Пятровіца - 2018

Чым нашы продкі замянялі мяса на талерцы?

232
(абноўлена 08:52 29.08.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра "грыбныя забабоны" і раскрывае сакрэты прыгатавання народных страў з баравікоў.

Для беларусаў збор грыбоў заўсёды быў нечым асаблівым і крыху чароўным. Прырода грыбоў, іх атрутнасць, галюцынагеннасць і лекавыя ўласцівасці цікавілі і прыцягвалі да сябе ўвагу.

Самым каштоўным у грыбным асяроддзі лічыцца баравік. Яшчэ ў ХVІ стагоддзі вадзянымі выцяжкамі з пладовых цел баравікоў, атрыманымі з дапамогай шкляных перагонных апаратаў, лячылі незагойныя раны пры абмарожанні, хваробах скуры, а густым булёнам з гэтых грыбоў паілі хворых, каб палепшыць апетыт.

Белый гриб
© Sputnik / Владимир Федоренко
Баравік

Паважлівае стаўленне да гэтага грыба можна прасачыць  і па народных назвах, якімі надзялілі яго ў розных кутках Беларусі: "добры", "праўдзівы", "справядлівы", "шчыры", "харошы", "сапраўдны", "просты". Або інакш — "баравік", "дабрак", "праўдзівік". Пладаносіць баравік з пачатку чэрвеня, а калі-небудзь і ў маі, па кастрычнік і таму  мае назвы, якія адлюстроўваюць час яго з'яўлення: "вяснянка", "майскі грыб", "юр'евік", "мікольнік", "ушэсны грыб", "каласавік", "верасовік" і многія іншыя.

Свае назвы прыдумлялі і для таго, каб паказаць узрост і якасць пладовага цела. Напрыклад, старое буйное пладовае цела называюць "баршчовік" або "жаўтляк", а зусім сапсаваны гнілы грыб — "роспаднем", "сявуном", "грыбабнём", "махлаком". І толькі выключна маладое пладовае цела называюць "белым грыбам".

Народныя прыкметы пра баравікі

Нашы продкі лічылі, што ў лесе з грыбамі неабходна паважліва размаўляць, каб не пайсці дадому з пустым кошыкам. На Любаншчыне, напрыклад, існавала прыкмета, па якой, заходзячы ў лес, трэба было перахрысціцца і прамовіць: "Грыбок, грыбок, пакажы мне свой лабок".

Грибы
© Sputnik Людмила Янковская
Баравікі і падасінавікі ў кошыку

Вядома, што зацятыя грыбнікі, як і рыбакі і паляўнічыя, маюць шэраг сваіх прыкмет і забабонаў. Так, пытацца ў чалавека, які выйшаў з лесу з поўным кошыкам, дзе ён збіраў грыбы, было дарэмнай справай, бо ён абавязкова адпраўляў у адваротны бок ад сваіх запаветных мясцін. Рабілі так не ад злосці, а ад пераканання, што грыбы могуць пакрыўдзіцца і будуць хавацца ад зборшчыка наступным разам. Дзяліліся грыбнымі сакрэтамі толькі са сваякамі і добрымі людзмі, да якіх ставіліся з даверам.

У народзе існаваў яшчэ цэлы спіс прыкмет, звязаных з баравікамі, і вось толькі некаторыя з іх:

  • Як зацвіце зямля — тады баравікі будуць расці;
  • Каб дождж, туман, каб парыла — то будуць грыбы;
  • Грыбавік (дробны дождж) пайшоў — і грыбы будуць;
  • Расавікі — праўдзівыя грыбы (баравікі) растуць, як красуе жыта. Яны такія, як і асеннія, толькі меньшыя;
  • Стары грыб (баравік) зверху чорны, а з-пад нізу жоўты;
  • Ліповы грыб (баравік) ці верасовы грыб (баравік) — малады ён, усё роўна белы, а як стараваты стане, то жаўтаваты пад дном, гэта ўжо трэці сорт;
  • Дзе мухаморы, там і баравікі.

Лепшы заменнік мяса

Беларуская грыбная кулінарыя вельмі багатая на разнастайныя стравы з грыбоў і спосабы іх нарыхтоўкі. Пачатак грыбнога сезону быў заўсёды доўгачаканым, паколькі грыбы вельмі часта замянялі мяса. Народныя кухары так і казалі: "Не кідай мяса, бо грыб — лепшая закраса", "Добры казляк лепшы за любое мяса".

У кожнай добрай гаспадынькі заўсёды былі і ёсць свае рэцэпты нарыхтоўкі грыбоў. Прапаную ўнесці ў кулінарную скарбонку некалькі старадаўніх рэцэптаў з "Першай беларускай кулінарнай кнігі" Вінцэнты Завадскай.

Дасканалы спосаб салення баравікоў

Маладыя баравікі пачысціць, адрэзаць карэнчыкі, укінуць у кіпень і трымаць на агні, пакуль не з'явіцца белая пена. Пасля гэтага неабходна выняць грыбы з рондаля (каструля  з ручкай — Sputnik), пакласці на абрус і трымаць так, пакуль яны цалкам не астынуць.

Пакуль грыбы астываюць, трэба дробна стаўчы соль, а пасля складаць баравікі слаямі, перасыпаючы кожны соллю. Зверху грыбы трэба прыціснуць дошчачкай, на якую пакласці камень. Не абавязкова накладаць поўны слоік адразу, можна дадаваць па 10-20 грыбоў, толькі трэба сачыць, каб былі добра прыціснутыя і плавалі ў расоле.

Як можна выкарыстоўваць такія грыбы?

1-ы спосаб: грыбы прамыць некалькі разоў, закіпяціць у каструлі малако, дадаць у яго грыбы і трымаць на агні, пакуль малако не закіпіць другі раз. Пасля гэтага грыбы трэба выняць і гатаваць у масле або тушыць у смятане як свежыя.

2-і спосаб: грыбы замачыць у вадзе на ноч і некалькі разоў змяніць яе. Назаўтра зварыць грыбы, калі з'явіцца смецце, адцадзіць, папаласнуць, укласці масла або смятану і тушыць. Для паху можна дадаць сталовую лыжку стоўчаных у парашок сушаных баравікоў.

Свежыя баравікі ў сметанковым масле

Крэпкія, маладыя баравікі пачысціць, памыць і насуха абцерці. Распусціць у каструльцы масла, укласці ў яе столькі грыбоў, каб яны былі пакрыты маслам, падсмажыць да паўгатовасці, выкласці на талерку, а ў тое самае масла зноў укласці сырыя грыбы і так рабіць, пакуль усе грыбы не будуць падсмажаныя.

Калі грыбы астынуць, перакласці ў невялікія шкляныя слоікі, кожны слой паліваючы свежым маслам. Калі слоікі запоўняцца, іх трэба заліць маслам, а праз некалькі гадзін закаркаваць. Перад ужываннем іх можна пратушыць у тым жа масле.

232
Тэги:
Народныя традыцыі, Нацыянальная кухня, Ларыса Мятлеўская, Беларусь
Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (64)
По теме
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі
Табакерка на абед, або Як гатаваць порхаўкі
Звыклыя рэчы па-беларуску: назвы грыбоў
Лідскі замак

Беларусь містычная: самыя знакамітыя замкі з прывідамі

571
(абноўлена 12:19 25.09.2020)
Самыя папулярныя беларускія замкі і прывіды, якія іх ахоўваюць - у аглядзе Sputnik.

Беларускія замкі — сапраўдны скарб для тых, хто хоча паказытаць нервы. У кожным жыве свой прывід, які абараняе пэўную легенду і нават скарб.  Тым, хто ўсё жыццё марыў папаляваць на прывідаў, ёсць дзе разгуляцца.

Нясвіжскі замак

Самы рамантычны і самы знакаміты прывід Беларусі — Чорная Панна Нясвіжа. Так называюць пакутлівую душу недарэчна загубленай каханай караля Жыгімонта — Барбары Радзівіл.   

Гісторыя адносінаў паміж свякроўкай і нявесткай старая як свет. Маці Жыгімонта Бона Сфорца люта ненавідзела "выскачак" Радзівілаў. І нават калі сын таемна ажаніўся з Барбарай, не прыняла яго выбар і загадала сваім памочнікам атруціць прыгажуню. Маладая каралева выпіла зелле, якое аптэкар Монці выдаў за лекі ад бясплоддзя. Яе пахавалі ў Віленскім кафедральным касцёле.

Несвижский замок
© Sputnik Ася Поплавская
Нясвіжскі замак

Каралева беларускіх прывідаў неаднойчы натхняла творцаў — Аляксей Дудараў прысвяціў ёй п'есу, па якой паставілі спектакль на сцэне Купалаўскага. Пастаноўка рэжысёра Валерыя Раеўскага ідзе з 2000 года і дагэтуль збірае поўныя залы.

Гальшанскі замак

Супрацьпаставіць жыхарцы Нясвіжскага замка па колеру можна гаспадыню Гальшан — Белую даму ці Белую Панну. Пры жыцці яна была жонкай будаўніка, якую прынеслі ў ахвару. Яе абралі выпадкова — гаспадынька першай з усіх прынесла мужу абед і стала платай будаўнікоў вышэйшым сілам за тое, каб паспяхова працягнуць будаўніцтва.

Разам з белай прыгажуняй па замку калі-некалі шпацыруе Чорны Манах — каханы Ганны-Гардзіславы Гальшанскай, якая апранала для сустрэч з ім манаскае адзенне. Аб іх каханні даведаўся бацька дзяўчыны — жорскі магнат. Ён загадаў замураваць Грэміслава Валюжыніча ў сцяну замка і тым самым зрабіў яго пастаянным жыхаром гэтага месца.

Мірскі замак

Яшчэ адна містычная Белая Пані мае прапіску ў Міры. Так завуць Сонечку — дачку гаспадара замка Мікалая Святаполка-Мірскага. Ён вырашыў на месцы сада выкапаць сажалку і тым самам даў ход пракляццю — тут павінна было загінуць столькі людзей, колькі дрэў было спілена ў садзе. Цяпер Сонечка па начах шпацыруе па замку ў белым адзенні.

Жыве ў Міры і прывід з роду Радзівілаў. Кажуць, што ён абараняе свой скарб, які дагэтуль знаходзіцца тут. Знайсці багацце зможа той, хто набярэцца смеласці і паразмаўляе з прывідам.

Мірскі замак
© Sputnik / Иван Руднев
Мірскі замак

Лідскі замак

Замак пабудаваны знакамітым Гедымінам для абароны ад крыжаносцаў, таму не дзіўна, што менавіта яго абралі для вечнага жыцця некалькі воінаў. Падзеі адбываліся ў снежні 1392 года: крыжаносцы па лёдзе вельмі блізка падыйшлі да сценаў замка. У тыя часы там знаходзіўся Дзмітрый Карыбут, які ўначы разам з войскам накіраваўся ў Наваградак.

У замку засталіся толькі некалькі воінаў. Яны мужна прынялі смерць і абараняюць замак ужо доўгі час.

Крэўскі замак

Амаль кожны беларускі замак ахоўвае памерлая прыгажуня і Крэва — не выключэнне. Лічыцца, што тут жыве дух дзяўчыны, якая дапамагла збегчы адсюль Вітаўту. Яна аддала князю сваё адзенне, за што і паплацілася жыццём. Памочніцу ўцекача скінулі з Крэўскай вежы.

Кревский замок в музее архитектурных миниатюр
© Photo : Сергей Балай, БелаПАН
Крэўскі замак у музее архітэктурных мініяцюр

Непрыемны лёс напаткаў тут яшчэ адну прыгажуню. У яе закахаліся два хлопцы, якія біліся на дуэлі. Але капрызная княжна адмовіла пераможцу і за гэта яе замуравалі прама ў сцяну разам з сабачкай.

Смалянскі замак

Каралева Бона Сфорца валодала Смалянамі ўсяго чатыры гады, пасля чаго перадала мястэчка роду Сангушак, якія пабудавалі тут замак вядомы як Белы Ковель. Але мясцовыя жыхары ўпэўненыя, што прывід наравістай жанчыны жыве менавіта тут. Лічыць так не замінае нават факт, што памерла Бона Сфорца ў Італіі.  З'яўляецца прывід звычайна позняй восенню, калі над мясцовай рэчкай Дзярноўкай ўздымаецца густы туман.  

Быхаўскі замак

Гэты замак у якасці рэзідэнцыі будаваў Ян Кароль Хадкевіч. У народзе казалі, што падчас будаўніцтва не абыйшлося без чорнай магіі з-за якой тут і з'явіліся прывіды юнака і дзяўчыны.

Справа ў тым, што будаўнікі скардзіліся на працу: інструмент валіцца з рук, а ўсё, што  было пабудавана за дзень, назаўтра развальваецца. Як было прынята ў тыя часы, вырашылі зрабіць ахвару. Платай для нячысцікаў сталі юнак і дзяўчына, якія проста ішлі па дарозе. Дзякуючы іх душам, замак стаў моцным і непрыступным, а выпадковыя мінакі дагэтуль сцерагуць яго сцены.

Любчанскі замак

Любча стала належаць магнату Яну Кішку ў 1547 годзе. Ён зрабіў вельмі многае для развіцця гэтых мясцін — пабудаваў тыпаграфію, малельны дом, школу і сам замак. Менавіта ў часы Кішкі Любча атрымала Магдэбургскае права і герб.

Любчанскі замак
Любчанскі замак

Таму валанцёры, якія займаліся рэстаўрацыяй замка, не здзівілся, калі напаткалі тут прывід — магнат і па сённяшні дзень абараняе свае ўладанні. Кажуць, што прывід пільна сачыў за працай і нават жартаваў над тымі, хто ўзгадваў Кішку нядобрым словам.

571
Тэмы:
Беларусь містычная: легенды, паданні, казкі
Лес, архіўнае фота

Святкуем узвіжанне і гатуем пачастунак для Вужынага Цара

16
(абноўлена 12:37 25.09.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра сённяшняе містычнае свята і вучыць гатаваць калдуны.

27 верасня адзначаецца адно са значных хрысціянскіх святаў у гонар Крыжа, які сімвалізаваў сабой выратаванне роду чалавечага. Ушаноўваючы яго ў гэты дзень вяскоўцы ставілі крыжы на ростанях.

Свята Уздзвіжанне Крыжа Гасподня ў Народным календары пазначана як Здзвіжанне, Уздзвіжанне, Звіжанне, Часнэйка і мае глыбокія старажытныя карані. Лічылася, што гэта свята "закрывання" зямлі на зіму. Згодна з народнымі ўяўленнямі, замыкаюць яе птушкі, якія, адлятаючы ў вырай, забіраюць з сабой ключы на неба. Аб гэтых падзеях нашы продкі казалі: "Уздвіжанне лета замыкае, ключык шызая галачка за мора панесла". Падчас гукання вясны гэтыя ключы просяць вярнуць з неба святога Георгія, каб адамкнуць зямлю і выпусціць цёплае лета.

У народных уяўленнях у прыродзе ўсё прыходзіць у рух або "здзвігаецца". Гэтым тлумачацца і назвы свята. Адна з іх – Здзвіжанне звязана з назіраннямі за сонцам, якое ў час блізкі да восеньскага раўнадзенства быццам рухаецца, купаецца, пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі, "іграе і дрыжыць", "грае, здзвігаецца". Такую з’яву можна назіраць толькі на Дабравешчанне, Вялікдзень і Купалле.

Іншае тлумачэнне – у прыбіранні рэшткаў ураджаю з палеткаў, у прадчуванні блізкіх прымаразкаў: "Усё ў хату ўздзвігаецца, каб мароз не пабіў".

Яшчэ адна назва – Дзвіжанне, звязана са змеямі, якія быццам бы менавіта ў гэты дзень пачынаюць выпаўзаць з нораў, каб рушыць на зімовы сон да вясны: "Дзвіжанне – гадзюкі здвігаюцца ў кучу".

З даўніх часоў вужам пакланяліся як істотам, ад якіх залежала пладароддзе зямлі, а значыць і само жыццё. Беларусы ў вужах бачылі пасланцоў добрых багоў. Яны нібыта прыйшлі на зямлю з нябёс. Да іх звярталіся з малітвамі аб хуткім дажджы, добрым ураджаі, а таксама з просьбамі аб прыватным шчасці.

Уздзвіжанне – чароўны дзень, у які, згодна з легендамі, можна было паспрабаваць здабыць для сябе звышнатуральныя здольнасці, атрымаўшы залатую карону або ражок з яе ад Вужынага Цара. Чалавек, у якога гэта атрымлівалася, з падобным дарункам станавіўся відушчым, мог угадваць чужыя думкі, надзяляўся моцным здароўем, незвычайнай мудрасцю, шчасцем і багаццем. Яму станавіліся бачны ўсе схаваныя скарбы, а таксама ён быццам бы мог здымаць усе замкі і засаўкі. Чалавека, які хацеў здабыць карону Вужынага Цара, чакалі сур’ёзныя выпрабаванні, якія патрабавалі кемлівасці, пачцівасці і вытрымкі. Трэба было, прыхапіўшы з сабой чысты рушнік і хлеб-соль, адважыцца ісці ў лес тады, калі гэта было вельмі небяспечна, нарэшце сустрэцца ў непралазных лясных нетрах з жахлівай вужынай працэсіяй, каб прапанаваць Вужынаму Цару пачастунак і чакаць, калі той скіне сваю карону ці хаця б ражок з яе.

Тыя, хто ў лес ісці не хоча, можа проста якую-небудзь смачную страву і ўявіць, што да яго ў госці прыедзе Вужыны Цар.

Булён з калдунамі

Інгрыдыенты:

для булёна:

  • 250 г мяса ялавічыны
  • 250 г мяса свініны
  • 1 цыбуліна
  • 1 морква
  • 1 корань пятрушкі
  • Соль
  • Лаўровы ліст

Для калдуноў:

  • 1,5 шклянкі мукі
  • 500 г мяса (мякаць)
  • 1 яйка
  • 1 цыбуліна
  • Соль
  • Перац

Як гатаваць:

Зварыць мясны булён, дадаўшы карэнне і цыбулю. Каб булён быў празрысты, трэба варыць яго на слабым агні і напрацягу гатавання, некалькі разоў падліваць па чвэрці шклянкі халоднай вады, у канцы варкі пасаліць, укласці лаўровы ліст. Гатовы булён працадзіць.

Мяса разам з цыбуляй двойчы прапусціць праз мясарубку, уліць трошкі вады або булёну, дадаць молаты перац, соль, старанна перамяшаць.

З прасеянай мукі, яйка, солі і вады замясіць крутое цеста, тонка раскачаць яго. Выразаць кубачкам кружкі, пакласці на сярэдзіну кожнага фарш, краі зашчыпаць.

Падрыхтаваныя калдуны на некалькі секунд апусціць у кіпень, затым перакласці ў булён і варыць на слабым агні 6-8 хвілін.

16
Тэги:
Узвіжанне, беларуская кухня, Ларыса Мятлеўская

Другі выпуск чацвёртага сезона "Ты Супер!" - відэа

0
(абноўлена 09:24 28.09.2020)
Тэлеканал НТБ пры падтрымцы Міжнароднага агенцтва і радыё Sputnik запусціў чацвёрты сезон музычнага праекта "Ты Супер!". Глядзіце на відэа другі выпуск вакальнага конкурсу.

У гэтым годзе ў конкурсе ўдзельнічаюць 58 хлопчыкаў і дзяўчынак з Расіі, Грузіі, Азербайджана, Абхазіі, Кыргызстана, Беларусі, Эстоніі, Украіны і Малдовы. Сярод іх будуць не толькі новыя выканаўцы, але і фіналісты мінулых сезонаў.

Ад Беларусі ў конкурсе ўдзельнічае Маша Хархаль з Бабруйска, у мінулым сезоне яна ўразіла ўсіх пранізлівым выкананнем песні "Навек" Паліны Гагарынай.

У журы конкурсу - вядомыя расійскія зоркі: Дыяна Арбеніна, Аляксей Вараб'ёў, спявачка Ёлка і прадзюсар і кампазітар Ігар Крутой.

У першым выпуску выступіла запрошаная госця - беларуска Даша Чарнова, якая двойчы ўдзельнічала ў конкурсе. Даша распавяла і некаторыя падрабязнасці сваёй далейшай творчай кар'еры.

Міжнародны вакальны праект для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, "Ты супер!" праводзіцца тэлеканалам НТБ сумесна з Міжнародным інфармацыйным агенцтвам і радыё Sputnik пры падтрымцы Міністэрства асветы РФ.

0
Тэги:
НТБ (тэлеканал), Конкурс "Ты супер!"
Тэмы:
Конкурс НТБ и Sputnik "Ты супер!"