклі бачыць цяпер. Яны выглядалі, як невялікія адтуліны, зробленыя ў двух сумежных вянках сцяны, якія закрывалі драўлянай засаўкай, а пазней шклом. Гэтыя адтуліны называлі "валакавое акно" і нават цяпер уважлівы вандроўнік заўважыць гэтыя старажытныя акенцы ў сценах клецяў, хлявоў і нават сенцах. Калі нарэшце сталі рабіць вокны, а па сведчанні навукоўцаў, гэта адбылося даволі позна, іх з’яўленне суправаджалася пэўным дыскамфортам ад адкрытасці дома вонкавай небяспецы. Гэта трывога выяўлялася у падсвядомым і можа таму ў народным сонніку пазначана, што бачыць у сне акно да чакання:

  • Бачыць расчыненае акно – падарунак будзе, прыбытак;
  • Акно з пабітымі шыбамі – страты, беднасць; з чыстымі і цэлымі – шчасце, жыццё.

Колькасць вокнаў залежыла ад планіроўкі хаты. Звычайна рабілі два вакна ў падоўжанай сцяне, што выходзіла на двор, і адно ў тарцовай – на галоўным фасадзе. Такое размяшчэнне вокнаў спрыяла стварэнню ў хаце покуці або "чырвонага кута", у якім размяшчаліся абразы.

Да ўсяго ў народзе быў пашыраны звычай мець у хаце менавіта тры акны ў гонар святой Тройцы. Чацвёртае акно у глухой сцяне паміж печчу і галоўным фасадам рабілі толькі ў асобных мясцовасцях. Часта на кухні вакно ўстаўлялі насупраць вусця печы, што было зручна для гаспадыні, якая пачынала завіхацца каля яе з першымі промнямі сонца.

Вёска Свяцілавічы
© Sputnik Альфрэд Мікус
Тры вакны ў хаце рабілі ў гонар Святой Троіцы

Цікава, што ў некаторых мясцовасцях існавала правіла пытаць дазвол на павялічэнне колькасці вокнаў больш за тры не толькі ў святара, але і у вясковага сходу. У другой палове ХІХ стагоддзя , калі пачала мяняцца планіроўка жылля і хату пачалі падзяляць на залу і спальню, у тарцовай сцяне, што выходзіла на вуліцу, рабілі па два вакна. 

Увогуле, месца вакна на фасадзе і яго форма адыгрывала значную ролю ў стварэнні мастацкага аблічча будынка. Аканіцы, надаконныя і падваконныя ліштвы – традыцыйныя элементы аздаблення хаты, якія адрозніваліся ў адпаведнасці з этнаграфічным рэгіёнам Беларусі. Зараз традыцыя ўпрыгажэння вокнаў рознымі элементамі не так распаўсюджана, але і дагэтуль можна напаткаць цікавыя варыянты.

Рама звычайна мела ад 3 да 6 шыб, а пачынаючы з ХVІ-ХVІІ стагодзя ў шляхецкіх сядзібах – да 30 і болей. Да ХІХ стагоддзя замест шкла часта выкарыстоўвалі спецыяльна вырабленыя скуры, паперу, пухіры жывёл, палатно. Зімой вокны мелі дубальты (падвойныя рамы, - Sputnik), а знадворку, калі не было аканіц, іх прыкрывалі саламянымі матамі, каб лепш захоўвалася цяпло ў хаце. Такімі матамі ўцяплялі і дзверы.

Драўляныя створкі або аканіцы звонку зачынялі кожны вечар, але з цягам часу яны страцілі сваю ўтылітарную функцыю. Разам з ліштвамі аканіцы сталі дэкаратыўнымі элементамі ў абрамленні вакна.

Вёска Свяцілавічы
© Sputnik Альфрэд Мікус
У кожным рэгіёне Беларусі былі свае традыцыі ўпрыгажэння вокнаў

Асабліва ўпрыгожваліся ліштвы, на якіх можна было сустрэць разнастайныя ўзоры. Часта гэта кветкі і мудрагелістыя завіткі, але можна сустрэць і выявы зорак і сонца, птушак і цмокаў і іншае.

Такая аздоба адрозніваецца ў кожным этнарэгіёне Беларусі і, як і нацыянальны строй, з’яўляецца іх своеасаблівым пашпартам, унікальнай адметнасцю. 

Як памыць вокны народнымі сродкамі

Гаспадыні дбайна сачылі за чысцінёй шыб у вокнах. Іх чыстка была абавязковай перад Вялікаднем. Прытрымліваюцца такой традыцыі і многія сучасныя гаспадыні.

Вядома, што цяпер у краме можна набыць разнастайныя сродкі для чысткі шкла, хтосці ў ваду дадае гарэлку або кроплі аміяку і націрае шыбы да бляску старымі газетамі, вокны чысцяць нават ільняным алеем і крапівой.

У кнізе "Літоўская гаспадыня" Ганны Цюндзявіцкай, якая сабрала вопыт гаспадарчай дзейнасці сялян на пачатку ХІХ стагоддзя, ёсць цэлы шэраг парадаў для захавання вокнаў чыстымі і светлымі.

Каб шыбы не трацілі празрыстасці, нельга мыць іх вадой, асабліва раніцай ці ўдзень, бо сонечныя прамяні уздзейнічаюць на вільготнае шкло, псуюць яго і змяняюць колер.

Варта рабіць гэта ўвечары, а зранку яшчэ раз выцерці шыбы сухой анучай. Для лепшага выніку суконку трэба пасыпаць дробным мелам і выцерці шкло насуха.Перад выкарыстаннем мел трэба прасеяць, каб ён не пакідаў драпіны на шкле.

Чытайце таксама:

286
Тэги:
Беларусь, Народныя традыцыі, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (84)
У прытулку для жывёл падчас пандэміі каронавіруса

Навукоўцы распавялі, як адрозніваць фэйкі аб каронавірусе ад праўды

0
(абноўлена 17:16 06.04.2020)
Журналісты, якія пішуць пра COVID-19 павінны старанна правяраць крыніцы інфармацыі і арыентавацца на экспертныя меркаванні заслужаных вучоных, а не ўяўных акадэмікаў.

МІНСК, 6 кра - Sputnik. Расійскія навукоўцы падчас анлайн-канферэнцыі, якую трансляваў Sputnik, распавялі, як адрозніваць няпэўную інфармацыю аб каронавірусе і як паводзіць сябе журналістам, каб не пладзіць фэйкі.

Галоўнае - думаць

Віцэ-прэзідэнт Сколтэха па біямедыцынскіх даследаваннях Міхаіл Гельфанд адзначыў, што цяпер у лабараторый ёсць магчымасць аператыўна дзяліцца інфармацыяй аб даследаваннях, публікуючы яе ў інтэрнэце ў выглядзе прэс-рэлізаў. Але гэта зусім не значыць, што гэтыя дадзеныя будуць пацверджаны пры далейшай праверцы вынікаў. Падобныя праблемы ўзнікаюць з-за гонкі, у якую ўцягнутыя навукоўцы розных краін свету.

"Адна з важных рэчаў - трэба адрозніваць навуковую артыкул ад прэс-рэлізу і ад пятага пераказвання і таго, і іншага", - падкрэсліў ён.

Акрамя таго, журналісты павінны думаць, перш чым распаўсюджваць інфармацыю. "Як мінімум не тыражаваць тое, што вы ўбачылі. Звяртаць увагу на рэпутацыю прамоўцы. Прычым менавіта рэпутацыю, змястоўную ў акадэмічным асяроддзі. Звяртаць увагу на відавочныя нязгоднасці, на крыніцу інфармацыі", - пералічыў Гельфанд.

Па словах навукоўца, журналісты павінны супаставіць лічбы і факты і дамагацца выразных адказаў ад тых, хто дае інфармацыю, калі ёсць неадпаведнасці.

Ён таксама выказаў меркаванне, што не варта змагацца з фэйкамі дзяржаўнымі сродкамі. "Змагацца з фэйкамі можна асветай, зваротам да сапраўдных вучоных. Але вось спрабаваць караць за фэйкі шляхам нейкіх рэпрэсіўных мер - гэта шлях у нікуды", - заявіў даследчык.

Трэба вывучаць розныя крыніцы

Каб пазбегнуць дэзінфармацыі, навукоўца парэкамендаваў рэдакцыям супрацоўнічаць з журналістамі, якія могуць зразумець, пра што ідзе гаворка ў навуковым артыкуле і правільна інтэрпрэтаваць яе. Таксама рэдакцыі могуць кансультавацца ў даследчыкаў, якія з'яўляюцца прызнанымі экспертамі ў сваіх галінах.

"Найміце навуковых журналістаў добрых і давярайце ім. Яны будуць за вас разбірацца", - даў параду рэдакцыям прафесар Сколтэха, доктар біялагічных навук, загадчык сектара малекулярнай эвалюцыі ІППІ РАН Георгій Базыкін.

Па словах завкафедры мікрабіялогіі біяфака МДУ Лізаветы Бонч-Асмалоўскай, адрозненне натуральнай навукі ад іншых галін у тым, што "праўда ў ёй заўсёды сабе дарогу праб'е". "Наконт публічнай сферы, вядома, я думаю, трэба пабольш звяртацца да вучоных, а навукоўцы не павінны адмаўляцца гаварыць з журналістамі", - лічыць яна.

Рэктар Сколтэха Аляксандр Куляшоў лічыць, што самае правільнае - гэта не арыентавацца на адну крыніцу. "Калі ты здолееш апытаць з адной і той жа нагоды некалькі навукоўцаў з добрым імем, незаплямленай рэпутацыяй, то ты можаш быць упэўнены, што, хутчэй за ўсё, ты моцна не памылішся", - падсумаваў ён.

0
Тэги:
Расія, каронавірус
Тэмы:
Успышка каронавіруса з Уханя