Камар

Беларускія народныя рэцэпты: як абараніць сябе ад укусаў камароў

44
(абноўлена 10:36 24.06.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, навошта, згодна з народнымі паданнямі, камары кусаюць людзей і як ратавацца ад крывасмокаў.

Прыгожы летні вечар каля вогнішча разам з сям’ёй і сябрамі не можа сапсаваць нічога. Нічога, акрамя камароў ці астатняй жамяры.

У беларускім фальклоры немала цікавых легенд, паданняў, прыкмет, звязаных з жамярой, а ў народнай медыцыне шмат спосбаў лячэння іх укусаў.

Народнае паданне распавядае, што жамяра з’явілася ў выніку спаборніцтва паміж Богам і чортам, які пільна назіраў за богавымі дзеяннямі. Так, ствараючы птушак, Бог узяў жменю пяску, кінуў яго на вецер і сказаў: "Ляцеце, усялякія птушкі", і птушкі паляцелі і пачалі спяваць, і весела цыркаць. Чорт вырашыў, што ён таксама так можа і гэтым зраўняецца з Богам. Узяў жменю пяску, шыбануў яго ўгору і кажа: "Ляціце", а хто – забыў сказаць...

"А тут як сыпануць мошкі, камары, авады да ўсялякі гнюс, як нападуць на чорта ды давай яго рэзаць, дык ён круціўся-круціўся, бегаў-бегаў, а яны следам за ім роем. Бачыць ён, што няма чым іх суняць, разагнаўся, да боўць у ваду. Камары да мошкі туды да давай пільнаваць, покуль ён вылезе з вады. От затым і да гэтага часу камары, мошкі да ўсялякі гнюс заўсёды снуе да ўецца над вадою".

У народзе прыкмецілі, што ўлетку камары з’яўляюцца і знікаюць у пэўны час, які адпавядае ў народным календары тэрміну ад Пятра - 29 чэрвеня - да Спасу - 19 жніўня.

Вось які аповед аб гэтым  быў запісаны этнографам Чаславам Пяткевічам у Рэчыцкім Палессі: "Камары, ведамо, найгорш надаядаюць пеючы: дзядзечка, дай, дай. Ось як толькі прыйшоў святы Пятро, дак яны зараз к яму прыляцелі да й кажуць: - Святы Пятро, заплаці нам за песню!

- Ета не маё дзела, - кажа святы Пятро, - ідзіце к святому Іллі. Як жа даждаліся святога Іллі, дак прыляцелі дай сваё правяць:- Святы Ілля, заплаці нам за песню! - Ета не маё дзела, - кажа святы Ілля , - ідзіце к святомуСпасу. - Эге! - кажуць. - Покуль прыйдзе Спас, то не будзе і нас".

Навошта кусаюцца камары: народная версія

Існавала перакананне, што камару не патрэбна чалавечая кроў і ён пад прымусам здабывае яе дзеля асобай змяі, якая ўвасабляла сабой галоўнага ворага чалавечага роду. Гэта змяя быццам бы не магла сама здабыць той крыві і таму за яе тое павінны быў рабіць камар. Напіўшыся крыві ён прысядаў на імгненне, развітваўся са светам, а пасля ляцеў проста ў пашчу змяі, дзе знікаў назаўсёды.

Лічылася, што не ўсе камары кусаюць людзей, а толькі тыя, якім надакучыла жыццё, бо калі камар наесца людской крыві, то хутка здыхае.

Але ёсць і інакшыя камары, якія чалавеку не робяць шкоды. Часам увесну можна назіраць, як яны таўкуцца на значнай вышыні і ў народзе кажуць, што “камары мак таўкуць". Калі такое заўважалі, то казалі, што назаўтра будзе цёпла, а гаспадыні верылі – калі з-пад камарынай хмаркі ўзяць жменю зямлі і рассыпаць яе па градах, то гародніна будзе высока паднімацца. Карысна таксама класці такую зямлю ў гняздо квактухі, каб былі надзейныя вывадкі. Яшчэ верылі, што такія бязкрыўдныя камары нібыта душы памерлых, якія выпушчаны на прагулку і перасушку.

У барадзьбе з камарамі і мухамі чалавеку ўдзень дапамагаюць стракозы, якіх у народзе называюць "бабкамі" і за тое іх шануюць. Гаспадыні заўважалі, што вялізарная колькасць гэтых насякомых прадракае ўраджай агуркоў і іншай агародніны.

Уначы над камарамі валадараць кажаны. Лічыцца, што калісці мышы згрызлі праскурку і за тое Бог ператварыў іх ні то ў птушку, ні то ў звера. Ён зрабіў так, каб тая мыш удзень нічога не бачыла, а як добра змеркнецца лавіла камароў і мошак. "Затым то яна ўвесь дзень сядзіць схаваўшыся, а ўночы лятае панадворку, цыркаючы паціхоньку, як мыш, кеб камарнеча не баялася птушкі, бо яна быццам то мыш", - тлумачыцца ў кнізе Часлава Пяткевіча "Рэчыцкае Палессе".

Там, дзе ёсць лясы, камары з’яўляюцца сапраўдным бедствам не толькі для хатняй жывёлы, але і для дзікіх звяроў. У народзе прыкмецілі, што асабліва ад камароў пакутуюць зайцы, якія ратуючыся выскокваюць з лесу ў поле і качаюцца па траве. Паляўнічыя, карыстаючыся няўвагаю звера, забіваюць яго. Такі спосаб палявання меў спецыяльную назву: "Убіць зайца з-пад камароў".

Народныя сродкі ад камароў

Вядома ж пакутавалі ад камароў і людзі. На пачатку ХХ стагоддзя амаль адзіным паспяховым сродкам барацьбы з гэтым насякомым у памяшканнях лічыўся дым з добра высушанай дубовай губы – скрыпель - якая тлела ў вясковай хаце часам проста на глінянай падлозе або ў глінянай плошцы. Пры адсутнасці губы ўжывалі сасновыя шышкі, якія лічылі менш эфектыўнымі. Падчас абкурвання хаты частка камароў, адурманеная дымам падала на зямлю, а рэшта вылятала праз дзверы і адчыненыя вокны. Камароў, якія пры абкурванні сядзелі на столі і сценах, час ад часу зганялі палатнянай анучай ці мятлой. У гэтай супрацькамарынай аперацыі ўдзельнічала ўся сям’я. Каля хлявоў пры даенні кароў у перыяд найболшага размнажэння "камарнечы" распальвалі вогнішчы з вільготнага леташняга лісця, а паляўнічыя, што палявалі вечарамі на качараў у пералёце, ратаваліся дымам з люлек.

Акрамя абкурвання дымам, каб адагнаць мух, камароў, аваднёў, лясных кляшчоў і іншай жамяры ў некаторых мясцовасцях карысталіся тлушчам рыбы, якім перш, чым ісці ў лес ці на балота, абмазвалі ўсе адкрытыя часткі цела. Пазней, з гэтай жа мэтай у сярэдзіне ХХ стагоддзя быў вельмі папулярны адэкалон "Гвоздика".

Калі ж здаралася быць абкусаным крывасмокамі і месцы ўкусаў моцна свярбелі і прыпухалі, то знахары раілі змазаць іх уласнай слінай або чыстым шкіпінарам. Таксама націралі сырой бульбай, сокам кветак календулы, сокам лісця пятрушкі, часнаком, прыкладалі ліст трыпутніка. Калі праз дзень сверб не сунімаўся, рабілі накладкі з мокрай харчовай соды. Каб сода не высыхала, яе замацоўвалі вільготнай марляй і мянялі павязку кожныя 3 гадзіны. Але самая галоўная ўмова ў лячэнні – не часаць месцы ўкусаў.

44
Тэги:
Беларусь, Народныя традыцыі, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (95)
Купальскія песні: на Купала сонца гуляла

Купальскія песні: на Купала сонца гуляла

899
(абноўлена 16:11 06.07.2020)
У таямнічую купальскую ноч вясковая моладзь збіралася вакол вогнішча і спявала традыцыйныя купальскія песні.

Песні – неад'емная частка не толькі жыцця беларуса, але і абрадавага цыклу. З адмысловымі спевамі дзяўчыны збіралі зёлкі, звівалі іх у вяночкі, варажылі і вадзілі карагод вакол вогнішча.  

Купальскае вогнішча звычайна ладзілі каля ракі або поля, на выгане або нават на галоўнай плошчы мястэчка. Хлопцы збіралі галлё, салому і складвалі высокае вогнішча. Лічылася, што калі пераскочыць праз яго, агонь ачысціць усё дрэннае, што было дагэтуль, і прынясе ўдачу.

Галоўныя матывы купальскіх песень – будучы ўраджай і, зразумела, каханне. Жыта ўжо стаіць высокае, наліваюцца каласы, а кароткія ночы – самыя цёплыя ў годзе. Спавалі на Купалле і жартаўлівыя песні, у якіх можна заўважыць не толькі абрадавыя матывы, але і звесткі пра штодзённае жыццё і зносіны беларусаў.

Купальскія песні сабраў у сваёй манаграфіі беларускі фалькларыст Арсень Ліс. Sputnik прыводзіць некаторыя з гэтых песень – мабыць, вы нават ведаеце матыў?

899
Тэги:
Традыцыі і абрады, песні, Купалле
Як святкуюць Купалле ў Беларусі

Як святкуюць Купалле ў Беларусі

1254
(абноўлена 10:28 06.07.2020)
Старажытнае свята адзачаецца ў час летняга сонцастаяння, калі прырода квітнее, а цёплыя ночы – самыя кароткія.

Купалле, якое святкуецца ў ноч з 6 на 7 чэрвеня, вядома як свята ўшанавання сонца і жыватворных сіл прыроды з даўніны, але з прыходам хрысціянскай традыцыі на беларускія землі яно набыла шэраг дадатковых сэнсаў. У выніку свята супала з днём нараджэння Іаана Хрысціцеля – назва "Купалле" асацыявалася са словам "купаць", "апускаць у ваду", як пры абрадзе хрышчэння. Так старажытнае Купалле ператварылася ў Івана Купалу.

Лекавыя зёлкі і варожбы на вянках

Рыхтавацца да святочнай ночы пачыналі ад самай раніцы: дзяўчыны і жанчыны ішлі ў поле, спявалі абрадавыя песні і збіралі зёлкі, якія ў гэты дзень нібыта набывалі не толькі лекавыя, але і магічныя ўласцівасці. Гаючыя зёлкі звычайна свяцілі ў царкве. Дадому іх прыносілі цэлымі снапамі, упрыгожвалі хату, пакідалі сушыцца і, канешне, плялі вянкі з кветак.

Купалле ў Ракаве 2019
© Sputnik Альфрэд Мікус
Дзяўчыны і жанчыны ішлі ў поле, спявалі абрадавыя песні і збіралі зёлкі

На вянках варажылі: дзяўчыны кідалі іх у ваду і глядзелі, да якога берага паплыве вянок – туды і замуж пойдзе. Далучаліся да варажбы і хлопцы: пара разам кідала вянкі ў ваду: калі яны плылі побач, у сям'і ўсё будзе добра, калі ж адплывалі адзін ад аднаго – ладу не будзе.

Дрэнным знакам лічылася, калі вянок тануў – гэта лічылася прадвесцем цяжкай хваробы або нават смерці.

Купальскае вогнішча

Пакуль дзяўчыны плялі вянкі, хлопцы збіралі дровы і салому для вогнішча. Яго запальвалі звычайна каля вялікага дрэва, на беразе ракі, побач з полем, на выгане або нават на галоўнай плошчы мястэчка, калі яно было вялікім.  

З купальскім вогнішчам звязаныя цікавыя абрады. Так, лічылася, што калі пераскочыць праз яго, можна ачысціцца ад усяго дрэннага, што накапілася на працягу года. Калі пара пераскочыць вогнішча, узяўшыся за рукі, яны ўжо ніколі не расстануцца.

Скакалі праз вогнішча і дзяўчаты, каб паваражыць на замужжа: калі да спадніцы прычэпіцца некалькі іскарак, хутка да яе прыедуць сваты. Агонь купальскага вогнішча прыносілі да сябе і запальвалі ад яго печ, каб захаваць часцінку яго дабраславення.

Вакол вогнішча вадзілі карагоды, пелі купальскія песні, а калі станавілася зусім цёмна, ішлі шукаць папараць-кветку.

Разумець звяроў і птушак і знайсці ўсе скарбы

Магічная кветка, па ўяўленнях беларусаў, магла дапамагчы таму, хто знойдзе яе, размаўляць з усімі звярамі і птушкамі, а таксама адкрые яму, дзе схаваныя старажытныя скарбы. Квітнее яна толькі адну ноч у годзе – на Купалле, і да таго ж – усяго некалькі секунд. Знайсці яе вельмі няпроста, ды і не кожнаму яна даецца ў рукі.  

Раніцай дзяўчыны ішлі умывацца расой – лічылася, што яна надоўга захавае прыгажосць.

1254
Тэги:
Купалле
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (95)
Які сёння дзень: 7 ліпеня 2020 года

Які сёння дзень: 7 ліпеня 2020 года

0
(абноўлена 07:39 06.07.2020)
Гэты дзень з'яўляецца сто восемдзесят дзявятым па грыгарыянскім календары, да канца года засталося 177 дзён.

У гэты дзень святкуецца Купалле. Якія яшчэ падзеі адбыліся 7 ліпеня і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.

Гістарычныя падзеі 7 ліпеня

  • У 1864 годзе была адкрыта Маладзечанская настаўніцкая семінарыя.
  • У 1992 годзе Беларусь усталявала дыпламатычныя адносіны з Уругваем.
  • У 2007 годзе была афіцыйна зарэгістравана Віцебская аматарская астранамічная абсерваторыя.

Хто нарадзіўся 7 ліпеня

  • 1796: Ян Чачот, беларускі і польскі паэт.
  • 1882: Янка Купала, класік беларускай літаратуры.

Таксама сёння нарадзіліся аўстрыйскі дырыжор і кампазітар Густаў Малер і французскі мадэльер П'ер Кардэн.

7 ліпеня ў народным календары

Сёння праваслаўныя вернікі святкуюць дзень нараджэянна Іаана Хрысціцеля. У народным календары гэты дзень вядомы як Іван Купала – працягваецца святкаванне Купалля, якое пачалося ў ноч з 6 на 7 ліпеня.

Раніцай 7 ліпеня дзяўчыны хадзілі ўмывацца расой, таму што лічылася, што так атрымаецца захаваць прыгажосць. Таксама купаліся ў рацэ, каб змыць усё дрэннае і пазбавіцца ад нядугаў.

Калі на Івана Купалу шоў дождж, гэта значыла, што праз тыдзень настане цёплае і яснае надвор'е. Калі на небе шмат зорак, будзе добры ўраджай грыбоў, а вось навальніца сведчыла пра дрэнны ўраджай лясных арэхаў.

0
Тэги:
народны каляндар, які сёння дзень
Тэмы:
Які сёння дзень: каляндар знакавых падзей