Селядзец

Посцім смачна: гатуем стравы з селядцом для навагодняга стала

87
(абноўлена 09:44 29.12.2018)
Этнограф Ларыса Мятлеўская вучыць гатаваць найсмачнейшыя стравы з любімым беларусамі селядцом.

У праваслаўных працягваецца пост, а наперадзе святкаванне Новага года і Раства Хрыстова. Селядзец адна з абавязковых дванаццаці посных страў на Куццю, таму прапаную прыгатаваць старадаўнія стравы з любімага амаль усімі беларусамі селядца.

Этнограф Ларыса Мятлеўская
© Photo : фота з асабістага архіва Ларысы Мятлеўскай

На вёсцы ніводнае свята не абыходзілася без селядца. Елі яго і па буднях з бульбай. Рыбіну з асалодай з’ядалі, а галаву, вантробы і хвост закопвалі ў краціныя норы, паколькі лічылася, што звярок не любіць  паху і сыходзіць прэч.

Як пісаў гісторык Алесь Белы ў сваёй кнізе "Нашы стравы", мода на селядзец найперш запанавала ў палякаў, паколькі яны мелі выхад да мора. Але і нашы продкі пазнаёміліся з гэтай рыбай яшчэ ў дахрысціянскія часы. Дзвіна стала тым першым шляхам, па якім селядцы траплялі ў Беларусь. Гэта лёгкая ў здабычы рыба была вельмі папулярнай паўсюдна. Легенда прыпісвае галандцу Вільяму Бэйкельсзону вынаходніцтва каля 1350 года спосабу хуткага патрашэння селядцоў, іх засолкі і шчыльнай укладкі ў бочкі проста на караблі. Такі спосаб значна зменшыў выдаткі на прамысловую здабычу і зрабіў селядцоў рыбай надзвычай таннай, даступнай кожнаму.

Так, у 1697 годзе, калі мінімальны штодзённы заробак наёмнага працаўніка ў Магілёве складаў 12-15 асмакоў – польскіх грошаў, самы танны селядзец каштаваў 2 асмакі. Выпадае, што за штодзённы заробак некваліфікаванага гараджаніна можна было набыць 6-7 селядцоў (1,5 кг), а мясцовы акунь каштаваў – 2, 5 асмакі, 1 лешч -24, 1 шчупак – 20 асмакоў. У пераліку на кілаграмы акунь выходзіў у два разы таннейшым, але селядзец усё ж заставаўся вельмі даступным – адзінай марской рыбай напрацягу стагоддзяў вядомай сярэдняму беларусу.

Сярод селядцоў існавала пэўная іерархія. Белы піша, што самыя танныя па цэнах 1697 года селядцы называліся "простымі", значыць вылаўленымі недзе паблізу Караляўца (Кракава) ці Рыгі. "Галяндэрскія" (галандскія) каштавалі ў 1,5 разоў даражэй – 1 залаты за дзесятак, бо іх лавілі ў Атлантыцы.

Але беларускія гаспадыні ў тыя часы ведалі як палепшыць смак таннай рыбы. У кнізе "Літоўская гаспадыня" можна навучыцца гатаваць хатняга ласося з вэнджанага сома, траску са шчупака ці судака, простага селядца так, каб ён быў гэткі ж далікатны, як галандскі.

"Галандскі" селядзец з "простага"

Інгрыдыенты:

  • 10 селядцоў
  • 1,5  літра воцату
  • 5 цыбулін
  • 13 г духмянага перцу
  • 6 г чонага гарошкам перцу
  • 10 лаўровых лістоў
  • 10 гваздзік

Як гатаваць:

Выпатрашанага селядца заліваюць халоднай вадой і выносяць на холад на 24 гадзіны.  На 1,5  літра воцату дадаюць цыбулю, прысмакі. Усё тры разы кіпяцяць, астуджаюць, кладуць туды  вымачаны селядзец і ставяць у халоднае месца.

Сельдь
© CC0 / Pixabay / mp1746
Селядзец звычайны

Дарэчы пасаліць самастойна свежую рыбу не складана і гаспадыні мінулага раілі рабіць гэта абавязкова пражанай соллю. Іначай рыба атрымаецца ліпкая і цвёрдая.

Каб селядцы доўга захоўваліся, іх моцна салілі. Перад ужываннем рыбу трэба было давесці да смаку, таму селядцы вымочвалі або ў малацэ, або ў вадзе.

Сяканка з селядца

Інгрыдыенты:

  • 2 селядцы
  • 3-4 бульбіны
  • 1 яблык
  • 250 г чэрствага чорнага хлеба
  • 0,5 цыбуліны
  • 1 ст лыжка аліўкавага алею
  • Цукар і лімон па смаку

Як гатаваць:

Добра вымачаныя селядцы і звараную загадзя бульбу прапусціць праз мясарубку, дадаць нацерты на тарцы яблык. Чэрствы чорны хлеб і палову цыбулі нацерці на тарцы і змяшаць з селядцамі. Дадаць па смаку цукар, лімон, алей і старанна вымешаць. Выкласці на талерачку ў форме рыбы, прыставіўшы галоўку і хвост селядца. Да стравы падаць аліўкавы алей і воцат.

Селядзец смажаны з грыбным соусам

Інгрыдыенты:

  • 5-6  селядцоў
  • 1 цыбуліна
  • 0,5 французскай булкі (багет)
  • 2 ст лыжкі мукі
  • 0,5 шклянкі аліўкавага алею
  • Спецыяльны соус

Як гатаваць:

З вымачаных селядцоў зняць скуру, выдаліць косткі, не пашкоджаны хрыбет адкласці ў бок. Мяса рыбы дробна пасекчы, дадаць трохі цыбулі і малокі з тых жа селядцоў. Вымачыць булку ў вадзе і адціснуць, перамяшаць усё гэта разам у аднародную масу і выкласці на селядцовыя косткі надаўшы форму цэлага селядца і асцярожна смажыць або пячы ў печы на алеі.

Сельдь жареная
© CC0 / Pixabay / mp1746
Смажаны селядзец

Як гатаваць соус:

Соус робяць з лімонам ці на бураковым расоле, з адваранымі і пакрышашымі грыбамі, заправіўшы мукой і алеем.

Для таго, каб соусы былі празрыстыя і мелі адпаведны колер, пры іх прыгатаванні трэба звярнуць увагу на падсмажванне мукі ў масле. Масла трэба растапіць і нагрэць у каструльцы. У растопленае масла кладуць патроху муку, пастаянна ўзбіваючы сумесь лыжкай, і падсмажваюць да ўтварэння аднароднай масы. Пасля гэтага здымаюць сумесь з агню, разводзяць булёнам, ставяць на невялікі агонь і ўзбіваюць калатоўкай або блэндарам да празрыстасці.

Для цёмнага - чырвонага, румянага або залацістага - соуса масла трэба падсмажваць мацней. Замест цэлых сухіх грыбоў можна выкарыстаць грыбны парашок, або свежыя грыбы.

У скаромны дзень можна пакласці ў фарш кавалак сырога масла, а булку размачыць у малацэ, а таксама ўбіць пару яек для звязкі масы. Смажыць тады можна на масле і маслам заправіць соус.

87
Тэги:
традыцыйная кухня, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Посцім смачна: самыя цікавыя і смачныя рэцэпты (16)
Ларыса Мятлеўская

Загадвалі жаданні і праважалі нябожчыкаў: што яшчэ рабілі беларусы праз вакно

294
(абноўлена 08:59 29.03.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра схаваны сімвалізм звычайнага праёма ў сцяне і вучыць мыць вокны пры дапамозе народных сродкаў.

Для нашых продкаў акно было не проста адтулінай у сцяне, якая служыла для асвятлення і вентыляцыі памяшкання – вокны атаясамліваліся з вачыма.

У народнай культуры значэнне акна суадносіцца з ідэяй пранікнення, якое можа быць не толькі міралюбівым, але і варожым. Так, напрыклад, калі ў хату праз вакно залятала птушка, гэта лічылася прадвесцем бяды, а калі яна проста стукала дзюбай у школа, гаспадарам варта было чакаць вестак.

У некаторых мясцовасцях Беларусі існавала традыцыя выносіць памерлых нехрышчоных дзяцей і дарослых нябожчыкаў, якія памерлі ад "гарачкі " не праз дзверы, а праз акно. У выпадку смерці ў доме на падаконнік ставілі ваду, каб "душа абмылася", туды ж ставілі чарку з гарэлкай і хлебам для нябожчыка.

Вёска Свяцілавічы
© Sputnik Альфрэд Мікус
Нашы продкі лічылі вокны вачыма дома

Праз вакно адбывалася і частаванне Марозу, калі на Каляды яго клікалі есці куццю. Увогуле, ежа, якая перадавалася праз вакно заўсёды мела сакральнае значэнне. Такі абмен дарункамі і пажаданнямі адбываўся яшчэ да нядаўняга часу паміж валачобнікамі і гаспадарамі хаты.

Археолаг Эдвард Зайкоўскі лічыць, што праз акно ажыццяўляецца сімвалічная сувязь са светам памерлых. У народзе верылі, што асабліва небяспечна пакідаць вокны адчыненымі  і не перахрышчанымі нанач, таму што тады праз іх могуць ўвайсці нябожчыкі і нячысцікі і задушыць спячых.

У легендах пра камяні-краўцы падкрэсліваецца, што матэрыял для пашыву адзення перадавалі змею-краўцу праз вакно і толькі праз яго атрымлівалі гатовыя вырабы.

З акном звязана і любоўная магія. Так на Каляды пры дапамозе солі, пастаўленай наччу на падваконне дзяўчына спрабавала даведацца аб будучым лёсе.

Таксама людзі верылі, што акно здольна выконваць жаданні. Лічылася, што калі ў адкрытае акно ці фортку пастаянна вымаўляць тое, чаго вельмі хочацца, гэта абавязкова спраўдзіцца.

Праз акно маглі ажыццяўляцца і злачынныя планы таму гаспадыні імкнуліся прадухіліць уздзеянне нядобрых, зайздросных позіркаў, паставіўшы на падакноннік вазон з чырвоным мушкатам (другая назва герані ці пеларгоніі - Sputnik).

Як упрыгожвалі вокны

У старажытнасці жытло будавалі практычна без вокнаў, якія мы прывыклі бачыць цяпер. Яны выглядалі, як невялікія адтуліны, зробленыя ў двух сумежных вянках сцяны, якія закрывалі драўлянай засаўкай, а пазней шклом. Гэтыя адтуліны называлі "валакавое акно" і нават цяпер уважлівы вандроўнік заўважыць гэтыя старажытныя акенцы ў сценах клецяў, хлявоў і нават сенцах. Калі нарэшце сталі рабіць вокны, а па сведчанні навукоўцаў, гэта адбылося даволі позна, іх з’яўленне суправаджалася пэўным дыскамфортам ад адкрытасці дома вонкавай небяспецы. Гэта трывога выяўлялася у падсвядомым і можа таму ў народным сонніку пазначана, што бачыць у сне акно да чакання:

  • Бачыць расчыненае акно – падарунак будзе, прыбытак;
  • Акно з пабітымі шыбамі – страты, беднасць; з чыстымі і цэлымі – шчасце, жыццё.

Колькасць вокнаў залежыла ад планіроўкі хаты. Звычайна рабілі два вакна ў падоўжанай сцяне, што выходзіла на двор, і адно ў тарцовай – на галоўным фасадзе. Такое размяшчэнне вокнаў спрыяла стварэнню ў хаце покуці або "чырвонага кута", у якім размяшчаліся абразы.

Да ўсяго ў народзе быў пашыраны звычай мець у хаце менавіта тры акны ў гонар святой Тройцы. Чацвёртае акно у глухой сцяне паміж печчу і галоўным фасадам рабілі толькі ў асобных мясцовасцях. Часта на кухні вакно ўстаўлялі насупраць вусця печы, што было зручна для гаспадыні, якая пачынала завіхацца каля яе з першымі промнямі сонца.

Вёска Свяцілавічы
© Sputnik Альфрэд Мікус
Тры вакны ў хаце рабілі ў гонар Святой Троіцы

Цікава, што ў некаторых мясцовасцях існавала правіла пытаць дазвол на павялічэнне колькасці вокнаў больш за тры не толькі ў святара, але і у вясковага сходу. У другой палове ХІХ стагоддзя , калі пачала мяняцца планіроўка жылля і хату пачалі падзяляць на залу і спальню, у тарцовай сцяне, што выходзіла на вуліцу, рабілі па два вакна. 

Увогуле, месца вакна на фасадзе і яго форма адыгрывала значную ролю ў стварэнні мастацкага аблічча будынка. Аканіцы, надаконныя і падваконныя ліштвы – традыцыйныя элементы аздаблення хаты, якія адрозніваліся ў адпаведнасці з этнаграфічным рэгіёнам Беларусі. Зараз традыцыя ўпрыгажэння вокнаў рознымі элементамі не так распаўсюджана, але і дагэтуль можна напаткаць цікавыя варыянты.

Рама звычайна мела ад 3 да 6 шыб, а пачынаючы з ХVІ-ХVІІ стагодзя ў шляхецкіх сядзібах – да 30 і болей. Да ХІХ стагоддзя замест шкла часта выкарыстоўвалі спецыяльна вырабленыя скуры, паперу, пухіры жывёл, палатно. Зімой вокны мелі дубальты (падвойныя рамы, - Sputnik), а знадворку, калі не было аканіц, іх прыкрывалі саламянымі матамі, каб лепш захоўвалася цяпло ў хаце. Такімі матамі ўцяплялі і дзверы.

Драўляныя створкі або аканіцы звонку зачынялі кожны вечар, але з цягам часу яны страцілі сваю ўтылітарную функцыю. Разам з ліштвамі аканіцы сталі дэкаратыўнымі элементамі ў абрамленні вакна.

Вёска Свяцілавічы
© Sputnik Альфрэд Мікус
У кожным рэгіёне Беларусі былі свае традыцыі ўпрыгажэння вокнаў

Асабліва ўпрыгожваліся ліштвы, на якіх можна было сустрэць разнастайныя ўзоры. Часта гэта кветкі і мудрагелістыя завіткі, але можна сустрэць і выявы зорак і сонца, птушак і цмокаў і іншае.

Такая аздоба адрозніваецца ў кожным этнарэгіёне Беларусі і, як і нацыянальны строй, з’яўляецца іх своеасаблівым пашпартам, унікальнай адметнасцю. 

Як памыць вокны народнымі сродкамі

Гаспадыні дбайна сачылі за чысцінёй шыб у вокнах. Іх чыстка была абавязковай перад Вялікаднем. Прытрымліваюцца такой традыцыі і многія сучасныя гаспадыні.

Вядома, што цяпер у краме можна набыць разнастайныя сродкі для чысткі шкла, хтосці ў ваду дадае гарэлку або кроплі аміяку і націрае шыбы да бляску старымі газетамі, вокны чысцяць нават ільняным алеем і крапівой.

У кнізе "Літоўская гаспадыня" Ганны Цюндзявіцкай, якая сабрала вопыт гаспадарчай дзейнасці сялян на пачатку ХІХ стагоддзя, ёсць цэлы шэраг парадаў для захавання вокнаў чыстымі і светлымі.

Каб шыбы не трацілі празрыстасці, нельга мыць іх вадой, асабліва раніцай ці ўдзень, бо сонечныя прамяні уздзейнічаюць на вільготнае шкло, псуюць яго і змяняюць колер.

Варта рабіць гэта ўвечары, а зранку яшчэ раз выцерці шыбы сухой анучай. Для лепшага выніку суконку трэба пасыпаць дробным мелам і выцерці шкло насуха.Перад выкарыстаннем мел трэба прасеяць, каб ён не пакідаў драпіны на шкле.

Чытайце таксама:

294
Тэги:
Беларусь, Народныя традыцыі, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў
Мед

Беларускія народныя рэцэпты ад прастуды

151
(абноўлена 09:20 31.03.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца цікавымі рэцэптамі і нагадвае, што з цяжкімі захворваннямі лепш не эксперыментаваць і звяртацца да доктара.

Нашы продкі для барацьбы з хваробамі выкарыстоўвалі тое, што было пад рукой. Для барацьбы з вясновымі прастудамі быў свой топ-3, у які ўваходзілі лазня, зёлкі і парады дасведчаных народных лекараў.

Спосабы лячэння некаторых хвароб нашымі продкамі апісаў у кнізе "Рэчыцкае Палессе" этнограф Часлаў Пяткевіч яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя. Магчыма часам камічныя рэцэпты маюць рацыянальнае зерне і могуць пашырыць досвед сучасніка, які цікавіцца народнай медыцынай.

Вядома ж, у век росквіту навуковай медыцыны варта заўсёды раіцца з доктарам, якому давяраеш і пры моцным захворванні звяртацца па дапамогу ў паліклініку, але азнаёміцца з вопытам продкаў будзе таксама карысна і цікава.

Пад прастуднымі захворваннямі у народнай медыцыне разглядалі такія хваробы, як грып, вострыя рэспіраторныя захворванні, ангіну, бранхіт, ларынгіт, пнеўманію, рэўматызм, фарынгіт і іншыя. Лічылася, што ў аснове гэтых хвароб ляжыць пераахалоджванне арганізму, якога і варта пазбягаць.

Пры першых знаках прастуды - павышэнні тэмпературы, галаўной болі, насмарке, кашалі, ламоце -  народныя лекары раілі выпіць паўшклянкі вады, ў якой трэба было размяшаць пяць кропляў ёду. Калі ногі мокрыя, іх неабходна было нацерці гарэлкай і надзець сухія шкарпэткі. Добра было паставіць на грудзі і спіну некалькі сухіх банак, выпіць дзве-тры шклянкі  гарачай гарбаты з імбірам і мёдам.

Каб зрабіць карысную гарбату правільна, трэба чвэрць шклянкі ачышчанага і нацёртага на тарцы імбіра заліць медам і ваць некалькі хвілін, не даводзячы на кіпення, бо гэта шкодзіць карысным уласцівасцям мёда. У кубак з кіпенем трэба дадаць палову чайнай лыжкі атрыманай сумесі і піць цёплым.

Имбирь
© CC0 / Pixabay/Couleur
Імбір - лепшы сродак для імунітэта

Такім рэцэптам карысталіся сучаснікі, бо ў нашых продкаў у зялёнай аптэцы імбіра не было. Яны пілі любую патагонную гарбату з ліповага цвету, бузіны, маліны. Затым народныя лекары раілі закутацца ў коўды і класціся спаць. Звычайна пасля такіх працэдур прастура сыходзіла.

Калі не, то на наступны дзень раілі нічога не есці, а толькі піць журавінавы морс або ваду, падкіслёную лімонам. На ноч цела націралі спіртавой настойкай ядлоўцу або бярозавых пупышак, калі такой не было, абціраліся карачай вадой з воцатам.

Перад сном можна было выпіць поўшклянкі хатняга віна з чорнай смародзіны, разведзенага  паловай шклянкі гарачай вады. Праз гадзіну хворы пачынаў пацець і тады трэба было памяняць бялізну, якую ўвогуле падчас прастуды мяняць трэба часта.

Далей варта было ізноў выпіць віно, а раніцай лёгка паснедаць і зноў выпіць таго ж віна, але без вады.

Калі прастуда суправаджалася моцным кашлем, для яго гатавалі настойку з палыну і гарэлкі: 20 грамаў палыну настойвалі ў 500 грамах гарэлкі як мага больш. Ужывалі такую мікстуру тры разы на дзень на адной лыжцы, але дзецям такія лекі не давалі.

Для лепшага выхаду макроты лічылася карысным ужываць сіроп брусніц, змешаны з цукрам ці мёдам.

Сезон брусники только начался, но она уже на прилавках
© Sputnik / Валерия Берекчиян
Кожная гаспадыня мела ў хаце запас брусніц

Добрым сродкам ад кашлю лічылася морква і рэдзька. Каб прыгатаваць лекавую сумесь палову сока морквы ці рэдзькі трэба было змяшаць з малаком і прымаць пяць-шэсць разоў на дзень.

Палескія народныя лекары пры прастудных захворваннях раілі ўжываць экстракт з маладых сасновых парасткаў і часта нюхаць шкіпінар.

Вось які рэцэпт лячэння хворага горла прыводзіцца ў кнізе Часлава Пяяткевіча: "Мёд добра перапалі разжараным гваздом, развядзі гарэлкаю дай палашчы тры разы ў дзень. Прыкладай к горлу цёрты хрэн або вужовае лініло з цестам. Таксама палошчуць горла адварам шалфея, а калі т.зв. завалкі (ангіна), то робяць кампрэсы з моцна нагрэтага аўса ці ячменю".

А так на Палессі лячыліся ад кашлю: "Напар ліповага цвету, напійся з мёдам да на печы добра спацей, то і пройдзе. Адвар каліны(цвету)  і маліны (ягад і карэння) таксама ўжываюць каб выклікаць паценне. Пры вельмі цяжкім кашалі хвораму прыкладваюць гарачыя цагліны ці камяні, загорнутыя ў анучы. Пры катары выкарыстоўваюць тыя ж самыя сродкі.што і пры кашалі, і ў дадатак раюць умывацца вельмі халоднаю вадою, асабліва мыць за вушамі і ўцягваць ваду ў нос". 

Липовый цвет
© Photo : pixabay.com
Гарбата з ліпавага цвеіу не толькі смачная, але і карысная

Часта ўвесну, калі дзьмуць халодныя вятры, узнікала такая хвароба як ячмень. Згодна з дадзенымі Чэслава Пяткевіча, "пры кожнай хваробе вачэй, а перш за ўсё пры запаленні павекаў, што называецца ячменем, выкарыстоўваюць прамыванне халоднай вадою і сырадоем. Кожны, хто спаткае хворага, дае яму хвігу, кажучы:

- У цябе ячмень усходзіць!

- Усходзіць, да не ўродзіць, - павінен быў адказаць хворы ".

Хваравітым людзям народныя лекары раілі ужываць бярозавы і кляновы сокі з невялікай колькасцю мукі ці крухмалу.

А вось як прастудныя захворванні лячылі паэтычным народным словам: "На Сіянскім моры едзе Марыя залатым мастом; залаты мост разбівала, на мора брасала, явара зварачала. З явара выйшла сем дзевак. Ох. Мора, мора валнавалася! Там сем дзевак чыталі, пісалі, прастуду ўгаворвалі, вадзяную. Ветраную, прастудзёную. Угаваралі з ручак, з ножак, з пальчыкаў, з сустаўчыкаў, з сярэдзінкі , із галавы, із вушэй, із ачэй.

Вы, угоднікі гасподнія, прыступайце, мне, рабе божай Настассі (імя знахаркі), прастуду ўгавараць памагайце, на Сіянскае мора ссылайце, дзе вецер не вее, сонца не грэе,, там прастудзе прабываць, каб яна там піла, ела, спала, у целе прыбывала".

151
Тэги:
Народныя традыцыі, Беларусь, Ларыса Мятлеўская
Кожнаму дасталася часцінка Жыватворнага агню

Набажэнствы напярэдадні Вялікадня пакажуць па тэлебачанні

0
(абноўлена 09:04 09.04.2020)
Усяго на каналах Белтэлерадыёкампаніі будуць паказаныя 11 набажэнстваў - як для каталікоў, так і для праваслаўных.

МІНСК, 8 кра - Sputnik. Прамыя трансляцыі велікодных набажэнстваў каталіцкай і праваслаўнай цэркваў пакажуць у эфіры беларускага тэлебачання, расказалі Sputnik у прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

На фоне распаўсюджвання каронавіруса многія, у тым ліку вернікі, хочуць засцерагчы сябе. Для выконваючых сацыяльнае дыстанцыяванне і самаізаляцыю арганізаваны прамыя трансляцыі велікодных набажэнстваў - і ў каталікоў, і ў праваслаўных.

Так, у чацвер 9 красавіка ў сем гадзін вечара на тэлеканале "Беларусь 3" пачнецца прамая трансляцыя набажэнства ў Вялікі чацвер з архікафедральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. У пятніцу 10 красавіка ў 23:20 на гэтым жа тэлеканале пройдзе прамая трансляцыя Крыжовага Шляху з Рымскага Калізея з удзелам Папы Рымскага Францыска.

Вечарам 11 красавіка, а 21:45, у эфіры "Беларусь 1" і "Беларусь 24" пакажуць трансляцыю набажэнства на Вялікдзень з архікафедральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. У нядзелю 12 красавіка ў 16:20 на "Беларусь 3" будзе транслявацца велікоднае пасланне і благаславенне "Гораду і свету" Папы Рымскага.

Прамая трансляцыя літургіі на праваслаўную Вербніца будзе паказана па "Беларусь 3" у нядзелю ў 09:50.

Трансляцыю Чыну амавення ног у праваслаўны Вялікі чацвер пакажуць апоўдні 16 красавіка. У пятніцу 17 красавіка на тым жа тэлеканале ў прамым эфіры будзе ісці Вячэрня з вынасам Плашчаніцы з Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора.

У наступную пятніцу ў 19:00 у эфіры "Беларусь 3" адбудзецца трансляцыя ютрані з чынам пахавання Плашчаніцы з Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора. У нядзелю ў 13:15 па "НТБ-Беларусь" пройдзе прамая трансляцыя з храма Гроба Гасподняга ў Ерусаліме з сыходжаннем Жыватворнага агню.

Нарэшце, 18 мая а 23:45 па "Беларусь 1" і "Беларусь 24" будзе паказаная прамая трансляцыя святочнага богаслужэння з Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора.

0
Тэги:
Беларусь, Вялікдзень
Тэмы:
Сустракаем Вялікдзень