У вёсцы Пагост на Гомельшчыне рыхтуюцца да Юр'я

Юр'еў дзень: традыцыі вясновага свята

361
(абноўлена 17:15 04.05.2020)
У Беларусі дагэтуль захавалася традыцыя адзначаць 6 мая Юр'еў дзень. Царква ў гэты дзень успамінае нябеснага апекуна воінаў Георгія Пабеданосца.

Юр'еў дзень, які адзначаецца 6 мая, з'яўляецца адным з галоўных святаў беларускага народнага календара. Згодна з народнымі павер'ямі, у гэты дзень можна пазбавіцца бясплоддзя і забяспечыць будучы ўраджай хлеба.

У гэты дзень першы раз пасля зімы сяляне выганялі статак на пашу. З Юр'евым днём была звязана вялікая колькасць рытуальных дзеянняў для захавання хатняй гаспадаркі.

Павер'і і прыкметы на Юр'еў дзень

Для таго, каб абараніць хатніх жывёл, гаспадары здзяйснялі розныя магічныя дзеянні і прамаўлялі "спецыяльныя словы", якія, згодна з павер'ямі беларусаў, павінны былі захаваць кароў, коней і іншую хатнюю жывёлу ад мору, сурокаў і драпежных жывёл.

Веснавы абрад Юр’еўскі карагод ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну
© Sputnik Альфрэд Мiкус
Веснавы абрад "Юр’еўскі карагод" ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну

Асабліва шмат абрадавых дзеянняў на Юр'я ведалі пастухі, якія лічаць 6 мая сваім святам. Напрыклад, пастух не павінен быў браць новую жывёлу пасля Юр'і, інакш увесь статак будзе пакутаваць ад нападаў ваўкоў.

З гэтым днём звязаныя павер'і і прыкметы, якія тычацца дабрабыту сям'і, дастатку і інтымнай сферы.

На досвітку 6 мая здзяйснялі рытуальныя дзеянні супраць бясплоддзя. Неабходна было ручніком сабраць Юр'еўскую расу і абцерці ёй мужа і жонку. Світанкавая Юр'еўская раса, наогул, лічылася гаючай і дае сілу.

У вёсцы Пагост Гомельскай вобласці рыхтуюцца да Юр'і
© Sputnik / Егор Еремов
У вёсцы Пагост Гомельскай вобласці рыхтуюцца да Юр'і

Згодна з народнай прыкметай, калі на Юр'я дождж, то будзе шмат хлеба. Таксама лічылася, што ў гэты дзень трэба садзіць бульбу. Па традыцыі на Юр'я хадзілі "праведваць" палі з азімымі, неслі туды выпечаны напярэдадні хлеб, клалі яго на зямлю і правяралі рост азімых. Калі каравай хаваўся ў жыце, то ўраджай павінен быць добрым.

Як адзначаюць Юр'еў дзень

Праваслаўная царква ў гэты дзень узгадвае вялікапакутніка Георгія Пабеданосца, якому моляцца за дзяцей, аб дапамозе пры хваробах, акрамя гэтага, святы з'яўляецца нябесным заступнікам воінаў.

Веснавы абрад Юр’еўскі карагод ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну
© Sputnik Альфрэд Мiкус
Веснавы абрад "Юр’еўскі карагод" ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну

У Беларусі і цяпер адзначаюць Юр'еў дзень. Асабліва відовішчна гэта адбываецца ў тых рэгіёнах, дзе этнографы змаглі адрадзіць абрады народнага земляробчага календара. Так, штогод у Пагосце праходзіць старажытны абрад "Юраўскi карагод", які першым у Беларусі ў 2005 годзе атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці рэспубліканскага значэння.

На свята пякуць хлеб з пшанічнай мукі, які ўпрыгожваюць пад спеў абрадавай песні трыма каласкамі з цеста і трыма галінкамі квітнеючага пладовага дрэва, кожная з якіх мае па тры адросткі. Яны сімвалізуюць дзевяць месяцаў сцельнасці каровы і цяжарнасці жанчыны. 

Веснавы абрад Юр’еўскі карагод ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну
© Sputnik Альфрэд Мiкус
Веснавы абрад "Юр’еўскі карагод" ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну

Потым жанчыны водзяць карагод. Зараз да яго далучаюцца і дзеці, але раней у карагод бралі толькі дзяўчын, якія дасягнулі палавой сталасці. Дзяўчыны апранаюць вянкі з барвінка — такія жа, як нявесты на вяселлях. 

Веснавы абрад Юр’еўскі карагод ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну
© Sputnik Альфрэд Мiкус
Веснавы абрад "Юр’еўскі карагод" ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну

Галоўнае магічнае дзеянне 6 мая на Юр'я адбываецца ў поле, дзе пасеяны азімыя. У зямлю закопвалі кавалак чорнага хлеба, перавязаны чырвонай стужачкай, і пелі абрадавыя песні.

361
Тэги:
Нацыянальныя традыцыі, Беларусь
Тэмы:
Жыццё, аздобленае традыцыямі, радуе (9)
Як сёння садзяць бульбу на вёсцы, архіўнае фота

Каляндар земляроба: як і калі нашы продкі садзілі агародніну

15
(абноўлена 13:19 24.05.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра земляробчыя прыкметы беларусаў і асаблівую ўвагу надае другому хлебу – бульбе.

Май - час вялікіх клопатаў для гаспадароў. Асабліва цяжка гэтай парой прыходзіцца вясковай гаспадыні, бо ад пасаджанай своечасова агародніны залежыць яе будучы ўраджай. Нездарма нашы продкі казалі, што "вясновы дзень год корміць".

Калісці ў народзе верылі, што звароты да апекуноў палявых работ Барыса Кажалупа, Івана Доўгага, Арыны Расадніцы, Святога Пахома і іншых святых, пазначаных у маі ў народным календары, дапамогуць у працы і паспрыяюць яе плённасці.

Сяўбе кожнай сельскагаспадарчай  культуры адпавядаў пэўны прысвятак. Напрыклад, за высадку расады адказвала Арына Расадніца (18 мая), за авёс – Антоній (20 мая), за моркву, рэдзьку, гарбузы, агуркі – Іван Веснавы або Іван Доўгі (21 мая).

У Лельчыцкім раёне казалі: "Гуркі сеем, гарбузы, штоб доўгія булі, бо то ж Доўгі Іван". За добры ўраджай агуркоў адказваў і Пахом (28 мая). Паўсюдна па Беларусі казалі: "Сей агуркі на Пахом, то будзеш насіць мяхом".

Не прапускалі і дні, калі агароднымі працамі займацца было нельга. Напрыклад, чацвёртая пасля Вялікадня пераплаўная або градавая серада лічылася небяспечнай. Назва яе звязана з Божай Маці, якая па царкоўнай легендзе ў гэты дзень пераплывала раку. У Лельчыцкім раёне стараліся не палоць, каб градам поле не пабіла, у Столінскім – баяліся, каб не заліў поле дождж, у Мазырскім – каб не застала бура на рацэ. Дазвалялася толькі садзіць цыбулю, каб яна была горкай. У наступны пасля градавой серады дзень пачынаўся Пераплаўны або Чарвівы тыдзень і на Шуміліншчыне ў гэты дзень нічога не садзілі і не сеялі, каб не з’елі чэрві.

Сярод апекуноў палявых работ асабліва вылучаецца Барыс Кажалуп, якога ўшаноўвалі 15 мая. У валачобных песнях Барыс ляды паліць, зямлю грэе, ячмень, бабы сее, па межах ходзіць, поле дзеліць, збожжа высіць і засяе бульбу. Такім чынам, можна вызначыць час, калі продкі пачыналі сеяць бульбу.

Да пасадкі бульбы ў беларусаў было асаблівае стаўленне. Нездарма на нашых тэрыторыях яе дагэтуль называюць другім хлебам, а ў нацыянальнай кухне складана пералічыць пэўную колькасць страў з гэтым карняплодам.

На Беларусі бульбу пачынаюць садзіць у залежнасці ад таго наколькі прагрэлася глеба.  Для паспяховай пасадкі бульбы тэмпература ў лунцы павінна быць каля 8 градусаў.

Народныя традыцыі і прыкметы

Старыя людзі казалі, што зямля гатова тады, калі на ёй не халодна сядзець у тонкай сукенцы і рукам камфортна. Звычайна сеяць пачыналі, калі кветніела чаромха і добрым лічылася, каб сяўба трапіла на поўню, бо гэта самы спрыяльны для сяўбы час.

Садзячы першую бульбіну гаспадыня прыгаворвала: "Расці мая бульбачка круглая і гладкая, як поўня і каб у баразне было поўна". З гэтай жа прычыны ў Ляхавіцкім раёне разагнаўшы першую баразну гаспадыня сімвалічна клала ў яе сякеру, каб будучы ураджай быў такі вялікі, што аж разгортваў бы зямлю, як сякерай секануць.

Вядома ж цяпер часта можна пачуць спрэчкі пра тое ці варта сеяць бульбу на прысядзібных памерках, калі яе даволі лёгка ўвосені набыць на кірмашах, але ўсё ж многія працягваюць яе вырошчваць, кажучы, што "сваім гарбом здабытая смачнейшая".

Вось як адбываўся гэты працэс на Палессі ў канцы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя, апісаны этнографам Чаславам Пяткевічам ў кнізе "Рэчыцкае Палессе".

"Бульбу садзяць пад соху, у кожную боразну або чэраз боразну... калі земля пацяплее, бо ў халоднай папухне, покуль зыйдзе. За сахой ідзе жанчына з каробкай напоўненай клубнямі і кідае іх у баразну на адлегласці 30 см адзін ад аднаго па адным ці больш у залежнасці ад велічыні; наступны заход сахі гэту баразну закрывае".

А вось як у народзе вызначалі стан пасеваў у дачыненні бульбы.

  • Картопля цвіце, можна ўжэ падчас на вячэру накапаць;
  • Картопля адцвіла, можна націну рваць для кабана;
  • Націна пасохла, пара капаць.

Пра лёгкае выкананне якой-небудзь справы звычайна кажуць : "Разабрацца, як повар з бульбай". Магчыма, і слушная прымаўка, калі яна тычыцца пачышчанай і зваранай у вадзе бульбы. Што ж тычыцца астатніх страў прыгатаваных з гэтай гародніны, то любы повар скажа, што каб страва з бульбы атрымалася смачнай, трэба прыкласці да яе не толькі рукі, але і веды, розум, сэрца.

Піражкі бульбяныя з грыбамі

Інгрыдыенты:

  • 1 кг бульбы
  • 100 г сушаных грыбоў
  • 2 цыбуліны
  • 2 яйкі
  • 0,5 шклянкі паніровачных сухароў
  • 4 ст лыжкі вяршковага масла
  • Соль
  • Перац па смаку

Як гатаваць:

Абабраную бульбу зварыць, падсушыць, патаўчы, дадаць лыжку масла, 1 яйка, старанна вымешаць. Вараныя грыбы дробна пасячы, перамяшаць з нашаткаванай падсмажанай цыбуляй, соллю і перцам.

З бульбянай масы сфарміраваць невялікія шарыкі і распляскаць іх, на сярэдзіну кожнага пакласці фарш, краі зашчыпаць. Абмакнуць піражкі ў яйка, укачаць у сухары і абсмажыць у разагрэтым на патэльні масле.

15
Тэги:
Народныя традыцыі, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Кветкі бэзу пад дажджом

Май халодны год хлебародны: што кажуць прыкметы пра надвор'е ўлетку

40
(абноўлена 11:45 23.05.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра стаўленне нашых продкаў да халоднага майскага надвор’я і вучыць гатаваць стравы, якія дапамогуць сагрэць нават самае халоднае сэрца.

У гэтым годзе апошні вясновы месяц выдаўся халодным. Зменлівае надвор’е для Беларусі ў гэтыя часы – не дзіва, што прыкмецілі яшчэ нашы продкі, якія казалі "Май зямлю грэе, а сіверам вее" або "У май каню сена дай, а сам на печ уцякай".

У даўніну халодны і даждлівы май не пужаў земляроба, бо існавала перакананне, што такое надвор’е з’яўляецца прадвеснікам ураджайнага года.

Аб гэтым сведчаць і народныя прымаўкі:

  • Май халодны — не будзеш галодны;
  • Мокра ў маі — будуць пышныя караваі;
  • Грымоты ў маю спрыяюць ураджаю;
  • Як у маі суха, то падцягвай бруха;
  • Як ідзе дождж у сакаўцы, то хлеба будзе ў рукаўцы, а як у маі — то будзе хлеба і ў гультая;
  • Сухі марац, мокры май — будзе жыта, як гай.

Якім будзе надвор’е летам згодна з народнымі прыкметамі

Менавіта напрацягу апошняга вясновага месяца нашы продкі пільна сачылі за надвор’ем, каб даведацца, якім будзе лета. Вось, якія высновы можна рабіць, згодна з народным календаром:

  • Калі ноч пад 1 мая зорная і дзьме цёплы паўднёвы вецер – лета будзе з бурамі, але цёплае і ўраджайнае;
  • У Заходня Беларусі лічылі, што калі ў Дзень Пранціша, які адзначалі 11 мая, ідзе дождж, то будзе мокра ўсё лета, а калі суха, то і лета будзе сухім;
  • 13 мая на Якуба, калі сонца ўзыйдзе ясна – чакаецца сухое лета, а праз хмары – дажджлівае;
  • 14 мая, калі на Ярому - непагадзь, то суровая і галодная надарыцца зіма;
  • 24 мая святкавалі Макея і казалі: "Мокра на Макея - і лета не прасушыць, а сухім Макей прыйшоў – і лета не намочыць".
  • 27 мая на Сідара зноў чакалі халадоў і, калі так было, то казалі, што "Прыйшлі Сідары, прыйшлі і сівяры". Калі ў гэты дзень  дзьмулі паўночныя вятры, то лета чакалася дажджлівае. Але, калі да гэтага дня або на яго прыляцяць ластаўкі і стрыжы, то лета надарыцца цёплым.
  • 28 мая, святкуючы Пахома, прыгаворвалі: "Святы Пахом павее цяплом" і "На Пахома цёпла – усё лета цёпла".

Каб сагрэцца пасля вясновага дажджу і моцнага майскага ветру, можна прыгатаваць смачную і карысную страву – курыны булён з клёцкамі. А на дэсерт – здобныя булкі.

Булен курыны з клёцкамі

Інгрыдыенты:

  • 500 г курынага мяса
  • 1 морквіна
  • 1 цыбуліна
  • 1 яйка
  • 0,75 шклянкі мукі
  • 1 ч. лыжка вяршковага масла
  • Соль
  • Лаўровы ліст
  • Пучок зялёнага кропу або пятрушкі

Як гатаваць:

Падрыхтаванае курынае мяса заліць халоднай вадой. Калі яна закіпіць, зняць пену, пакласці ачышчануюч моркву і цыбуліну, варыць на слабым агні да гатоўнасці мяса, у канцы прыгатавання дадаць соль, лаўровы ліст. Булён працадзіць.

Муку, яйка, соль, масла і каля чвэрці шклянкі ахалоджанага булёну старанна перамяшаць. З атрыманага цеста аддзяляць лыжкай невялікія клёцкі і апускацьіх у булён, варыць 5 хвілін.

Падаць з кавалачкамі  курынага мяса, пасыпаць здробненым кропам або пятрушкай.

Булка здобная

Інгрыдыенты:

  • 1 кг пшанічнай мукі
  • 30 г дражджэй
  • 1,5 шклянкі малака
  • 80 г масла або маргарыну
  • 50 г цукру
  • 1 яйка
  • Соль

Як гатаваць:

Дрожджы накрышыць, дадаць чайную лыжку цукру і расцерці, змяшаць з цёплым малаком, усыпаць палову мукі, замясіць цеста, пасыпаць тоўстым слоем мукі, накрыць сурвэткай і паставіць ў цёплае месца.

Пасля таго, як цеста паднімецца, дадаць рэштку мукі, соль, расцёрты з цукрам жаўток, старанна вымесіць, у канцы замесу дадаць растопленае масла або маргарын і ўзбіты бялок. Паверхню цеста змазаць тлушчам, каб яно не перасохла і даць падысці яшчэ раз.

Гатовым цестам запоўніць формы да 2/3 іх аб’ёму, даць пастаяць, каб падышлі і выпякаць каля гадзіны.

Парада руплівай гаспадынькі: Каб булачкі лёгка даставаліся, халодныя формы змазваюць свіным тлушчам. Алей, маргарын і вяршковае масла для гэтага не прыдатныя. Калі булачкі пякуць у печы і яна даволі гарачая, то на чарэнь каля сцяны ставяць жалезны кубак з вадой і в’юшку не зачыняюць. Калі выпечка зверху пачынае моцна румяніцца, то яе накрываюць паперай або лістамі дзядоўніка.

40
Тэги:
Надвор'е, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Будуць навальніцы: штармавое папярэджанне аб'явілі ў Беларусі на 26 мая

Будуць навальніцы: штармавое папярэджанне аб'явілі ў Беларусі на 26 мая

0
(абноўлена 17:08 25.05.2020)
У найбліжэйшыя дні ў рэспубліцы захаваецца цёплае камфортнае надвор'е, у некаторых раёнах яно будзе суправаджацца майскімі навальніцамі.

МІНСК, 26 мая - Sputnik. Жоўты ўзровень небяспекі абвясцілі ў Беларусі на аўторак з-за навальніц, пра гэта папярэдзілі ў Белгідраметцэнтры.

"Днём 26 мая ў асобных раёнах краіны чакаюцца навальніцы", - распавялі сіноптыкі.

У цэлым у аўторак надвор'е ў Беларусі вызначыць няўстойлівая паветраная маса. Будзе воблачна з праясненнямі. Ноччу месцамі, а днём на большай частцы краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай месцамі згусціцца слабы туман. Чакаецца паўночны, паўночна-ўсходні ўмераны, пры навальніцах парывісты вецер.

У начныя гадзіны слупок тэрмометра пакажа +4..+10°С, у сярэдзіне дня пацяплее да +16..+22°С. Атмасферны ціск уначы будзе слаба расці, днём істотна не зменіцца.

У наступныя дні ў рэспубліцы таксама захаваецца цёплае камфортнае надвор'е. Пры гэтым месцамі магчымы кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Чакаецца, што больш істотна пацяплее ў выхадныя, а кліматычнае лета пачнецца практычна тады ж, калі і каляндарнае.

0
Тэги:
Беларусь, Навальніца, Прагноз надвор'я