Беларускі пісьменнік Леанід Дайнека

Памёр пісьменнік Леанід Дайнека: ён вучыў нас любіць беларускую гісторыю

25
(абноўлена 13:40 21.08.2019)
"Меч князя Вячкі", "Сцежкай чарадзея", "Жалезныя жалуды" - гэтымі раманамі Леанід Дайнека дапамагаў пераадольваць абыякавасць да беларускай гісторыі.

МІНСК, 21 жні - Sputnik. Сёння памёр беларускі пісьменнік Леанід Дайнека, паведамілі ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Выдатнаму беларускаму празаіку было 79 гадоў.

"Выказваем шчырыя спачуванні сям'і, родным і блізкім, і ўсім чытачам Леаніда Мартынавіча", - паведамілі ў Саюзе.

Развітанне з Леанідам Дайнекам пройдзе ў пятніцу ў рытуальнай зале па вуліцы Альшэўскага, 12. Пра час развітання пакуль не паведамляецца.

Дайнеку многія ведаюць дзякуючы яго гістарычным раманам, галоўныя дзеючыя героі якіх - рэальныя персанажы беларускай гісторыі.

У яго рамане "Меч князя Вячкі" - барацьба з крыжакамі. Дзеянні рамана разгортваюцца на пачатку XIII стагоддзя, калі Полацак сутыкнуўся з пагрозай з боку крыжакоў. Князь Вячка - Вячаслаў Барысавіч - галоўны герой рамана, улюбёнец народа. Ён бачыць праблему раздробненасці і заклікае князёў прымірыцца, аб'яднацца супраць агульнага ворага. За гэтую працу Дайнека атрымаў прэмію Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа.

Полацкі князь Усяслаў Чарадзей стаў героем яго гістарычнага рамана "Сцежкай Чарадзея". За раман Дайнека атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Кастуся Каліноўскага.

Аб раннім этапе станаўлення ВКЛ можна прачытаць у яго рамане "Жалезныя жалуды". Князь Міндоўг ператвараецца з гістарычнага персанажа ў галоўнага героя рамана.

Сярод кніг Дайнекі - фантастычны раман "Чалавек з брыльянтавым сэрцам". Многія ведаюць яго як празаіка, але ён таксама пісаў вершы, некаторыя з іх былі пакладзены на музыку.

Дайнека нарадзіўся ў Магілёўскай вобласці ў шматдзетнай сям'і незадоўга да пачатку вайны - у студзені 1940 года. Ён скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў на будоўлях, на металургічным камбінаце, а пасля - на Віцебскай студыі тэлебачання.

Пісьменнік больш пятнаццаці гадоў быў адказным сакратаром часопіса "Маладосць". З 1989 года працаваў у выдавецтве "Мастацкая літаратура".

25
Тэги:
Смерць публічных людзей, Беларуская літаратура, Беларусь, Валерый Дайнека

Здарэнні