Лаўка-кельня ў Віцебску

Фотафакт: у Віцебску з'явілася лаўка-кельня

12
(абноўлена 11:58 15.12.2017)
З часам плануецца паставіць яшчэ шэраг незвычайных лавак-"інструментаў" на вуліцах горада на Дзвіне.

МІНСК, 15 сне — Sputnik. За апошні час у горадзе на Дзвіне з'явілася мноства арт-аб'ектаў, сярод іх лаўка ў выглядзе будаўнічай кельні, перадае карэспандэнт Sputnik.

Так работнікі адной з гарадскіх фірмаў вырашылі ўласнымі сіламі ўпрыгожыць вуліцу Праўды. Як адзначыла кіраўніцтва прадпрыемства, ідэя з'явілася даўно, але спатрэбіўся час для ўзгаднення праекта з гарадскімі ўладамі.

"Я хажу па гэтай вуліцы ўжо больш за 30 гадоў. І заўсёды хацелася гэты мікрараён крыху ажывіць, дадаўшы нешта асаблівае", — распавёў дырэктар фірмы Мікалай Акуловіч.

Арыгінальная лавачка знаходзіцца недалёка ад прыпынку грамадскага транспарту, прыцягваючы ўвагу мінакоў, а ў школьнікаў і студэнтаў ужо стала ўлюбёным месцам для сэлфі.

"А чаму б і не сфатаграфавацца на такой прыкольнай лаўцы. Цяпер закіну ў "Інстаграм", няхай сябры з іншых гарадоў паглядзяць і паставяць "падабайкі", у іх усё роўна такога няма", — распавяла Sputnik дзевяцікласніца Алена.

Вясной незвычайную лаўку плануюць упрыгожыць кветкамі, зрабіўшы яе больш утульнай і прыгожай. Акрамя таго, дызайнерам Міхаілам Бычкоўскім распрацаваны яшчэ чатыры падобныя зоны адпачынку, якія павінны з'явіцца на вуліцы Праўды. Адна з іх будзе створана ў выглядзе капітэлі з будаўнічымі інструментамі.

У Віцебску імгненна паўсталі новыя традыцыі, звязаныя з некаторымі скульптурамі. Лічыцца, напрыклад, што калі пацерці бронзавых Залатую рыбку і старога Хатабыча, устаноўленых у горадзе гэтым летам, і пры гэтым загадаць жаданне, то яно абавязкова збудзецца.    

12
Тэги:
архітэктура, Віцебск

Месцы сілы: карта прыродных святынь Мінскай вобласці

1285
(абноўлена 17:34 07.05.2021)
Сучасныя беларусы ходзяць з ахвяраваннямі да дрэў, крыніц і валуноў і просяць збавіць ад слепаты, падарыць добрага мужа і палегчыць роды. Што, дзе і ў чаго прасіць – у інфаграфіцы Sputnik.
Карта прыродных святынь Мінскай вобласці – інфаграфіка sputnik.by
© Sputnik Беларусь / Інфаграфіка

Па сціплых падліках, на Міншчыне знаходзіцца больш за 40 шанаваных прыродных святынь. Гэта камяні, крыніцы і нават дрэвы.

Гэтыя месцы здаўна ахутаныя легендамі і паданнямі. Напрыклад, побач з вёскай Крыжоўка Мінскага раёна ёсць Волас-камень, які, згодна з народнымі меркаваннямі, адказвае за ўрадлівасць і багацце. Назва каменя паходзіць ад язычніцкага бога Вялеса, які быў заступнікам хатняй жывёлай. Нават зараз на дрэвах вакол каменя можна знайсці чарапы быкоў і кароў.

Тут жа непадалёк знаходзіцца "Камень кахання", які 150 тысяч гадоў таму прынёс сюды ледавік. Да яго прыходзяць людзі не толькі ў пошуках бясконцага кахання, але і пары з просьбамі зачаць дзіця і палегчыць роды.

Самыя папулярныя прыродныя святыні Мінскай вобласці з інфармацыяй аб іх – на карце Sputnik.

КАЛІ Ў ВАС НЕ АДЛЮСТРОЎВАЕЦЦА ІНФАГРАФІКА — ГЛЯДЗІЦЕ МАТЭРЫЯЛ НА ПОЎНАЙ ВЕРСІІ САЙТА>>

1285
Тэги:
Святыні, дрэвы, камяні, Беларусь, Мінская вобласць
Тэмы:
Забытыя і знакамітыя: самыя цікавыя славутасці Беларусі
По теме
Дзе беларусы шукаюць здароўе і каханне і як у гэтым дапамагаюць камяні і вада
Беларускія вербы

Вербная магія або вярба на ўсялякую патрэбу

157
(абноўлена 16:37 24.04.2021)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра Вербную нядзелю і дзеліцца сакрэтамі народных завядзёнак.

Нарэшце распусцілася вярба і ў паветры залунала свята. Паабапал дарог, на фоне яшчэ шэрых лясоў жоўтыя ад пяшчотных кветак вербы, свецяцца нібыта свечы ў храмах, нагадваючы ўсім аб надыходзе свята.

Вербніца – прадвесніца Вялікадня – узнёслае ўрачыстае свята. У хрысціянстве яно прымеркавана да Уваходу Ісуса Хрыста ў Іерусалім, дзе народ сустракаў яго пальмавым лісцем. У беларусаў сімвал свята – вярба, якую падчас набажэнства асвячаюць у храмах. Чаму свецяць вярбу, а не пальмавае лісце ў народзе тлумачылі так:

"Ну, а ў нас пальмаў ужэ ж няма, то і рашылі вярбу. Вот паэтаму і вярба".

У некаторых мясцінах Гарадзенскай губерніі яшчэ ў 19 стагоддзі на Вербніцу прывозілі ў цэрквы вярбу цэлымі дрэвамі з карэннямі і пасля асвячэння ламалі з яе галіны.

Што пра свята людзі кажуць

Аб тым, як Хрыстос уваходзіў у Іерусалім, народ складаў легенды. На Гомельшчыне гэтую падзею пажылыя людзі апісвалі так:

"Бог ехаў на кані. Людзі расцілалі палотны, багатыя расцілалі каўры, дарогу ўсцілалі. А бедныя ўсцілалі ветачкі. Так Бог не паехаў па каўрах і палотнах, а паехаў па ветачках".

З цягам часу "вярбой" у народзе сталі называць галінкі вярбы, аздобленыя каляровымі сухімі кветкамі, травамі, каласкамі, мохам і інш. Яны імітавалі сабой "пальмы". Вядома ж, у розных рэгіёнах Беларусі ёсць свае, адметныя традыцыі аздаблення велікодных верб з выкарыстаннем прыродных матэрыялаў. Сярод іх асабліва вылучаюцца вядомыя на ўвесь свет так званыя "Віленскія пальмы". У мастацкім аздабленні гэтых вербаў удала спалучыліся народныя традыцыі і беларусаў, і літоўцаў. "Пальмы", падобныя на "віленскія", распаўсюджаны таксама і ў заходняй частцы Беларусі, якая мяжуе з Літвой, на Браслаўшчыне, Гарадзеншчыне, у Лідзе, Гродна, на Астравеччыне.

Вербы са Скідзеля
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Вербы са Скідзеля

Для вырабу такіх "пальм" нарыхтоўваюцца палачкі рознага памеру ад 50 да 70 см. Каб складаўся ўзор, да іх прывязваюцца ў адпаведным парадку сухія кветкі рознакаляровага геліхрызума і іншых сухацветаў, каласы збожжа, сухія травы, якія ў сваю чаргу фарбуюцца ў яркі зялёны колер. Над іх стварэннем напрацягу года працуюць цэлыя сямейныя дынастыі, ствараючы сапраўдныя творы традыцыйнага мастацтва.

У Вербную нядзелю "пальмы" можна сустрэць і нават набыць на кірмашах каля цэркваў і касцёлаў буйных гарадоў. І не толькі набыць, але і пагутарыць, даведацца шмат цікавага аб народных завядзёнках, бо яшчэ жывая вера аб магічных уласцівасцях вербных галінак.

Вербныя завядзёнкі

Як толькі ў народзе не выкарыстоўвалі асвечаную вярбу! Ёю лячылі не толькі людзей, жывёл але і прадметы побыту, з ёй варажылі на замужжа, хадзілі на могілкі, асвячалі агарод і інш. Асабліва моцнай яна лічылася ў Вербніцу. Вось некаторыя прыклады народных завядзёнак і побытавай магіі.

Чаму свецяць вярбу? На гэта пытанне адказваюць па-рознаму. Напрыклад, жыхары вёсак Полацкага раёна мяркуюць, што "вярбу свецяць, каб жыта ішло такое высокае і чыстае, як вярба. А ядловец засцерагае ад усякага зглазу, ад уреда" (Ганна Баратынская, 1912 г.н., в. Мураўшчына).

Традыцыйныя вербы і паштоўкі
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Традыцыйныя вербы і паштоўкі, зробленыя дзецьмі Нядзельнай школы

Куды дзець старую вярбу? Гараджане пакідаюць іх у скрынях каля царквы, калі прыходзяць на набажэнства. А на вёсцы свае завядзёнкі. Мінулагоднія вербы палілі, а вось прыгожых букецікаў, якімі была аздоблена вярба, было шкада, таму часта іх надоўга пакідалі за абразамі, далучаючы да новых вербаў. Так і цяпер амаль у кожнай сялянскай хаце абраз упрыгожваюць галінкі асвечанай вярбы.

Вербны букецік замацоўвалі за абразамі, каб не толькі ўпрыгожваў покуць, але і засцерагаў хату ад маланкі. Летам, як толькі ў небе загрыміць – выстаўлялі ў вакно сухія галінкі вярбы і грымоты абыходзілі сялібу бокам.

Перш чым трапіць за абразы на покуці, асвечаныя галінкі вярбы раздавалі ўсім, хто меў у іх патрэбу. Каб не наклікаць на сябе бяды, лічылася, што калі вярба трапіла ў хату на покуць, адорваць ёю, або пазычаць камусьці было ўжо нельга.

"Не я б’ю – вярба б’е! Хіра ў лес, а здароўе ў косці!" У народных уяўленнях лічылася, што гэта дрэва ўплывае на жыццяздольнасць і здароў’е чалавека і жывёл, засцерагае ад нечысці. Іначай, чым патлумачыць жыццядзейнасць старажытнага абрада, згодна з якім "білі" (пасцёбвалі) не толькі дзяцей, каб яны хутчэй раслі, але і дарослых, каб не хварэлі. Цяжка вытлумачыць радасць, якая нараджаецца ў сэрцы, калі чуеш адвечнае:

"Не я б’ю – вярба б’е.
За тыдзень – Вялікдзень.
Будзь багаты, як зямля,
Будзь здаровы, як вада,

Як лёд – на ўвесь год!"

Чароўныя словы народнай замовы!

Што яшчэ лячылі вярбой? Ліхаманка, паразіты і хворыя зубы падуладны пупышкам асвечанай вярбы. Для гэтага дастаткова было з’есці па дзевяць пупышак з асвечанай вярбы. Часам вярбу запальвалі і акурвалі ёю ад ліхаманкі хату, клалі вярбу ў ваду і тады, калі купалі ў ёй хворае дзіця. Пупышкі давалі дзецям ад гельмінтаў, попелам ад спаленай вярбы пасыпалі месца вакол калыскі навароджанага дзіцяці, каб прадухіліць усялякія негатыўныя ўздзеянні нябачных варожых сіл.

Ідзём з вярбой на могілкі. На Радаўніцу прынята віншаваць з Вялікаднем памерлых продкаў. На магілы блізкіх людзей неслі галінкі вярбы, асвечанай у царкве ў Вербную нядзелю. Галінкі клалі на могілкі, каб павіншаваць такім чынам са святам памерлых продкаў. Цяпер на гэту традыцыю практычна забыліся і замест вербаў нясуць на могілкі букеты штучных кветак, якія з часам ператвараюцца ў смецце.

Каб скацінка здаровая была, а кароўка давала шмат малачка. Для гэтага, пасля набажэнства ў Вербную нядзелю з вербамі абыходзілі хлявы. Кароўку, авечак і іншых хатніх жывёл сцябалі галінкамі, каб добра вяліся, здаровыя былі, ліхога вока не баяліся. Частку вярбы пакідалі ў хлеве, а часткай пасля выганялі скаціну на пашу ў Юр’я.

Асвячэнне вярбой агарода. Гэта абрад мог бы быць карысны для дачнікаў. Вярбе прыпісвалі здольнасці апладняць зямлю, паляпшаць яе ўраджайнасць. Для гэтага пасля выгану жывёлы вярбу ўтыкалі ў зямлю (у чатырох вуглах нівы) або разламвалі галінкі і раскладвалі іх па палях. Або выкарыстоўвалі попел ад спаленай мінулагодняй вярбы. Яго высыпалі на грады, каб забяспечыць добры ўраджай, абараніць ад шкоднікаў і ахаваць агарод ад стыхійных бедстваў. Казалі:

"Каб ураджай добры ўвосені сабраць, каб усё так хутка расло, як вярба на мяжы суседа, каб чэрві ды жукі не нападалі".

Для большай пэўнасці чыталі замову:

 "Чэр* нападаіць, кор пад’ідаіць. Чэр кіпучая, чэр магучая, ідзі з нашага поля на мхі, на балоты, на гнілыя калоды, а калі ня пойдзеш, то святэй Міхайла-арханій сашлець пціц з нябес з жалезным носам. Будуць драць, кляваць, вашу жысць рашаць. Ва векі амінь".

*Чэр – чарвяк, вусень.

Вярба, як зваць суджанага? Калісьці дзяўчаты, як прыйдуць з царквы, садзіліся каля хаты на лаўку і пачыналі чакаць. Як толькі міма праходзілі якія-небудзь хлопцы з дапамогаю вербачкі варажылі: сцебануўшы незнаёмага хлопца, пыталі ў яго імя, спадзяючыся даведацца пра імя свайго суджанага. Уяўляю, як гэта выглядала б каля падхезда якога-небудзь дома ў горадзе. Ва ўсялякім разе весела. Дзяўчаты, чаму б не паспрабаваць?

"Лячэнне" дзяжы. У хаце пасля вяртання з царквы накіроўваліся да дзяжы з мэтай яе "палячыць", калі гаспадыня заўважала, што хлебнае цеста апошнім часам у ёй не ўдаецца. Падыходзічы да дзяжы, гаспадыня сцёбала яе і прамаўляла:

"Што ж ты, мая дзежачка, апошнім часам збунтавалася? Каб у табе заўжды хлеб удаваўся! Глядзі ж, каб выправілася!"

Цікава, ці дапаможа такі абрад тым гаспадыням, у якіх каструлі не хочуць варыць смачную ежу? Можа з імі таксама пагутарыць шчыра? Смех смехам, а толькі мне думаецца, што ў гэтым выпадку трэба галінкамі "лячыць" кухарку-няўмеку.

Вось такія яны, чароўныя галінкі асвечанай вярбы!

Прыемна назіраць, як у вялікім горадзе на Вербніцу ад царквы расцякаюцца чэрады святочна апранутых людзей з асвечанымі вербамі ў руках. Схадзіла ў царкву і я. Прайшлася з зацікаўленым вокам па вербным кірмашы, прыцанілася, набыла колькі вербаў і засталася задаволеная. Вярнуўшыся дадому разам з чароўнымі галінкамі, сваякам і суседзям занесла святочны, добры настрой.

Шануйце звычаі продкаў – і яны будуць спрыяць вам штодня!

157
Тэги:
завядзёнкі, сакрэты, Вербная нядзеля, Ларыса Мятлеўская, этнограф, вярба, магія
Які сёння дзень: 13 траўня

Які сёння дзень: 13 траўня 2021 года

0
(абноўлена 17:24 12.05.2021)
Гэты дзень з'яўляецца сто трыццаць чацвёртым па грыгарыянскім календары, да канца года засталося 232 дні.

Якія падзеі адбыліся 13 траўня і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.

Гістарычныя падзеі 13 траўня

  • У 1986 годзе адкрыўся V з'езд Саюза кінематаграфістаў СССР, на якім першым сакратаром быў абраны рэжысёр Элем Клімаў. З "паліцы" былі знятыя раней забароненыя цэнзурай фільмы.

Хто нарадзіўся 13 траўня

  • 1879 год: Іван Серада, беларускі палітык і навуковец, першы старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
  • 1905 год: Стэфанія Станюта, беларуская актрыса.
  • 1933 год: Аляксандр Кішчанка, мастак, аўтар вядомага "Габелену стагоддзя".
  • 1949 год: Сяргей Краўчанка, беларускі акцёр.

Таксама сёння нарадзіліся амерыканскі пісьменнік-фантаст Роджэр Жалязны і французскі спявак Грэгары Лемаршаль.

13 траўня ў народным календары

Сёння праваслаўныя вернікі шануюць памяць апостала Іакава Завядзеева - аднаго з дванаццаці апосталаў, бліжэйшага вучня Ісуса Хрыста. У народзе яго называлі Якаў Цёплы, таму што да гэтага дня ўжо ўсталёўвалася добрае надвор'е. Жанчыны верылі, што дождж на Якава прадвяшчае шмат вяселляў увосень. 

13 траўня імкнуліся пазбягаць далёкіх вандровак. Лічылася, што ў гэты час вандруюць па свеце апошнія ліхаманкі, і каб зберагчы здароў'е, лепей было застацца дома.

Калі неба на захадзе яснае, лета будзе пагодлівае, калі ж сонейка сядае ў аблокі, будуць дажджы.

0
Тэги:
народны каляндар, які сёння дзень
Тэмы:
Які сёння дзень: каляндар знакавых падзей