Багач

Народны каляндар: святкуем Юл’яна, гатуем стравы для дзетак

21
(абноўлена 16:49 30.10.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае як нашы продкі баранілі дзяцей ад хваробаў і што гатавалі для іх.

У народзе лічылі, што калі ў хаце не чуваць дзіцячых галасоў, то гэта хата не мае шчасця. 31 кастрычніка ў Народным календары адзначаюць прысвятак Юльяна, ахоўніка дзяцей. Але не толькі ў  гэтага святога бацькі прасілі дапамогі для сваіх дзяцей. Найважнейшымі аступнікамі ад усялякага ліха лічылі Прачыстую, Ісуса Хрыста і анёлаў ахоўнікаў, якія ў народным уяўленні адбіваюць чалавека ад "усіх наглых урагоў". У народнай міфалогіі дзецьмі апекавалася Дамавуха, якая магла калыхаць калыску з немаўляткам і бавіцца з астатнімі дзецьмі гаспадыні, якая ёй падабалася.

Але першай і наймацнейшай апякункай і абаронцай для сваіх дзяцей заўсёды была маці. Яна спявала на ноч калыханку, апранала, рабіла ляльку, сачыла, каб дзіця было здаровае і сытае.

Багач у Вязынцы
© Sputnik Альфрэд Мікус
Наймацнейшай апякункай дзяцей заўсёды была маці

У народзе лічылі, што падчас цяжарнасці жанчына павінна была выконваць шэраг перасцярог, у выніку якіх гарантавалася нараджэнне здаровага немаўляці. Але і надалей маці верыла, што напрацягу першага года жыцця лёс дзіцяці наўпрост залежыць ад яе паводзін. Таму падчас кармлення сама жанчына не павінна была сілкавацца, каб дзіця не было абжорай, не пазяхаць, каб дзіця не было гультаём, ні з кім не спрачацца, каб не было схільным да спрэчак і сварак. Лічылася, што карміць дзіця ў дрэнным настроі ні ў якім разе нельга. Маці павінна супакоіцца, іначай дзіця  да канца свайго жыцця будзе тужыць. Таму, каб яго лёс быў шчаслівым, маці карміла яго толькі ў светлым настроі, ласкава называючы "маё сонейка яснае", "мая зоранька ранняя", "мой верабейка, птушачка, крошачка" і інакш.

Часта кармленне павольна пераходзіла ў калыханне, дзе ў калысцы, як апісваў беларускі этнограф Чэслаў Пяткевіч  у кнізе "Грамадская культура Рэчыцкага Палесся"засынаў "абагоўлены скарб" пад манатоннае напяванне: "Аа, аа, дзе-е-таачка спаць, а я буду каа-лы-хаць, а-а…, а ты паганае, чаго слепкі вытарашчыло? Ось я табе як дам плескача, то мне зараз заснеш — аа-аа... ".

Але такое стаўленне да немаўляці заканчвалася праз год "адлучэннем". Гэты сямейны абрад, апісаны Пяткевічам адбываўся наступным чынам. Пакарміўшы дзіця грудзямі апошні раз, маці садзіла яго на памост для спання, а бацька клаў перад ім медзяны грош, кавалачак хлеба, валовы рог, ці, калі дзяўчынка, тронку ад сярпа. Калі дзіця пацягне ручку найперш да рога, то лічылі, што яно будзе добрым гаспадаром, калі да хлеба, то будзе гультаём, ахвотнікам да гатовага хлеба, калі да гроша – будзе схільным прыхапіць чужое – будзе злодзей.

Праздник средневековой культуры Меч Брачыслава
© Sputnik Альфред Микус
Галоўнае, каб дзіцяці вырасла добрым чалавекам

Рэзкае адлучэнне ад грудзей у дзіцяці практычна заўсёды выклікала доўгатэрміновы разлад страўніка і пераход на "свой хлеб" адбываўся даволі балюча. Смяротнасць сярод дзяцей гэтага ўзросту была даволі высокай і асабліва ў сем’ях сялян. Не разумеючы прыроды таго ці іншага дзіцячага захворвання, верылі, што віной таму сурокі, пярэпалахі, начніцы, крыксы, капрызы, падвей і іншыя міфалагічныя істоты.

Спосабы дыягностыкі і лячэння былі часам такімі ж дзіўнымі, як і тыя нячысцікі, што па народных уяўленнях шкодзілі дзецям. Так, каб высветліць, ці будзе жыць вельмі хворае дзіця, варажылі з дапамогай мурашніку. Маці ішла ў лес і здымала верхнюю частку мурашніка, рабіла з гэтага адвар і купала ў ім дзіця тры дні запар. Пасля ізноў ішла ў лес і глядзела ці аднавілі мурашкі свой дом. Калі мурашнік меў ранейшы выгляд, то была надзея, што дзіця паздаравее. У такіх выпадках маці шукала любых паратункаў. У справу ішлі і малітвы да святых і язычніцкія замовы, якія выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне. Вось як лячылі начніцы.

Калі спакойнае ўдзень дзіця непакоілася і ўначы не спала, то лічылі, што яму шкодзяць начніцы. Яны ўяўляліся чорным кудлатым чарвяком, які быццам бы прапаўзаў пад калыбеллю. Супраць гэтай напасці ў дзвярах ставілі страх (пудзіла), як на вераб’ёў, апраналі ў вывернутую наадварот сарочку, у калысцы мянялі палажэнне ног і галавы, калыхалі дзіця ў начоўках і чыталі замовы: "Зара-зарыца, вазьмі ў майго дзіцяці начніцы. Дзе зара патухаіць, там начніцы прападаюць".

А вось як паэтычным народным словам супакойвалі дзіця перад сном на Ашмяншчыне: "Дрымоты, пакой, адшукай рабу Бога (імя), няхай яна спіць, высыпаецца, ноччу не прасыпаецца. Зоркі няхай будуць ёй сёстрамі, месяц ёй братам, а сон ёй кумам і сватам. Амын".

Існавала і такая практыка, калі дзіця быццам ахвяравалі Богу, просячы заступніцтва за яго і шчаслівага лёсу. Трэба было аднесці ў касцёл прызначаныя на ахвяру грошы, кавалак палатна, крыху лёну. Гэтай ахвярай тройчы малявалі кола вакол дзіцяці і накрывалі яго ёю. Пасля клалі ахвяру на алтар.

Дожинки в Мяделе - 2018
© Sputnik Альфред Микус
У народзе лічылі, што, калі ў хаце не чуваць дзіцячых галасоў, у ёй няма шчасця

Калі дзіця было як быццам бы здаровае, але вельмі худзенькае, яго дастаткова было ўзважыць на шалях і тады яно быццам бы пачынала папраўляцца. Каб дзіця хутчэй расло, маці здымала з яго кашульку толькі праз галаву і карміла як мага часцей.

У перыяд ранняга дзяцінства як у сялянскай так і ў заможных дваранскіх сем’ях дзецям гатавалі асобныя стравы з лепшых прадуктаў, якія дарослым не заўсёды траплялі на стол, паколькі ад якасці ежы залежыла здароўе дзіцяці. Вядома ж меню вясковай малечы вельмі адрознівалася ад дзіцячага меню ў заможных сем’ях, дзе былі знаёмыя з заходнееўрапейскай кухняй. Тут пэўныя веды аб сістэме харчавання і ўтрымання дзяцей дазвалялі рабіць яе больш сбалансаванай і правільнай. У выніку, дзеці вышэйшых саслоўяў хварэлі і паміралі значна радзей чым сялянскія. Але як бы там ні было і сялянка, і пані песцілі сваіх дзетак смачнымі стравамі.

Гатавалі звычайна салодкія кашы, бліны з начынкамі і без іх, пончыкі, тварожныя запяканкі, цыбрыкі грыбкі і яечні, разнастайнае печыва, стравы з лепшых гатункаў мяса, клёцкі, калдуны з ягаднымі начынкамі, разнастайныя супы і булёны і ў тым ліку супы-пюрэ з гародніны ды шмат што яшчэ.

Вось як гатавалі малочны суп з морквай ў вёсцы Літва Ляхавіцкага раёна Мінскай вобласці.

Суп малочны з морквай

Інгрыдыенты:

  • 4 шклянкі малака
  • 3 шклянкі вады
  • 1 морква
  • 1 яйка
  • 1 шклянка мукі
  • 2 чайныя лыжкі цукру
  • 50 г сметанковага масла
  • Соль

Як гатаваць:

Малако змяшаць з вадой і давесці да кіпення, пакласці старкаваную на буйной тарцы моркву, соль, варыць да гатоўнасці морквы. У муку ўбіць яйка, дадаць вады, старанна перамяшаць, каб атрымалася цеста, як густая смятана. Паступова ўліваць цеста ў суп пры няспынным памешванні. У канцы варкі пакласці цукар і сметанковае масла.

21
Тэги:
Народныя традыцыі, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (101)
Мотальскія прысмакі – 2019

Кухня нашых продкаў: гатуем стравы з мяса трусоў і зайцаў

15
(абноўлена 16:52 27.11.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская вучыць, як выбіраць лепшае мяса і гатаваць з яго найсмачнейшыя стравы.

Традыцыйна ад восені да вясны пачынаецца сезон палявання на зайцаў, калі іх мяса лічыцца найлепшым па якасці. Цікава, што да ХІХ стагоддзя ў Расіі мяса зайцоў практычна не ўжывалі, паколькі ад ХІ па ХVІІ стагоддзе сярод рускіх яно лічылася забароненым, паганым, язычніцкім. Магчыма, таму нават на пачатку ХХ стагоддзя, калі адбываліся царскія паляванні ў Белавежскай пушчы, сярод іншай дзічыны зайцаў не лічылі за здабычу. На іх палявалі сяляне, палеткі якіх межавалі з пушчай і там іх ловы не лічыліся браканьерствам.

У беларусаў заяц вельмі папулярны персанаж чарадзейных казак і казак пра жывёл. У народзе існавала перакананне, што сустрэча з зайцам на дарозе абяцала няўдачу ў справах, а калі той забяжыць у вёску, то чакай пажару. І ўсё ж да слабейшага за іншых звяроў зайкі ставіліся лагодна. Адна з паляшуцкіх легенд, прыведзеная Чаславам Пяткевічам у кнізе Рэчыцкае Палессе распавядае:

"Надзвычайную чуйнасць зайца прыпісваюць яго баязлівасці. Ён вельмі баязлівы, бо мае невялічкае сэрца; Бог яму вылепіў надта доўгія вушы, а на сэрца не хапіла гліны, дак адарваў хвост, кідаючы толькі адростачак, каторы патом аброс шэрсцю, дай зрабіў маленькае сэрца. Ось зачым ён усіх баіцца, а яго ніхто".

У 1861 годзе ў Расіі ў Курску быў выдадзены кулінарны даведнік Алены Малахавец "Падарунак маладым гаспадыням". Пры яго напісанні аўтар натхнялася вядомай у той час кулінарнай кнігай Вінцэнты Завадскай "Літоўская кухарка", якую ў дзень вяселля ёй падарыў  муж Франц Малахавец. З гэтай кнігі Алена Малахавец запазычыла немала рэцэптаў беларускай кухні, сярод якіх і стравы з зайцаў. Перад іх прыгатаваннем аўтар навучала маладых гаспадынь як па тушцы зайца вызначыць яго ўзрост і як пасля апрацаваць  мяса такім чынам, каб атрымалася смачная страва. Так у маладога зайца пярэднія ногі лёгка пераламіць, у яго тоўстыя калені, кароткая і тоўстая шыя і мяккія вушы. Старыя зайцы доўгія і худыя. Прынесены з палявання заяц павінны быў паляжаць у скурцы не менш за тры дні, затым, не здымаючы скуркі, яго патрашылі. Малахавец нагадвала, што ў такім выглядзе падвешаныя ў халодным месцы зайцы маглі захоўвацца да трох тыдняў. За два дні перад прыгатаваннем з іх здымалі скурку і апрацоўвалі мяса.

Згодна з кулінарнымі даведнікамі заяц русак лепшы за беляка. Ён павінны быць тлусты і не старэйшы за адзін год. Да таго ж горшым лічыцца мяса зайцаў, якія водзяцца ў балоцістых мясцовасцях. Зайчаціна мае цёмны колер, жорсткая і бедная тлушчамі, мае моцны спецыфічны смак. Калі гатуюць зайца, то з мяса выдаляюць усе абалонкі і плеўкі, якіх у зайчаціне шмат. Маладую зайчаціну можна есці адразу, марынуюць яе ў лёгкім марынадзе толькі для смаку. Старую зайчаціну марынуюць напрацягу трох дзён. Пры прыгатаванні зайчаціны трэба ўлічваць, што спінка становіцца мяккай раней за ножкі. Зайца і труса гатуюць як цэлага, так і парэзанага на кускі. Іх рассякаюць папалам упоперак, на чатыры часткі, або разам з косткамі на порцыі. Толькі для некаторых страў мяса аддзяляюць ад костак. Нятлустых зайцаў і трусоў шпігуюць або абкладаюць кавалачкамі сала і абвязваюць.

Мяса трусоў і зайцаў, смажаць, запякаюць і тушаць, а больш старых жывёл вараць.

Мяса труса светлае і далікатнае, хутка становіцца мяккім пры тэрмічнай апрацоўцы. З-за незвычайнага прысмаку трусяціна патрабуе вострых прыпраў і шмат зеляніны. Старых і нятлустых трусоў марынуюць, каб яны сталі больш далікатнымі на смак. Зайчаціну або трусяціну прынята тушыць, вымочваючы перад гэтым 10-12 гадзін у растворы з воцатам, з  дадаткам алею, у квасе або ў малочнай сыроватцы. Каб палепшыць смак стравы з зайчаціны або трусяціны, часта выкарыстоўваюць віно.

Вінаграднае віно ў кулінарыі прымяняецца ў вельмі малых дозах і амаль заўсёды як каталізатар пры адварванні і тушэнні. Под уплывам тэмпературы спірт выпараецца, а вінаградны сок гусцее і сваім пахам спрыяе паляпшэнню смаку стравы. Так, невялікая колькасць сухога чырвонага віна разам з вадой адбівае непрыемны пах мяса. 1-2 сталовыя лыжкі кіслага чырвонага віна, якое дадалі ў смажаніну, не толькі паляпшае яе смак, але і паскорвае яе прыгатаванне.

Гарнірам да трусяціны звычайна служыць мяккая на смак, тушаная або вараная агародніна, зялёная салата. Салата з памідораў і агуркоў, і фруктовыя кампоты. Зайчаціну сервіруюць з духмянымі соусамі тушанай чырвонай капустай або буракамі, вострай салатай ў марынадзе.

Суп з зайца з клёцкамі

Інгрыдыенты:

  • Галава, шыя, брушная частка і ядомыя вантробы аднаго труса або зайца
  • 1,5 л вады
  • 2 цыбуліны
  • 1 морквіна
  • 1/4 частка сэльдэрэю
  • 1 лаўровы ліст
  • ½ ст лыжкі чабору
  • 3 ягады ядлоўцу
  • 3 гарошыны чорнага і 2 гарошыны духмянага перцу
  • 80 гтаматнага пюрэ
  • 2 ст лыжкі сухога чырвонага віна
  • Соль
  • Молаты чырвоны і чорны перац
  • 1-2 чайныя лыжкі цукру

Для клёцак

  • 1 яйка
  • 4 ст лыжкі мукі
  • 20 г масла
  • Гашаная сода або разрыхляльнік цеста
  • Мускатны арэх на кончыку нажа
  • Соль

Як гатаваць:

Зайчаціну добра вымыць і варыць у падсоленай вадзе з вялікай цыбулінай, лаўровым лістом, чаборам, ягадамі ядлоўцу, чорным і духмяным перцам. Варыць да таго часу пакуль мяса не будзе адставаць ад костак. Гатовае мяса аддзяліць ад костак разам з вантробамі, прапусціць праз мясарубку або дробна парэзаць, дадаць другую цыбуліну, натаркаваную на дробнай тарцы моркву, сельдэрэй і таматнае пюрэ. Сумесь добра вымяшаць, разбавіць працэджаным булёнам, пасыпаць молатым чырвоным і чорным перацам, дадаць цукар і варыць 5-10 хвилин. Перад канцом варкі ўліць чырвонае віно. Для прыгатавання здобных клёцак узбіць яйцо, дадаць муку, разрыхляльнік цеста, амаль растопленае масла, мускатны

арэх на кончыку нажа, соль. Густаватае цеста раскачаць у тонкі валік, нарэзаць кавалачкамі і кідаць у кіпячы суп, варыць 3-5 хвілін. Перад падачай дадаць сталовую лыжку зеляніны любісты.

Заяц печаны са смятанай

Інгрыдыенты:

  • 1 заяц (трус)
  • 100 г сала
  • 1 ст лыжка масла
  • 1 шклянка смятаны
  • 0,5 лімона

Як гатаваць:

Нашпігаваць салам ачышчаную тушку зайца, пасаліць, пакласці на бляху і пячы, абклаўшы маслам. Калі спячэцца напалову, паліць смятанай і ў ёй дапячы. Тады парэзаць на кавалкі і заліць соусам, які ўтварыўся на блясе.

Перад дапяканнем і заліццем соусам можна абкласці зайца лімонам, нарэзаным кружочкамі.

Таксама асобна да такой стравы можна падаць жэле з чорнай смародзіны.

15
Тэги:
беларуская кухня, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі

Беларускі лён: сакрэты вытворчасці элітнай тканіны

528
(абноўлена 09:47 23.11.2020)
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
  • Беларускі лён
Людзі спрадвеку з павагай ставіліся да льну: у льняныя тканіны заварочвалі муміі егіпецкіх фараонаў і апраналі цнатлівых дзяўчат на вяселлі.

Лён на Беларусі вырошчваюць са старадаўніх часоў. Продкі заўсёды ставіліся з павагай да гэтай культуры, бо яна літаральна магла апрануць цэлую сям’ю і нават вёску.  Чыстае і светлае льняное адзенне было сімвалам нявіннасці і маральнай чысціні, таму маладыя дзяўчаты на вяселле апраналі сукенкі, зробленыя з ільнянога матэрыялу. А ў Старажытным Егіпце, дзе людзі даведаліся пра лён 7-9 тысяч гадоў таму, тканіны з лёну лічыліся элітнымі, таму ў іх заварочвалі муміі егіпецкіх фараонаў.

Прыгажосць і зручнасць ільняной тканіны цэніцца ва ўсім свеце, а на Беларусі і дагэтуль захоўваюць традыцыі льнянога ткацтва. Кросны, варштат, мялкі, церніцы, трапкач і іншыя старадаўнія прылады для вырабу льняной тканіны — у фотастужцы Sputnik.

Гэта, безумоўна, не нанатэхналогіі, але паглядзець таксама ёсць на што.

Глядзіце таксама:

528
  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    На Беларусі лён вырошчваюць са старадаўніх часоў. Нашы продкі казалі, што "лён усіх апранае", і прысвячалі гэтай сельскагаспадарчай культуры свае песні, вершы і казкі.

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    Лён быў сімвалам нявіннасці і маральнай чысціні, таму нявеста на вяселле апранала сукенку з ільну. На беларускім гербе кветачкі льну сімвалізуюць працавітасць, дабрабыт і парадак.

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    Традыцыйнай прыладай ткацтва на Беларусі быў гарызантальны ткацкі станок — кросны. Беларускія навукоўцы вылучаюць некалькі тыпаў ткацкіх станкоў, якія існавалі ў XIX — пачатку XX стагоддзя і адрозніваліся па канструкцыі. У больш прымітыўных (на "сохах" і на "станінах") асобныя дэталі ўкапваліся ў зямлю ці мацаваліся да столі. Больш дасканалыя называліся "рамавы ткацкі станок" ці "варштат".

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    На першым этапе льноапрацоўкі ад сцяблоў саспеўшага, а потым вымачанага і высушанага льну аддзяляюць галоўкі. Рабілася гэта пры дапамозе драўляных "пранікаў", якімі іх аббівалі. На поўначы Беларусі галоўкі абрывалі спецыяльнымі нажамі-"драчкамі".

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    Пасля абрывання галовак сцябло льну разміналі на "мялках" або "церніцах", каб вызваліць з яго валакно. На Беларусі вядомыя нахільныя і гарызантальныя мялкі. Іх рухомыя часткі — білы — мелі адно ці два рэбры.

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    Пасля апрацоўкі на мялках рэшткі кастры на валакне выдалялі пры дапамозе "трапала".

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    Прыладамі для часання льну служылі драўляныя і металічныя "грэбні". Пры іх дапамозе валакно расшчаплялася на больш тонкія валаконцы і канчаткова ачышчалася ад кастры. Пасля часання льну атрымлівалася валакно рознай якасці. Адыходы ад часання ўтваралі "кудзелю".

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    Валакно, якое заставалася пасля часання, — "кужаль" — спляталася ў косы і ў такім выглядзе захоўвалася да прадзення.

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    Наступны этап апрацоўкі льну — прадзенне — звязаны з вырабам нітак з валакна. Звычайна ім займаліся жанчыны ў перыяд з лістапада па сакавік. Асноўнымі прыладамі прадзення былі прасніца, верацяно і самапралка.

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    Працэс прадзення пачынаўся з замацавання кудзелі на прасніцы. На стойцы мацавалася кудзеля, а на донца садзілася жанчына. Стойка прасніцы, якая не мела донца, устаўлялася ў спецыяльную адтуліну ў лаве.

  • Беларускі лён
    © Sputnik Альфрэд Мікус

    Самая старадаўняя прылада для прадзення — верацяно. Яго выраблялі з драўніны ясеня, грушы ці бярозы. Пры прадзенні жанчына пальцамі правай рукі выцягвала валакно з кудзелі, адначасова трыма пальцамі левай рукі паварочвала верацяно.

Тэги:
лён, Беларусь, Народныя традыцыі, спадчына
Іней

Які сёння дзень: 29 лістапада 2020 года

175
(абноўлена 11:22 20.11.2020)
Гэты дзень з'яўляецца трыста трыццаць чацвёртым па грыгарыянскім календары, да канца года застаецца 32 дні.

Якія падзеі адбыліся 29 лістапада і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.

Гістарычныя падзеі 29 лістапада

  • У 1812 годзе падчас пераправы праз Бярэзіну ў ходзе адступлення Напалеон I Банапарт, не чакаючы адсталых войскаў і абозаў, загадаў спаліць масты.
  • У 1961 годзе быў узарваны Гродзенскі фарны касцёл.

Хто нарадзіўся 29 лістапада

  • 1908 год: Яўгеній Красоўскі, беларускі мастак.
  • 1951 год: Аляксандр Гвоздзікаў, беларускі скульптар.
  • 1951 год: Валерый Данэйка, спявак, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь.
  • 1952 год: Радзівон Бас, беларускі прадзюсар і рэжысёр.

Таксама сёння нарадзіліся рускі мастак і архітэктар Аляксандр Брулоў і ірландскі пісьменнік Клайв Стэйплз Льюіс.

29 лістапада ў народным календары

У гэты дзень Праваслаўная царква ўспамінае аднаго з 12 апосталаў, евангеліста Левія Матвея. У народзе 29 лістапада вядома як Матвееў дзень.

Існавала прыслоўе: "На Мацея зіма пацее". Гэта значыць, што зімовае надвор'е пакуль не ўсталявалася, ідзе то дождж, то снег, добрага снежнага шляху на дарогах яшчэ няма. Звычайна ў гэты дзень сыра і цёпла, чым цяплей 29 лістапада, тым халадней будзе ўзімку.

На Мацея таксама часта дзьмуць моцныя вятры. Яны прадракаюць доўгую зіму з завеямі і глыбокім снегам.  

175
Тэги:
народны каляндар, які сёння дзень
Тэмы:
Які сёння дзень: каляндар знакавых падзей