Дзяўчына ў нацыянальнай вопратцы

Ступені параўнання прыметнікаў: моўная хвілінка са Sputnik

144
(абноўлена 11:30 24.09.2018)
У даведках для школьнікаў і іх бацькоў Sputnik разглядае правілы і найбольш складаныя аспекты вывучэння беларускай мовы. Сёння наша тэма – ступені параўнання прыметнікаў.

Якасныя прыметнікі, якія, што сведчыць з назвы, абазначаюць якасць прадмета, істоты або з'явы, могуць утвараць ступені параўнання.

Нельга ўтвараць ступені параўнання ад прыметнікаў, якія абазначаюць:

  • колер прадметаў праз іх адносіны да іншых прадметаў (ружовы, слівовы)
  • масць жывёлы (гняды, рабы)

А таксама ад прыметнікаў:

  • адносных і прыналежных (школьны, татаў)
  • складаных (бела-блакітны, шэра-зялёны)
  • якія маюць суфікс непаўнаты якасці -ават-, -яват- (малаваты, крываваты)
  • якія называюць колькасна нязменныя прыметы (жанаты, цяжарная)

Ступеней параўнання прыметнікаў усяго дзве: вышэйшая і найвышэйшая.

Вышэйшая ступень параўнання прыметнікаў

Вылучаюць дзве формы ўтварэння вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў: простая і складаная. У простай форме змяняецца пачатковая форма прыметніка, у складанай да яе дадаюцца словы "больш"/"менш", "болей"/"меней".

Простая форма можа ўтварацца з дапамогай суфіксаў —эйш-, —ейш- (высокі – вышэйшы, смелы – смялейшы). Выключэннем з'яўляюцца словы "малады" і "стары". Пры абазначэнні воінскіх званняў і дзяржаўных пасад ужываюцца формы "малодшы" і "старшы". Таксама ў дачыненні да сваякоў замацавалася ўжыванне формаў "малодшы" – "старэйшы" (брат).

Таксама вышэйшая ступень параўнання можа ўтварацца суплетыўна – ад іншага кораня з даданнем суфікса —ш-: добры – лепшы.

Словы, формы параўнання якіх утвараюцца суплетыўна, належаць да найбольш старажытнай лексікі, часта агульнай для ўсіх індаеўрапейскіх моў.

Найвышэйшая ступень параўнання прыметнікаў

У гэтай ступені таксама вылучаюць простую і складаную формы. Простая форма ўтвараецца ад вышэйшай ступені параўнання пры дапамозе прыстаўкі най-: лепшы – найлепшы, прыгажэйшы – найпрыгажэйшы.

Для ўтварэння складанай формы трэба да якаснага прыметніка дадаць словы "самы", "найбольш"/"найменш": самы прыгожы, найбольш зразумелы, найменш шкодны.

Таксама найвышэйшая ступень параўнання прыметнікаў утвараецца ад вышэйшай ступені пры дапамозе слоў "за ўсіх", "за ўсё", "сярод усіх": лепшы за ўсё, прыгажэйшы за ўсіх. 

Прыметнікі вышэйшай і найвышэйшай ступеняў параўнання з прыназоўнікамі

Пасля прыметнікаў у адной са ступеняў параўнання можа ўжывацца прыназоўнік "за": прыгажэйшы за яго, старэйшы за мяне. Таксама з дапамогай службовых слоў "як" і "чым" утвараецца параўнальны зварот: гэта правіла больш простае, чым апошняе; я не памятаю восені цяплей, як гэта. 

Не блытаць

Прыметнік "добры" можа ўтвараць вышэйшую форму параўнання як з дапамогай суфікса —эйш-, так і суплетыўна, але значэнні будуць рознымі. Так, "лепшы" ўжываецца ў значэнні "лепшы па якасці", а "дабрэйшы" – як характарыстыка рысы характару.

Прыназоўнік "вялікі" можа ўтвараць форму "найвялікшы", і яна будзе мець значэнне "выбітны, таленавіты (чалавек)".

144
Тэги:
Беларуская мова
Тэмы:
Вучым беларускую мову (31)