Экстрасэнс карэктыруе біяполе

Пасля гутаркі з ТБ-магамі 11 жыхароў Віцебшчыны звярнуліся да псіхіятра

16
Частка пацярпелых падчас стасункаў з экстрасэнсамі ў прамым эфіры ТБ страцілі і вялікія сумы, якія іх прасілі пералічыць на расійскія рахункі, каб аплаціць неабходныя абрады.

МІНСК, 20 кра — Sputnik. За дапамогай да псіхіятраў пасля стасункаў з тэлевізійнымі экстрасэнсамі звярнуліся 11 жыхароў Віцебскай вобласці, піша газета "СБ. Беларусь сегодня" са спасылкай на галоўнага лекара Віцебскага абласнога цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі Алену Мартынаву.

Выданне мяркуе, што пацярпелых ад дзеянняў ТБ-чараўнікоў больш. У прыватнасці, гераіня артыкула 54-гадовая Людміла Германава пасля спробы вырашыць бытавыя праблемы пры дапамозе ТБ-магіі пайшла не да медыкаў, а ў міліцыю.

Бясплатны званок і платныя паслугі

Жанчына цягам месяца тэлефанавала на "прамую лінію" ў праграму "Магнетызм", якая выходзіць па спадарожнікаваму каналу NANO TV. Яна разлічвала на параду наконт складанай жыццёвай сітуацыі: у яе хварэюць бацькі, пакутуе ад сардэчнага захворвання муж, дачка, якая выйшла замуж за мяжу, таксама мае праблемы. Званок у эфір быў бясплатны.

Грошы ў яе папрасілі пазней — аплаціць "нейкі абрад у Сергіевым Пасадзе". Наступныя дзевяць месяцаў жанчыне кожную раніцу тэлефанавалі з тэлеканала і "праводзілі платную чыстку каналаў".

"У галаве адна думка: дзе ўзяць грошы? Раніцай мяне "зараджалі", уводзілі ў транс. Да вечара я ледзь-ледзь адыходзіла, але нічога ўспомніць не магла. Кажу мужу: Саша, я нешта вельмі моцна хацела табе расказаць. Што? Не ведаю… Раніцай — новы сеанс, і ўсё тое ж самае", — цытуе выданне Германаву.

Жанчына ўлезла ў вялікія даўгі, пасля чаго, з яе слоў, "магі" сталі падштурхоўваць яе да самагубства. "Казалі: калі не памрэш, родныя пацерпяць", — распавяла Германава. Муж адвёз яе ў шпіталь, дзе яе зноў знайшлі экстрасэнсы з Масквы і зноў папрасілі пералічыць 12 тысяч долараў.

Распачаць крымінальную справу не проста

У РУУС Віцебска ляжыць ужо некалькі заяваў ад жыхароў горада, якія пацярпелі ад анлайн-экстрасэнсаў. Ёсць сведчанні, чэкі на пералічаныя грошы, але няма методыкі вядзення такіх спраў.

"Зараз у нас ёсць некалькі заяў ад пацярпелых. Пакуль агульнай тактыкі сумесных з расійскімі калегамі дзеянняў у гэтым кірунку не выпрацавана. Пытанне трэба вырашаць на міжурадавым узроўні", — заявіла афіцыйны прадстаўнік УУС Віцебскага аблвыканкама.

Складанасць расследавання гэтай справы заключаецца не толькі ў тым, што падазраваныя знаходзяцца на тэрыторыі іншай дзяржавы, але і ў немагчымасці ацаніць біяэнергетычныя паслугі. Незразумела, як і чым іх вымераць, даказаць гіпнатычнае ўздзеянне.

Пэўны аптымізм у беларускіх праваахоўнікаў выклікае факт, што ў Маскоўскай вобласці за махлярства асудзілі 10 "экстрасэнсаў", якія таксама рэкламавалі свае паслугі на кабельных тэлеканалах, запалохвалі негатыўнымі наступствамі і выманьвалі ў кліентаў немалыя грашовыя сумы.

Забараненне праграмы

Выданне нагадала, што яшчэ ў 2005 годзе жыхары Віцебска звярталіся да мясцовых уладаў з просьбай забараніць трансляцыю тэлеканала ТДК, які таксама прадастаўляе сваю пляцоўку ТБ-экстрасэнсаў, якія дапамагаюць па тэлефоне. З такой жа просьбай выступалі жыхары Бабруйска.

Узнікалі аналагічныя праблемы і ва Украіне. Год таму ўкраінскі Нацыянальны савет па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання забараніў гэты канал.

"Трансляцыя канала ТДК узгоднена ва ўстаноўленым законам парадку. Але ў апошні час мы атрымалі некалькі вусных скаргаў ад тэлегледачоў. Сапраўды, яны абураныя зместам праграм, якія тычацца рэкламы паслуг экстрасэнсаў. Будзем вырашаць пытанне аб мэтазгоднасці далейшай трансляцыі гэтага канала", — абнадзеіў журналістаў выдання дырэктар ААТ "Віцебскі абласны тэхна-гандлёвы цэнтр "Гарант" Яўген Маслаў.

16
Тэги:
Экстрасэнс, Псіхіятрыя, Віцебская вобласць