Старажытны абрад

Ганна піва варыць, або Піўныя перадкалядныя клопаты на Ганну

140
(абноўлена 09:30 19.12.2019)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра традыцыі піваварэння ў Беларусі і культуру піцця гэтага напою, а таксама дзеліцца народнымі рэцэптамі.

У народным календары Ганны або Ганкі святкуюць 22 снежня і на гэты ж дзень прыпадае астранамічнае зімовае сонцастаянне. У народзе казалі, што на Ганны прыбавіцца багата дня. Гэтай акалічнасцю карысталіся перш за ўсё каб паспець завяршыць да Каляд гаспадарчыя справы: напрыклад, пачаць варыць піва, калі тое яшчэ не зроблена на Міколу зімовага.

У Беларусі піва пілі, як ваду

Гісторыя прысвятка Ганны цесна пераплецена з народным усведамленнем, што святыя ходзяць па зямлі і робяць учынкі, характэрныя для звычайнага чалавека. Так, беларусы Смаленшчыны пра прысвяткі ў канцы года распавядалі, быццам бы Варвара, Саўка, Мікола і Андрос ішлі разам, а Ганна, збіраючы кветкі, ад іх ад адстала. Вось і святкуюць гэты прысвятак напярэдадні Каляд, да якіх Ганна ўжо "пашчытала дзянькі". З гэтага да Раства застаецца роўна два тыдні, і хутка калядоўшчыкі заспяваюць гаспадару пад вакном: "... дай табе Божа, пане гаспадару, піва варыці, сыноў жаніці..."

Гульні на Каляды
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Хутка па хатах пойдуць калядоўшчыкі, якіх трэба частаваць

Па часе ўжывання піва называлася пакроўскім, змітроўскім, міхайлаўскім, мікольскім. У старажытных літоўцаў і беларусаў гэты прыемны, ласы і здаровы напітак быў святочным, абрадавым пітвом, які, дарэчы, не дурманіў галавы. Мусіць літоўскае піва было мацнейшае за тое, што варылі на беларускіх землях, бо ў в. Малькуны, што ў Ігналінскім раёне (Рэспубліка Летува) беларусы казалі: "На Літве робяць моцную піву". Дарэчы, традыцыя варыць хатняе піва да вяселля захавалася ў суседняй Літве да нашых дзён.

Піва пілі на хаўтурах і хрэзбінах, на сватаўстве, Калядах, Купаллі, іншых вялікіх каляндарных святах і, вядома ж, на вяселлі. Прысутнасць піва на якім была абавязковай і звыклай, пра тое выразна сведчаць словы старажытных народных песень, якія часта падобны да інструктажу па піваварэнні:

"Як жа мне жаніцца – ячмень на ніўцы,
Ячмень на ніўцы, хмель на тычынцы.
Восені прыжду – ячменю нажну,
Хмелю нашчыплю – піва навару,
Піва навару – дзевак напаю,
Прыгажэйшую за сябе вазьму".

У кожнай мясцовасці быў свой гатунак гэтага папулярнага напітку. Але ў большасці з іх прысутнічала чатыры асноўныя інгрыдыенты: ячмень, хмель, вада і дрожджы. 

У сярэдзіне ХІХ ст. на Віцебшчыне яшчэ захоўвалася ва ўжыванні "простае" ячменнае піва, якое рабілася на піваварных заводах або хатнімі сродкамі да восеньскіх і зімовых свят. Панскія маёнткі звычайна мелі ўласныя "піварні" (піваварні). Часта піва варылася некалькімі сем'ямі або вёскай, і інгрыдыенты для яго збіраліся ў складчыну і здаваліся на бліжэйшую піваварню. Адтуль яны атрымоўвалі гатовы прадукт, які дзялілі прапарцыянальна здадзенаму ячменю. Потым залівалі ў баклажкі і глякі альбо барылкі. Захоўвалася піва і ў бочках, аб якіх ў народзе склалі загадку: "Паненачка сік-сік, а паночак тык-тык" (піўная бочка і шпунт-затычка).

У Склепе  ўсё так, як і было ў Якуба Коласа
© Sputnik Віктар Талочка
Піва, як і ўсе нарыхтоўкі, захоўвалася ў склепе

Смакавыя якасці такога піва былі высокія. Яшчэ лепшым лічылася піва марцовае, якое вызначалася вялікім тэрмінам вытрымкі, было густое, больш цёмнае і саладкаватае на смак. А вось як Адам Багдановіч узгадваў чарэйскае піва: "Да гэтага часу не магу забыць цудоўнага чарэйскага піва, пеністага, іскрыстага, смачнага, так прыемна казытаўшага паднябенне" (в. Чарэя Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.).

Цікавінка. Аб ужыванні піва ў даўніну гісторык А. Белы ў нарысе "На хвалу піва" піша, што ў Польшчы, Літве, Беларусі яно лілося як вада і вадой грэбавалі, што пры тагачаснай санітарыі было даволі абгрунтаваным. Берасцейскі кашталян Марцін Матушэвіч у сярэдзіне XVIII ст. занатаваў у дыярушы: "Піва не было, таму пілі толькі ваду, з чаго ўпаў у вялікую флегму і пачаў на здароўе слабець".

Хлеба і піва

Лічаць, што нават прыгонны селянін у тыя часы выпіваў 100 літраў піва за год. Стандартнай штодзённай нормай шляхціча лічылася каля 2,8 літра, што за год складала да 700-1000 літраў.

"Устава на валокі" (дзяржаўны прававы дакумент у ВКЛ) прызнавала піва такім самым прадуктам штодзённага спажывання, як і хлеб. У XVIII ст. падчас абавязковай чатырохдзённай талакі панскі двор быў абавязаны забяспечыць парабкам "хлеб і піва".

Нездарма яго называлі "вадкім хлебам" ужывалі асобна і нават тады, калі гатавалі на яго аснове цюпкі і іншыя разнастайныя супы з дадаткам хлеба ў розных выглядах. Цюпкі – вадкая страва, ў якую цюпяць (крышаць рукамі) рэшткі хлеба, скарынкі, сухары і інш.

Сёння ў крамах можна набыць піва розных гатункаў у тым ліку і не пастэрызаванае, вырабленае на невялікіх прыватных піварнях і прыгатаваць на іх аснове разнастайныя супы на піве. Але само піва можна прыгатаваць і ў хатніх умовах. Вось цудоўны рэцэпт з кнігі А. П. Вашчанкі "Беларуская нацыянальная кухня". Практычна ўсе інгрыдыенты можна набыць у краме.

Піва хатняе

400г падсушанага аржанага хлеба, 400г падсушанага белага хлеба, 300г аржанага ферментаванага соладу, 25 г свежых дражджэй, 3 ст. лыжкі цукру, 100 г хмелю, 4 г карыцы, 0,5 ч. лыжкі парашку гваздзікі, 5 г солі, 25 г соды, 6 л мяккай вады.

Хлеб парэзаць на кавалкі, падсушыць, пасыпаўшы соллю і парашком гваздзікі. Пакласці кавалкі хлеба ў вялікі рондаль, дадаць карыцу і солад. У палове шклянкі цёплай вады развесці дрожджы, дадаць 1,5 вады, размяшаць і пакінуць у цёплым месцы на двое сутак.

Хлеб абдаць кіпенем і высыпаць у раствор, 2 лыжкі падсмажыць да карычневага колеру (або выкарыстаць цёмны трысняговы), дмдаць у рондаль (каструлю з доўгай ручкай), даліць 4,4 л вады з содай і пакінуць у цяпле на суткі.

Атрыманы раствор прафільтраваць, разліць у бутэлькі, закаркаваць і пакінуць у цёплым месцы на 3 дні, а потым вынесці на холад. Праз два тыдні піва будзе гатова і можна частаваць калядоўшчыкаў!

Посная граматка альбо фармушка з піва (старапольская кухня)

1 л светлага піва,120 г мякіша шэрага аржанага хлеба, 1 ст. лыжка вяршковага масла,  1/3 ч. лыжкі кмену, соль па смаку, 50-80г цукру, 1/2л вады.

У паліваную каструлю наліць 1 літр светлага піва і ўскіпяціць з 120 г мякіша шэрага аржанага хлеба, дадаць 1 ст. лыжку масла, 1/3 чайнай лыжкі кмену, шчопаць солі і 50-80 г цукру. Калі суп закіпіць, працерці яго скрозь сіта і разбавіць ½ л кіпеню.

140
Тэги:
Народныя традыцыі, Рэцэпты
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (95)
Купальскія песні: на Купала сонца гуляла

Купальскія песні: на Купала сонца гуляла

901
(абноўлена 16:11 06.07.2020)
У таямнічую купальскую ноч вясковая моладзь збіралася вакол вогнішча і спявала традыцыйныя купальскія песні.

Песні – неад'емная частка не толькі жыцця беларуса, але і абрадавага цыклу. З адмысловымі спевамі дзяўчыны збіралі зёлкі, звівалі іх у вяночкі, варажылі і вадзілі карагод вакол вогнішча.  

Купальскае вогнішча звычайна ладзілі каля ракі або поля, на выгане або нават на галоўнай плошчы мястэчка. Хлопцы збіралі галлё, салому і складвалі высокае вогнішча. Лічылася, што калі пераскочыць праз яго, агонь ачысціць усё дрэннае, што было дагэтуль, і прынясе ўдачу.

Галоўныя матывы купальскіх песень – будучы ўраджай і, зразумела, каханне. Жыта ўжо стаіць высокае, наліваюцца каласы, а кароткія ночы – самыя цёплыя ў годзе. Спавалі на Купалле і жартаўлівыя песні, у якіх можна заўважыць не толькі абрадавыя матывы, але і звесткі пра штодзённае жыццё і зносіны беларусаў.

Купальскія песні сабраў у сваёй манаграфіі беларускі фалькларыст Арсень Ліс. Sputnik прыводзіць некаторыя з гэтых песень – мабыць, вы нават ведаеце матыў?

901
Тэги:
Традыцыі і абрады, песні, Купалле
Як святкуюць Купалле ў Беларусі

Як святкуюць Купалле ў Беларусі

1261
(абноўлена 10:28 06.07.2020)
Старажытнае свята адзачаецца ў час летняга сонцастаяння, калі прырода квітнее, а цёплыя ночы – самыя кароткія.

Купалле, якое святкуецца ў ноч з 6 на 7 чэрвеня, вядома як свята ўшанавання сонца і жыватворных сіл прыроды з даўніны, але з прыходам хрысціянскай традыцыі на беларускія землі яно набыла шэраг дадатковых сэнсаў. У выніку свята супала з днём нараджэння Іаана Хрысціцеля – назва "Купалле" асацыявалася са словам "купаць", "апускаць у ваду", як пры абрадзе хрышчэння. Так старажытнае Купалле ператварылася ў Івана Купалу.

Лекавыя зёлкі і варожбы на вянках

Рыхтавацца да святочнай ночы пачыналі ад самай раніцы: дзяўчыны і жанчыны ішлі ў поле, спявалі абрадавыя песні і збіралі зёлкі, якія ў гэты дзень нібыта набывалі не толькі лекавыя, але і магічныя ўласцівасці. Гаючыя зёлкі звычайна свяцілі ў царкве. Дадому іх прыносілі цэлымі снапамі, упрыгожвалі хату, пакідалі сушыцца і, канешне, плялі вянкі з кветак.

Купалле ў Ракаве 2019
© Sputnik Альфрэд Мікус
Дзяўчыны і жанчыны ішлі ў поле, спявалі абрадавыя песні і збіралі зёлкі

На вянках варажылі: дзяўчыны кідалі іх у ваду і глядзелі, да якога берага паплыве вянок – туды і замуж пойдзе. Далучаліся да варажбы і хлопцы: пара разам кідала вянкі ў ваду: калі яны плылі побач, у сям'і ўсё будзе добра, калі ж адплывалі адзін ад аднаго – ладу не будзе.

Дрэнным знакам лічылася, калі вянок тануў – гэта лічылася прадвесцем цяжкай хваробы або нават смерці.

Купальскае вогнішча

Пакуль дзяўчыны плялі вянкі, хлопцы збіралі дровы і салому для вогнішча. Яго запальвалі звычайна каля вялікага дрэва, на беразе ракі, побач з полем, на выгане або нават на галоўнай плошчы мястэчка, калі яно было вялікім.  

З купальскім вогнішчам звязаныя цікавыя абрады. Так, лічылася, што калі пераскочыць праз яго, можна ачысціцца ад усяго дрэннага, што накапілася на працягу года. Калі пара пераскочыць вогнішча, узяўшыся за рукі, яны ўжо ніколі не расстануцца.

Скакалі праз вогнішча і дзяўчаты, каб паваражыць на замужжа: калі да спадніцы прычэпіцца некалькі іскарак, хутка да яе прыедуць сваты. Агонь купальскага вогнішча прыносілі да сябе і запальвалі ад яго печ, каб захаваць часцінку яго дабраславення.

Вакол вогнішча вадзілі карагоды, пелі купальскія песні, а калі станавілася зусім цёмна, ішлі шукаць папараць-кветку.

Разумець звяроў і птушак і знайсці ўсе скарбы

Магічная кветка, па ўяўленнях беларусаў, магла дапамагчы таму, хто знойдзе яе, размаўляць з усімі звярамі і птушкамі, а таксама адкрые яму, дзе схаваныя старажытныя скарбы. Квітнее яна толькі адну ноч у годзе – на Купалле, і да таго ж – усяго некалькі секунд. Знайсці яе вельмі няпроста, ды і не кожнаму яна даецца ў рукі.  

Раніцай дзяўчыны ішлі умывацца расой – лічылася, што яна надоўга захавае прыгажосць.

1261
Тэги:
Купалле
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (95)
Значна складаней, чым чакалі: мама абітурыента аб ЦТ ва ўмовах COVID-19

"Значна складаней, чым чакалі": мама абітурыента аб ЦТ ва ўмовах COVID-19

0
(абноўлена 12:57 07.07.2020)
Распрацоўшчыкі тэстаў для ЦТ у гэтым годзе "трохі перастараліся" з іх складанасцю, а бацькоўскія асцярогі за здароўе дзяцей ускладніла духата ў аўдыторыях, пры якой "у масцы доўга не ўседзіш", расказала педагог і мама абітурыента Ганна Граноўская.
"Гораздо сложнее, чем ожидали": мама абитуриента о ЦТ в условиях COVID-19

Напярэдадні, 6 ліпеня, беларускія абітурыенты здавалі ЦТ па замежных мовах, па агульнай колькасці зарэгістраваных гэта адно з трох самых масавых выпрабаванняў нароўні з рускай мовай і матэматыкай.

Да гэтага абітурыенты ўжо здалі ЦТ па беларускай і рускай мовах, грамадазнаўстве, матэматыцы і біялогіі. Шэраг выпрабаванняў прыйшоўся на вельмі гарачыя дні, з-за чаго эпідэміялагічная бяспека "забяспечвалася як атрымаецца", адзначыла субяседніца Sputnik.

"Вядома, выкладчыкі і адміністратары былі ў масках, рабят таксама прасілі надзець маскі, але калі духата ў памяшканні, зразумела, нават самыя ўстойлівыя маску здымалі праз пяць хвілін. Добра было б падаваць аўдыторыі, у якіх ценявая бок, але так не заўсёды атрымлівалася" , - дадала Граноўская.

Са складанасцю "перастараліся"

Дзеля справядлівасці, у адным памяшканні падчас выпрабаванняў знаходзілася абмежаваная колькасць абітурыентаў, рабяты былі раззасяроджаныя па розных аўдыторыях, але ўсё роўна было вельмі душна, і ў такіх умовах абитурыенты знаходзіліся не менш за дзве гадзіны, а многія і даўжэй, паколькі прыехалі загадзя, распавяла суразмоўца.

"Па водгуках хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ў мінулым годзе здавалі, і параўноўваючы з тым, што было на РТ, значна складаней. Вядома, было нямала здзіўлення, калі трапляліся заданні, і разумелі, што трэба проста адгадваць, гэта агульнае меркаванне рабят, якія здавалі тую ж матэматыку, яны казалі, што было значна складаней, чым чакалі. І па англійскай трапляліся такія заданні. У цэлым дзеці ведалі, на што ішлі, але ЦТ адрозніваецца ад рэпетыцыйнага і леташняга", - сказала Граноўская.

Таксама ў размове - колькі праўды ў байках пра тое, што "вынік ЦТ можна наторкаць", ці патрэбныя рэпетытары для падрыхтоўкі да ЦТ або стаіць паступаць "сваімі сіламі", падрабязнасці ў аўдыёзапісы.

0
Тэги:
Уступная кампанія, ЦТ, Беларусь
Тэмы:
Абітурыент - 2020