Актер Леонардо Ди Каприо

Жыхары Якуціі здаюць срэбра на народны "Оскар" для Ды Капрыа

54
(абноўлена 17:39 04.02.2016)
У Якуціі вырашылі, што маюць права на свой уласны "Оскар".

МІНСК, 4 лют — Sputnik. Кінааматары Якуціі вырашылі ўзнагародзіць амерыканскага акцёра Леанарда Ды Капрыа народным "Оскарам" і ўжо збіраюць срэбра на стварэнне статуэткі, распавяла арганізатар акцыі, выкладчык Арктычнага дзяржаўнага інстытута культуры і мастацтваў Таццяна Ягорава. Ягорава распавяла, што на статуэтку для Леанарда Ды Капрыа сыдзе да 100 тысяч рублёў.

"Мы толькі пачалі збор сродкаў на статуэтку. Эскіз пакуль знаходзіцца ў распрацоўцы, і суму, якая спатрэбіцца на яе стварэнне, мы пакуль не падлічылі. Папярэдне, на гэта сыдзе да 100 тысяч рублёў. Ужо многія жанчыны здаюць срэбра на статуэтку", — сказала субяседніца.

Паводле яе слоў, гэтая акцыя — народная, яна прысвечана Году расійскага кіно, а Якуція з'яўляецца тэрыторыяй развіцця рэгіянальнага кіно ў РФ. "У нас у рэгіёне кіно здымаюць і качагары, і дворнікі, і настаўнікі. Мы лічым, што кіно — гэта масавы від мастацтва, накіраваны на шырокага гледача. Але кінапрэміі выдаюць акадэміі — гэта вельмі вузкае кола спецыялістаў. Мы, як неабыякавыя да мастацтва кіно, лічым, што таксама маем права выдаваць сваю прэмію. "Оскар" стаў ужо намінальным імем для шэрагу кінапрэмій, але наша статуэтка не будзе мець да яго ніякага дачынення", — распавяла Ягорава.

54
Тэги:
Кінематограф, Леанарда ды Капрыа, Якуція
Тэмы:
Оскар-2016: чаканні спраўдзіліся (7)
Беларускія вербы

Вербная магія або вярба на ўсялякую патрэбу

151
(абноўлена 16:37 24.04.2021)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра Вербную нядзелю і дзеліцца сакрэтамі народных завядзёнак.

Нарэшце распусцілася вярба і ў паветры залунала свята. Паабапал дарог, на фоне яшчэ шэрых лясоў жоўтыя ад пяшчотных кветак вербы, свецяцца нібыта свечы ў храмах, нагадваючы ўсім аб надыходзе свята.

Вербніца – прадвесніца Вялікадня – узнёслае ўрачыстае свята. У хрысціянстве яно прымеркавана да Уваходу Ісуса Хрыста ў Іерусалім, дзе народ сустракаў яго пальмавым лісцем. У беларусаў сімвал свята – вярба, якую падчас набажэнства асвячаюць у храмах. Чаму свецяць вярбу, а не пальмавае лісце ў народзе тлумачылі так:

"Ну, а ў нас пальмаў ужэ ж няма, то і рашылі вярбу. Вот паэтаму і вярба".

У некаторых мясцінах Гарадзенскай губерніі яшчэ ў 19 стагоддзі на Вербніцу прывозілі ў цэрквы вярбу цэлымі дрэвамі з карэннямі і пасля асвячэння ламалі з яе галіны.

Што пра свята людзі кажуць

Аб тым, як Хрыстос уваходзіў у Іерусалім, народ складаў легенды. На Гомельшчыне гэтую падзею пажылыя людзі апісвалі так:

"Бог ехаў на кані. Людзі расцілалі палотны, багатыя расцілалі каўры, дарогу ўсцілалі. А бедныя ўсцілалі ветачкі. Так Бог не паехаў па каўрах і палотнах, а паехаў па ветачках".

З цягам часу "вярбой" у народзе сталі называць галінкі вярбы, аздобленыя каляровымі сухімі кветкамі, травамі, каласкамі, мохам і інш. Яны імітавалі сабой "пальмы". Вядома ж, у розных рэгіёнах Беларусі ёсць свае, адметныя традыцыі аздаблення велікодных верб з выкарыстаннем прыродных матэрыялаў. Сярод іх асабліва вылучаюцца вядомыя на ўвесь свет так званыя "Віленскія пальмы". У мастацкім аздабленні гэтых вербаў удала спалучыліся народныя традыцыі і беларусаў, і літоўцаў. "Пальмы", падобныя на "віленскія", распаўсюджаны таксама і ў заходняй частцы Беларусі, якая мяжуе з Літвой, на Браслаўшчыне, Гарадзеншчыне, у Лідзе, Гродна, на Астравеччыне.

Вербы са Скідзеля
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Вербы са Скідзеля

Для вырабу такіх "пальм" нарыхтоўваюцца палачкі рознага памеру ад 50 да 70 см. Каб складаўся ўзор, да іх прывязваюцца ў адпаведным парадку сухія кветкі рознакаляровага геліхрызума і іншых сухацветаў, каласы збожжа, сухія травы, якія ў сваю чаргу фарбуюцца ў яркі зялёны колер. Над іх стварэннем напрацягу года працуюць цэлыя сямейныя дынастыі, ствараючы сапраўдныя творы традыцыйнага мастацтва.

У Вербную нядзелю "пальмы" можна сустрэць і нават набыць на кірмашах каля цэркваў і касцёлаў буйных гарадоў. І не толькі набыць, але і пагутарыць, даведацца шмат цікавага аб народных завядзёнках, бо яшчэ жывая вера аб магічных уласцівасцях вербных галінак.

Вербныя завядзёнкі

Як толькі ў народзе не выкарыстоўвалі асвечаную вярбу! Ёю лячылі не толькі людзей, жывёл але і прадметы побыту, з ёй варажылі на замужжа, хадзілі на могілкі, асвячалі агарод і інш. Асабліва моцнай яна лічылася ў Вербніцу. Вось некаторыя прыклады народных завядзёнак і побытавай магіі.

Чаму свецяць вярбу? На гэта пытанне адказваюць па-рознаму. Напрыклад, жыхары вёсак Полацкага раёна мяркуюць, што "вярбу свецяць, каб жыта ішло такое высокае і чыстае, як вярба. А ядловец засцерагае ад усякага зглазу, ад уреда" (Ганна Баратынская, 1912 г.н., в. Мураўшчына).

Традыцыйныя вербы і паштоўкі
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Традыцыйныя вербы і паштоўкі, зробленыя дзецьмі Нядзельнай школы

Куды дзець старую вярбу? Гараджане пакідаюць іх у скрынях каля царквы, калі прыходзяць на набажэнства. А на вёсцы свае завядзёнкі. Мінулагоднія вербы палілі, а вось прыгожых букецікаў, якімі была аздоблена вярба, было шкада, таму часта іх надоўга пакідалі за абразамі, далучаючы да новых вербаў. Так і цяпер амаль у кожнай сялянскай хаце абраз упрыгожваюць галінкі асвечанай вярбы.

Вербны букецік замацоўвалі за абразамі, каб не толькі ўпрыгожваў покуць, але і засцерагаў хату ад маланкі. Летам, як толькі ў небе загрыміць – выстаўлялі ў вакно сухія галінкі вярбы і грымоты абыходзілі сялібу бокам.

Перш чым трапіць за абразы на покуці, асвечаныя галінкі вярбы раздавалі ўсім, хто меў у іх патрэбу. Каб не наклікаць на сябе бяды, лічылася, што калі вярба трапіла ў хату на покуць, адорваць ёю, або пазычаць камусьці было ўжо нельга.

"Не я б’ю – вярба б’е! Хіра ў лес, а здароўе ў косці!" У народных уяўленнях лічылася, што гэта дрэва ўплывае на жыццяздольнасць і здароў’е чалавека і жывёл, засцерагае ад нечысці. Іначай, чым патлумачыць жыццядзейнасць старажытнага абрада, згодна з якім "білі" (пасцёбвалі) не толькі дзяцей, каб яны хутчэй раслі, але і дарослых, каб не хварэлі. Цяжка вытлумачыць радасць, якая нараджаецца ў сэрцы, калі чуеш адвечнае:

"Не я б’ю – вярба б’е.
За тыдзень – Вялікдзень.
Будзь багаты, як зямля,
Будзь здаровы, як вада,

Як лёд – на ўвесь год!"

Чароўныя словы народнай замовы!

Што яшчэ лячылі вярбой? Ліхаманка, паразіты і хворыя зубы падуладны пупышкам асвечанай вярбы. Для гэтага дастаткова было з’есці па дзевяць пупышак з асвечанай вярбы. Часам вярбу запальвалі і акурвалі ёю ад ліхаманкі хату, клалі вярбу ў ваду і тады, калі купалі ў ёй хворае дзіця. Пупышкі давалі дзецям ад гельмінтаў, попелам ад спаленай вярбы пасыпалі месца вакол калыскі навароджанага дзіцяці, каб прадухіліць усялякія негатыўныя ўздзеянні нябачных варожых сіл.

Ідзём з вярбой на могілкі. На Радаўніцу прынята віншаваць з Вялікаднем памерлых продкаў. На магілы блізкіх людзей неслі галінкі вярбы, асвечанай у царкве ў Вербную нядзелю. Галінкі клалі на могілкі, каб павіншаваць такім чынам са святам памерлых продкаў. Цяпер на гэту традыцыю практычна забыліся і замест вербаў нясуць на могілкі букеты штучных кветак, якія з часам ператвараюцца ў смецце.

Каб скацінка здаровая была, а кароўка давала шмат малачка. Для гэтага, пасля набажэнства ў Вербную нядзелю з вербамі абыходзілі хлявы. Кароўку, авечак і іншых хатніх жывёл сцябалі галінкамі, каб добра вяліся, здаровыя былі, ліхога вока не баяліся. Частку вярбы пакідалі ў хлеве, а часткай пасля выганялі скаціну на пашу ў Юр’я.

Асвячэнне вярбой агарода. Гэта абрад мог бы быць карысны для дачнікаў. Вярбе прыпісвалі здольнасці апладняць зямлю, паляпшаць яе ўраджайнасць. Для гэтага пасля выгану жывёлы вярбу ўтыкалі ў зямлю (у чатырох вуглах нівы) або разламвалі галінкі і раскладвалі іх па палях. Або выкарыстоўвалі попел ад спаленай мінулагодняй вярбы. Яго высыпалі на грады, каб забяспечыць добры ўраджай, абараніць ад шкоднікаў і ахаваць агарод ад стыхійных бедстваў. Казалі:

"Каб ураджай добры ўвосені сабраць, каб усё так хутка расло, як вярба на мяжы суседа, каб чэрві ды жукі не нападалі".

Для большай пэўнасці чыталі замову:

 "Чэр* нападаіць, кор пад’ідаіць. Чэр кіпучая, чэр магучая, ідзі з нашага поля на мхі, на балоты, на гнілыя калоды, а калі ня пойдзеш, то святэй Міхайла-арханій сашлець пціц з нябес з жалезным носам. Будуць драць, кляваць, вашу жысць рашаць. Ва векі амінь".

*Чэр – чарвяк, вусень.

Вярба, як зваць суджанага? Калісьці дзяўчаты, як прыйдуць з царквы, садзіліся каля хаты на лаўку і пачыналі чакаць. Як толькі міма праходзілі якія-небудзь хлопцы з дапамогаю вербачкі варажылі: сцебануўшы незнаёмага хлопца, пыталі ў яго імя, спадзяючыся даведацца пра імя свайго суджанага. Уяўляю, як гэта выглядала б каля падхезда якога-небудзь дома ў горадзе. Ва ўсялякім разе весела. Дзяўчаты, чаму б не паспрабаваць?

"Лячэнне" дзяжы. У хаце пасля вяртання з царквы накіроўваліся да дзяжы з мэтай яе "палячыць", калі гаспадыня заўважала, што хлебнае цеста апошнім часам у ёй не ўдаецца. Падыходзічы да дзяжы, гаспадыня сцёбала яе і прамаўляла:

"Што ж ты, мая дзежачка, апошнім часам збунтавалася? Каб у табе заўжды хлеб удаваўся! Глядзі ж, каб выправілася!"

Цікава, ці дапаможа такі абрад тым гаспадыням, у якіх каструлі не хочуць варыць смачную ежу? Можа з імі таксама пагутарыць шчыра? Смех смехам, а толькі мне думаецца, што ў гэтым выпадку трэба галінкамі "лячыць" кухарку-няўмеку.

Вось такія яны, чароўныя галінкі асвечанай вярбы!

Прыемна назіраць, як у вялікім горадзе на Вербніцу ад царквы расцякаюцца чэрады святочна апранутых людзей з асвечанымі вербамі ў руках. Схадзіла ў царкву і я. Прайшлася з зацікаўленым вокам па вербным кірмашы, прыцанілася, набыла колькі вербаў і засталася задаволеная. Вярнуўшыся дадому разам з чароўнымі галінкамі, сваякам і суседзям занесла святочны, добры настрой.

Шануйце звычаі продкаў – і яны будуць спрыяць вам штодня!

151
Тэги:
завядзёнкі, сакрэты, Вербная нядзеля, Ларыса Мятлеўская, этнограф, вярба, магія
Атрымаецца духмяная рыбная юшка

Посны абед з трох страў або старажытная кухня "не на губу, а на зуб"

47
(абноўлена 19:37 23.04.2021)
Этнограф Ларыса Мятлеўская запрашае у кулінарнае мінулае і распавядае пра "Літоўскую гаспадыню".

Амаль завяршыўся Вялікі пост і праз тыдзень праваслаўныя вернікі сустрэнуць Вялікдзень.

Рыхтуючыся да гэтага найвялікшага свята вернікі працягваюць трымаць пост. Пост -  стрыманасць і сціпласць ва ўсім, а посная ежа – сціплая ("скромная") ежа. І наадварот скаромная ежа – не сціплая ("не скромная"). Свяціцель Іаан Златавуст калісьці напісаў, што пост – гэта калі розніцу ў кошце паміж звычайнай і поснай трапезамі трэба дзяліць паміж тымі, хто жыве ў нястачы.

Раман аб любові да смачнай і здаровай кухні

Гартаючы даўнія кулінарныя кнігі, напісаныя ў ХІХ стагоддзі, цікава чытаць раздзелы, дзе ёсць "поснае меню". Посны стол шляхты, купцоў і заможных гараджан не параўнаць са сціплай, але пажыўнай ежай сялян. З аднаго боку абеды вышэйшых саслоўных груп ўражваюць раскошай, а з другога боку прыходзіць разуменне, што ў тыя часы так харчаваліся.

У каго былі грошы, той мог набыць або замовіць сабе любыя прадукты. Гэта марская і рачная рыба розных відаў – вэнджаная, салёная і свежая, ікра паюсная і чырвоная, вугры, амары, ракі, вустрыцы, разнастайная гародніна, зеляніна, крупы, бабовыя, арэхі, стравы з мукі, розныя алеі, дэсерты, фрукты і напіткі.

Зеляніна, каляровая капуста, цыбуля парэй, сельдэрэй і іншая гародніна часта вырошчвалася пры сядзібах і ўмела захоўвалася ў зімовы перыяд. У аранжарэях раслі ананасы, звыклымі былі цытрусавыя, асабліва лімоны. Каб зразумець, як жылі нашы продкі, дастаткова пачытаць кулінарна-гаспадарчую энцыклапедыю "Літоўская гаспадыня". Дарэчы карыснымі парадамі з гэтай кнігі часта карыстаюся сама, паколькі нават у наш прасунуты час, многія з іх не страцілі сваёй актуальнасці. асабліва для тых, хто жыве на зямлі.

Вось некалькі прыкладаў меню такіх абедаў

маглі падавацца:

  • юха з яршоў з піражкамі з фаршам з ракаў,
  • карп вараны ў белым сталовым віне,
  • асятрына з вішнёвым соусам,
  • шарлотка з яблыкаў з грэнкамі;

ці

  • кіслая капуста з галавой асятра,
  • соус з белых бабоў,
  • лешч, печаны з кашай,
  • грэнкі з міндалём і варэннем;

або

  • суп са шчупака з рыбнымі галушкамі,
  • катлеты з судака,
  • каша манная на міндальным малацэ;

і нават

  • суп грыбны з вушкамі,
  • сцерлядзь з труфлямі,
  • яблыкі з рысам.

І гэтак далей… Напрыклад, у кнізе Алены Малахавец "Падарунак маладым гаспадыням" аўтарка падае 77 варыянтаў меню такіх абедаў з улікам сезона. Да ўсяго, у той час, гатуючы посныя стравы было нормай ужываць сталовае віно, смятану і вяршковае масла.

Самі кулінарныя рэцэпты страў і тое, як яны скампанаваныя у меню, можна чытаць як захапляючы раман аб любові да смачнай і здаровай кухні! Яны прымушаюць думаць, будзяць фантазію, дораць асалоду ад працэса гатавання, які пачынаецца ад набыцця прадуктаў і да той хвіліны, калі страва апынецца на стале.

Адчуць смак даўніх страў

Вядома ж, значная колькасць прадуктаў, з якіх гатавалі ў той час, сучасным гаспадыням могуць падацца экзатычнымі, а меры даўжыні, вагі, ліку дык і зусім не зразумелымі. Але, калі ёсць прага трапіць у кулінарнае мінулае, адчуць, як кажуць, "не на губу, а на зуб" смак даўніх страў, то ўсе цяжкасці можна пераадолець.

Неабходныя прадукты ў наш час можна набыць у вялікіх крамах, на кірмашах або замовіць па інтэрнэце. Не праблема і старажытныя адзінкі вымярэння, якія выкарыстоўвалі ў тагачаснай кулінарыі:

цаля – 2,54 см;
капа – 60 шт;
кварта – 0,75 (0,71) л;
кватарка – 0,75 шклянкі;
лот – 13 г;
фунт – 409,5 г;
порцыя хлеба – 1-2 лустачкі хлеба;
кілішак – 30-50 мл;
філіжанка (кубачак) – каля 200 мл;
шклянка – 0,2 л;
гарнец – 3,28 л;
залатнік – 3,9 г.

Посны абед з трох страў

Калі ўважліва прыглядзецца да страў беларускай кухні, то можна заўважыць, што вялікая іх колькасць утрымлівае два варыянты прыгатавання: посны і скаромны. Як прыклад, абрала для вашай увагі посны абед з трох страў, папулярных у ХІХ стагоддзі, якія маглі падаць у адзін з будніх дзён. Гатуем нашы стравы разам!

Суп з белай фасолі

З чаго гатаваць:

  • 1,5 л фасолі,
  • 1 ст лыжка масла (алею),
  • 2 морквы,
  • 1 корань пятрушкі,
  • 1 карняплод сельдэрэю,
  • 1 парэй,
  • 2 цыбуліны,
  • соль па смаку,
  • 1 французская булка (багет) на грэнкі.

Як гатаваць. Спелую белую фасолю заліць халоднай вадой, даць набрыняць і зварыць да мяккасці, працерці праз сіта.

Падсмажыць парэй і нарэзаную пятрушку ў вялікай лыжцы масла або на алеі, дадаць да пюрэ з фасолі, пасаліць і развесці прыгатаваным асобна адварам карэння так, каб суп атрымаўся густы.

Падаваць з падсмажанымі грэнкамі з французскай булкі.

Шчупак у бураковым расоле

З чаго гатаваць:

  • 1, 5-2 кг шчупака,
  • соль,
  • 1,5 л бураковага расолу,
  • 2 цыбуліны,
  • 1 корань пятрушкі,
  • 1 морква,
  • 5 зярнят перцу,
  • 2-3 лаўровыя лісты,
  • 1 бурак,
  • 1 ч лыжка кмену,
  • 1 ст лыжка масла або 0,5 шклянкі алею,
  • 1 ст лыжка мукі.

Як гатаваць. Пачысціць шчупака, пасаліць, пакінуць на гадзіну. Узяць 1,5 л бураковага расолу, дадаць цыбулю, пятрушку, моркву, лаўровы ліст, некалькі зерняў гваздзікі,  старкаваны бурак, моцна закіпяціць і працадзіць вадкасць на ўкладзенага ў  другім рондалі і пасыпанага кменам шчупака; накрыць вечкам і варыць на моцным агні. Растапіць вялікую лыжку масла або паўшклянкі алею, перамяшаць з лыжкай мукі, дадаць да рыбы на прыканцы прыгатавання і патрымаць на агні пакуль падліва-соус не загусцее.

Заўвага. Бураковы расол прыгатаваць вельмі лёгка. У народзе кажуць: "У добрай хазяйкі пойдуць у справу і лушпайкі".

Бурачны квас

З чаго гатаваць:

  • 1 кг буракоў,
  • 50 г жытняга хлеба,
  • 2 л вады.

Як гатаваць. Буракі старанна вымыць, абабраць, нарэзаць тоненькімі скрылікамі і пакласці ў керамічны або шкляны посуд, заліць цёплай гатаванай вадой. Дадаць скарынкі жытняга хлеба, абвязаць рэдкай тканінай і пакінуць у цёплым месцы на некалькі дзён. Усё, можна ўжываць.

Заўвага. Калі няма скарынак, то можна ўзяць лусту свежага жытняга хлеба і падсушыць без алею на патэльні.

Квас можна захоўваць у халадзільніку пэўны час. Для гэтага яго пераліваюць у бутэлькі і закаркоўваюць.

Жэле з лімонаў

З чаго гатаваць:

  • 8 лімонаў,
  • 600 г цукру ў драбках,
  • 60 г жэлаціну,
  • 6-6,5 шклянкі вады (усяго 7,5 шклянкі).

Як гатаваць. Цукар нацерці скуркай ад трох лімонаў, заліць вадой, зварыць сіроп і змяшаць з сокам, выціснутым з 8 лімонаў. Распушчаны жэлацін размяшаць з лімоннай вадкасцю, працадзіць праз сурвэтку і разліць па формам.

Жэле з лімонаў можна прыгатаваць іначай.

Жэле лімоннае

З чаго гатаваць:

  • 1 шклянка цукру,
  • 5 шклянак вады,
  • цэдра з аднаго лімона,
  • 30 г жэлаціну,
  • 1 ст лыжка лімоннага соку.

Як гатаваць. Загадзя заліць халоднай гатаванай вадой жэлацін, каб набрыняў. Распусціць цукар у пяці шклянках вады, дадаць туды цэдру лімона, зварыць і астудзіць. Дадаць набрынялы жэлацін і давесці да кіпення, каб ён цалкам распусціўся. Працадзіць праз сіта, дадаць 1 ст лыжку лімоннага соку, перамяшаць, уліць у форму і паставіць на холад, каб застыла.

Перад падачай апусціць формы ў гарачую ваду на 2 хвіліны і выкласці на талерку.

Смачна есці!

47
Тэги:
"Літоўская гаспадыня", Ларыса Мятлеўская, этнограф, старажытная кухня, кухня, стравы, абед
Тэмы:
Посцім смачна: самыя цікавыя і смачныя рэцэпты
МЗС Беларусі

МЗС адказала на заклік "Вялікай сямёркі" правесці новыя выбары ў Беларусі

14
(абноўлена 17:59 06.05.2021)
Па словах афіцыйнага прадстаўніка ведамства, у сваім афіцыйным паведамленні краіны G7 выкарыстоўвалі ў дачыненні да сітуацыі ў краіне "стандартны набор заезджаных клішэ".

МІНСК, 6 тра - Sputnik. Беларусь сама будзе вырашаць, калі і якія электаральныя кампаніі праводзіць, заявіў у чацвер афіцыйны прадстаўнік міністэрства замежных спраў рэспублікі Анатоль Глаз.

Сустрэча G7 ў Лондане

Напярэдадні ў Лондане адбылася сустрэча міністраў замежных спраў краін "Вялікай сямёркі" (G7) пад старшынствам Злучанага Каралеўства. У ёй бралі ўдзел кіраўнікі МЗС Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Канады, ЗША, Францыі, Японіі, у сустрэчы ўдзельнічаў вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі.

На сустрэчы міністры прынялі камюніке, у якім, у тым ліку, заклікаюць улады Беларусі адпусціць палітвязняў і правесці новыя выбары пры міжнародным назіранні.

Набор заезджаных клішэ

"Што тычыцца абзаца, якога "удастоілася" Беларусь. Гэта стандартны набор заезджаных клішэ. Такія мантры фактычна без змен вандруюць з пляцоўкі на пляцоўку, дэманструючы, на жаль, глыбокае неразуменне і нежаданне разумець сітуацыю ў нашай краіне іх аўтарамі, антыбеларускую ангажаванасць іх ініцыятараў" , - растлумачыў Глаз.

Паводле яго слоў, у Беларусі самі будуць вырашаць, калі і якія электаральныя кампаніі праводзіць. Для гэтага краіне не патрэбныя "ніякія заклікі, пануканні або ўказанні звонку".

Ён адзначыў, што любое ўмяшанне ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў супярэчыць асноватворным нормам і прынцыпам міжнароднага права.

"Усе выбары ў нашай краіне праходзілі пад міжнародным назіраннем. Ну, а калі нейкія міжнародныя структуры не змаглі арганізаваць сваю працу, маючы наша запрашэнне, то не трэба спрабаваць перакласці віну", - падкрэсліў Глаз.

Чытайце таксама:

14
Тэги:
ведамства, краіна, Беларусь, Выбары, МЗС