Журавіны

Нованароджанае дзіця неслі дадому з ягадамі: як на Беларусі збіралі журавіны

93
(абноўлена 10:24 05.11.2019)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, як нашы продкі нарыхтоўвалі "чырвонае золата" і якімі яго ўласцівасцямі карысталіся.

Нашы продкі называлі журавіны чырвоным золатам, бо ведалі пра карысныя якасці гэтых ягад. Існавала некалькі назваў – журавіна, жураўліха і жураўліна.

Збор журавін
© AFP 2019 / Sergei GAPON

Навуковая ж назва гэтай расліны - "оксікокус", што з грэчаскай мовы перакладаецца як "кіслы шарык". Больш распаўсюджаная чым "жураўліха" руская назва "клюква" - яна паходзіць ад слова "клюкать", якое ў старажытных славян азначала рухі птушак, якія збіраюць ягаду.

Лічыцца, што беларуская назва "журавіны", абумоўлена тым, што на балотах, дзе расце гэта ягада, гняздуюцца журавы. Першыя еўрапейскія пасяленцы ў Амерыцы таксама звязвалі журавіны з гэтай птушкай і называлі іх "cranberry", што перакладаецца як "жураўліная ягада".

Не гледзячы на тое, што радзімай гэтага дробнага вечназялёнага паўхмызняка лічыцца Паўночнае паўшар'е, у Беларусі ягада сустракаецца паўсюдна на імшарах, у забалочаных імшыстых хвойніках, буйных масівах верхавых балот.

Пажыўныя і лекавыя ўласцівасці журавін, асабліва іх соку, вызначаюцца наяўнасцю арганічных кіслот, цукраў, пекцінавых, дубільных і фарбавальных рэчываў, мінеральных салей, мікраэлементаў і вітаміну С.

Журавінны морс і сіроп п’юць пры паніжанай колькасці вітамінаў у ежы вясной і восенню ці пасля цяжкіх захворванняў, аперацый, траўм, рэкамендуюць і пры розных запаленчых працэсах. Сокам прамывалі раны, язвы, лячылі кашаль, паніжалі тэмпературу. Ягады разам з мёдам выкарыстоўваюць пры прастудных захворваннях, рэўматызме, ангіне. Пры сасудзістых спазмах і ў пачатковай стадыі гіпертанічнай хваробы як лячэбны і прафілактычны сродак выкарыстоўваюць журавінавы сок у камбінацыі з бурачным.

Як і калі збіралі журавіны

Некаторыя аматары журавінаў адпраўляюцца на балоты ўжо на пачатку верасня, але тады ягады зелянаватыя і цвёрдыя. Самы лепшы час для збору – менавіта напрыканцы кастрычніка - на пачатку лістапада. Збіраць журавіны можна і ўвесну, але такія ягады амаль цалкам пазбаўлены вітамінаў, губляюць частку сваіх лекавых якасцяў, хаця па смаку яны лепшыя за восеньскія, таму што ўтрымліваюць больш цукру.

Сбор клюквы на плантациях ОАО Полесские журавины
© Sputnik / Сергей Лескеть /
А так збіраюць журавіны зараз

Што ж тычыцца тэрміну захоўвання восеньскага збору ў свежым выглядзе, то ён, дзякуючы ўтрыманню бензойнай кіслаты, дасягае двух гадоў. Звычайна да новага ўраджаю журавіны захоўвалі ў халодных пакоях пры тэмпературы 4-5 градусаў у плеценых кашах або ў драўляных бочках з кіпячонай вадой, якую падлівалі па меры яе выпарэння.

Збіраць журавіны ў балоце справа не лёгкая. На Століншчыне жанчыны адпраўляліся на балота вялікімі групамі і збіралі журавіны ў плоскія лубяныя кашы-каробкі. Назбіраўшы поўны кош, ягаду высыпалі ў вялікую хустку, якую звязвалі рагамі паміж сабой так, каб утварыўся заплечнік. У выніку жанчына мусіла насіць на сабе вялікі цяжар. Па ўспамінах старых паляшучак, у сезон на балота адпраўляліся ўсе, хто мог, каб выручыць за сабранае "чырвонае золата" як мага болей грошай, якіх сям’і хапала на доўгі час. Бывалі выпадкі, калі ў балоце нараджаліся дзеці і жанчына ў фартуху несла дадому немаўля, не кідаючы пры гэтым сабраныя журавіны.

Як прыгатаваць журавінавы сок

У хатніх умовах хворым даюць журавінавы сок, разведзены вадой. Прыгатаваць яго не цяжка: ягады здрабняюць драўляным таўкачыкам у ступцы і выціскаюць сок, адціснутыя жамерынызноў змешваюць з вадой і яшчэ раз выціскаюць. Затым сок фільтруюць праз марлю, награюць у эмаліраваным посудзе да кіпення і адразу расфасоўваюць.

Яблоки и клюква
© Sputnik Людмила Янковская
Гаспадыні гатуюць з журавін шмат дэсертаў, дадаюць іх да мяста і кіслай капусты

Журавінавы сок у роўных частках можна змешваць з бураковым і ужываць напой, які атрымаецца, пры цукровым дыябеце, гіпертаніі і атэрасклерозе. Лекавы напой атрымаецца таксама, калі змяшаць журавінавы сок з бульбяным і маркоўным.

Трэба памятаць, што журавіны супрацьпаказаны пры язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі, пры гастрытах з павышанай сакрэцыяй. Карыстаючыся рэцэптамі народнай медыцыны, варта заўсёды параіцца з вашым урачом.

93
Тэги:
Народныя традыцыі, Беларусь, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (74)

Цiкавосткi