Глушанскі хутарок-2018

Моўная хвілінка са Sputnik: род назоўнікаў

35
(абноўлена 12:47 08.10.2018)
У даведках для школьнікаў і іх бацькоў Sputnik разглядае правілы і найбольш складаныя аспекты вывучэння беларускай мовы. Сёння наша тэма – род назоўнікаў.

Назоўнікі ў беларускай мове маюць катэгорыю роду:

Мужчынскі род: бацька, дом, сон;

Жаночы род: маці, радзіма, сукенка;

Ніякі род: дзіця, сонейка, шчасце;

Агульны род: плакса, забіяка, сірата.

Вызначэнне роду назоўніка

Часам вызначыць род назоўніка бывае складана, калі слова запазычана з іншай мовы. У нескланяльных агульных назоўнікаў да мужчынскага роду адносяцца словы, якія называюць асоб і істот мужчынскага полу (самелье), тое ж самае правіла дзейнічае для асоб жаночага роду (лэдзі, мадам). Да ніякага роду адносяцца назоўнікі, якія называюць неадушаўлённыя прадметы (паліто, метро).

Род уласных назоўнікаў

Калі ўласны назоўнік не скланяецца, яго род вызначаецца па лексічным значэнні: так, Каларада – штат, слова штат – мужчынскага роду, таму і Каларада будзе мужчынскага роду і гэтак далей. Але калі ўласны назоўнік можна праскланяць, род вызначаецца па тыпе скланення: Прыпяць – жаночы род, Сож – мужчынскі.

Назвы населеных пунктаў множнага ліку не маюць катэгорыі роду: Баранавічы, Радашковічы, Ашмяны.

Скарачэнні і абрэвіятуры

У выпадку, калі абрэвіятура не скланяецца, яе род вызначаецца па апорным слове. Так, для БДУ (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт) гэта будзе слова ўніверсітэт: мужчынскі род, для БТ (беларускае тэлебачанне) – тэлебачанне: ніякі род.

Калі абрэвіятура або скарочанае слова можна праскланяць, род таксама вызначаецца па тыпе скланення: сяльгас, ЖЭС – мужчынскі род, Белкніга – жаночы.

Які боль: несупадзенні ў родзе ў беларускай і рускай мовах

Шмат словаў, якія ў рускай мове адносяцца да жаночага роду, мужчынскага роду ў беларускай і наадварот. Нажаль, правіла тут ніякага няма, гэтыя словы трэба проста запамятаць.

Мужчынскага роду:

  • Абаранак, ахапак, боль, гар, дроб, жаль, жывапіс, запіс, летапіс, медаль, накіп, насып, палын, перакіс, посуд, продаж, пачак, пыл, россып, сабака, сажань, стэп, фальш, цень, шаль, шынель (у рускай мове ўсе гэтыя словы жаночага роду), яблык, капыт (сярэдняга роду ў рускай).

Жаночага роду:

  • Апенька, гліцэрына, гусь, жырафа, зала, камода, кафля, кава, паводка, пара, півоня, салата, табака, таполя (у рускай мове мужчынскага роду).

Ніякага роду:

  • Брыво, лісце (у рускай мове жаночага роду), жазло, шво, шчаўе (па-руску – мужчынскага роду).
35
Тэги:
Беларуская мова, Беларусь
Каментары