Абрад Ваджэнне Кусты

"Імкнемся перадаць традыцыю моладзі": па Лобчы зноў вадзілі Кусту

191
(абноўлена 12:03 10.06.2020)
Траецкае шэсце ў Лунінецкім раёне сёлета зноў сабрала прыхільнікаў старадаўняй традыцыі. Прайшліся побач са старажыламі і карэспандэнты Sputnik.

Вёска Лобча ў Лунінецкім раёне – адно з нешматлікіх паселішчаў, дзе яшчэ падтрымліваецца традыцыя "Ваджэння Кусты". Не адмянілі шэсце і сёлета, хоць з прычыны пандэміі старажытны абрад правялі ў скарочаным фармаце.

На другі дзень свята Тройцы карэспандэнт Sputnik Арцём Кір’янаў разам з фотакарэспандэнтам Альфрэдам Мікусам адправіўся ў палескае сяло, каб побач з вяскоўцамі прайсці святочны шлях і даведацца ад старажылаў, як вадзілі Кусту раней.

Гонар быць Кустай

Падрыхтоўка да "Ваджэння Кусты" пачынаецца ў Лобчанскім доме культуры з раніцы. Як і ў папярэднія гады, тут збіраецца з дзясятак мясцовых жанчын. Яны пераапранаюцца ў народныя строі, завязваюць хусткі, гартаюць тэксты традыцыйных песень.

"Дэ тут пэрэд, а дэ зад?", – па-паляшуцку пытаецца адна з удзельніц абраду, якая заблыталася ў спадніцы. "Як наложыш, там і пэрэд", – жартуюць яе сяброўкі.

Кіраўніца народнага фальклорнага калектыву Святлана Мелюх тлумачыць, "Ваджэнне Кусты" – справа выключна жаночая. Мужчын запрашаюць толькі ў якасці музыкаў.

Абрад Ваджэнне Куста
© Sputnik Альфрэд Мікус
Незамужнюю дзяўчыну з Лобчы заўсёды ставяць у цэнтр

"У цэнтры шэсця ідзе незамужняя дзяўчына родам з Лобчы. Яе вядуць сяброўкі, а іх суправаджае "жаноцкае войска", як гаворыцца ў песні". Гэта значыць старэйшыя жанчыны і бабулі. Мужыкі, можа, і хацелі б удзельнічаць, але іх ніколі на "Ваджэнне" не бралі, – дадае суразмоўніца.

© Sputnik Альфрэд Мікус
У гэтым годзе Кустай абралі Настассю Слушнік

Сёлета на Кусту выбралі 14-гадовую Настассю Слушнік. Менавіта яе хутка абвяжуць кляновым галлём з густым лісцем і павядуць па Лобчы ад хаты да хаты. Школьніца гаворыць, гэта вялікі гонар і радасць. Яна ведае: на галоўную "ролю" ў абрадзе спакон вякоў абіралі найпрыгажэйшую ў сяле дзяўчыну.

"Але, спадзяюся, вялікіх праблем з-за гэтага не будзе і знаёмыя не будуць занадта зайздросціць", – жартуе ўдзельніца шэсця, ужо ўбраная ў традыцыйны кляновы вянок.

Старажытны конкурс прыгажосці

Падобным чынам другі дзень свята Тройцы ў Лобчы адзначаюць з 1984 года. 36 год таму "Ваджэннем Кусты" занялася "Лабчанка". Але традыцыю ў вёсцы падтрымліваюць ужо не адно стагоддзе, гаворыць загадчыца мясцовага дома культуры Надзея Юрцэвіч. Нават старажылы прызнаюцца: не памятаюць, каб калісьці абраду ў вёсцы не было.

Абрад Ваджэнне Кусты
© Sputnik Альфрэд Мікус
Традыцыя існуе ўжо шмат вякоў

Каб захаваць аўтэнтычнасць традыцыі, ход "Ваджэння" старанна задакументавалі са слоў мясцовых носьбітаў. Тады ж запісалі і "кустовыя", "летнія" песні: "На другы дэнь Труйцы, на вэлыке свято", "Ой, да по сэлу, по сэлу Любэцкому", "Оддала мэнэ маты замуж" – і шмат іншых.

Суразмоўніца тлумачыць, што матыў вяселля ў спевах невыпадковы. Кустай павінна быць незамужняя дзяўчына, якая ў той год хацела пайсці замуж. Менавіта таму кляновае лісце на ёй адварочвалі да зямлі: кандыдатка сімвалізавала адарваную ад роду галінку.

"Гэта быў свайго кшталту конкурс прыгажосці, кастынг. Часта людзі ў вёсцы напярэдадні Тройцы самі пачыналі абмяркоўваць дзяўчын: хіба тая будзе Кустай, не, вось гэтая", – гаворыць Надзея Юрцэвіч.

Яшчэ адзін матыў "Ваджэння" – будучы ўраджай. Лічылася, што калі не прыняць Кусту на падворку ці яна сама абміне хату, жыта не ўродзіць. Дурным тонам было і не прымаць шэсце каля сваёй хаты.

Абрад Ваджэнне Кусты
© Sputnik Альфрэд Мікус
Кожны гаспадар павінен быў прыняць у сябе Кусту

"Хоць часам гурты самі не ішлі да таго ці іншага гаспадара. Міналі яго, бо ведалі, што бедна жыве. Казалі тады: яму самому няма чаго есці, што мы туды пойдзем? Тады некаторыя сяльчане злаваліся, бо важна было ім прыняць Кусту ў сябе", – гаворыць загадчыца дома культуры ў Лобчы.

Ад самага дзяцінства

Ева Васільеўна Якавец – старажыл Лобчы і носьбіт абраду. Жанчына ўзгадвае, што памятае "Ваджэнне Кусты" з ранняга дзяцінства. Тады яшчэ малой дзяўчынкай яна назірала, як маці з суседкамі па вуліцы рыхтуецца да свята Тройцы. Сёлета, на жаль, 68-гадовая сяльчанка ў шэсці не пойдзе з-за хваробы ног.

Ева Якавец – старажыл Лобчы і носьбіт традыцыі Ваджэнне Куста
© Sputnik Арцём Кір'янаў
Ева Якавец – старажыл Лобчы і носьбіт традыцыі "Ваджэнне Кусты"

"Тоді всё старалыса в зэлёное ўкрасыты. Мы з дэвчінамы в канаві плашнык – так у нас аір называюць – збыралы. Самі прыходым мокрыі, а в хаті од того плашныка такій запах був!" – распавядае жанчына.

Пасля збіралі галінкі клёна, зёлкі і палявыя кветкі. З іх складалі невялічкія букеты, якія потым свяцілі ў царкве. Пасля вяртання з храма зеляніну падпальвалі і акурвалі ўсе памяшканні, у тым ліку хлеў са свойскай жывёлай. Букет пакідалі на покуці – лічылі, што ён уратуе хату ад буры і граду.

У першы дзень Тройцы ўся сям’я зазвычай збіралася дома. Кусту ж вадзілі толькі на другі дзень свята. Прычым, як узгадвае суразмоўніца, па вёсцы хадзілі некалькі груп жанчын. Калі з падрыхтоўкай зацягвалі, маглі ўвогуле ўпусціць шанец прайсці па сяле, бо ўсе хаты ўжо прынялі Кусту.

© Sputnik Альфрэд Мікус
У абрадзе ўдзельнічалі толькі жанчыны

"Чулы, шчо дэсь там ужэ співаюць. Ага, Залужняны первыі за нас выйшлы, то пуйдэм на Островок. А там ужэ сосідка Катюша вывіла своіх. Тоді пуйдэм мы под Кальгу, это пряма уліца, тут вжэ мы находымся", – узгадвае Ева Васільеўна.

Заканчваўся абрад святочнай вячэрай. Для яе жанчыны выбіралі найбольшую на вуліцы хату. На стол ставілі ўсё, што атрымалі падчас ваджэння – каўбасы, слодычы. Спецыяльна гатавалі яешню – без яе "Ваджэнне" лічыцца неаўтэнтычным і сёння.

Абрад Ваджэнне Кусты
© Sputnik Альфрэд Мікус
Абавязковая частка традыці - святочнае застолле

Перад вячэрай з Кусты здымалі галінкі, а яе вянок пакідалі на покуці. Тады казалі: "Дзякуй Богу, што погулялы да дождалы. Шчоб і на той год нам ходыты і Кусту водыты". Дарэчы, падчас вячэры таксама збірался толькі жанчыны. "Бабы самі гулялы, а мужыкі по домах сыдылы", – заўважае Ева Якавец.

Повязь пакаленняў

У нязменным выглядзе "Ваджэнне Кусты" адбываецца ў Лобчы да сёння.

Абрад Ваджэнне Кусты
© Sputnik Альфрэд Мікус
Гаспадары абавязкова частавалі дарагіх гасцей

Толькі з-за эпідэміі сёлета вырашылі на абыходзіць усю вёску, а колькасць удзельнікаў скараціць. Калі раней на шэсце выходзілі і дваццаць жыхароў, цяпер набралася крыху больш за дзесяць. Таксама вырашылі запрэгчы каня – так пажылым людзям прасцей перасоўвацца ў спякоту.

Абрад Ваджэнне Кусты
Чым больш пачастункаў, тым большым будзе ўраджай у гэтым годзе

Надзея Юрцэвіч заўважае, што мясцовыя заўсёды добра прымаюць удзельнікаў "Ваджэння". На яе памяці не здаралася, каб хтосьці выгнаў ці адмовіўся прымаць гурт. Хлеб, каўбасы, сокі і квас, цукеркі, грошы, віно, даюць нават гарэлку – людзі дзеляцца ўсім, што маюць.

Абрад Ваджэнне Кусты
© Sputnik Альфрэд Мікус
Цяпер самае галоўнае - перадаць традыцыю маладым пакаленням

"А мы стараемся нашай моладзі традыцыю перадаць. Як нам старыя людзі перадалі сваю спадчыну, так і мы. Каб маладыя, калі састарацца, гэтаксама вадзілі Кусту па сяле", – заключае суразмоўніца агенцтва.

191
Тэги:
Лунінецкі раён, Традыцыі і абрады
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (96)
Капліца ў палацы Радзівілаў у Нясвіжы

Пояс Пане Каханку і шаблю Радзівіла Рыбанькі пакажуць у Нясвіжы ў жніўні

7
(абноўлена 13:04 14.07.2020)
Старадаўнія прадметы стануць часткай выставы пахавальнай культуры роду Радзівілаў. У яе таксама ўвойдуць адзенне і ўзнагароды іншых знакамітых князёў.

МІНСК, 14 ліп - Sputnik. Выстава, прысвечаная пахавальнай культуры Радзівілаў, адкрыецца ў памяшканнях побач з палацавай капліцай 1 жніўня. Пра гэта Sputnik расказала першы намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка "Нясвіж" Наталля Жарко.

Пад касцёлам Божага цела ў Нясвіжы размяшчаецца ўнікальная для Усходняй Еўропы пахавальня адной сям'і. У крыпце знаходзіцца 70 саркафагаў з парэшткамі роду Радзівілаў, самаму старому пахаванню больш за 400 гадоў.
Пахавальную культуру князёў неаднаразова спрабавалі вывучыць спецыялісты з розных краін. Так ў 2016-м і 2017-м годзе Нясвіж некалькі разоў наведвалі літоўскія навукоўцы, якія ўзламалі шэраг трунаў і правялі антрапалагічныя даследаванні парэшткаў. У саркафагах таксама выявілі каштоўныя для гісторыі рэчы: адзенне, узнагароды, зброя, прадметы рэлігійнага культу. Найбольш значныя з іх вырашылі пакінуць у фондах музея-запаведніка "Нясвіж" для далейшай рэстаўрацыі і экспанавання.

Першапачаткова выставу пахавальнай культуры князёў планавалі адкрыць у чэрвені гэтага года, аднак, па словах Наталлі Жарко, узніклі тэхнічныя пытанні, таму дату перанеслі на жнівень.

"Найбольш важнымі сярод прадметаў экспазіцыі з'яўляюцца фрагменты шаблі "карабела" (XVII-XVIII стагоддзе), знойдзенай у саркафагу вялікага гетмана Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі, і Слуцкага пояса (XVIII стагоддзя) з пахавання Караля Станіслава Радзівіла па мянушцы Пане Каханку. У Беларусі захавалася ўсяго паўтара дзясятка паясоў падобнага тыпу", - удакладніла першы намеснік дырэктара музея-запаведніка.

Асноўная экспазіцыя размесціцца ў прытворы палацавай капліцы. Галоўным яе элементам стане гравюра Castrum doloris (у перакладзе з латыні "замак болю" - Sputnik). На ёй намаляваны пахавальны намёт, зробленыя да пахавання Ганны Сангушкі Радзівіл. Цырымонія развітання з гэтай княгіняй доўжылася цэлы год, перш у Міры, дзе яна памерла, потым у замку ў Бяла-Падлясцы, і затым ужо ў Нясвіжы.

Дарэчы, цяпер у музеі нешматлюдна - колькасць наведвальнікаў падчас пандэміі каронавіруса зменшылася у шэсць разоў, - таму даведацца пра традыцыі пахавання старажытнага роду і паглядзець на рэчы знакамітых князёў, хутчэй за ўсё, можна будзе ў цішыні і спакоі.

Чытайце таксама:

7
Тэги:
Радзівілы, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж"
Купальскі пленэр на Хутары Дудара

Смачна і музычна: як прайшоў Купальскі пленэр на Хутары Дудара

121
(абноўлена 14:02 13.07.2020)
Беларусы любяць Купалле і захоўваюць традыцыю яго святкавання дагэтуль, перадаючы наступным пакаленням.

Купалле – адно з самых любімых беларусамі святаў, традыцыя святкавання якога захавалася і дагэтуль. Шматлікія калектывы і аматары беларускай культуры штогод ладзяць музычныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да таямнічага дзейства.

Купальскі пленэр на Хутары Дудара
© Sputnik Альфрэд Мікус
Купальскі пленэр на Хутары Дудара
Купальскі пленэр на Хутары Дудара
© Sputnik Альфрэд Мікус
Купальскі пленэр на Хутары Дудара

Зладзілі любімае свята і ў аграсядзібе "Хутар Дудара" бліз Ракава. Госці спявалі, танчылі, вадзілі карагоды і каштавалі самыя смачныя беларускія прысмакі.

Купальскі пленэр на Хутары Дудара
© Sputnik Альфрэд Мікус
Купальскі пленэр на Хутары Дудара

Цягам усяго дня наведвальнікаў чакалі прагулкі па лесе і лузе, купанне ў рацэ Яршоўка, пляжны адпачынак, футбол, валейбол і настольныя гульні. Аматары традыцыйных беларускіх забавак удзельнічалі у майстар-класе па вырабе свечак.

Купальскі пленэр на Хутары Дудара
© Sputnik Альфрэд Мікус
Купальскі пленэр на Хутары Дудара

Абавязковая частка кожнага купальскага свята – спеўныя сходы-карагоды, пляценне вянкоў і падрыхтоўка вогнішча. Для гэтага дзяўчаты і хлопцы аб’ядноўваюць свае сілы.

Купальскі пленэр на Хутары Дудара
© Sputnik Альфрэд Мікус
Купальскі пленэр на Хутары Дудара

Яркай кропкай гэтага свята стала прэзентацыя новага праекта легендарнага музыкі Івана Кірчука, салісткі Вялікага тэатра Беларусі Маргарыты Ляўчук і заснавальніка гурта Vuraj Сяргея Доўгушава  - "Try Nice".

Купальскі пленэр на Хутары Дудара
© Sputnik Альфрэд Мікус
Купальскі пленэр на Хутары Дудара
Купальскі пленэр на Хутары Дудара
© Sputnik Альфрэд Мікус
Купальскі пленэр на Хутары Дудара
121
Тэги:
Купалле

Чэргі да ЦВК: людзі падаюць скаргі на адмову ў рэгістрацыі двум кандыдатам

0
(абноўлена 17:35 15.07.2020)
Чарга выстраілася да Дома Урада ў сераду днём - глядзіце на відэа Sputnik, колькі людзей прыйшло выказаць сваё стаўленне да вырашэння ЦВК.

Чарга з жадаючых падаць скаргу ў ЦВК была каля Дома ўрада. Людзі, якія сабраліся такім чынам выказваюць сваю пазіцыю ў дачыненні да адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты экс-банкіра Віктара Бабарыкі і былога кіраўніка ПВТ Валерыя Цапкалы.

З-за прапускной сістэмы, якая дзейнічае ў Доме ўрада, чарга рухаецца досыць павольна.

У сваіх скаргах падпісанты заклікаюць перагледзець гэтае рашэнне. Некаторыя карыстаюцца гатовымі раздрукаванымі ўзорамі скаргі і ўпісваюць свае пашпартныя дадзеныя прама стоячы ў чарзе. Да дзвюх гадзін дня тут сабралася каля ста чалавек.

ў ЦВК мае намер падаць і штаб Віктара Бабарыкі. Акрамя таго, у штабах абодвух кандыдатаў таксама рыхтуецца зварот у Вярхоўны суд. Яно можа быць пададзена ў трохдзённы тэрмін з дня прыняцця рашэння аб адмове ў рэгістрацыі.

Суд, у сваю чаргу, у трохдзённы тэрмін разгледзіць скаргу. Рашэнне Вярхоўнага суда з'яўляецца канчатковым.
Глядзіце на відэа, колькі людзей прыйшло выказаць сваё стаўленне па пытанні адмовы ў рэгістрацыі Цапкалу і Бабарыку.

0
Тэги:
Беларусь, Выбары
Тэмы:
Выбары прэзідэнта Беларусі - 2020