Журавіны

Адбыўся фестываль "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю"

416
(абноўлена 15:41 22.09.2016)
Чарговы раз на Міёршчыне ладзіўся экалагічны фестываль "Журавы і журавіны Міёрскага краю", які праводзіцца адміністрацыяй Міёрскага раёна і гідралагічным заказнікам "Ельня" падчас восеньскай міграцыі шэрых журавоў і гусей.

МІНСК, 21 вер — Sputnik. Фестывальная праграма пачалася за тыдзень да самога свята, якое ў нядзелю, 18 верасня, разгарнулася на паўвостраве ў г. Міёры.

Праграма свята
© Photo : прадастаўлена арганізатарамі мерапрыемства
Праграма свята

Традыцыйна напярэдадні фестываля ва ўстановах адукацыі ладзіцца экалагічны тыдзень, адбываецца паседжанне клуба маладой сям'і "Жураўлінай сцежкай". Спартоўцы — на стадыёне, а інтэлектуалы — падчас гульні "Што? Дзе? Калі?" змагаюцца за першынства.

Валанцёры і супрацоўнікі з візіт-цэнтра і Аховы птушак Бацькаўшчыны сустракаюць і кансультуюць гасцей фестываля
© Photo : прадастаўлена арганізатарамі мерапрыемства
Валанцёры і супрацоўнікі з візіт-цэнтра і "Аховы птушак Бацькаўшчыны" сустракаюць і кансультуюць гасцей фестываля

І вось — доўгачаканая кульмінацыя свята!

Журавінавы настрой пануе паўсюль!
© Photo : прадастаўлена арганізатарамі мерапрыемства
Журавінавы настрой пануе паўсюль!

На двары золка, на паўвостраве — яшчэ халадней, бо, атулены вадой, ён наскрозь прадзімаецца ветрам.

Каваль выкаваў чароўны грош і абяцае яго ўладальніку розныя выгоды
© Photo : прадастаўлена арганізатарамі мерапрыемства
Каваль выкаваў чароўны грош і абяцае яго ўладальніку розныя выгоды

Але ці можа сіберны вецер напалохаць міярчан, якія шчыравалі адзін перад адным, каб кожны з прадстаўленых на конкурсе вясковых панадворкаў "Жураўліны кірмаш" проста агалмошваў гасцей яскравасцю фарбаў, разнастайнасцю прыгатаваных смакоццяў, асляпляльнай колькасцю ўсмешак.

Гаспадыні Перабродзкага падворка
© Photo : прадастаўлена арганізатарамі мерапрыемства
Гаспадыні Перабродзкага падворка

У візіт-цэнтры абвешчаны "Дзень адчыненых дзвярэй", а з паўвострава кожныя паўгадзіны адпраўляецца аўтобус, які дастаўляе ахвотных паназіраць за журавамі.

Аптычная тэхніка набліжае ў 60 разоў, што дазваляе назіраць за птушкамі, не палохаючы іх
© Photo : прадастаўлена арганізатарамі мерапрыемства
Аптычная тэхніка набліжае ў 60 разоў, што дазваляе назіраць за птушкамі, не палохаючы іх

Валанцёры і супрацоўнікі арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" — адмысловыя праваднікі ў таямнічы свет Ельні.

Іван Барок разам з ГА Ахова птушак Бацькаўшчыны, валанцёрамі і захавальнікамі праводзіць штогадовыя ўлікі шэрага жураўля на восеньскай міграцыі. Сёлета 17 верасня з аднаго пункту на заходнім краі Ельні з 19.00 да 19.40 налічылі 1140 жураўлёў.
© Photo : прадастаўлена арганізатарамі свята
Іван Барок разам з ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны", валанцёрамі і захавальнікамі праводзіць штогадовыя ўлікі шэрага жураўля на восеньскай міграцыі. Сёлета 17 верасня з аднаго пункту на заходнім краі Ельні з 19.00 да 19.40 налічылі 1140 жураўлёў.

Дырэктар экалагічнага заказніка "Ельня" Іван Барок асабіста аб'язджае кропкі лакацыі назірання за журавамі: як сапраўдны гаспадар, клапоціцца пра тое, каб кожны з гасцей фестываля застаўся задаволены і пабачыў птушак, дзеля якіх і прыехалі людзі з-за свету.

Вось яны, героі ўрачыстасцяў: пасуцца на лугах Ельні, рыхтуючыся да цяжкога пералёту
© Photo : прадастаўлена арганізатарамі мерапрыемства
Вось яны, героі ўрачыстасцяў: пасуцца на лугах Ельні, рыхтуючыся да цяжкога пералёту

На арт-пляцоўцы "Фарбы восені" вучаць ствараць вырабы з лямцу і плясці паясы.

У фестывальны дзень на Ельні распачаўся і конкурс на лепшых збіральнікаў журавін паміж прадстаўнікамі працоўных калектываў
© Photo : прадастаўлена арганізатарамі мерапрыемства
У фестывальны дзень на Ельні распачаўся і конкурс на лепшых збіральнікаў журавін паміж прадстаўнікамі працоўных калектываў

Побач ідзе інтэрактыўная прэзентацыя аграэкасядзіб і фота- і відэавыставы "Подых Ельні", а на галоўнай сцэне міёрскія красуні змагаюцца за тытул "Журавінка Міёрскага краю".

Сёлета Журавінкай Міёрскага краю абраная Ганна Кураш
© Photo : прадастаўлена арганізатарамі свята
Сёлета "Журавінкай Міёрскага краю" абраная Ганна Кураш

Урэшце, кожная з удзельніц атрымлівае ад арганізатараў прыз — мікрахвалёўку. Кожнай дастаецца прыгожае званне — да прыкладу, "Зачараванне Міёрскага краю".

Разам з красунямі на паклон выйшлі сімвалы свята - Журавінка (злева) і Шэры Журавель (справа).
© Photo : прадастаўлена арганізатарамі фестываля
Разам з красунямі на паклон выйшлі сімвалы свята - Журавінка (злева) і Шэры Журавель (справа).

А вось "Журавінкай" абраная адзінаццацікласніца Міёрскай СШ №3 Ганна Кураш. Дарэчы, два гады таму гэты тытул быў заваяваны яе роднай сястрой Юляй, зараз студэнткай лінгвістычнага ўніверсітэта ў Мінску.

Прысмакі з журавінаў
© Photo : прадастаўлена арганізатарамі свята
Прысмакі з журавінаў

Міёрская ЦБС ладзіла выставу экалагічнай літаратуры.

Якіх толькі прысмакаў не было на свяце!
© Photo : прадастаўлена арганізатарамі свята
Якіх толькі прысмакаў не было на свяце!

Шоу-праграма "Міёрская журавінка" радвала гасцей фестываля спевамі і танцамі.

Ладзіўся майстр-клас па калінарным майстэрстве. Абавязковыя інгрэдыенты страў - журавіны.
© Photo : прадастаўлена арганізатарамі мерапрыемства
Ладзіўся майстр-клас па калінарным майстэрстве. Абавязковыя інгрэдыенты страў - журавіны.

Журавінавы настрой панаваў паўсюль.

У цэнтры паўвострава - скульптурная кампазіцыя Журавель, выкананая настаўнікамі і навучэнцамі Міёрскага Дома мастацтваў
© Photo : прадастаўлена арганізатарамі мерапрыемства
У цэнтры паўвострава - скульптурная кампазіцыя "Журавель", выкананая настаўнікамі і навучэнцамі Міёрскага Дома мастацтваў

Хацелася, развітаваючыся, прамовіць: "Да спаткання, "Журавы і журавіны"! Налета абавязкова вернемся!"

416
Тэги:
Фестываль, "Жураўлі і журавіны", Міёры, Міёрскі раён, Віцебская вобласць, Беларусь
По теме
Экалагічнае свята "Журавы і журавіны" адбудзецца на Міёршчыне
Вуж

Карона Змяінага цара і цмок-спакуснік: паданні на Змяінае свята

338
(абноўлена 12:18 25.09.2020)
У даўніну людзі верылі што 27 верасня змеі збіраюцца і разам сыходзяць у зімовую спячку, у сувязі з гэтым у лес імкнуліся не хадзіць.

Па народных паданнях, 27 верасня паўзуноў надзвычай шмат - яны збіраюцца разам, каб запаўзці глыбока ў лес і там легчы ў спячку. Людзі імкнуліся не хадзіць у лес або поле, таму што лічылася: калі змяя ўкусіць у гэты дзень, ніякія лекі не дапамогуць.

Асабліва сцерагліся гадзюк. Насамрэч, шмат дзе на беларускіх землях усіх паўзуноў называлі "вужамі", але калі сапраўдны вуж – істота бяскрыўдная і нават карысная, яд гадзюкі здольны забіць, таму іх знішчалі, а каб пазбегнуць укуса, перад тым, як ісці ў месцы, дзе водзяцца змеі, чыталі загавар. 

Вуж-дамавік аберагаў ад бяды

На беларускіх землях вужы здаўна лічыліся апекунамі дома і дамашніх жывёл. Ім пакідалі малако і ніколі не крыўдзілі, таму што верылі: такі жылец можа папярэдзіць пра няшчасце і нават дапамагчы знайсці скарб.

У хаце вуж жыў звычайна пад печчу. Раней, калі дзяцей саджалі снедаць на падлогу, ён мог выпаўзаць і есці з імі з адной міскі. Малыя гулялі з ім і вуж ніколі іх не крыўдзіў.

Жылі вужы і ў хляве, дзе нават маглі піць малако прама з каровінага вымя. Іх ні ў якім разе не праганялі, таму што па-перше, яны знішчалі грызуноў, якія маглі пераносіць хваробы, а па-другое, лічылася, што калі пазбавіць карову такога "сябра", у яе можа знікнуць малако.

Сыход вужа з хаты з'яўляўся перасцярогай гаспадарам пра нейкую бяду. Напрыклад, неўзабаве ў доме мог здарыцца пажар, або ў яго магла трапіць маланка.

Вужыны кароль, яго дачкі і чароўныя скарбы

Па легендах, вуж таксама мог дапамагчы гаспадару знайсці скарб. У некаторых мясцінах, калі дамашні вуж паміраў, з яго тлушчу рабілі свечку. Людзі верылі, што калі яе запаліць, з'явіцца цэлае змяінае войска на чале з Вужыным каралём, які пакажа, дзе схаваны скарб.

Калі Вужынага караля давадзілася сустрэць недзе ў лесе або полі, трэба было пакласці перад ім рушнік. Тады ён нібыта запаўзе на яго і пакіне сваю залатую карону. Але часта караля суправаджала яго світа, і вось гэтыя змеі зусім не былі бяспечнымі, таму тым, хто шукае клады, раілі насіць з сабой ясеневы кій – нібыта калі ўдарыць ім па клубку змей, яны разпаўзуцца, пакінуўшы свайго караля.

Нямала паданняў існуе і пра прыгожых дачок Змяінага цара – вужалак. Яны нібыта да паловы мелі выгляд прыгожых дзяўчын з доўгімі валасамі, а замест ног у іх быў хвост. Вужалкі любілі залатыя ўпрыгожваллі, а вось вопраткі не насілі ніякай. Да чалавечых дамоў вужалкі не набліжаліся, жылі глыбока ў лесе, каля вадаёмаў. Самі дачкі Вужынага цара не робяць чалавеку ніякай шкоды, але там, дзе яны жывуць, шмат змей. Лічылася, што калі чалавек знойдзе ўпрыгожванне вужалкі, яму больш не страшныя змяіныя ўкусы.

Жоўтыя плямы на галаве вужа - нібы завушніцы
© CC0 / Pixabay / JarkkoManty
Па легендзе, Вужалкі маглі ператварацца ў змей, а жоўтыя плямачкі па баках галавы нагадваюць залатыя завушніцы

Змей-волат і цмок-спакуснік

Існуюць на беларускіх землях паданні і пра велізарных змей, велічынёй з дом і нават больш. Па адной легендзе, у даўніну асілак змог перамагчы такога змея, парубіў яго на тры часткі і пахаваў іх асобна – так утварыліся вялікія курганы. Па іншай, людзі здолелі злавіць змея, але не забіць яго, і тады вырашылі закапаць вялізную пачвару. Але кожную раніцу яны знаходзілі зямлю раскіданай. І тады адзін чалавек узяў чорнага пеўня, запраг яго ў стары лапаць і ў ім прывёз да звязанага змея зямлі. Тры разы хадзіў ён так, і больш зямля са змея не асыпалася.

У адрозненні ад велізарнага змея (на вобраз якога, несумненна, аказала ўплыз хрысціянскае паданне пра змаганне святога Георгія з драконам), лятучы змей, цмок, мог пераўтварацца ў чалавека. Паўставаў ён звычайна ў абліччы барадатага мужчыны або прыгожага хлопца. Калі дзяўчына закахалася ў такога, яна неўзабаве памірала.

У абліччы змея цмока ўяўлялі велізарным, памерам з дом, да таго ж, у яго магло быць шмат галоў – некаторыя легенды налічвалі да 12.

Свайму гаспадару цмок прыносіў багацце, але гэтыя грошы лічыліся нешчаслівымі. Часта цмок увогуле асацыюецца з вобразам чорта або Люцыфера, які ненавідзіць усе божыя стварэнні. Падчас навальніцы цмок хаваецца ў дупле старога дуба, таму маланка святога Пятра часцей за ўсё трапляе менавіта ў гэта дрэва.

338
Тэги:
Традыцыі і абрады, змяя
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Лес, архіўнае фота

Святкуем узвіжанне і гатуем пачастунак для Вужынага Цара

21
(абноўлена 12:37 25.09.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра сённяшняе містычнае свята і вучыць гатаваць калдуны.

27 верасня адзначаецца адно са значных хрысціянскіх святаў у гонар Крыжа, які сімвалізаваў сабой выратаванне роду чалавечага. Ушаноўваючы яго ў гэты дзень вяскоўцы ставілі крыжы на ростанях.

Свята Уздзвіжанне Крыжа Гасподня ў Народным календары пазначана як Здзвіжанне, Уздзвіжанне, Звіжанне, Часнэйка і мае глыбокія старажытныя карані. Лічылася, што гэта свята "закрывання" зямлі на зіму. Згодна з народнымі ўяўленнямі, замыкаюць яе птушкі, якія, адлятаючы ў вырай, забіраюць з сабой ключы на неба. Аб гэтых падзеях нашы продкі казалі: "Уздвіжанне лета замыкае, ключык шызая галачка за мора панесла". Падчас гукання вясны гэтыя ключы просяць вярнуць з неба святога Георгія, каб адамкнуць зямлю і выпусціць цёплае лета.

У народных уяўленнях у прыродзе ўсё прыходзіць у рух або "здзвігаецца". Гэтым тлумачацца і назвы свята. Адна з іх – Здзвіжанне звязана з назіраннямі за сонцам, якое ў час блізкі да восеньскага раўнадзенства быццам рухаецца, купаецца, пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі, "іграе і дрыжыць", "грае, здзвігаецца". Такую з’яву можна назіраць толькі на Дабравешчанне, Вялікдзень і Купалле.

Іншае тлумачэнне – у прыбіранні рэшткаў ураджаю з палеткаў, у прадчуванні блізкіх прымаразкаў: "Усё ў хату ўздзвігаецца, каб мароз не пабіў".

Яшчэ адна назва – Дзвіжанне, звязана са змеямі, якія быццам бы менавіта ў гэты дзень пачынаюць выпаўзаць з нораў, каб рушыць на зімовы сон да вясны: "Дзвіжанне – гадзюкі здвігаюцца ў кучу".

З даўніх часоў вужам пакланяліся як істотам, ад якіх залежала пладароддзе зямлі, а значыць і само жыццё. Беларусы ў вужах бачылі пасланцоў добрых багоў. Яны нібыта прыйшлі на зямлю з нябёс. Да іх звярталіся з малітвамі аб хуткім дажджы, добрым ураджаі, а таксама з просьбамі аб прыватным шчасці.

Уздзвіжанне – чароўны дзень, у які, згодна з легендамі, можна было паспрабаваць здабыць для сябе звышнатуральныя здольнасці, атрымаўшы залатую карону або ражок з яе ад Вужынага Цара. Чалавек, у якога гэта атрымлівалася, з падобным дарункам станавіўся відушчым, мог угадваць чужыя думкі, надзяляўся моцным здароўем, незвычайнай мудрасцю, шчасцем і багаццем. Яму станавіліся бачны ўсе схаваныя скарбы, а таксама ён быццам бы мог здымаць усе замкі і засаўкі. Чалавека, які хацеў здабыць карону Вужынага Цара, чакалі сур’ёзныя выпрабаванні, якія патрабавалі кемлівасці, пачцівасці і вытрымкі. Трэба было, прыхапіўшы з сабой чысты рушнік і хлеб-соль, адважыцца ісці ў лес тады, калі гэта было вельмі небяспечна, нарэшце сустрэцца ў непралазных лясных нетрах з жахлівай вужынай працэсіяй, каб прапанаваць Вужынаму Цару пачастунак і чакаць, калі той скіне сваю карону ці хаця б ражок з яе.

Тыя, хто ў лес ісці не хоча, можа проста якую-небудзь смачную страву і ўявіць, што да яго ў госці прыедзе Вужыны Цар.

Булён з калдунамі

Інгрыдыенты:

для булёна:

  • 250 г мяса ялавічыны
  • 250 г мяса свініны
  • 1 цыбуліна
  • 1 морква
  • 1 корань пятрушкі
  • Соль
  • Лаўровы ліст

Для калдуноў:

  • 1,5 шклянкі мукі
  • 500 г мяса (мякаць)
  • 1 яйка
  • 1 цыбуліна
  • Соль
  • Перац

Як гатаваць:

Зварыць мясны булён, дадаўшы карэнне і цыбулю. Каб булён быў празрысты, трэба варыць яго на слабым агні і напрацягу гатавання, некалькі разоў падліваць па чвэрці шклянкі халоднай вады, у канцы варкі пасаліць, укласці лаўровы ліст. Гатовы булён працадзіць.

Мяса разам з цыбуляй двойчы прапусціць праз мясарубку, уліць трошкі вады або булёну, дадаць молаты перац, соль, старанна перамяшаць.

З прасеянай мукі, яйка, солі і вады замясіць крутое цеста, тонка раскачаць яго. Выразаць кубачкам кружкі, пакласці на сярэдзіну кожнага фарш, краі зашчыпаць.

Падрыхтаваныя калдуны на некалькі секунд апусціць у кіпень, затым перакласці ў булён і варыць на слабым агні 6-8 хвілін.

21
Тэги:
Узвіжанне, беларуская кухня, Ларыса Мятлеўская
Працоўныя мантуюць базавую станцыю сотавай сувязі

Адмена роўмінгу: беларускі мабільны аператар пачаў тэсціраваць сетку

0
(абноўлена 17:09 29.09.2020)
Профільныя міністэрствы Беларусі і Расіі цяпер працуюць над адменай роўмінгу, тэма стала адной з галоўных на VII Форуме рэгіёнаў дзвюх краін, які ў гэтыя дні праходзіць у дыстанцыйным фармаце.

МІНСК, 29 вер - Sputnik. На сённяшнім пленарным пасяджэнні Форуму рэгіёнаў віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар Петрышэнка распавёў, што для адмены роўмінгу паміж дзвюма краінамі трэба дасагласаваць пытанні паміж аператарамі. Адзін з найбуйнейшых беларускіх мабільных правайдараў, тым часам, пачаў тэсціраваць роўмінгавы трафік, паведамілі Sputnik у прэс-службе аператара сувязі.

"Цяпер кампанія праводзіць падрыхтоўчыя мерапрыемствы ў сувязі са зменай умоў аказання паслуг роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. На дадзеным этапе завяршаецца тэсціраванне пропуску роўмінгавага трафіку, падчас якога правяраецца яго карэктнасць вылучэнні з адзінага патоку міжнароднага абмену дадзенымі", - распавяла Sputnik спецыяліст аддзела карпаратыўных камунікацый аператара мабільнай сувязі Алена Станкевіч.

Выніковыя тэрміны змены ўмоў аказання паслуг роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы, якія прадугледжваюць зніжэнне тарыфаў на некаторыя віды паслуг, будуць агучаныя ўпаўнаважанымі прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання, дадала прадстаўнік кампаніі.

Ідэя адмены роўмінгу паміж Расіяй і Беларуссю ўпершыню была агучана менавіта на Форуме рэгіёнаў. На сваім апошнім нарадзе, якое прайшло 25 верасня, міністэрства сувязі дзвюх краін абяцалі да 1 кастрычніка ўжо прынцыпова вырашыць гэтае пытанне (тэхнічна гэта яшчэ зойме нейкі час).

0
Тэги:
роўмінг, Расія, Беларусь